Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— А ты сябе мазала? Давай я цябе… — паварухнуўся Янг.

— Мазала! Ляжы спакойна… Во, бачыш, на руках — падсыхаць болькі пачалі… Тут трошкі мазі асталося, прыхавай на другі раз. Ну — я пабегла! А то яшчэ ўбачаць нас разам! — Натача ўсхапілася на ногі — бум галавою ў дах! Ледзь не звярнула яго набок.

Амаль усю ноч ліў дождж. Перыў, не сціхаючы, гром, жахалі сліпучыя маланкі. Дваром імчалі патокі вады, выносячы смецце і нечыстоты. Янг сядзеў па костачкі ў вадзе — будан падтапіла — і, жахаючыся і молячыся, слухаў навальніцу, слухаў, як стогне, енчыць і скардзіцца камусьці бацька.

3

Заснуў мо на досвітку, прыхінуўшыся ў куток, і толькі намучыўся, а не выспаўся. Потым перабраўся пад хляўчук, дзе быў замкнуты бацька. Янг паспеў заснуць пад дзвярыма зноў, як разбудзіў яго Амара.

— Здароў, валадар зямлі і неба! — дзіўна прывітаўся ён.

— Бессмяротны2 ты?.. Знайшоў валадара!

— А што? Уся зямля пад табою, неба — над табою. Хто ўсё гэта зможа ў нас адняць? Ніхто. Пакуль будзем жывы — ніхто.

— Пада мною зямлі на крок — дый тая чужая. Востраў аднялі, хату разбурылі… Ні мамы, ні таты… — Янгу балюча скрывіла твар, яшчэ хвіліна — і расплакаўся б.

— Дзень, пачаты са слёз, не прыносіць удачы, як кажа дзед Амос. На вось, падсілкуйся. Ды пойдзем… — Амара працягнуў яму два вараныя плады пандануса. На плячы ў Амары вісела белая плёнчатая торбачка, відаць, не пустая, бо ніз яе важка адцягваўся, распіраў торбачку ў бакі.

— Куды… пойдзем? — нават крыху спалохаўся Янг. Выцер вочы, пачаў выгрызаць, высмоктваць мучністую мякаць з цвёрдых валокнаў-жыл, якімі былі пранізаны плады.

— Мы павінны з табою ўзяць на сябе тое, ад чаго адмовіліся дарослыя. Калі старэйшыя саступаюць з дарогі, наперад павінны выходзіць мы.

— Яшчэ сонца нізка, а ўжо напякло табе галаву.

— Не бойся, я не загаворваюся. Нам трэба агледзець горы. А мо і праўда знойдзем там вольную зямлю? Усё, што выявім, убачым, раскажам людзям.

— Выявіш, разяўляй рот… Як на балоце, у манграх… У цябе нічога больш няма з яды? Можа, бацьку падсунем, пакуль няма дзеда Амоса? — Янг паглядзеў на Амараву торбачку.

Цікава, як ён адносіцца да зняволення бацькі? Амара ж больш асвечаны, умее чытаць і пісаць, а не такі цёмны, як дзед Амос. З Раджам дружыць, а Радж чаго толькі не пабачыў, чаго толькі не ведае. Кожны дзень з усякімі буржуямі сустракаецца, з усяго свету з'язджаюцца тыя буржуі на Рай. А Радж з імі і па-французску, і па-англійску, і ўсяк.

— Увогуле… я трохі прыпасся… — паляпаў Амара па торбе, збянтэжана пакашляў.— Ды раптам мы зашкодзім? Пакармі згаладалага — адразу памерці можа.

Янг моўчкі злізаў слёзы з губ, выцер шчокі. Паглядзеў на дзверы хлеўчука, нібы развітваўся навекі.

— Я гатовы…

Пайшлі не ў той бок, дзе канчаліся хібаркі беднаты і пачыналася звалка, а значна лявей, на паўднёвы захад, угору па схіле. Тут былі прывілеяваныя кварталы, беласнежныя катэджы сярод плантацый бананаў, ананасаў, какосаў і арэкавых пальмаў. То там, то сям на плеценых з дроту агароджах, на платах, на варотах віселі шыльдачкі «PRIVATE».

— І тут прайвіт, прайвіт… — чытаў гэтыя надпісы Амара і сціскаў зубы. — І тут не суйся, даўно ўсё стала прыватнай уласнасцю.

Урэшце прыгарад скончыўся. Круцізна схілу рэзка ўзрасла. Зямля была ўжо скалістая, зрэзаная ярамі і равамі, зарослымі лесам. Некаторыя дрэвы — пахутакавы — былі падобныя на гіганцкіх мнаганожак з пачварнымі доўгімі лапамі, ствалы іх амаль ляжалі, разаслаўшы кроны па камянях. Зрэдку трапляліся на тэрасах вузенькія лапікі палёў, былі і закінутыя ўчасткі, зарослыя калючымі кустамі і пустазеллем. Пяршыла ў горле ад дыму — сям-там высякалі і выпальвалі лес, каб расчысціць хоць маленькі ўчастак, нанасіць туды зямлі. Мужчыны, што займаліся гэтым, лазілі па круцізне, як малпы, былі амаль голыя, з невялікімі павязкамі на бёдрах. Цёмныя целы блішчалі ад копаці, гразі і поту. Ламачча гарэла слаба, больш дымела, было яшчэ сырое ад начнога дажджу. Амара спрабаваў загаварыць то з адным, то з другім.

— А што — тыя кінутыя ўчасткі, на тэрасах, нічые ўжо?

— Можаш лічыць — нічые. Там што-небудзь зможа расці толькі гадоў праз пяць. А то і ніколі, палівай не палівай.

У голасе мужчын былі стома і роспач, і хлопцы зразумелі: людзі нічога добрага ад свае працы не чакаюць.

Усё часцей трапляліся велізарныя наплывы чорна-бурай лавы — наздраватыя, замшэлыя. Нібы нейкі волат, а мо сам бог Вішну замясіў недзе там, угары, цеста, а яно так бурна падыходзіла і пухкацела, што распаўзлося ва ўсе бакі.

Караскаліся, падавалі адзін аднаму рукі ці кавалкі ліян і ўрэшце апынуліся нібы на пласкагор'і. Разгледзеліся па баках — і скрозь гушчэчу зеляніны ўбачылі ўнізе ваду. Не раўніна тут была, а западзіна з возерам. А сапраўдная гара тырчала яшчэ далей за возерам. Самая макаўка яе была не зялёная, а бура-сіняя, зацягнутая пялёнкай смугі ці дыму. У адным месцы сярод зараснікаў бялеў, пеніўся вадаспадзік. Але да яго, мабыць, было далёка, бо шуму вады не чулі.

— На тую гару на палезем, мы ж не вар'яты… — нейкім абыякавым голасам сказаў Амара. Адчувалася, што ён страціў ужо ўсякую надзею штосьці адшукаць.

— То давай хоць возера абыдзем, спусцімся да вады, — прапанаваў Янг.

— Кальдэра называецца… На месцы гэтага возера было калісьці жэрла вулкана, — сказаў Амара. — Дзіўна, праўда? Не на самай макаўцы гары, а збоку.

— Не выдумляй, — не паверыў Янг. — Я на малюнку бачыў вулкан, там з верхавіны гары дым, агонь і камяні ляцяць.

— Быў, кажу, вулкан, але патух. Мо сотні, мо тысячы гадоў назад. А цяпер у кратэры вада і лес.

— А можа быць вывяржэнне зноў?

— Можа. А калі — ніхто не ведае… Спусцімся ніжэй!

Янг лез за Амараю, стараўся паўтараць усе яго рухі, хоць часам цяжка было дацягнуцца да тых галін ці да тых выступаў, якімі той карыстаўся.

— Вада!.. Халодная… І чыстая, а здавалася спачатку, што чорная.

Хлопцы завіслі, трымаючыся адною рукою за галіны, а другою зачэрпваючы ваду, і пілі, смакталі, ніяк не маглі напіцца. Смачная вада, толькі, здаецца, трохі нечым прыпахвае, нібы сапсутым яйкам. Янг паспеў вымерхацца за гэтую гадзіну, і самы раз было б зноў падсілкавацца. Але Амара нават не заікаўся пра яду.

— Пайшлі, пайшлі далей…

Лёгка Амары падганяць — «Пайшлі…». Каб Янг меў такі рост і столькі сілы, то і ён бы гэтак спрытна скакаў, карабкаўся, лез, прадзіраўся, завісаў на руках, разгойдваўся, каб сігануць з выступу на выступ.

Потым метраў сто ішлі берагам возера, паўз самую ваду вяла вузкая водмель з шэра-бурага гравію, галькі, лапікаў вулканічнага сіняватага попелу, укамянелага ад даўнасці, а над галавою завісалі камяністыя глыбы. Чулі ўжо шум вады, але гэта быў не той вадаспадзік, што бачылі здалёк сярод скал і зеляніны. І ручай быў меншы, і вада тут скакала з каменя на камень, як па прыступках. Каля вусця і берагі ручая, і бераг возера, нават водмель былі ўзрыты, перакапаны. Кучы пяску, гравію былі раскоўзаныя, стоптаныя чалавечымі нагамі, сляды былі і ад босых ног, і ад грубых чаравікаў ці ботаў.

— Нехта рыўся, як свіння, — нібы сам сабе сказаў Амара. Штосьці яму не падабалася, штосьці трывожыла. Ён азірнуўся па баках, але што-небудзь убачыць далей па беразе і наўкол было немагчыма з-за скал, кустоў і дрэў.— Што ён тут шукаў? — Амара прысеў, павадзіў рукою па пяску, пагробся ў ім.

Янг таксама памацаў, пацёр пясок, паўглядаўся ў крупінкі і каменьчыкі.

— Мо якія самацветы каштоўныя, — сказаў ён.

— Давай трошкі падымемся ўгору. — Амара амаль на карачках пакарабкаўся па вадзе, па камянях, Янг за ім. Хутка яны вымаклі з ног да галавы. Калі такім чынам узняліся на пласкагор'е, то ўбачылі, што ручай тут больш спакойны і шырокі. Скрозь па беразе пясок настаўбураны пагоркамі, нават у вадзе, можна пазнаць было, камяні ссунуты са сваіх месц. Прайшлі яшчэ трохі да месца, дзе ручай падзяляўся скалою на два. Прайшлі цераз першы ручай, абагнулі скалу, пабрылі ўніз левым берагам шырэйшай пратокі, які ўсё далей забіраў управа. Сляды невядомых шукальнікаў ці даследчыкаў заўважаліся і тут: то ў вадзе на мелкім, то на самым беразе шарэлі купкі гравію і пяску, каменьчыкаў, нібы хто падзяліў зачэрпнутае з дна драбноцце па велічыні. Сляды і тут былі дваякія — ад грубага чаравіка ці бота і ад босых ног. Значыць, шукальнік быў не адзін?

вернуться

2

Амара — бессмяротны (сінгал.).

14
{"b":"549273","o":1}