Скончылася і другая сетка, нідзе блытаніны не знайшоў. Праплыў пад носам правага катэра, вынырнуў. Вунь містэр Крафт, перавесіўся цераз борт, журботна глядзіць на ваду, нібы вырашае праблему — боўтнуць зараз за борт, утапіцца ці яшчэ трохі пачакаць. Радж памахаў яму рукою, і Крафт квола ўсміхнуўся, спытаў:
— Усё ў парадку?
Радж выняў загубнік з рота.
— Ол райт! — і зноў сунуў у рот.
Перад тым як нырнуць углыб, прыкмеціў на грудзях у аднаго лаўца пачэпленую на шыю маску. У другога такая маска была пасунута на лоб. Лаўцы таксама зрыхтаваліся скакаць у ваду, калі ахопленая прастора зменшыцца да мінімуму, і трэба будзе ці выблытваць дэльфінаў з сетак, ці падводзіць пад іх гамакі-фартухі са стропамі.
У сетках паміж катэрамі і «маткаю» таксама былі блытаныя месцы. Разблытваў і чуў, як яны «жывуць» пад рукамі, напінаюцца або слабеюць, калі адна лябёдка адключыцца, чакае другую, каб даць магчымасць укарочвацца сеткам раўнамерна. Чым меншаю рабілася загародка, тым больш нервова гойсалі, кідаліся ў ёй дэльфіны. Колькі іх удалося запыніць? Радж усплываў у сярэдзіне круга і стараўся палічыць іх. Здаецца, адзінаццаць, ёсць два дзіцёнкі такога ўзросту, як Бобі. Адзін з маткаю, бо ўвесь час туліцца да яе, ажно плысці замінае. Другі, відаць, адзінокі — ці не апынулася маці за сеткаю, на волі? Ён то падплыве да дэльфінкі з дзіцем, нібы хоча прылашчыцца ды не адважваецца, то аддаліцца, робячы рыўкі ўправа-ўлева, нібы шукае кагосьці.
І раптам са знешняга боку сеткі, той, што была бліжэй да Блакітнага, з'явілася вялікая дэльфінка. Яна неспакойна прамчала ў адзін бок, у другі, шукаючы дзіру. І нешта мо скамандавала ці паклікала, бо малы, як з прывязі сарваўшыся, напрасткі кінуўся да яе. Радасць зусім замуціла яму розум — на вялікай хуткасці ўрэзаўся ў сетку, завіс, затузаўся, запішчаў.
Вось ён, той выпадак, тое няшчасце, якога трэба баяцца…
Запалоненыя дэльфіны ўраз перасталі мітусіцца. Бяда, якую яны чакалі з усіх бакоў, увасобілася ў адной, канкрэтнай — і ўсе імкліва рынуліся да дэльфіняці. Паплыў і Радж — на ўсёй хуткасці, на якую хапала сілы. Але гэта была хуткасць чарапахі на сушы ў параўнанні з тою, якую маглі развіць дэльфіны.
Таўхатня — не прабіцца. Дэльфіны тузалі малога за хвост, за плаўнікі, некаторыя хапалі ротам за сетку і трэслі, нібы гэтак можна было вытрасці з яе дэльфіня. Да Раджа адразу скіравалася некалькі разяўленых пашчаў, утыканых зубамі-калочкамі. Але ніводзін дэльфін не ўдарыў рострумам, не схапіў зубамі, і Радж расштурхоўваў іх у бакі, даваў кухталёў то пад жывот, то ў галаву, адштурхоўваў ластамі… Вось ён, малыш, убіўся дзюбаю так глыбока, што пятля ўелася пад ілбом, прарэзала плоць. І чым больш тузаўся малы, тым мацней упівалася капронавая ніць, у вадзе закручваліся ўжо струменьчыкі цёмнай крыві… І правы плаўнік ублытаны, але на ім, здаецца, парэзаў не было.
Радж падчапіў ніць крысам…
Усплываючы следам за дэльфінамі, якія кінуліся да паверхні, штурхаючы сабою і малога, ён начыста забыўся пра парэзаную сетку, пра тое, што пускаў у ход нож. Радасць перапаўняла грудзі, і каб гэта было не пад вадою, то заспяваў бы ці засвістаў.
Вось ужо дэльфіны на паверхні, Раджу відаць, як двое, а потым нават трое, свецячы белымі жыватамі, з бакоў і ззаду, нібы ў ганаровым эскорце, суправаджаюць малога, не адстаючы ні на метр. Калі Радж дасягнуў паверхні, адразу зірнуў за сетку — дзе дэльфінка? І раптам вада ўзбурліла, вялізнае і гібкае цела ўзвілося дугою ўгору і з шумам-плёхатам абрушылася зноў у ваду, але ўжо ўнутры загародкі (Радж ледзь паспеў адхіснуцца, яго акаціла вадою, як з бочкі). І зразу дэльфінка рванула да тых, што вадзілі, суправаджалі яе дзіця, падмяніла аднаго з левага боку.
«Ну і ну, — падзівіўся Радж. — Дзіця даражэй за волю». Але і другому здзівіўся: чаму не могуць прарабіць такі ж Мансур акружаныя дэльфіны, толькі наадварот — сігануць з загародкі на волю? Няўжо для гэтага ў іх не хапае глуздоў? Нават дурная рыба, калі цягнуць невад на бераг, стараецца выскачыць.
— …за борт!!! — пачуў Радж урывак Судзіравай каманды.
Аглянуўся: з сярэдняга, галоўнага катэра скокнулі з абодвух бартоў у ваду двое лаўцоў. З двух крайніх боўтнулі па аднаму чалавеку. Па аднаму кульнуліся і з глісераў, усе былі ў аранжавых надзьмутых жылетах. Лаўцы сталі загоншчыкамі: крычалі, білі рукамі па вадзе, боўталі нагамі ў тых пралазах пад бартамі, дзе сеткі задзіраліся ўгору, — адпужвалі дэльфінаў.
Радж спрабаваў наблізіцца да тых дэльфінаў, што не адыходзілі ад малога. Хацелася лепш агледзець яго, можа, удалося б першага адлучыць і вылавіць, каб хутчэй аказаць медыцынскую дапамогу. Але дарослыя не падпускалі блізка, хутка аддаляліся, робячы чарговы круг уздоўж загародкі.
А неўзабаве ў агароджанай прасторы ўсё забурліла ў паспешлівасці і мітусні. На сярэднім катэры, аказваецца, была яшчэ і шлюп-бэлька, яе «рука» вытыркла над правым бортам, але бліжэй да носа. На стропах замахаўся пад ветрам абвіслы кавалак парусіны. Вытырклі стрэлы таль-блокаў з левага і правага катэраў. Дзіва, Радж не заўважаў, быў такі таль-блок на яго катэры ці не. Можа, яго так павярнулі стралою, што зусім не кідаўся ў вочы. А мо гэта былі якія часовыя прымітыўныя збудаванні, зручныя, каб можна было іх хутка сабраць і разабраць. З гэтых таль-блокаў таксама спускалі стропы з гамакамі-сеткамі, адзін ужо лёг на ваду.
Радж кідаўся на дапамогу то адной групе лаўцоў, то другой, памагаў падганяць дэльфінаў да гэтых палотнішчаў ці падсоўваць палотнішчы пад дэльфінаў. Плюхат, выкрыкі, лаянка… Радж то вымаў загубнік з рота, каб не замінаў, то зноў хапаў яго, калі трэба было паднырнуць пад дэльфіна, прыўзняць яго балонамі над вадою. Часам ныраў без загубніка, а ўсплываў — браў у рот. Ён ужо кашляў — нахапаўся вады, але валтузіцца з дэльфінамі не пераставаў. Вунь ужо завішчалі два таль-блокі пад цяжарам дэльфінаў… Доўгія целы ўздымаліся над вадою марудна, дэльфіны паволі паварушвалі хвастамі.
Судзір раптам вызверыўся з «маткі» на Раджа: — Сваёй справай займайся! Вунь… глядзі!!! І вунь!!! — нібы дзёўбнуў рукою ў адзін бок, у другі. Каля глісераў ліхаманкава скакалі, тузаліся паплаўкі, мабыць, ублыталіся дэльфіны, а лаўцы, што катурхаліся ў вадзе, не звярталі ўвагі — не да таго было. А мо не разумелі скокаў паплаўкоў?
Радж паплыў да той сеткі, што паміж правым катэрам і глісерам. Пачуў зноў брыдкую лаянку Судзіра і азірнуўся: Судзір і сам ужо ляцеў з борта галавою ўніз. Паплыве, мабыць, да левай сеткі. Дурань, не многа зробіш пад вадою без маскі, без акваланга, без нажа.
Дзе многа рулявых, карабель пападае на мель. А дзе ніводнага няма — садзіцца яшчэ хутчэй. Усе змагаюцца з дэльфінамі, нават крыху ранавата пачалі гэта рабіць, а трэба было звужваць ахоп, вартаваць шчыліны-пралазы да апошняга моманту. Калі вызваліў дэльфіна і ўсплыў на паверхню, на таль-блоках і шлюп-балцы вісела яшчэ па дэльфіну, а лаўцы крычалі адзін аднаму: «Не туды!.. Хутчэй!.. Не пуска-а-ай!!! Уцякаюць!» Выкрыкваў нешта і Крафт, звесіўшыся з борта. А дэльфіны імкліва, як стрэлы-тарпеды, расштурхоўваючы людзей, ляцелі паўз борт «маткі» на волю.
А дзе ж Судзір? З лаўцамі яго не было, на катэр не мог так хутка забрацца… Кінуў вокам на сетку між левым катэрам і глісерам — паплаўкі яе бязладна, не ў рытме хваляў скакалі на вадзе. Радж адразу нырнуў і наўкасую паплыў да сярэдзіны сеткі. Убачыў два целы, чалавека і дэльфіна, яны валтузіліся кожны паасобку, хоць і блізка адзін ад аднаго. Спачатку да чалавека…
У Судзіра былі вытарашчаныя ад напругі і страху вочы, перакрыўлены грымасаю твар. Учапіўся спражкаю рэменя за сетку, парэзаў нават пальцы, ірвучы яе — завіваліся струменьчыкі крыві. А зараз спрабаваў расшпіліць рэмень, скінуць штаны, але і гэта не атрымлівалася. Радж вырваў загубнік з рота, паднёс да яго губ. Судзір скеміў: выпусціў паветра з лёгкіх, ухапіў загубнік. Заціснуў сабе нос і зрабіў некалькі глыбокіх, сутаргавых удыхаў І выдыхаў. Але розум яго яшчэ не працаваў як след, бо калі Радж паказаў яму пальцам — «Аддавай назад! Пацярпі, я памагу…», той і не думаў аддаваць загубнік. Радж сам ужо задыхаўся, але яшчэ некалькі секунд выцерпеў бы, каб трэба было толькі ўсплыць наверх і ўсё. Але ўсплыць нельга было, яны былі ўжо ўзаемазвязаны, залежалі адзін ад аднаго. Радж падцяў нагу, выхапіў з ножнаў крыс… Судзір спуджана выпусціў загубнік, і Радж хуценька сам удыхнуў і выдыхнуў два разы. Крамсануў нажом па сетцы, абрэзваючы моцныя ніці, вызваляючы Судзіра. «Наверх!» — штурхануў яго пад зад. Судзір сутаргава запрацаваў рукамі і нагамі — рыўкамі, бязладна, — пачаў усплываць.