Литмир - Электронная Библиотека
A
A
Грот афаліны - i_011.png

Дзверы за спінаю Янга ціха рыпнулі.

— Працягнем нашу размову. Дык чаго, як ты думаеш, той чалавек лаяўся на цябе? Ты ўсё правільна яму сказаў, як цябе вучылі?

— Не ведаю. Здаецца, правільна, толькі не ўсё. Але я забыў паглядзець, у якой руцэ ў яго быў баул. Можна было падыходзіць і гаварыць толькі тады, калі ён будзе каля дома № 15 і возьме баул у левую руку.

— Зразумела. Пароль не мог спрацаваць, бо быў недакладны. Пасля таго, як ты яму сказаў пра «Ганконг», што ты павінен быў рабіць?

— Нічога. Адысці ад яго. Мне павінны былі за гэта даць грошы.

— Вось як? Хто, цікава?

— Пуол.

— Гэта ён цябе і падсылаў?

— Ага.

— Дзе жыве? Хуценька адрас!

— Не ведаю.

— Хто ён такі?

— Мы з ім з аднае вёскі, з Біргуса. Я не думаў, што і ён тут ужо, на Галоўным… — І Янг расказаў, як пераняў яго Пуол у порце, як навучыў, што сказаць чалавеку з ружовай касынкай на шыі, паабяцаў за гэта заплаціць, а сам, наадварот, адабраў грошы.

— Ах, нягоднік!.. І вер пасля гэтага землякам… А ты малайчына. Ты ўсё праўдзіва расказаў?

— Ага. — Янг гаварыў шчыра: яму зусім не хацелася выгароджваць Пуола.

— Апошняе пытанне. У што адзеты Пуол?

— У што? Ну — кашуля белая, штаны шэрыя.

— Дарагі мой! Гэта не прыкметы. Так ходзяць тысячы людзей у Свійттаўне. Успомні, мо ёсць што на твары асаблівага, на галаве, на руках?

— Не, нічога такога. Туфлі новыя купіў — хваліўся. Мазалі, мабыць, нацёр — накульгвае.

— Колер туфляў?

— Таксама, здаецца, шэрыя.

— М-да-а… — расчаравана працягнуў афіцэр. Запстрыкаў пальцамі левай рукі па стале, а правую зноў схаваў пад стол. За спінаю Янга зноў рыпнулі дзверы. — У камеру яго! Хаця не, патрымай крыху ў прыёмнай, мо яшчэ спатрэбіцца.

Янга ўзялі за плячо, вывелі ў пярэдні пакой. Паліцэйскі старанна зачыніў падвойныя дзверы ў кабінет, але і адны, і другія крыху адхіліліся.

— Сядай! — паказаў Янгу на крэсла каля сцяны, а сам усеўся за стол, напусціў на сябе важнасць: вельмі, мабыць, хацелася быць падобным на начальніка.

У кабінеце размаўлялі бурна, часам пераходзілі на англійскую мову. Янг напружыў слых — ах, як кепска, што англійская мова такая цяжкая, так марудна паддаецца яму!

— Мы яго вялі з самага Ганконга! Разам з ім плыў і наш агент! З рук у рукі, можна сказаць, перадавалі… А вы ўмяшаліся і на фінішы ўсё абарвалі. Як цяпер выявіць працяг ланцуга? Да каго ехаў гэты з ружовай касынкай?

— У сорак першым нумары засада.

— Толку з гэтай засады! Туды і выпадковыя людзі могуць завітаць, скажам, пакаёўка, афіцыянт… — грукатаў голас таго, што сядзеў каля фуражкі «Interpol». — Тэлефон у гэтым сорак першым ёсць?

У кабінеце трохі памаўчалі, мабыць, ці сам афіцэр, ці той паліцэйскі, што сядзеў за машынкай, глядзелі ў даведнік.

— Ёсць, — урэшце пачуўся голас афіцэра.

— Ну вось, перш чым сустрэцца з «касынкай», яму пазвоняць у нумар. Ці ёсць ён… А калі ёсць, то ці той гэта, хто трэба, і размова будзе з паролем.

— …мы падслухаем, пра што яны размаўляюць. Усе нумары падслухоўваюцца!

— Вашы там будуць сядзець, пазвоніць тэлефон. Падымаць трубку ці не? Калі падымаць, то што гаварыць? Калі пачуюць, што неехта падазроны зняў, то і гаварыць не будуць.

— А мы выпатрашым гэтага, з касынкай. Запэўніваю, мы сумеем узяць у яго ўсё, што трэба… Па-другое, выпусцім малога… — далей пайшла англійская мова, афіцэр ёю валодаў, відаць, таксама някепска.

— Вы так думаеце? А каму ён трэба, тым больш пасля таго, як засыпаўся? Хлапчука выкарысталі выпадкова і аднаразова. Мог на яго месцы быць і не зямляк гэтага… як яго… Пуола, а іншы хлапчук. Пуол падсунуў замест сябе гэтага малога толькі таму, што ўбачыў падазроных асоб… што за «касынкай» сочаць.

— З гэтых падазроных мог быць і ваш вусаценькі малады чалавек.

— Я папрашу!.. — узвысіўся трэці голас, тонкі.

— Можаце не прасіць! — пацвярдзеў голас афіцэра. — Я разумею: тыя двое нашых, што разыгрывалі парачку, учынілі нязграбны маскарад. Але ж і вы, даруйце, не далей адышлі. Ва ўсіх танных кіно такіх сышчыкаў-нязграбнікаў паказваюць. Маіх вачэй у порце было больш, чым вы думаеце… І яшчэ… Адкуль мы, па-вашаму, ведаем пра гэтага з ружовай касынкай? То-та ж! Не такія мы прасцячкі, як вам здаецца.

Выглянуў з дзвярэй той паліцэйскі, што сядзеў за машынкай.

— У камеру! — махнуў на Янга і зноў знік. — Падымайся! Прыліп… — падняўся той, з-за стала.

«Усё-такі ў турму?! А я ж усё праўдзіва расказаў!» — ногі Янга не хацелі слухацца.

У калідоры сустрэліся двое вартавых, вялі на допыт чалавека з ружовай касынкай на шыі. Адзін вартавы быў скаваны з арыштаваным агульным наручнікам.

2

Калі на чалавека з ружовай касынкай і Янга накіравалі з усіх бакоў зброю, Пуол замёр на месцы. У кроках дваццаці спераду бачыў дзверы пад'езда з прыступкамі. Пакуль ішоў да іх, ледзь стрымліваўся, каб не кінуцца бягом. Паспеў яшчэ ўбачыць, як на «касынку» надзявалі наручнікі. Шмыгнуў у пад'езд, прабег дом наскрозь міма лесвіцы, тузануў дзверы, што вялі на двор. Яны не паддаліся. Тады ён штурхнуў іх з усёй сілы — ні з месца. Затахкала сэрца, у голаў шыбнула гарачыня… «Вось і папаўся… Сам ускочыў у пастку!» Ламануў назад, у тры скачкі адолеў пралёт лесвіцы. На першай пляцоўцы было зусім невялікае і вузкае, як байніца, акенца. Біць, выломваць не стаў — усё роўна не пралезе. Інстынкт самазахавання пагнаў яго вышэй па лесвіцы. Успомнілася з кіно, што паспеў паглядзець на Галоўным, як гэтак ратаваўся ад пагоні «агент №…». З апошняй пляцоўкі да квадратнага люка ў столі строма стаяла лесвіца. Апынуўся наверсе хутка, як кот, таўхануў у шчыт люка рукамі і галавою… Паддаўся!

Бег упрыцемку пад нізка навіслай страхой, ледзь не стукаўся галавою ў кроквы. Са страшным лопатам узляталі і ўцякалі галубы, ліпла да твару павуціна. Бег на святло, што струменілася з бакоў, з левага і правага скатаў страхі, дзе ў нішах былі акенцы. «Гэта — на вуліцу, гэта — на двор…» — сарыентаваўся і нырнуў у правую, раму вырваў адразу.

Бег па страсе, грукочучы бляхаю, коўзаючыся, пераскокваў на чарапічныя і шыферныя стрэхі, а канца дамам, канца вуліцы, здавалася, не будзе ніколі. Ужо відаць былі мачты цеплаходаў у порце (бег не ўперад, а назад), урэшце ўбачыў праз акенца вяроўкі з бялізнаю.

Калі лазяць вешаць бялізну, значыць, павінен быць ход на лесвіцу, уніз.

Перад тым як выскачыць на двор, аббіў трохі з сябе пыл, галубіны памёт, абабраў павуціну. Дваром перайшоў на суседнюю вуліцу і пакрочыў ужо спакваля ў той бок, куды яму было трэба.

«Ай ды я! Малайчына…» — Пуол быў задаволены сабою. Чым не супермэн з кіно? Падабалася яму такое жыццё, з рызыкай і небяспекай. Ішоў дадому пасвістваючы, па баках і назад не азіраўся.

А таго не ведаў, што на кожнага разумнага знаходзіцца яшчэ разумнейшы.

Чым бліжэй падыходзіў да сваёй канспіратыўнай кватэры, тым больш адчуваў, як гэты падвышаны настрой і самаздаволенасць выходзяць з яго, нібы дух з праколатай шыны. Яшчэ і яшчэ раз перабраў у думках, што гаварыў Янгу, што той мог расказаць паліцыі. «А ён раскажа, усё раскажа, нават не сумнявайся!.. Злосць у яго на мяне… Пра гатэль «Ганконг» скажа, пра апартамент сорак адзін». Пуол адчуваў, што гэты адрас — самае важнае, што было даверана яму асабіста. Яму, а не Янгу, нейкаму блазнюку. «А я перадаверыў тайну, аддаў яе ў рукі паліцыі…— Пуола пачало кідаць то ў пот, то ў холад. — Лепш, каб я сам папаўся… Называецца, уратаваўся… Ад каго? Ад паліцыі — так, а ад Чжана? Каб сам папаўся, то я ім нічога б не сказаў. Выкруціўся б або сказаў, што выпадкова апынуўся каля чалавека з ружовай касынкай. Ці мала хто ходзіць па вуліцы? У цэнтры людзі як мурашкі мітусяцца. Гэтак любога можна схапіць, да любога прыдрацца… Але я і не падышоў бы да яго, хіба я дурны, вачэй у мяне няма? Незнаёмец жа не ўзяў баул у левую руку!.. А мо быў яшчэ адзін чалавек у ружовай касынцы?! — Пуол ажно прыпыніўся ад гэтай думкі, яму зноў стала горача. — Мо я не заўважыў другога, пераблытаў?»

27
{"b":"549273","o":1}