Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Насустрач кінуліся Янг і Абдула, памаглі сцягнуць з Пуола акваланг і ласты.

— Радж, у цябе кроў капае з пляча! — спалохана ўсклікнуў Янг.

— Нічога, нічога… — Радж, паклаўшы Пуола грудзьмі на сваё калена, выдушваў з лёгкіх ваду.

Давялося і штучнае дыханне рабіць Пуолу, ажыўляць. Калі ўрэшце той ачомаўся, душачыся дзікім кашлем, яшчэ доўга быў бледны і сіні, як мярцвяк.

— Янг… Адсапецца — завядзеш землячка да душавой, — Радж змахваў з ілба пот і глядзеў на Пуола не толькі з агідай, але і са шкадобай. — Прымеш ад яго акваланг і гідракасцюм. І няхай коціцца на ўсе чатыры бакі. А вы, Грэхем, прабачце мне, што гэтак здарылася. Псіхоз… Пад вадою і не такое здараецца… Можам з вамі прадоўжыць прагулку… калі хочаце… — Мабыць, Радж чакаў, што той адмовіцца. Але дзіва што!

— Ага!.. Ад кожнага капіталаўкладання павінен быць прыбытак, карысць ці задавальненне, — і Грэхем першы ступіў у ваду, на хаду беручы ў рот загубнік і нацягваючы маску.

Радж памахаў паднятаю рукою. Мо хацеў падбадзёрыць Янга і Абдулу ці сказаць, што доўга не затрымаецца.

4

— Ну як яны… бутэльканосы?12 Паддаюцца?

— Па-рознаму.

— Пасоўваецца справа?

— Марудна. Але — пасоўваецца.

— Мы маглі б і аквалангістаў наняць. Але там ёсць глыбіня да сямідзесяці метраў. Эхалотам правяралі. І цемра пракаветная…

— Містэр Піт, а дэльфінам і не трэба святло. Яны ў поўнай цемры могуць працаваць. Санар у іх, ультрагукавая лакацыя… Пасылаюць сігналы, серыі сігналаў на розных частотах, ловяць іх адбіткі. І поўная карціна ў галаве, усё відаць, што перад імі робіцца, якія прадметы, нават з чаго зроблены.

— Той жа прынцып эхалакацыі… Я разумею, містэр Судзір.

— Яны сваімі санарамі і хемарэцэптарамі могуць нават адрозніць жалеза, скажам, ад медзі.

— О-о?! Тое, што трэба.

Уладальнік чужога, незнаёмага голасу чагосьці не дагаварыў. А мо сказаў ціха? Радж яшчэ больш напружыў слых.

Праўду казаў Гуга: усё чуваць, нібы які спецыяльны канал для падслухоўвання ўбудаваны. А мо сцяна мае такія незвычайныя акустычныя ўласцівасці, не глушыць галасы, а яшчэ больш узмацняе? Цікава, а адтуль таксама чуваць, што робіцца ў душавой? Мабыць, не, іначай Судзір больш асцярожнічаў бы пры размовах.

Радж, спаласнуўшы гідракасцюм пад прэсным «дожджыкам», праціраў яго гумаваю порыстаю мачалкаю, каб выдаліць ваду. Міжволі зноў прыслухаўся. Разумеў пакуль што адно: размова датычыць дэльфінаў. Што гэта за ён, містэр Піт, якога так цікавяць дэльфіны?

Голас Судзіра:

— Лягчэйшымі чарпакі трэба зрабіць. Мо нават не з жалеза, каб і моцныя былі, і лёгкія.

— Дзюралюміній падышоў бы. Але яго так хутка не дастанеш.

— Мо дзюралюміній, а мо яшчэ які сплаў. За кошт змяншэння вагі чарпалак можна больш набіраць пароды, грунту… Наконт канструкцыі… У цэлым добра, але заднюю сценку, што прыціскаецца да падбароддзя, лепш рабіць не простаю, а з выразам — па форме шыі. Шчыльней будзе прылягаць, менш рассыпацца, змывацца пры транспарціроўцы. А то пры максімальнай хуткасці пясок струменіцца паўз бакі. Пакуль да месца даставіць, мала чаго ў чарпаку застаецца… А яны яшчэ не разумеюць, што я ад іх патрабую не пусты коўш данесці, а з грунтам.

— Праблемы, праблемы… Чорт бы іх пабраў! А калі вы зможаце паказаць, што яны ўжо могуць рабіць?

— Самае меншае — праз тыдзень. А то і праз два.

— Ч-чорт… Кожны дзень на вагу золата.

— Набіраць, зачэрпваць ужо амаль усе могуць… Акрамя Бобі, малыша. Але ж гэтага мала. Трэба, каб і зачэрпнуў, і вынес наверх, аддаў у рукі. Чалавек наверсе будзе забіраць поўныя, даваць у зубы парожнія, адпраўляць назад. Ага, вось яшчэ што: добра было б дужкі пакрыць якім пластыкам. Не любяць дэльфіны голае жалеза ў рот браць.

— Добра… А ў які момант ім узнагароду ўручаць, заахвочваць?

— Потым я ўсё раскажу. Лепш за ўсё, вядома, калі вынесе і ўручыць поўны чарпак. Я так і прывучаю іх — чым паўней, тым большая ўзнагарода.

— А колькі за дзень яны з'ядаюць?

— Як каторы. Дзіку мо і дваццаці кіло мала… Самкі менш ядуць — дзесяць — пятнаццаць кілаграмаў рыбы. Але ж калі будуць працаваць, то колькасць патрачанай імі энергіі рэзка ўзрасце, значыць, і рыбы трэба больш. Скумбрыю вельмі любяць.

— Абжоры… А так не можа здарыцца, што прынясе, скажам, разоў дзесяць, нахапаецца, нажарэцца — і будзьце здаровы? Не захоча больш і глядзець у той бок.

— Усё можа быць. Загадаць працаваць па дзесяць гадзін у суткі мы не зможам. Усё — на добраахвотных пачатках. У час прадстаўлення мы не накормліваем іх уволю. Вечарам дакормліваем, каму мала.

— А калі, скажам, так: аквалангіст на дне зачэрпвае і дае ў зубы — нясі! Толькі транспарціроўку пакінуць на дэльфінаў.

— Гэта было б прасцей. Але ж вы самі гаварылі, што там ёсць і семдзесят метраў глыбіні.

— Не ўсюды, але ёсць.

— Чалавек доўга не прабудзе на такой глыбіні. А потым трэба будзе дэкампрэсію праходзіць, хуценька не падымешся наверх.

— Ч-чорт…

— Гэта каб, скажам, аквалангісты жылі ў падводным доме, не трэба было вяртацца за кожным балонам на паверхню…

— Падводны дом! Вы забываеце пра затраты…

Дый часу колькі пройдзе, пакуль закажаш ды вырабяць, пакуль сюды даставяць, зманціруюць. Не-е, гэта для нас — фантастыка… Ніхто не дасць пазыку пад такую авантуру. А раптам какос пусты і не прарасце?

— А мне думаецца, каб нічога не было там, то вы не круціліся б каля таго вострава.

— Якога вострава?! Вы што?

— Горнага.

— Не фантазіруйце.

— Я ведаю больш, чым вы думаеце. Горнага?

— Гм-м… адно скажу: у гэтым архіпелагу.

— На Горным, можаце не выкручвацца. Мае людзі высачылі вас, містэр Піт! Хаваецеся пад шыльдаю «Ocean science and Enqineering» — OSE13. Ведаю таксама, што гэта амерыканскае таварыства, і займаецца яно здабычай алмазаў каля берагоў Паўднёвай Афрыкі. Валодае таксама канцэсіямі на распрацоўку плошчаў кантынентальнага шэльфа каля берагоў Аўстраліі, Тайланда, Малайзіі, Аляскі. Не чуў я, каб султан Муту дазволіў вам займацца гэтымі справамі і на нашай тэрыторыі. Значыць… Значыць, вы тут кантрабандным шляхам! Або выдаеце сябе не за тых, кім з'яўляецеся. Вывад рабіце самі, чым будзе ўсё пахнуць, калі вас выкрыць.

— Вы нас шантажыруеце? Пагражаеце?

— Божа барані. Я вяду з вамі дзелавую размову. Далей… Я ўсё-такі пастараюся даведацца, хто вы такія на самай справе. Гэта — па-першае. А па другое, OSE шукае толькі алмазы. А ў вас, калі меркаваць па намёках, не алмазамі пахне, а… золатам. Так? Так, так, супакойцеся, містэр Піт… Дык вось, трэцяе: у вас няма другога выхаду, як узяць і мяне ў долю!

Запанавала маўчанне. Мабыць, містэр Піт, прыціснуты да сцяны, збіраўся з думкамі.

— Але ж так мы не дамаўляліся, містэр Судзір!.. Мінулы раз мы не пра такую аплату паслуг гаварылі! І вы ўжо ўзялі ў нас задатак.

— Мінулы раз было так, а цяпер будзе гэтак. Па-першае, навучыць дэльфінаў таму, чаму вы хочаце, не так проста. Я пакуль што не знаходжу аналагаў у сусветнай практыцы. Па-другое, у мінулую нашу сустрэчу я яшчэ нічога не ведаў пра вас, гаворка ішла ўсляпую. Па-трэцяе, у тайне ад містэра Крафта мы не зможам гэта зрабіць. Значыць, яшчэ і яго давядзецца ў долю браць. Калі справа павярнулася такім чынам, то давайце займацца бізнесам сумленна.

— Сумленна! — іранічна хмыкнуў містэр Піт. — І гэта вы называеце сумленным прыёмам — браць за горла?

— Не перабольшвайце. Вы робіце свой бізнес, я — свой.

— Але ж мы яшчэ не ўпэўнены, знойдзем там што ці не!

— То чаго вам хвалявацца? Вы нічым не рызыкуеце. Вам пусты какос і мне пусты.

— Я павінен параіцца з маімі кампаньёнамі.

— Райцеся, мне спяшацца няма куды. Адно толькі зразумейце: калі я таксама буду зацікаўлены ў справе, то і работа з дэльфінамі набудзе для мяне новы інтарэс. Могуць і тэрміны скараціцца.

вернуться

12

Так у ЗША называюць афалін.

вернуться

13

«Навука і тэхніка акіяна».

53
{"b":"549273","o":1}