Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Як гэта… з годзік — і ўтапіўся? Ён жа не хадзіў купацца ў такім узросце?

— Якое купацца… Ён яшчэ і хадзіць не ўмеў, ножкі тоненькія, крывыя… Мы ў джонцы жывём каля сёмага сектара, бліжэй да прыстані. Там цэлы пасёлак такі на вадзе, ты ж мо бачыў… Маці пакінула малога на двух старэйшых. Тры годзікі аднаму, другому — чатыры… Ну, а сама адскочыла на прыстань рыбы купіць. Ранічкаю гэта было… Прыходзіць, а малы вісіць за бортам галоўкаю ў вадзе… за ножку прывязаны… Вываліўся… Дык тыя двое, значыць, спяць, а малы вісіць за бортам, утапіўшыся… У нас яшчэ двое паміж тымі трыма і мною, я самы старэйшы. А тых двух якраз не было: паперлі ў горад ці на прыстань пажабраваць ці перапрадаць што. Камерсанты!

— То як вы там, на лодцы, васьмёра размяшчаецеся? Там жа, мабыць, і сядзець цесна, а не толькі ляжаць.

— Палавіна лодкі са страхою. Бацькі з малымі ўнізе, а мы ўтрох у гамаках вісім. Не сон, а…

— Ты не хадзі кожны раз дадому, можаш і тут, са мною, калі паначаваць. Зробім другія нары.

— Не ведаю, Радж, што рабіць. Ты мне — як брат. Але ж і табе ўвесь час надакучаць не хочацца. Мо я табе непрыемны, а буду мазоліць вочы.

— Перастань!

— Я ведаю, як гэта цяжка, калі не можаш пераварваць якога чалавека… Я ўбачу Судзіра, а ў мяне ўжо пухіры чырвоныя робяцца на скуры… Чэснае слова! Ажно трасе і калоціць… Каб дзе знайсці якую работу, я пайшоў бы адсюль. З-за аднаго Судзіра пайшоў бы! Хоць цябе мне і шкада… Люблю я цябе.

— Я буду распытваць сям-там у горадзе. Авось што і трапіцца.

— Ты ўжо канчаеш гэтае каратэ ці толькі пачаў заняткі?

— На сярэдзіне праграмы. Яшчэ з месяц буду хадзіць. А ўвогуле вучыцца каратэ можна ўсё жыццё… Скажы, якую б ты хацеў работу?

— Любую, Радж! Абы самому не здохнуць і што-небудзь маці даваць.

— А бацька ў цябе ёсць?

— Ёсць. Грузчык у порце. Але ў яго такая работа — узахапкі. Бывае, што і па некалькі дзён нічога не прыносіць. У Свійттаўне бачыў краны ў порце?

— Ну.

— Кажуць, тут будуць адзін такі ўстанаўліваць. А паставяць, то ўжо ніякага заробку не будзе… Скажы, а джыу-джыцу — гэта тое самае, што каратэ?

— Амаль што.

— Радж, ты не заядайся з Судзірам. Ён вельмі небяспечны чалавек, ведае прыёмы джыу-джыцу. І ён мяса есць… Кожны дзень есць мяса — уяўляеш? Ён вельмі здаровы, не глядзі, што такі худы.

— Пра мяса адкуль ведаеш?

— Сам бачыў. Раніцаю перад прадстаўленнем вымае такую каробачку, як з-пад цукерак, пластмасавую… А там кавалачкі сырога мяса, пасоленыя, з прыправамі, з часнаком. Коўць, коўць! Не жуючы… Ад яго часнаком за мілю нясе. Я й не ведаў бы, што там, у каробачцы. Але раз… Ён жа прымушае, каб і ў яго «рэзідэнцыі» ўборку рабіў… Праціраў стол і спіхнуў тую каробачку. А яна бэнц — і раскрылася на падлозе. Гляджу — мяса… А Судзір пачуў стук каробкі, заскочыў, пранізаў мяне вачыма, як шыламі: «Што ўпала?» Я паказаў на каробку з мясам, а ён выдыхнуў з палёгкаю: «А я думаў…» — і пахапаў са стала дэльфінчыкаў-сувеніраў, пакідаў у свой «дыпламат», замкнуў.

— Я чуў, што некаторыя мышанят у кітайскіх аптэках бяруць, жыўцом глытаюць.

— Бр-р… Радж, а якое мяса на смак? Я яшчэ ніколі не каштаваў.

— Калі-небудзь я запрашу цябе ў шыкоўны рэстаран. Пасядзім, як панкі якія, мяса будзем есці, віно піць…

— Ой, Радж! Кажы казкі, мо хто і паверыць.

— Вер. Будзе такое.

Там, дзе ўсе радыяльныя вуліцы горада сходзяцца, утварылася крыху сплюшчаная плошча з фантанам пасярэдзіне. Фантан так сабе, нічога асаблівага, забаўныя толькі чацвёра пухленькіх бронзавых дзетак пасярэдзіне. Адзін забраўся на дэльфіна, яшчэ двое лезуць, спіхваючы наезніка, чацвёрты корміць дэльфіна рыбкаю. З соплаў, якія ўстаноўлены скрозь па борце фантана і ўтвараюць круг, з шыпеннем вывяргаецца вада. Струмені ўзмываюць угору і абрушваюцца на хлапчукоў і дэльфіна — з усіх бакоў падаюць усярэдзіну. Часам напор вады меншы, струмені не дастаюць да фігур, і бронзавыя хлапчукі нібы лысеюць, абсыхаючы, выразна відаць на іх белыя пісягі і пацёкі солі (вада ў фантане марская), нібы хто гэтых бяскрыўдных анёлкаў размаляваў бяліламі.

Толькі ў самую спякоту плошча пусцее, а так на ёй заўсёды людна. Людзі шпацыруюць наўкол фантана. Рэдкія закаханыя парачкі падоўгу сядзяць на гранітным беражку, забаўляюцца з вадою: то палошчуць рукі, то затыкаюць якое сопла, апырскваючы адно аднаго. У вадзе сям-там прасвечваюцца манеты, іх вызбірваюць, б'ючыся за кожную, позна ноччу хлапчукі, а сентыментальныя турысты зноў накідваюць. Ёсць там і зелле, у адным месцы распласталіся на вадзе нейкія круглыя лісты, плаваюць пярэстыя рыбы-папугаі.

Асабліва бурныя людскія прылівы, калі вывальваюцца на вуліцу гледачы з недалёкага кінатэатра або валяць патокам на начное шоу ў «Кракен». Чамусьці многім яшчэ хочацца зрабіць хоць адзін круг па плошчы, патаўчыся ў натоўпе, заглянуць у лавачкі з сувенірамі ці ў бары-забягалаўкі. А яшчэ тут і базарчык, і чорны рынак, на якім адбываюцца маланкавыя здзелкі на кантрабандныя тавары. У вірлівым натоўпе і шматмоўнай гамане робіцца гэта непрыкметна, а для грошай законы не пісаны. Ва ўсякім разе, паліцэйскія, што сяды-тады паяўляюцца тут, не заўважаюць ці не хочуць заўважаць нічога процізаконнага.

Радж, калі вяртаўся з заняткаў у містэра Ромеша, дзе браў урокі каратэ, таксама ішоў да фантана. Ад той прыватнай школы каратэ, якую адкрыў Ромеш у адным з падвалаў дома сёмага сектара, да плошчы было ўсяго якіх метраў дзвесце. І Радж прысаджваўся на борцік фантана. Прыемна было пасядзець, слухаючы лагодны плюскат і шыпенне вады, адчуваць, як стома пакідае развярэджаныя і натруджаныя суставы, сціхае боль у мышцах. Даваў містэр Ромеш нагрузку максімальную, кімано штораз даводзілася вывешваць на прасушку ад поту, а то і замываць.

Сядзеў расслаблена, забаўляўся з вадою і ў думках перабіраў Ромешавы павучанні. Каб добра служыць свайму народу, трэба быць фізічна дасканалым. Толькі такі чалавек можа і за сябе пастаяць, і другому памагчы, і народу карысць прынесці. Ромеш ледзь не маліўся на фізічную дасканаласць чалавека і бачыў у каратэ і паратунак, і зброю ў барацьбе за лепшую будучыню народа. Смешны і наіўны Ромеш: як быццам неба можна пратыкнуць кулаком! Ды прыёмамі каратэ могуць дасканала валодаць і ворагі народа, усялякія крывасмокі і прыгнятальнікі.

Адно добра: дзякуючы гуртку пазнаёміўся з некалькімі неблагімі хлопцамі-грузчыкамі з порта, электрыкамі з гатэляў, музыкамі з рэстаранных аркестраў, афіцыянтамі, матросамі з выратавальнай службы. Просты, свойскі народ.

Погляд Раджа слізгаціць па тварах. Механічна адзначае, хто мясцовы ці, ва ўсякім разе, з тропікаў, а хто прыехаў здалёк. У мясцовых скура цёмна-рудая, часам нават карычневата-сіняя, адны кітайцы жоўтыя.

Прайшлі двое пад ручку, адзін з іх таўстун з бліскучым кійком. Вуха Раджа ўлавіла:

— Тут такое казіно-райяль! Лепшае, чым у Манака, — у захапленні ўзмахваў кійком таўстун.

— А я ў рулетку не адважваюся. Жабраком можна астацца.

— Хэ, у карты таксама можна прагуляць.

Калі праходзілі дзяўчаты, погляд Раджа на іх затрымліваўся даўжэй. Прыкідваў, мог бы ў якую закахацца ці не. Яму хацелася ўжо кагосьці кахаць — узрост такі. Дваццаць гадоў ужо!.. «А я і ўяўлення не маю, што такое каханне…» — уздыхалася яму.

Ужо можна было і папіць, і ён паклікаў хлапчука з каляскаю. Развозіў той у шкляным чане, падобным на акварыум, какосавы сок з долькамі апельсінаў, мандарынаў, ананасаў, драбкамі лёду.

— Чарпні разок.

Піў, а сам усё прыглядваўся да людзей. І здалася яму адна постаць знаёмай. Нават не постаць, а хада чалавека. Аддаў хуценька хлапчуку конаўку, кінуў пяціцэнтавік і бегма за тым маладым чалавекам. Ён ведаў хаду гэтага чалавека з дзяцінства: роўненька ідзе, нібы гляк з вадою на галаве трымае. Ён ці не ён? Ён ці не…

— Амара!

— Радж?! — азірнуўся малады чалавек. Абняліся, утварыўшы сярод людзей нерухомы астравок. Пасыпаліся звычайныя ў такіх выпадках пытанні: «Ну — дзе ты? Што парабляеш? Як тут апынуўся?» Больш, вядома, пытаў Радж, бо ў самога Раджа амаль нічога не змянілася.

31
{"b":"549273","o":1}