Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Першапачаткова дамовіліся спыніць баявыя дзеянні на два месяцы. Але, як потым выявілася, яны спыніліся назусім. Так скончылася 810-дзённая бітва за горад Смаргонь.

Смаргонь была адзіным горадам на фронце ад Балтыйскага да Чорнага мора, які так доўга і ўпарта абараняла расійская армія ў Першую сусветную вайну. Абараняла, каб пазней без бою аддаць згодна з Брэсцкім мірам, паводле якога немцам саступілі палову Беларусі і Украіны і ўсю Прыбалтыку.

«АТАКА ЛЁГКАЙ КАВАЛЕРЫІ»

Праблемы з арганізацыяй баявых дзеянняў былі і ў англічан. На жаль, аналагічных дыпламатычным і дыверсійным, як пры ліквідацыі Распуціна, поспехаў англічане так і не атрымалі на франтах. Падаецца, гэта стала кепскай характэрнай рысай усіх імперый — не шкадаваць людзей, не прадумваць тонкасцяў уласных баявых аперацый, дапускаць нядбайнасць і неразважлівасць у дзеяннях.

У Вялікабрытаніі да гэтай пары ёсць афарызм — «атака лёгкай кавалерыі», які азначае ці піраву перамогу, ці вялікія дарэмныя ахвяры. Нарадзіўся ён пасля Крымскай вайны, дзе англічане, французы і туркі ваявалі супраць Расіі. У тыя гады падчас адной з бітваў, якая складвалася на карысць брытанцаў і іх саюзнікаў, з-за фанабэрыі, некампітэнтнасці і няўзгодненасці дзеянняў англійскіх камандзіраў, 600 кавалерыстаў выбранай лёгкай конніцы рушілі адбіваць сваю артылерыю ў захапіўшых яе расійскіх салдат не з таго боку. З-за няўзгодненасці брытанцы паскакалі не ў фланг да расійцаў, не ў абыход, а проста ў лоб, пад артылерыйскі агонь. Батарэю яны адбілі, але большая частка кавалерыі была перабіта ядрамі і карцеччу. Гэтую памылку, якая каштвала жыцця сотням маладых людзей, жаўнераў элітнай часткі Яго Вялікасці, англічане памятаюць да гэтай пары. Нешта падобнае адбылося ў турэцкіх Дарданэлах у 1915 годзе.

Да пачатку 1915 года англа-французскае камандаванне распрацавала супольную аперацыю для захопа Дарданэльскага праліва і выхада ў Мрамарнае мора, да Канстанцінопаля. Задачай Дарданэльскай аперацыі было забеспячэнне свабоднага марскога злучэння праз праліў і адцягванне сіл Турцыі з Каўказскага фронта.

Паводле першапачатковага плана, прарыў павінны быў зрабіць брытанскі флот, якому належала без высадкі дэсанта знішчыць берагавыя батарэі. Пасля першых няўдалых атак невялікімі сіламі (19–25 лютага), 18 сакавіка флот перайшоў у генеральнае наступленне, у якім было задзейнічана больш за 20 лінкораў, лінейных крэйсераў і састарэлых браненосцаў. Дэсант быў арганізаваны вельмі кепска. Англійскія салдаты высаджваліся на бераг проста пад агонь турэцкіх кулямётаў. Шмат загінула, а тым, хто ацалеў і здолеў зачапіцца за бераг, заставалася толькі чакаць падмогі, якая так і не прыйшла. Пасля страты трох караблёў брытанцы, не дасягнуўшы ніякага поспеху, адышлі з праліва.

Пасля гэтага тактыка Антанты змянілася — было вырашана высадзіць экспедыцыйныя сілы на Галіпалійскай паўвыспе (еўрапейскім баку праліва) і на супрацьлеглым азіяцкім баку. Дэсант Антанты (80 000 чалавек), які складаўся з аглічан, французаў, аўстралійцаў і новазеландцаў, пачаў высадку 25 красавіка. Яна адбывалася на трох плацдармах, раздзеленых паміж краінамі-удзельніцамі. Нападаючыя здолелі затрымацца толькі на адным з участкаў Галіпалі, дзе дэсантаваўся аўстралійска-новазеландскі корпус. Жорсткія баі і перакід свежых злучэнняў Антанты працягваліся да сярэдзіны жніўня, але ніводная са спробаў з-за невыгодных умоў дэсантавання не дала значнага выніку. Туркі адбілі ўсе атакі. Да канца жніўня зрабіўся відавочным правал аперацыі, і Антанта пачала рыхтавацца да паступовай эвакуацыі войскаў. Апошнія злучэнні былі выведзены з Галіпалі ў пачатку студзеня 1916 года. Адважная стратэгічная задума, ініцыятарам якой быў Уінстан Чэрчыль, скончылася поўным правалам. У няўдачы абвінавацілі аўтара ідэі. Чарговая «атака лёгкай кавалерыі».

Ну а на Каўкаўзскім фронце ў ліпені 1915 года расійскія войскі адбілі наступ турак у раёне возера Ван, але ўсё адно былі вымушаны адступіць, пакінуўшы пры гэтым частку тэрыторыі (Алашкерцкая аперацыя). Баявыя дзеянні распаўсюдзіліся на тэрыторыю Персіі. 30 кастрычніка расійскія войскі высадзіліся ў порце Энзелі, да канца снежня разбілі пратурэцкія ўзброеныя атрады іранцаў і ўзялі пад кантроль тэрыторыю Паўночнай Персіі. Навошта? Цяжка зразумець. Напэўна, па задуме цара «збіралі рускія землі». На гэты раз у Персіі.

І НА ВАДЗЕ, І ПАД ВАДОЙ

Куды больш паспяхова, чым на сушы і ў паветры, у расійцаў ішлі справы ў марскіх бітвах. Праўда, на Балтыцы асабліва буйных баёў не было, але немцы, тым не менш, здзяйснялі спробы праціснуцца ў Фінскі заліў, але гэтаму перашкаджаў расійскі флот.

На моры, як на сушы і ў паветры, камандаванні варожых бакоў сутыкнуліся з праблемамі. Як высветлілася, ніхто не ўспрымаў сур’ёзна магчымасці падводных лодак, таксама як і самалётаў. Ніхто не знайшоў час на тое, каб больш-менш прыстойна ўзброіць самалёты, а на моры ніхто не думаў аб распрацоўцы метадаў вайны з падводнымі лодкамі. І ў выніку, субмарыны ў пачатку вайны адчувалі сябе гаспадынямі мора. На жаль, вайсковая думка відавочна не паспявала за тэхнічным прагрэсам.

У 1914 года споўнілася ўжо 15 гадоў з часу, калі першая ў свеце падводная лодка пад назвай «Holland» («Галандыя») была залічана ў склад рэгулярнага ваеннага флоту. Субмарыны прайшлі ўжо тры вайны (расійска-японскую, італа-турэцкую і грэка-турэцкую), здзейсніўшы шэраг атак і нават выпусціўшы адну тарпеду, але міма цэлі.

Аднак, нават параўнальна доўгі досвед выкарыстання субмарын не даў адказу на пытанне: як правільна выкарыстоўваць падводныя караблі ў вялікай вайне, да якой рыхтаваліся краіны Антанты і іх праціўнікі?

Калі на сушы Германія білася ў асноўным з французамі і расійцамі, то на моры — з англічанамі, прадстаўнікамі марской імперыі. У 1914 годзе ваенны флот Вялікабрытаніі быў, як і на працягу двух сотняў гадоў да таго, буйнейшым у свеце і панаваў у водах, якія атачалі Брытанскі архіпелаг. Флот Германскай імперыі, які актыўна будаваўся каля апошніх пятнаццаці гадоў, апярэдзіў флоты іншых дзяржаў і стаў другім у свеце па магутнасці. Брытанскі флот збіраўся арганізаваць дальнюю блакаду германскіх партоў, аб чым было абвешчана 20 жніўня 1914 года, а нямецкія ваенна-марскія сілы рыхтаваліся да абароны.

З самага пачатку вайны нечакана, як раней было сказана, эфектыўна праявілі сябе падводныя лодкі абодвух бакоў. Аднак першы баявы паход германскіх субмарын, які пачаўся 6 жніўня, завяршыўся не вельмі ўдала. У напрамку Аркнейскіх выспаў з мэтай далёкай разведкі была выслана першая флатылія. І хоць паход скончыўся безвынікова, і пры гэтым загінула дзве лодкі U-13, якія зніклі без вестак, і U-15, якая была пратаранена лёгкім крэйсерам, ён прадэманстраваў, што субмарыны здольныя на далёкія пераходы, чаго раней ніхто не меркаваў. Кіраўніцтва брытанскага флоту не верыла, што германскія падлодкі маюць аўтаномнасць, дастатковую для пераадолення адлегласці ад свайго берага да Злучанага Каралеўства, аднак запас ходу тагачасных лодак цалкам дазваляў выканаць гэткі маршрут.

Першай ахвярай нямецкіх падлодак стаў крэйсер «Патфайндар», патоплены 5 верасня лодкай U-21, а 13 верасня брытанская лодка Е-9 патапіла састарэлы германскі крэйсер «Хела».

22 верасня 1914 года ля галандскага ўзбярэжжа, ля порта Хук-ван-Холанд састарэлая германская падводная лодка U-9 пад камандаваннем Ота Ведыгена менш чым за дзве гадзіны патапіла адразу тры брытанскія браненосныя крэйсеры. Загінула 1459 брытанцаў, выратаваць атрымалася толькі 837 чалавек. Гэтая атака выклікала ў Каралеўстве шок, узмоцнены тым, што каманды крэйсераў складаліся ў асноўным з сямейных рэзервістаў і маладых кадэтаў.

Ведыген вярнуўся на базу героем, аб яго перамозе пісалі ўсе газеты, дадаючы да артыкулаў меркаванне, што час надводных караблёў сканчваецца. У Расіі аднойчы ў «Даведніку Расійскага Імператарскага флота» за 1915 год быў апублікаваны рапарт Ведыгена, у якім капітан сам распавядае пра подзвіг, які зрабіў яго славутым:

35
{"b":"665598","o":1}