Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

2 верасня 1916 года Ганна Кларынваль, матка салдата Рэнэ Кларынваля, які ваяваў пад Вердэнам, у прамежак часу паміж 10 і 11 гадзінамі дня, раптам адчула сябе кепска. Жанчыну ахапіў панічны жах, дыханне зрабілася частым, а цела працяў невыносны боль. Трымаючыся за сцены, каб не ўпасці, яна неяк дабралася да дзвярэй пакоя дачкі і крыкнула: «Я невыносна пакутую! Баюся, з тваім братам здарылася нешта жахлівае!» Дачка супакоіла яе, сказаўшы, што такое самаадчуванне, верагодна, выклікана нэрвовым напружаннем, бо з фронта даўно не было лістоў.

А праз два дні Кларынвалі атрымалі дэпешу, у якой камандзір эскадрыльі, выказваючы спачуванні, паведаміў, што лейтынант Кларынваль быў збіты 2 верасня і пахаваны на вайсковым пагосце ў Д’епе ў магіле пад нумарам 56. Мадам Кларынваль і яе муж Георг, адстаўны камбат, неўзабаве выехалі ў Д’еп, дзе ўбачылі могілкі ў жудасным стане — з-за нядаўняй бамбёжкі.

У двух ацалелых пасля налёту французскіх магілах, як паказала эксгумацыя, ляжалі пехацінцы, не лётчыкі. Астатнія не закранутыя бомбамі пахаванні былі нямецкімі. Афіцэр, які кіраваў працамі па ўпарадкаванні інтэрнацыянальных могілак, спачуваючы несуцешным бацькам, даў каардынаты нейкага высокапастаўленага вайсковага чыноўніка, які займаўся ўлікам загінуўшых жаўнераў, і да якога, акрамя іншай, сцякалася інфармацыя аб месцах пахаванняў і перазахаванняў у выпадку памылковай ідэнтыфікацыі парэшткаў. На жаль, доўгая перапіска з гэтым палкоўнікам не дапамагла нічога высветліць.

Ганна Кларынваль праз цэлыя дні нерухома сядзела на падваконні спальні, пустымі вачыма гледзячы на дрэвы на іншым баку вуліцы. Як яна прыгадвала пазней, вяртанне да «дзейснага здароўя» здарылася 25 мая а 8.30 раніцы, калі сярод зялёных галін на фоне кавалка блакітнага неба яна ўбачыла «горача любімага сына Рэнэ з тварам, смяротна бледным, але добра пазнавальным». Побач стаялі двое хлопцаў, якіх раней Ганна не сустракала. З нейкай прычыны ўзмацнілася ўпэненасць у тым, што незнаёмцы — немец і расіец, што іх, як і яе сына, няма сярод жывых.

Мадам Кларынваль, упэўненая, што розум яе пакінуў, бо здані трывала трымаліся, не знікаючы, вырашыла паклікаць мужа, які, на яе думку, не павінны быў нічога ўбачыць. Але яе муж таксама ўбачыў сына і яго спадарожнікаў. Яскрава бачыла тое ж і сястра загінулага Рэнэ, Мары. Прыкладна праз сорак хвілін відмо знікла з ускрайку дарогі, па якой, нічога не заўважаючы, спяшаліся звычайныя парыжане. Дзяўчына заўважыла: «У свеце памерлых, які распрасціраецца на іншым баку ад света жывых, уласныя, у аснове сваёй адрозныя ад нашых, фізічныя законы. У асяродку памерлых усё, відаць, сімвалічна. Брат наведаў нас, каб упэўніць, што яго магіла знаходзіцца паміж расійскай і нямецкай. Там і трэба шукаць».

З-за цяжкага становішча пад Вердэнам па просьбе французскага камандвання ў сакавіку 1916 года на расійскім Заходнім фронце (на тэрыторыі Беларусі) з мэтай адцягненя ўвагі немцаў была арганізавана наступальная аперацыя. Двухтыднёвыя спробы расійскай арміі прарваць лінію германскай абароны завяршыліся няўдачай, аднак на працягу гэтага часу ціск немцаў на Вердэн і на самой справе значна аслабеў.

У чэрвені — ліпені 1916 года па просьбе ўжо італьянскага камандавання на расійскім Заходнім фронце было арганізавана новае наступленне, зноў на нашых землях, вядомае як Баранавіцкае. Яго мэтай быў прарыў германскага фронта ў Беларусі і наступленне на Брэст-Літоўск.

Паралельна 4 чэрвеня 1916 года на Паўднёва-Заходнім фронце пачалася дапаможная наступальная аперацыя расійскай арміі, якая атрымала назву Брусілаўскі прарыў, ад імені камандуючага фронтам А. А. Брусілава. Аднак Баранавіцкая бітва фактычна завяршылася з нулявым вынікам, у той час як на Паўднёва-Заходнім фронце была нанесена параза германскім і аўстра-венгерскім войскам у Галіцыі і Букавіне. Поспехі расійскай арміі заахвоцілі Румынію да выступлення на баку Антанты. 17 жніўня 1916 года была заключана дамова паміж Румыніяй і чатырма дзяржавамі Антанты. Першая брала на сябе абавязак абвясціць вайну Аўстра-Венгрыі, другая, у сваю чаргу, абяцала аддаць ёй за гэта Трансільванію і частку Букавіны. 28 жніўня Румынія абвясціла Аўстра-Венгрыі вайну, што значна палегчыла становішча саюзнікаў: немцы і аўстрыйцы былі вымушаны перакінуць частку сіл у Румынію.

Аднак да канца года румынская армія была разбіта, а большая частка тэрыторыі краіны акупавана. Тут ва ўтрыманні фронта спадзявацца можна было толькі на расійцаў.

БРУСІЛАЎСКАЯ БОЙНЯ

Сучаснікі называлі гэтую аперацыю «Луцкім прарывам», што адпавядала вайсковай традыцыі — бітвы атрымлівалі назву адпаведна месцу, дзе разгортваліся. Аднак менавіта камандуючаму А. А. Брусілаву быў аказаны велізарны гонар: баявыя аперацыі лета 1916 года на Паўднёва-Заходнім фронце атрымалі назву Брусілаўскага прарыву ці наступлення. Паводле легенды, менавіта Брусілаўскі прарыў быццам выратаваў вычарпаны Вердэн ад поўнага захопу немцамі.

Калі стаў відавочным поспех Луцкага прарыву (на жаль, занадта кароткі і не развіты), па словах ваеннага гісторыка Кярсноўскага, «перамога, якой у сусветную вайну мы яшчэ не атрымлівалі», у шэрагах расійскіх афіцэраў з’явілася боязь, што ўсё лаўры будуць аддадзены Мікалаю ІІ як Вярхоўнаму галоўнакамандуючаму, што ўзмоцніць аўтарытэт цара, якога мала хто паважаў за яго некампетэнтнасць у вайсковай справе і мяккасць характару.

Так, паводле меркавання контр-адмірала А. Дз. Бубнова, начальніка марскога ўпраўлення ў Стаўцы у гады Першай сусветнай вайны, «узровень яго (цара — заўв. М. Г.) ведаў адпавядаў адукацыі гвардзейскага афіцэра, чаго, само сабой разумеецца, было недастаткова не толькі для кіравання дзяржавай, але і для аператыўнага кіраўніцтва ўсёй узброенай сілай на вайне».

З усіх сфер вайсковага кіравання найбольшую цягу Мікалай ІІ адчуваў да ўнясення зменаў у галіне вайсковай формы. У прыватнасці, напрыканцы жніўня 1917 года ён вырашыў аднавіць армейскія гусарскія палкі, перайменаваныя ў драгунскія ў часы праўлення Аляксандра ІІІ.

Як справядліва заўважыў буйны савецкі гісторык П. Заянчкоўскі, значэнне гэтай меры было выключна адмоўным. Гусары і ўланы атрымалі каштоўную аперэтачную форму. Аднак яны, як і драгуны, па-ранейшаму павінны былі дзейнічаць і ў конным, і ў пешым шыхце. Нязменным застаўся і кавалерыйскі статут. Такім чынам, з вайсковага пункту гледжання гэтая рэформа насіла сімвалічнае значэнне, дакладней — была бессэнсоўнай. З іншага боку, цар нават пальцам не паварушыў, каб рэфармаваць ці хаця б даць большыя патэнцыяльныя магчымасці для развіцця самалётабудаўніцтва ці падводнага флоту.

Аднойчы цар у пэўнай афіцыйнай прамове нагаварыў шмат глупстваў наконт быццам мірнай расійскай гісторыі і пастаянных абарончых войнаў. Гэта выклікала рэзкую рэакцыю міністра абароны Курапаткіна, які даслаў цару даклад, у якім з кепска прыхаваным раздражненем пісаў літаральна наступнае:

Ваша Імператарская Вялікасць!

На працягу ХVIII і ХІХ стагоддзяў Расія правяла ў войнах 128 гадоў, і толькі 72 гады былі мірнымі. Са 128 гадоў толькі пяць прыпадаюць на абарончыя войны, усё астанія — на захопніцкія…

Зрэшты, асабістыя недахопы цара, мякккасць яго характара адбіліся на адносным лібералізме Расіі ў перадваенныя гады, чым, у прыватнасці, паспяшаліся скарыстацца не толькі рэвалюцыйныя, але і вучоныя колы Беларусі. Так, у 1910 годзе беларускі прафесар Вацлаў Ластоўскі выдаў знакамітую «Кароткую гісторыю Беларусі», якую пры іншым манарху ў друк бы не пусцілі, — кнігу, для свайго часу настолькі смелую, што яна нават у часы СССР знаходзілася пад забаронай і была перавыдадзена толькі ў незалежнай Беларусі. У гэтай брашуры Ластоўскі шчыра і адкрыта напісаў аб тым, што беларусы і велікаросы ёсць людзі розных культур і фармацый, і паміж імі нічога агульнага ніколі ў гісторыі не было. Ластоўскі па зразумелых прычынах не стаў узгадваць паўстанні 1794, 1830–1831 і 1863–1864 гадоў, але на прыкладзе акупацыі Масковіяй Магілёва ў 1654 годзе прадэманстраваў, што нават праваслаўныя беларусы не знайшлі ў маскавіцкіх акупантах, якіх добраахвотна ўпусцілі ў горад, нічога рускага і праваслаўнага. Пасля пяці гадоў суседства з захопнікамі магілеўчане ўзнялі паўстанне і перабілі ўвесь гарнізон акупантаў. Падобныя рэчы адбываліся і ў іншых праваслаўных гарадах Беларусі.

29
{"b":"665598","o":1}