Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Апоўначы каралеўскі браненосны крэйсер «Блэк Прынс», які за некалькі гадзін да гэтага згубіў сувязь з галоўнымі сіламі, ідучы на поўдзень, у цемры насунуўся на заднія караблі 1-й нямецкай эскадры лінкораў і быў патоплены дрэдноўтам «Цюрынген».

Брытанскі кароль Георг V, відавочна незадаволены вынікам бітвы, з уласцівай сапраўднаму брытанцу стрыманасцю сказаў пра бой:

Я бядую з нагоды гібелі гэтых адважных людзей, якія палі за маю краіну. Многія з іх былі маімі сябрамі. Але яшчэ больш я спачуваю, што туманнае надвор’е дазволіла Флоту адкрытага мора пазбегнуць усіх наступстваў сутыкнення, якога ён быццам бы жадаў. Але, калі з’явілася такая магчымасць, яны не выказалі ні малейшага жадання…

Абодва бакі абвясцілі аб сваёй перамозе: Германія ў сувязі са значнымі стратамі англійскага флоту, а Вялікабрытанія ў сувязі з відавочнай няздольнасцю нямецкага флоту прарваць блакаду. Брытанскі флот страціў тры лінейныя крэйсеры, тры броненосныя крэйсеры і восем эскадраных мінаносцаў, агульным танажам каля 114 000 тон.

Немцы згубілі адзін лінейны крэйсер, адзін браненосец, чатыры лёгкія крэйсеры і пяць эскадраных мінаносцаў, агульным танажам каля 60 000 тон.

Такім чынам, па агульнаму танажу патопленых караблёў страты англічан амаль удвая перавышалі страты немцаў. Загінула і патрапіла ў палон 6784 брытанцы, немцы страцілі 3039 чалавек забітымі. З 25 караблёў, якія загінулі ў Ютландскай бітве, 17 было патоплена артылерыяй і 8 — тарпеднай зброяй. Вынікі выкарыстання зброі ў баі таксама не на баку англічан: брытанскі флот выпусціў 4598 снарадаў, з іх 100 патрапіла ў цэль, з 75 пушчаных тарпед мэты дасягнулі 5. Германскі флот выпусціў 3587 снарадаў (на тысячу меней!), але пры гэтым дасягнулі 120 пападанняў, але са 103 пушчаных тарпед мэты дасягнулі толькі 3.

У выніку гэтай крывавай бітвы брытанскі флот усё ж захаваў за сабой перавагу на моры, а нямецкі лінейны флот перастаў прадпрымаць актыўныя дзеянні для прарыву блакады. То бок, гэтая бітва карэнным чынам нічога не змяніла. Падобны вынік — адна з характэрыных рысаў усёй Першай сусветнай вайны: крывавыя бітвы кардынальна не змянялі сітуацыі, фронт заставаўся на месцы, а карэнны пералом у вайне не надыходзіў. І толькі калі рэсурсы аднаго з бакоў вычарпаліся, з’явілася нейкае святло надзеі на будучы мір напрыканцы чорнага тунэля доўгай вайны.

ЯЎРЭЙСКАЕ ПЫТАННЕ Ў РАСІЙСКАЙ АРМІІ

Жыд распаўсюджваецца з жахлівай хуткасцю. А жыд і яго кагал — гэта ўсё адно што змова супраць рускіх!.

Жыд — не чалавек, ён гандляр par excellence[4]

Гэтыя выказванні ёсць вытрымкі з чарнасоценных газет. У першым выпадку гэта цытата з выказвання пісьменніка Ф. М. Дастаеўскага, а ў другім — вядомага крытыка В. Р. Бялінскага. У падобным духу выказваўся пра яўрэяў і А. С. Пушкін.

Колькі ні капай, не знойдзеш, каб у іншых краінах знаныя асобы дазвалялі сабе такія выказванні ў адрас яўрэйства, якое пражывае на тэрыторыі іх дзяржавы. Падобныя рэчы можна было пачуць толькі ў нацысцкай Германіі. Страшна ўявіць, што ў Расіі казалі гэта не якія-небудзь дзяржыморды ці мужыкі на прызбе, а гонар нацыі. Што ж тады казаць пра просты народ?

Знакаміты расійскі паэт «старык» Дзяржавін быў яшчэ і губернатарам, і сенатарам, і міністрам юстыцыі. У 1799 і 1800 гадах яго камандзіравалі ў Заходні край для вывучэння прычын голаду і нэндзлага становішча беларускага сялянства. Нягледзячы на тое, што бядотнае становішча ліцвінаў (беларусаў) відавочна было звязана з вайной Рэчы Паспалітай супраць агрэсіі Расійскай імперыі і заваяваннем вайскамі А. Суворава цэлага краю ў 1795 годзе, што выклікала масавае бегства ад надыходзячага прыгону, Дзяржавін «зразумеў», што адна з галоўных прычын сялянскай галоты ў Заходнім краі — гэта яўрэі. Смех ды і толькі!

Дзіўная рэч: Расія захоплівае эканамічна квітнеючае Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае, заганяе яго ў крызіс, і пры гэтым расійскія чыноўнікі здзіўляюцца спустошанню і не задволены яўрэямі!

Хаця ж да акупацыі 1795 года рэшты тэрыторыі Рэчы Паспалітай на іх ніхто не скардзіўся. У Расіі іх проста не было, а ў Рэчы Паспалітай яны, як ні дзіва, зусім не перашкаджалі росквіту і развіццю аб’яднай рэспубліканскай дзяржавы палякаў і беларусаў (ліцвінаў). Пры вялікай канцэнтрацыі яўрэйскага насельніцтва ў гарадах на тэрыторыі сучасных Польшчы, Беларусі і Украіны Вялікае княства Літоўскае да 1600-х гадоў дасягнула піка свайго эканамічнага развіцця. Рэч Паспалітая да сярэдзіны XVII стагоддзя была бадай што самай адукаванай і вольнай ў дачыненні да веравызнання краінай Еўропы: каталікі, праваслаўныя, пратэстанты складалі ў ім прыкладна тры роўныя часткі — прыкладна па 25 % насельніцтва, і да 10 % складалі вызнаўцы іўдзейскай веры. Канец гэтаму росквіту паклала вайна цара Аляксея Міхайлавіча Раманава, які хоць і захапіў да 80 % усіх гарадоў ВКЛ, пацярпеў жорсткую паразу. З-за вайны Беларусь, якую тады называлі Літвой, доўгі час ляжала ў руінах і так і не здолела ўзняцца на ранейшы ўзровень. Вось дзе хавалася прычына голаду і нэндзлага становішча Заходняга краю: войны з суседам, а не яўрэі. Але Дзяржавін зрабіў уласную выснову з-за характэрнай для велікаросаў юдафобіі.

Царскі антысемітызм, разам з антыпаланізмам і рэзкім непрыняццем тых ці іншых малых народаў Расіі (то запарожскіх казакоў, потым усіх каўказцаў, раней татар, пазней прыбалтаў і чухонцаў-фінаў…) часта пужае.

І Расія заплаціла за свой недалёкі нацыяналізм. У кастрычніку 1917 года вялікадзяржаўныя шавіністы апынуліся ў руках гэтых самых «мірных народаў», якія «скінулі ярмо з бразготкамі ды пугу» і якія, апрануўшыся ў «кожанкі» і ўзброіўшыся рэвальверамі, узяўшы да сябе ў саюзнікі рознага гатунку шантрапу ды бандытаў, перастралялі вялікадзяржаўных шавіністаў, і іх цара, і не ў чым не вінаватых царскіх дзяцей. Царскую сям’ю, на самой справе, шкада. Расстрэл бальшавікамі ўладара і яго сям’і выглядае на дзікунства ў вышэйшай ступені. Але цар Мікалай сам спілаваў сук, на якім сядзеў. Каго яму яшчэ вінаваціць у тым, што Расійская імперыя і сапраўды ператварылася ў турму народаў? А чаго можна чакаць ад вязняў, якія вырваліся з-за сцен гэтай турмы?

Толькі расправы!

У 1861 годзе ў Расіі адмянілі прыгон. Уласны народ выйшаў урэшце з-пад арышту. Але яўрэі засталіся. Ні ў адной іншай краіне яўрэі не вылучаліся такой рэвалюцыйнасцю, як у Расійскай імперыі, бо да 1917 года яшчэ з’яўляліся для уладаў народам другога гатунку пад уласным прыгонам, народам, абмежаваным у правах і свабодах. Яўрэі ў іншых краях былі паўнавартаснымі грамадзянамі сваіх дзяржаў, а ў Расіі ім была адведзена «паласа аселасці», якая не толькі забараняла пераязджаць з былых земляў Рэчы Паспалітай ў расійскія губерніі, але нават з мястэчак у размешчаныя побач вялікія гарады, напрыклад, з-пад Кіева ў сам Кіеў. Калі ў Амерыцы яўрэі служылі ў арміі, працавалі на дзяржаўных пасадах, маглі расці па кар’ернай лесвіцы, працаваць на карысць сабе і сваёй краіне, то ў Расіі яны адчувалі сябе людзьмі чужымі і непатрэбнымі, бо яны не маглі займаць кіруючыя пасады, рабіць кар’еру на дзяржаўнай службе і ў арміі.

Першапачаткова яўрэяў увогуле не бралі на армейскую службу, але напрыканцы жніўня 1827 года Мікалай І падпісаў загад аб распаўсюджванні на іх воінскай павіннасці. З гэтага моманту пачынаецца гісторыя няпростых стасункаў паміж расійскай арміяй і яўрэямі. Яны складаліся як пад уплывам закаранелых у асяродку вайскоўцаў антысеміцкіх перакананняў, так і ў сувязі з агульнымі грамадска-палітычнымі працэсамі ў краіне. Асаблівага напружання гэтыя ўзаемадачыненні дасягнулі напярэдадні Першай сусветнай вайны.

У 1897 годзе ў расійскай арміі служыла 53 000 яўрэяў пры колькасці ўзброеных сілаў у 1 075 000 чалавек, т. б. каля 5 % салдат былі іўдзеямі. Пры гэтым у Расійскай імперыі яны складалі прыкладна 4 %: 6 млн. ад 160 млн. усяго насельніцтва. Выходзіць, што ў працэнтных суадносінах яўрэяў на службу бралі ў большай колькасці адносна іх народа, чым расійцаў, беларусаў і ўкраінцаў. У 1914 годзе ў расійскай арміі служыла 400 000 яўрэяў — гэта больш чым было прызвана беларусаў! У той жа час штогод урадавая статыстыка паведамляла аб значным недаборы яўрэяў у адпаведнасці са спісамі тых, каго належыла прызваць. Чаму адбывалася такая анамалія?

вернуться

4

У пераважнай ступені.

41
{"b":"665598","o":1}