Литмир - Электронная Библиотека
A
A

На падлозе каля дзвярэй ляжаў блакітны канверт, такі самы, які бачыў Янг у Судзіра. На ім былі напісаны друкаванымі літарамі два словы: «Джэральду Крафту». Містэр з крэктам сагнуўся, падняў канверт, пакруціў у пальцах. Паштовага штэмпеля на канверце не было. Янг абышоў Крафта і ўбачыў, што твар яго ўстрывожаны, а рука з канвертам дробненька дрыжыць.

— Ага, дык пра што я гаварыў? — схамянуўся містэр Крафт. Руку з канвертам апусціў уніз.

— Пра кабінет. А толькі я хачу сказаць адразу, што ў малым басейне я плаваць не буду. Дый Радж не дазволіць. — Янг вырашыў схавацца за брата. Дай гэтаму містэру палец, дык ён і руку адкусіць.

— Ну — мы пра гэта яшчэ будзем гаварыць. І з Раджам пагаворым… Праціраць тут будзеш падлогу, стол, крэслы, табурэт, лямпу, тэлефон, вентылятар настольны, сейф, падаконнікі… На стале нічога не перастаўляй, месцамі не мяняй. Сметніцу можаш выносіць не кожны дзень, усе паперкі з яе абавязкова спальваць. Чытаць нічога не трэба, нічога цябе не павінна цікавіць.

— Я такі канверт учора ў Судзіра бачыў. Яму нейкая кітаянка разам з кветкамі паднесла, — нечакана для сябе сказаў Янг. Тота вырываўся з рук, скуголіў, яму хацелася пабегаць.

— Такі ці гэты самы? Якія надпісы былі на ім?

— Не заўважыў.

— Такія канверты можна купіць на кожным рагу, у кожнай гасцініцы. І на кожным які-небудзь заклік. Тут: «Наркотыкам — бой! Уратуем нацыю ад «белай смерці»!» Во-ось… Сёння можаш тут не прыбірацца, а заўтра — папрашу. Усё, што спатрэбіцца для гэтага, пытай у Абрахамса. Ну — я цябе не затрымліваю… — містэр Крафт зноў утаропіўся ў канверт.

Янг вышмыгнуў за дзверы. Па парэнчы лесвіцы з'ехаў, сеўшы бачком, і адразу пусціў Тота пагуляць.

Пачуў, што каля «рэзідэнцыі» Судзіра гамана. Пазнаў галасы Раджа і Судзіра, пакіраваў туды.

— Ты магнітафона не браў? — голас Судзіра быў злосны.

— Калі-і?! Навошта-а?! Учора з Янгам я пайшоў раней за цябе. Ты яшчэ збіраўся з аквалангам на глыбіню лезці… І не забывай, я цябе хутчэй магу абвінаваціць у чым хочаш: гэта ты маеш ключ ад маёй каморы, а не я ад тваёй, — гаварыў Радж, таксама ўжо раздражнёна.

— Не заходзь! Сляды затопчаш… — Судзір растапырыўся ў дзвярах, загарадзіў рукою ўваход. Каля ног у яго стаяў чорны «дыпламат», з якім звычайна прыходзіў на работу.

Радж усё-такі заглянуў у «рэзідэнцыю» паўзверх Судзіравай рукі. Янг таксама сунуў галаву ў дзверы — ніжэй ягонай рукі. І праўда, усярэдзіне было ўсё настармачана, дэльфінчыкі параскіданы абы-як.

— І хто тут што шукаў? Хацелася б мне ведаць… І няўжо ты не чуў ніякага шуму? — пацікавіўся Судзір.

— Я спаў,— адрэзаў Радж. — А што яшчэ прапала?

— Не ведаю. Дэльфінчыкі, здаецца, усе… Магнітафон на стале стаяў, навідавоку — няма. Добра, што «дыпламат» не пакідаў нанач. Я да цябе занясу яго, хай у каморы пабудзе пакуль што… І хадзем да Крафта, трэба званіць у паліцыю… І хай прадстаўленне адмяняе. — Судзір лапнуў пяцярнёю Янга за твар і груба адштурхнуў. Янг чуць не цапнуў зубамі за палец, далонь Судзіра смярдзела нейкім лякарствам.

Янг першы даскочыў да дзвярэй Крафта, не стукаючы, націснуў на ручку…

Містэр, барвовы, наліты крывёю, сядзеў у адзіным мяккім крэсле перад сваім сталом. Галава закінута на спінку, рот крыху разяўлены. На каленях ляжаў надарваны блакітны канверт, а пад апушчанай да падлогі, нібы нежывой рукой — невялічкая паперка. На іх тупат і грукат не зварухнуўся.

Радж першы апынуўся каля містэра Крафта, патузаў за плячо, расшпіліў больш кашулю, узяўся за пульс.

— А-а, ты гэта, Радж… — расплюшчыў дрыжачыя павекі Крафт. Яны былі чырвоныя, вадзяніста-набраклыя. — Там… Там… — злёгку варухнулася правая рука на падлакотніку, указальны палец ківаў кудысьці на стол. Крафт зноў прыкрыў павекі, задыхаў перарывіста, са стогнам.

Судзір зайшоў за Крафтаў стол, адчыніў правую шуфляду, забразгатаў нечым металічным і шкляным. Вось ужо рукі Судзіра над сталом, у іх сабраны шпрыц з іголкаю. Узяў у шуфлядзе нейкую ампулу, адламаў галоўку і набраў з яе шпрыцам лякарства. Рабіў усё ўпэўнена, нібы доктар. Тузануў з разеткі электрычны шнур ад лямпы.

— На, перацісні яму руку вышэй локця… Моцна! — скамандаваў Раджу. — І лепш левую… На падлакотнік яе палажы!

Вена на згібе локця ніжэй перавязкі ўзбухла, як вяроўка. Судзір паднёс да яе наўкос іголку шпрыца. Яшчэ мо і не кальнуў, а ўжо ў шпрыц пырснула з вены кроў. Янг хуценька адвёў вочы: стала нядобра. Позірк упаў на тую паперку, што ляжала каля крэсла злева. Падняў…

Штосьці надрукавана на машынцы, па-англійску. І тут Радж перастаў трымаць шнур, разматаў яго, забраў у Янга паперку.

Чытаў сам сабе, мыляў бязгучна губамі.

— Выкуп патрабуюць… — сказаў голасна. — Дваццаць тысяч долараў. Грошы прывезці не пазней тыдня з дня атрымання папярэджання. Подпіс: «Уайт вайпэ»… «Белая змяя».

— Ум-м… — містэр Крафт зноў расплюшчыў вочы. — Я ж ім плаціў ужо… сёлета… дзесяць тысяч… Толькі забыў, які подпіс быў у першай паперцы. Дзве дабл ю ці дабл ю і ві.

Ніхто нічога яму не гаварыў на гэта. Судзір бразгатаў, разбіраючы над шуфлядаю шпрыц, і быццам не чуў. Урэшце моцна стукнуў далоняй па шуфлядзе, заганяючы яе на месца.

— Я ж ім плаці-іў… Людзі, што ж гэта робіцца?! — з болем стагнаў Крафт.

— Трыяда? — адным словам спытаў Судзір. — Яна жартаў не любіць. Лепш іх не цвяліць.

— А скулу ім у бок! Дзе я вазьму такія грошы? — Крафт трохі зварухнуўся, паглядзеў на Судзіра, нібы той мог падказаць.

— Дзе — гэта вам думаць. Мы ж не ў курсе вашых фінансавых спраў.

— Містэр Судзір, не заходзьце больш у тую майстэрню па сувеніры… І скажыце ім, хай больш не робяць. Трэба эканоміць.

— Наадварот, будзем уручаць не па тры, а па пяць на кожнае прадстаўленне. Я сказаў, каб павялічылі выпуск. А пачнём эканоміць на цэнтах, згубім долары.

— Ум-м-м… — містэр Крафт заплюшчыў вочы.

— І ў мяне бяда. Хтосьці пагаспадарыў ноччу, абакраў. Магнітафон прапаў са стужкаю рабочаю, усе шмуткі перавернуты. Мо адна шайка-лейка дзейнічае?

Званіць трэба ў паліцыю! — хуценька прагаварыў Судзір.

Містэр Крафт мычаў, не расплюшчваючы вачэй.

Янгу здалося, што ў голасе Судзіра няма ўжо ніякай трывогі.

«А мо Судзір і падкінуў гэтае пісьмо? І сам у сябе ўкраў магнітафон, каб адвесці падазрэнне?» — Янг паглядзеў на Раджа: ці гэтак думае і ён? Але па твару брата нічога нельга было пазнаць, і Янг сам спужаўся сваёй думкі. Дык што ж тады атрымліваецца? Хто ж такі пасля гэтага будзе Судзір?

— Пісьмо прыйшло не па пошце. Падсунулі пад дзверы сёння ноччу… — сказаў Крафт бясколерным голасам. — Ніхто з вас нічога не заўважыў падазронага?..

«Не!» — пакруцілі галовамі.

— Дзверы ў калідор адамкнулі, не ўзломвалі. Карысталіся, мабыць, адмычкамі. У вартаўніка і пытаць няварта, нікому ён ключоў не даваў. Акрамя Гугі і мяне, нікому не меў права, а цяпер будзе Янгу даваць… Містэр Судзір, а што за пісьмо вам падалі ўчора з букетам? — нечакана спытаў Крафт.

Судзір паласнуў па Янгу ненавісным позіркам.

— Мала якія запіскі могуць перадаваць жанчыны мужчынам! Ці наадварот… Нават балбатлівы індык не расказвае сваіх інтымных сакрэтаў індычцы, — суха сказаў ён.

— Ага, ну але… Прабачце… Пазваніце паліцыі самі, мяне яшчэ ногі кепска трымаюць. А пра запіску ад «Белай змяі» не гаварыце, а то могуць і не прыехаць. Я ведаю іх — палахлівец на палахліўцу… О, каб гэта было ў старой добрай Англіі! Можна было б увесь Скотланд-Ярд на ногі падняць.

Судзір зайшоў за стол, пераставіў зручней тэлефон. А пакуль перастаўляў і набіраў нумар, гаварыў:

— За поспех сённяшніх прадстаўленняў я не ручаюся. Дэльфіны прывыклі да музычнага суправаджэння… Мо варта адмяніць хоць ранішняе, а правесці рэпетыцыю лішні раз?

— Адмяняць будзем толькі тады, калі, не дай бог, не будзе ніводнага жывога дэльфіна. Я ж не магу здымаць капялюш, жабраваць каля варот… Містэр Судзір, вам давядзецца самому сказаць пару фраз пра дэльфінаў. Што — не мне вас вучыць.

Янг першы шмыгнуў з кабінета. Трэба было тэрмінова рыхтаваць рыбу. Дзе той маруда Абрахамс ходзіць, ці хоць падвёз свежую?

48
{"b":"549273","o":1}