Литмир - Электронная Библиотека
A
A

«Гэтая еўрапейка і за людзей нас не лічыць…» — прыйшла да Янга зусім дарослая думка.

Потым сіньёра надоўга схавалася ў ванным пакоі. Ужо афіцыянт укаціў у нумар двухпавярховы столік на колцах, цалкам застаўлены талеркамі, ужо Янг і Тота і талеркі амаль усе падчысцілі, нават з некаторых соус вылізалі, а сіньёра ўсё не паказвалася.

Крыкнуў ёй, што пойдзе з Тота гуляць, — і хутчэй да дзвярэй.

3

Каля касы дэльфінарыя стаяла чарга людзей. На будыначку, дзе размяшчалася каса і прахадная, вісела папяровая аб'ява, што сёння будуць тры прадстаўленні, першае — у дзесяць гадзін мясцовага часу. Мабыць, містэр Крафт сарыентаваўся: мора бурнае, купацца не палезуць, а загараць цэлы дзень ніхто не вытрымае, значыць, паваляць шукаць іншых забавак.

Каля варот дэльфінарыя з унутранага боку пахаджваў другі вартаўнік, не Малу. Гэта або патомак неграў, або чыстакроўны негр. Твар бліскучы і чорны, нос шырокі і пляскаты. Вартаўнік на выгляд быў люты, здаровы і вялізны, як міфічны герой Раксаса. Хоць і боязна было да яго звяртацца, а давялося прасіцца, каб пусціў да Раджа, тлумачыць, хто Янг такі.

— Свой, значыць, чалавек? — шырока ўсміхнуўся негр, асляпіўшы Янга белізною зубоў. Пачаў адчыняць яму дзверы.

— Ага, — усміхнуўся і Янг, нельга было не паддацца на такую ўсмешку. Узяў на рукі Тота, бо каля яго прыселі ўжо дзве белыя дзяўчынкі, пачалі соўгаць у рот сабачку размяклыя шакаладкі.

— Праходзь і помні: брат майго сябра — мой брат. Алі мяне зваць… — негр прыгнуўся і трыма вялізнымі пальцамі далікатна адагнуў Янгаву руку, што прыкрывала Тота зверху, патрос за далонь — нібыта паздароўкаўся. Гэта таксама развесяліла Янга: дзівак, відаць, гэты Алі. І імя яму правільна бацькі далі10. Цікава, якая сіла ў яго ручышчах? Што было б з рукою Янга, каб Алі паздароўкаўся як след?

Радж сустрэў заклапочана.

— Ты яшчэ ні разу не бачыў праграмы прадстаўлення?

— Не.

— Каля перакіднога мосціка лаўка — гэта нібы дырэктарская ложа. Сядзь там і глядзі. Гэта насупраць трыбун, відаць усё добра, на ранішнім прадстаўленні сонца табе збоку будзе — таксама добра. А ў мяне пакуль што справы.

Янг адышоў, каб не замінаць яму. Сеў на лаўку, сабачку пасадзіў на калені, каб не лез абы-куды. Але Тота ўвесь час неспакойна паглядваў на ваду, там праплывалі сюды-туды, вынырвалі і шумна выдыхалі паветра дэльфіны. «Ай-яй, якраз як людзі, калі доўга ныраюць і ўсплываюць…» — не пераставаў здзіўляцца Янг. Ён ужо не звяртаў увагі на Тота, які тузаўся ў руках, скроб нагамі, каб вылузацца на волю. Янг сачыў толькі за дэльфінамі, асабліва за маленькім Бобі. Малыш часцей, чым дарослыя, выстаўляў з вады галаву. Прыветліва разявіўшы рот, ён аглядаў трыбуны, якія пачалі запаўняцца людзьмі, або падплываў і глядзеў на… Тота!

— Бобі, Бобі, малышок ты мой… — ласкава шаптаў Янг, хацеў, каб дэльфіня глядзела на яго.

Бобі нібы паслухаўся, наблізіўся да самага борта, усклаў галаву падбародкам на кант. «Скір-р-р, трын-н-н, трын-н», — паглядзеў у самыя вочы Янга, штосьці папытаў. І быццам зразумеў, што кантакту не адбудзецца, зноў утаропіўся ў Тота, заўсміхаўся на ўвесь рот. Тое калматае і чорнае, што борсалася ў Янгавых руках, цікавіла больш — нібы дзіця новая цацка. Вочы дэльфіняці, здавалася, ажно ўмольвалі: пусці, дай гэтае калматае стварэнне, пагуляць, пазабаўляцца з ім у вадзе.

Янг упёрся каленямі ў бетонны борт, прысеў. Сабачку падсунуў пад чырвона-жоўтую парэнчу — нюхайцеся, знаёмцеся. Бобі шырока разявіў рот, поўны вады. Доўгія рады белых і вострых зубоў здаліся Тота вельмі страшнымі. Завішчаў, задрыгаў лапамі і хвастом: падумаў, што Янг хоча сунуць яго ў гэтыя страшныя зубы. І тады Бобі лінуў вадою з рота на сабачку — як з конаўкі! Ад такое нечаканасці спужаўся не толькі Тота, але і Янг — адхапіў сабачку, адскочыў сам.

— Ха-га-га! — выбухнуў рогат на лаўках. З трыбун даўно ўжо сачылі за Янгам і сабачкам.

Гледачы, якія ўладкаваліся раней, нецярпліва разглядвалі басейн і тое, што ў ім робіцца. «Вунь адзін! А вунь яшчэ два!» — захоплена выгуквалі то там, то тут, заўважаючы дэльфінаў. Дзеці пляскалі ў ладкі ад радасці.

Вось ужо трыбуны запоўніліся цалкам. Недзе на вышцы азваўся невідочны рэпрадуктар, палілася чароўная музыка. З-за дома выйшаў з тазікам нарэзанай рыбы Гуга, паставіў яго каля ніжняга памоста. Мужчынскі голас па-англійску, а потым па-французску і па-іспанску штосьці расказаў пра дэльфінаў. Пасля ў рэпрадуктары шчоўкнула, і зноў палілася ціхая музыка. Пад вышкаю — насцеж, рэзка — расчыніліся дзверы. Паўстаў чалавек, захутаны ў шырачэзны чорны плашч па самы нос. Зрабіў некалькі крокаў да басейна і зноў велічна замёр. Замаруджаным жэстам, нібы які факір, скінуў плашч з плячэй. Не азіраючыся назад, шпурнуў яго. На той момант ззаду апынуўся Гуга, злавіў плашч на ляту і тут жа знік з ім у дзвярах. Чалавек застаўся ў чорным і гладкім, ажно блішчаў, гідракасцюме, без шлема. «Той самы Судзір, дрэсіроўшчык! Туману напускае, каб больш уразіць публіку…» — падумаў Янг. Пакуль лілася музыка, дэльфіны таксама, відаць, рыхтаваліся да прадстаўлення, бо рухі іх усё больш спакайнелі.

Раптам Судзір рэзка падняў руку, нібы вышморгваў з вады рыбу, і адзін дэльфін высока сігануў угору, тузануў зубамі за вяровачку звона, які звісаў з другога памоста вышкі. Гухнуў назад з такім плёскатам, што вада кінулася з басейна на берагі, адкацілася, зноў плёхнула, а каля мосціка глуха застукала ў бераг лёгкая, з пенапласту лодачка. І толькі цяпер заўважыў Янг, што там вядуць у ваду трубчата-металічныя лескі.

Гледачы заапладзіравалі, запляскаў і Янг, заціснуўшы Тота пад левым локцем. А Судзір узяў з тазіка кавалак рыбы, кінуў выканаўцу нумара. Каторы з дэльфінаў быў той, што скакаў, Янг не пазнаў: яны ўсе павысоўвалі з вады разяўленыя раты.

Упоперак басейна на тросе віселі тры абручы, сярэдні быў трошкі ніжэй за два крайнія. Судзір зрабіў знак рукою, і Гуга, які апынуўся каля вышкі, штосьці адвязаў ці пакруціў, і абручы апусціліся, да вады засталося з метр.

Янга дзівіла, што голасу Судзіра не было чуваць, камандаваў дэльфінам, мабыць, толькі жэстамі. Узмах рукі — і тры дэльфіны вынырнулі адначасова каля абручоў, паглядзелі на іх, нібы прымерыліся, на якую вышыню скакаць, і тут жа зніклі пад вадою, каб разагнацца. Зноў узмах рукі, і тры бліскучыя шэра-сінія целы выгнуліся бакамі, сіганулі праз абручы, разам плаўна шчабоўкнулі ў ваду. «Ай-яй-яй, — зноў задзівіўся Янг. — Які дакладны разлік! Ні хвастамі, ні плаўнікамі ніводзін не зачапіўся!» На гэты раз ён заціснуў Тота між каленяў і пляскаў так, што далоні ажно гарэлі.

Потым дэльфіны скакалі цераз вяровачку з надзетымі на яе каляровымі трубкамі з каленцаў бамбуку. Першы раз Гуга замацаваў вяровачку на метр ад вады, другі раз — метры на тры. Скакалі цераз бар'ер не трое, а двое дэльфінаў, але не пазнаць было, ці гэта другія, ці з тых трох. У разяўленыя раты паляцелі кавалкі рыбы, і гэта чамусьці Янгу не падабалася, нібы Судзір прыніжаў дэльфінаў да ўзроўню сабак. Маленькі Бобі таксама разяўляў каля Судзіра рот, але яму не папала ніводнага кавалачка. «У-у, скупеча!» — занелюбіў Судзіра Янг.

Потым дрэсіроўшчык кінуў у ваду падобны на какосавы арэх мячык. Дэльфіны ўзахапкі рынуліся да яго, адзін з іх схапіў мяч ротам і, падплыўшы, кінуў у рукі Судзіру. За другім разам дэльфін кінуў мяч не ў рукі, а ў баскетбольную сетку, прымацаваную таксама на сярэдняй пляцоўцы. І зноў усе задаволена заапладзіравалі, а Янг адчуў, што адразу ўлюбіўся ў дэльфінаў. Калі ж Судзір накідаў у ваду рознакаляровых кольцаў, дэльфіны пачалі лавіць іх, надзяваць на рострумы і несці Судзіру. Двойчы кідаў кольцы Судзір, і двойчы адзін самы вёрткі дэльфін лавіў па два кольцы і падаваў дрэсіроўшчыку. Бобі круціўся, незадаволена скрыпеў: яму таксама хацелася хоць раз злавіць кольца, але з-за дарослых не ўдавалася.

Янг забыўся, што ў яго пад рукою Тота. Стаў каля парэнчы і так заляпаў далонямі, што сабачка тузнуўся і… вылузаўся з-пад рукі. Упаў на трубу, скрабануўшы па ёй кіпцямі, потым на краёчак бетоннага бар'ера — боўць у ваду. Схаваўся з галавою, вынырнуў — галава зрабілася маленькая, валасы прылізаныя, замалаціў па вадзе пярэднімі лапамі, даплыў да сцяны. Драпае кіпцюрамі, а зачапіцца няма за што. Гледачы пляскаюць, крычаць, некаторыя паўставалі.

вернуться

10

Алі — велізарны (сінгал.).

44
{"b":"549273","o":1}