Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Падаецца, у Расіі так было заўжды — недахоп узбраення нават падчас падрыхтаванай агрэсіі. Але вельмі дзіўна, калі ўлічыць, што Мікалай ІІ ва ўводзінах да падручніка па гісторыі, прысвечанага 300-годдзю дома Раманавых, пісаў, што Расія не гандлёвая дзяржава, але ваенная. Вось такая вось «ваенная» дзяржава — з адной вінтоўкай на пяцярых.

Пад пагрозай захопу апынуліся ўсе заходнія губерніі Расійскай імперыі. Для таго, каб стварыць немцам перашкоду ў атрыманні мясцовых стратэгічных рэсурсаў, расійскія ўлады прынялі рашэнне аб эвакуацыі вайсковых і прамысловых прадпрыемстваў, знішчэнні сельскагаспадарчых сховішчаў і пасеваў. Таксама быў выдадзены загад аб прымусовым высяленні ў аддаленыя рэгіёны імперыі насельніцтва заходніх губерній. Падчас адступленя расійскае камандаванне, грунтуючыся на досведзе вайны 1812 года, імкнулася ўжываць тактыку спаленай зямлі. Войску быў аддадзены загад разбураць не толькі шляхі зносін, але і спальваць гарады і вёскі, гонячы людзей на ўсход. Насельніцтва Беларусі імкнулася ўсялякім чынам перашкодзіць гэтаму варварству.

Няўдачы расійскай арміі на франтах у 1915 годзе выклікалі рост хвалі ўцекачоў. Імклівасць змянення стратэгічнай абстаноўкі падчас адступлення расійскага войска суправаджалася раптоўным высяленнем мясцовых жыхароў. Беларусь ператварылася ў суцэльны лагер уцекачоў, велізарная колькасць якіх сабралася на паўднёвым захадзе Беларусі.

Людзі ішлі па Брэст-Маскоўскай шашы: на ўсход падаліся не толькі жыхары бліжэйшых беларускіх паветаў, але і польскія сяляне з Хэлмскай і Люблінскай губерняў, прымусова выселеныя ваеннымі ўладамі. У ліпені 1915 года на ўчастку шляху Кобрын — Пружаны — Баранавічы знаходзілася 400 000 уцекачоў. З 31 ліпеня па 15 жніўня 1915 года з-пад Кобрына на ўсход было адпраўлена каля 100 000 чалавек. Лёс тых, хто застаўся, склаўся трагічна. 8 жніўня адзін з лагераў уцекачоў бамбіла нямецкая авіяцыя, што прывяло да масавай гібелі людзей. Шмат хто патрапіў у нямецкі палон. Яшчэ адна людская плынь «цякла» праз Пружаны — Слонім — Баранавічы ці Беласток — Ваўкавыск — Слонім — Баранавічы.

Колькасць тых перасяленцаў, што сабраліся ў Баранавічах, дасягнула ў жніўні 100 000 чалавек.

Рух уцекачоў праз Беларусь быў слаба арганізаваным. Мясцовыя адміністрацыі клапаціліся толькі аб эвакуацыі ўстаноў і служачых, пакідаючы на вырак лёсу простых людзей. У дзеяннях мясцовых чыноўнікаў, якія ўдзельнічалі ў эвакуацыі, панавала поўнае бязладдзе, адсутнічала ўсялякая ўзгодненасць. Грамадзянскія ўлады не толькі не аказвалі істотнай дапамогі перасяленцам, але часам стваралі ім перашкоды, загадваючы бессістэмна перасоўвацца то туды, то сюды. Шмат хто з уцекачоў па накіраванні паліцыі месяцамі блукаў на прасторы ў некалькі дзесяткаў кіламетраў, што, напрыклад, назіралася ў раёне Ліды і Наваградка.

Улады, распачаўшы вайну, відавочна не былі падрыхтаваны да яе суворых рэаліяў і з’яўлення такой колькасці ўцекачоў. Не існавала ніякіх прававых дакументаў і праграм дзеяння па аказанні дапамогі перасяленцам, не былі вызначаныя асобы, адказныя за падтрымку пацярпелых ад вайны, адсутнічала каардынацыя дзеянняў. Але, як вынік усялякай масавай іміграцыі, прысутнічалі хваробы і эпідэміі. На чыгуначнай станцыі Мінск, дзе сабралася да 15 000 уцекачоў, толькі за некалькі дзён памерла каля 3000 чалавек. Шлях перасяленцаў на ўсход быў адзначаны вялікай колькасцю свежых магіл.

Першымі сур’ёзнасць праблемы ўсвядомілі вайскоўцы, таму што былі вымушаныя выдзяляць на патрэбы ўцекачоў каля 2 млн. рублёў.

У загадзе Вярхоўнага галоўнакамандуючага ад 21 чэрвеня 1915 года было сказана:

Складаць акты адпаведнага ўзнагароджання за разбураныя пабудовы і знішчанае падчас баявых дзеянняў быдла.

Пазней армія пачала выдаваць грашовыя авансы мясцовым уладам для выкарыстання на патрэбы ўцекачоў. Паліцыі прадпісвалася не дапускаць хваляванняў сярод уцекачоў, фарміраваць партыі так, каб не ствараць затрымкі на стратэгічных накірунках, зменшыць небяспеку эпідэмій.

Калі ўвосень асноўная маса ўцекачоў сабралася ў цэнтральных паветах Мінскай губерніі, камандуючы М. А. Данілаў аддаў загад аб далейшым іх перасоўванні па чатырох гужавых напрамках: Мінск — Барысаў — Орша — Красны — Ельня, Мінск — Ігумен — Беразіно — Бялынічы — Красны — Ельня, Слуцк — Рослаўль — Калужская губерня і Лохва — Гомель. Да пачатка кастрычніка па першых двух трактах ішло больш за 120 тыс., па трэцім — 250–280 тыс., а па чацвёртым — да 60 тыс. чалавек.

Хутка да цара ўрэшце дайшло ўсведамленне небяспекі, якая можа сыходзіць ад велізарнай колькасці бяздомных і галодных людзей. Рух уцекачоў прыняў масавы характар і пачаў пагражаць працы армейскага тылу, з’явілася небяспека эпідэміі халеры ў войску, перасяленцы рабіліся прычынай росту сацыяльнай напруджанасці. Беручы пад увагу гэтыя абставіны, 24 ліпеня 1915 года Савет міністраў выдаў пастанову аб стварэнні арганізацыі галоўных упаўнаважаных па ўладкаванні ўцекачоў на франтах. Таксама было абвешчана аб стварэнні спецыяльнага аддзела па ўладкаванні ўцекачоў пры Міністэрстве ўнутраных спраў і стварэнні аналагічных губернскіх камітэтаў на месцах.

Увесну 1918 года на тэрыторыі Расіі яшчэ будуць знаходзіцца больш за 2 мільёны ўцекачоў з Беларусі, каля 400 тыс. з іх назад не вернуцца. З 800 тыс. прызваных у салдаты з беларускіх вёсак загіне амаль кожны дзясяты — больш за 70 тыс. чалавек. Больш за 60 тыс. мірных жыхароў загіне ад бамбардзіровак, хваробаў і голаду. Такім чынам, Беларусь у гэтай вайне страціла больш за 530 тыс. чалавек — амаль дзясятую частку насельніцтва, нягледзячы на тое, што дакладна падлічыць сапраўдныя чалавечыя страты, якія панесла Беларусь, вельмі складана.

НАСТУПЛЕННЕ ГЕРМАНІІ

Тым часам немцы, яе атрымаўшы ўрэшце ад Бельгіі дазволу на выкарыстанне яе тэрыторыі для нападзення на Францыю, раніцай 4 жніўня 1914 года перайшлі мяжу, не пытаючыся. Германская армія з лёгкасцю змяла слабыя заслоны бельгійцаў і прасунулася ў глыбіню краіны. Бельгійская армія, якую нямецкая перавышала па колькасці ў 10 разоў, нечакана аказала актыўны супраціў, які, аднак, не здолеў істотна затрымаць праціўнка.

Абыходзячы і блакуючы добра ўмацаваныя крэпасці Льеж, Намюр і Антвэрпэн, немцы гналі ўперад бельгійскую армію і 20 жніўня захапілі Брусель. У той жа дзень яны сустрэліся з англа-французскімі сіламі.

Рух германскіх войскаў заставаўся імклівым, яны, не спыняючыся, абыходзілі гарады і крэпасці, якія працягвалі змагацца. Урад Бельгіі перамясціўся у Гаўр. Кароль Альберт І з рэштай баяздольных частак працягваў абараняць Антвэрпэн.

Перад уварваннем у Бельгію не было абвяшчэння вайны.

Начальнік Генеральнага штаба Германіі фон Мольтке-малодшы гэта патлумачыў тым, што «яно непажадана, бо ёсць магчымасць, што кіраўніцтва краіны зразумее сутнасць падзей, якія адбываюцца».

Уварванне ў Бельгію было нечаканасцю для французскага камандавання, але яно здолела арганізаваць перадыслакацыю сваіх частак у накірунку прарыву значна хучэй, чым разлічвалі немцы.

7 жніўня французы сіламі 1-й і 2-й армій пачалі наступленне ў Эльзасе, а 14 жніўня — у Латарынгіі. Яно мела для Францыі сімвалічнае значэнне — гэта тэрыторыя была адарвана ад яе ў 1871 годзе. Хоць першапачаткова ў французаў і атрымалася, захапіўшы Саарбрукен і Мюльхаўзен, заглыбіцца ў германскую тэрыторыю, але ў той жа час нямецкі наступ на Бельгію прымусіў іх перакінуць туды частку сваіх войскаў. Контрудары, што адбыліся следам, не сустрэлі ў французаў дастатковага супраціву, і да канца жніўня французская армія адышла на ранейшыя пазіцыі, пакінуўшы Германіі невялічкую частку ўласнай тэрыторыі.

7 жніўня англа-французскія і германскія войскі сышліся і пачалася так званая Памежная бітва. Французскае камандаванне на момант пачатку вайны не чакала, што галоўнае наступленне будзе адбывацца праз Бельгію, і сканцэнтравала асноўныя сілы ў накірунку Эльзаса. Пасля таго, як немцы перайшлі бельгійскую мяжу, французы пачалі актыўна перакідваць свае часткі ў накірунку прарыву, на момант адкрытага сутыкненя з Германіяй фронт знаходзіўся ў некаторым беспарадку, французы і англічане былі вымушаны прымаць бой трыма асобнымі злучэннямі. На тэрыторыі Бельгіі, ля Монса, дыслацыраваўся Брытанскі экспедыцыйны корпус (BEF), на паўднёвы ўсход, ля Шарлеўра стаяла 5-я французская армія. У Ардэнах, прыблізна ўздоўж мяжы Францыі з Бельгіяй і Люксембургам, былі размешчаны 3-я і 4-я французскія арміі. У кожным з трох раёнаў англа-французскія войскі панеслі цяжкую паразу, страціўшы каля 250 тыс. чалавек, і немцы, наносячы галоўны ўдар з захаду, у абыход Парыжа, шырокім фронтам з поўначы ўварваліся на тэрыторыю Францыі і такім чынам узялі французкую армію «ў абцугі».

10
{"b":"665598","o":1}