Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Судзір крутнуўся да «старога», які ў гэты час ставіў на бераг вядро. Імгненна выставіў яму ў твар нож, свіснула белай маланкай лязо, і аквалангіст, схапіўшыся аберуч за горла, асеў у ваду. У два скачкі Судзір апынуўся каля яго, вылавіў за плячо, падцягнуў крыху на бераг і яшчэ раз ударыў нажом — ужо спераду» У грудзі. Не пускаючы, узвалок вышэй на бераг, адвязаў цела ад акваланга. Далей рухі Судзіра зрабіліся яшчэ больш паспешлівыя: расшморгнуў на грудзях «старога» «маланку», выбраў з кучы пароды камянёў, не забыўся агледзець іх, пастукаць адзін аб адзін і сунуў за пазуху забітаму. Зноў тромкнуў замком, але не да канца, не дазволілі камяні, скаціў цела ў ваду. Сагнуўшыся, рачком тупацеў уздоўж пляжа, «старога» валачыў па вадзе — туды, дзе была цемра, куды не даставала святло лямпачак, і ўжо там моцна штурхануў ад берага.

З целам Піта зрабіў тое ж самае.

Прысеў каля вады на кукішкі, памыў ад крыві рукі, падабраў на беразе і памыў нож. Спакойна склаў яго, засунуў у ножны на лытцы і пайшоў да тэлефона. Зняў трубку.

— Ало? Прышліце электрыка. Дрэнна ён провад падключыў… Замыканне, мабыць, было, лямпачка перагарэла… Што? Ды памаленьку… Ды тут усе… Павыносілі дабра, сядзім, перагрэбваемся, а цемнавата: прывыклі да дзвюх лямпачак.

«Няпраўда!.. Не слухайце!.. Гэта забойца!..» — хацеў крыкнуць Янг на ўсю пячору, але жах адняў мову.

Улятаючы ў зону, агароджаную буйкамі, убачылі: у ваду заходзіць аквалангіст. Яшчэ прыпыніўся, зайшоўшы да калень, паўзіраўся ў іх бок. Але катэр не выклікаў у яго падазрэння — пагрузіўся з галавою. Матор выключылі і тут жа пачулі, як чахкае, грукоча рухавік з левага боку пры плоце. Катэр уссунуўся на бераг упрыцірку да лагернага глісера. Адразу на яго скокнуў з борта адзін паліцэйскі, астатнія хто за ім, хто прабягаў на нос катэра і адтуль скакалі проста на пясок. Начальнік паліцыі Рая пабег са сваёй групай да палатак, афіцэр са сваёй — да вагончыка.

Радж і Амара сышлі апошнімі. Хацеў і Абдула следам скочыць, але яго паклікаў рулявы, паказаў месца побач з сабою ў рубцы.

Палаткі аказаліся не роўныя — адна чатырохмесная, другая двухмесная. Нікога ў іх паліцэйскія не выявілі, але перавярнулі ўсё дагары дном. Прабеглі яшчэ па тэрыторыі, заглянулі за кучу скрынак і бочак, за рухавік-электрастанцыю — і там нікога. Адзін застаўся каля рухавіка, другі пайшоў на катэр, трэці — да варот за палаткамі.

— Я тут пабуду, — павярнуў Амара да скрынак.

Начальнік паліцыі следам за Раджам палез на ўсходцы, што збоку вялі ў вагончык. З маленькай прыхожай відаць трое дзвярэй. Направа — у лабараторыю, проста — у кладоўку, налева — у аператарскую. Радж адчыніў левыя дзверы, адкуль даносіліся галасы, начальнік паліцыі — правыя.

Акенца было адно, злева. Направа пры глухой сцяне ўзвышалася панель з прыборамі, падобнымі на манометры са стрэлкамі, мігалі чырвоныя лямпачкі. Ніз панелі быў скошаны, як вечка школьнай парты, на ёй таксама былі нейкія пераключальнікі і кнопкі, стаяў нізенькі мікрафон. Крэсла каля панелі было пустое, аператар стаяў каля глухой тарцовай сцяны з рукамі на патыліцы, а паліцэйскі лапаў яго, абмацваў.

— Што здарылася? Гэта самавольства, я скардзіцца буду ўладам! — гразіўся аператар, спрабуючы павярнуцца тварам да ўсіх, але яго штурхаў паліцэйскі ў спіну, прымушаў глядзець у сцяну.

— Можаце… Можаце скардзіцца… — гарбаносы афіцэр сеў на крэсла каля мікрафона, а на другое, каля невялічкага століка побач з панеллю, паказаў другому паліцэйскаму, падаў яму папку з паперамі. Той расклаў усё і замёр, чакаючы, што будзе дыктаваць афіцэр. Яшчэ адзін паліцэйскі стаяў каля дзвярэй, дзе і Радж спыніўся, але ім давялося адступіцца ўбок — зайшоў нейкі акулярык у белым халаце, за ім начальнік паліцыі. Акулярыка паставілі каля той жа сцяны, што і аператара, толькі ў другім кутку, таксама абшукалі.

— І ўсе? — здзівіўся афіцэр, паварочваючыся разам з крэслам да народу.

— Больш нікога не знайшлі,— сказаў начальнік паліцыі.

— Толькі што мы бачылі — пад ваду пайшоў аквалангіст. Ён у пячору? — нібы між іншым спытаў у аператара афіцэр.

— Якую пячору? Мо рыбы захацеў на вячэру настраляць, — адказаў той.

— Не раім корчыць дурня. Мы ведаем больш, чым вам здаецца. Дзе астатнія? Таксама ў пячоры?

— У пячоры… — буркнуў аператар. — Фауну вывучаюць.

— Ага… Ваша імя?

— Майкл Стоўн.

— А вашага вучонага прыяцеля?

— Джордж Стоўн.

— Уга — браты? Нешта не падобныя.

— А мы ад розных мацярок.

— Дык вось, браты-разбойнікі, расказвайце, чым на самай справе вы тут займаецеся. Толькі хуценька і не цямніць. Дарэчы, Судзір таксама ў пячоры? З дэльфінамі?

— У пячоры. І больш я вам нічога не скажу.

— Ну-ну, цвёрдакаменны25… Не забывай, што вы ў нашых руках, а не мы ў вашых. Гавары! — крыкнуў так, што Раджу ажно заклала вушы. — Колькі золата ўжо намылі?

У Майкла паніклі плечы.

— Пра золата ў Піта пытайце. І ў Джорджа, ён у лабараторыі працуе. А мая справа — во… — адвярнуўся на момант, кіўнуў на пульт кіравання.

Судзір зацягнуў аквалангі забітых на правы канец пляжа за выступ, дзе пачыналася цемра. Потым хуценька высыпаў з аднаго вядра пароду ў кучу, набраў вады — плюх на тое месца, дзе ляжаў Піт. Калі вада скацілася, падышоў туды, нагнуўся паглядзець, ці не відаць чаго падазронага. Нагнуўшыся, штосьці падняў, паглядзеў, зноў нагнуўся, папаласкаў у маленькай лужынцы, паперакідаў з рукі ў руку, як гарачы вугельчык, нават, здалося Янгу, падзьмуў сабе на рукі. Выняў нож, адпстрыкнуў асноўнае лязо, скрабануў ім знаходку — і ўкінуў «вугалёк» на дно ножнаў, а зверху засунуў нож, задаволена ляпнуў сябе па лытцы. Азірнуўся ва ўсе бакі, паглядзеў на кучу пароды і ўжо ступіў да яе, хацеў пагрэбціся. Але ўспомніў пра лямпачкі. Падышоў да сцяны, выкруціў адну — тую, што была ў сабраным петлямі провадзе, шпурнуў яе далей ад пляжа. Янг пачуў, як лопнула-дзынкнула яна, стукнуўшыся недзе ў цемры аб скалу.

А тут і электрык вынырнуў непадалёк ад выхаду. Галава яго загайдалася, як паплавок, падалася да пляжа. Вылазіў электрык спаважна, нетаропка. Разагнуўся, выбраўшыся. Шлэп, шлэп ластамі.

— Ну, што тут у вас? Я ж рабіў усё як трэба.

— Вось… — паказаў Судзір на скрутак на сцяне. — Некалькі мінут пагарэла, а потым — блісь, і няма. Я выкінуў… І паленым запахла, ізаляцыя, мабыць, пачынала гарэць.

Электрык павярнуў да сцяны, Судзір за ім — амаль ушчыльную.

— Не ве-е-ерце, дзя-ядзечка!!! — закрычаў Янг такім высокім голасам, што сарваўся. — Ён забіць вас хоча!

Электрык у непаразуменні павярнуўся на голас.

І тут жа Судзір ударыў — не ззаду, як меркаваў спачатку, а ў грудзі. Яшчэ і адштурхнуў электрыка ад сябе, і той загрымеў балонам, падаючы. Дрэсіроўшчык застаўся стаяць, трымаючы настаўлены нож. Гэтак і ў бок Янга павярнуўся, застыў на прысагнутых нагах. Круць-верць галавою ў бакі… Нічога не прыкмеціў падазронага, што прымусіла б адразу страляць лязом ці кідацца з нажом у руках. І выпрастаўся, расслаблена пайшоў да вады, прысеў папаласкаць нож.

Нечалавечая вытрымка. І спакой… А мо была толькі вытрымка? Адступіў ад вады і, не разгінаючыся, не гледзячы на лытку, цаляў нажом у ножны і не адразу папаў, трохі замарудзіў. Вочы Судзіра ўжо свідравалі цемру каля Янга. Пайшоў да электраліхтара, уключыў яго, скіраваў святло ў Янгаў бок — і нічога не ўбачыў. Паставіў ліхтар, пачаў адзяваць свой акваланг. Зашпіліў старанна рамяні, пачапіў на грудзі ліхтар. Успомніў пра ласты — абуў і зашпіліў іх. Пераступіў на плыт, зашлэпаў да яго краю, узяў загубнік у рот і кінуўся бокам у ваду.

Не, заставацца Янгу на месцы нельга. Ён шпарка спусціўся да вады, яшчэ і не пасвістаў — «Бобі, ты дзе?», а малыш і сам падплыў. Наблізіліся і ўсе дэльфіны, Янг чуў іх цяжкія выдыхі. Бясшумна з'ехаў на штанах у ваду, ухапіўся леваю рукою за плаўнік Бобі, а праваю павярнуў за рострум так, каб скіраваць у Храмавы грот. Паплыў з ганаровым эскортам — дэльфіны абкружылі яго з усіх бакоў.

вернуться

25

Стоўн — камень (англ.). Афіцэр абыгрывае яго прозвішча.

92
{"b":"549273","o":1}