УСС былі ўключаны ў склад 129-й і 130-й брыгад і 55-й пяхотнай дывізіі аўстра-венгерскай арміі, якая ўдзельнічала ў баях з расейскімі войскамі. Прычым, іх першы бой адбыўся з кубанскімі казакамі. У складзе сечавых стральцоў былі і дзяўчыны, што для таго часу было чымсьці надзвычайным.
Камандзірам цэлага легіёна стаў М. Галушчынскі. У кожны курэнь уваходзіла па 4 сотні (роты). Сотні складаліся з 4 чэтаў (узводаў), чэты — з 4 рояў (аддзяленняў) па 10–15 чалавек. Разам у сотні было 100 ці 150 байцоў. Апроч таго, у кожнай сотні было па два рамеснікі (адзін шавец і адзін кравец), соценны пісар і яго памочнік, два тэлефаністы. У склад легіёна ўваходзілі не толькі курэні, але і іншыя адзінкі: дадатковыя баявыя часткі, запасныя і дапаможныя часткі, а таксама спецыяльныя баявыя часткі. У легіёне на афіцэрскіх пасадах служылі жанчыны, што апярэдзіла свой час (гэта зараз мы прызвычаіліся да выгляду жанчын у пагонах, а ў 1914 годзе гэта было амаль неверагодным!).
Дадатковыя баявыя часткі былі прадстаўлены конніцай, кулямётнай сотняй і інжынернай сотняй. Конніца складалася з адной сотні, у якой было чатыры старшыны і 120 стральцоў. Камандаваў конніцай паручнік Р. Камінскі.
Аўстрыйскае камандаванне не спяшалася кідаць усусаў у бой, бо па-ранейшаму ставілася да стварэння гэтых падраздзяленняў як да сумніўнага эксперымента. Першым камандуючым быў прызначаны атаман Тэадор Ражанкоўскі, пасля яго гэтую пасаду атрымаў падпаручнік Міхаіл Галушчынскі. Адначасова з ім на кароткі тэрмін камандзірам легіёна УСС быў прызначаны аўстрыйскі кавалерыйскі палкоўнік Молік, па нацыянальнасці чэх, які пазней яшчэ некаторы час адказваў за падрыхтоўку стралкоў. Баявое хрышчэнне сечавыя стральцы прайшлі ў верасні 1914 года ў сутычках з часткамі 2-й Кубанскай казачай дывізіі ў раёне села Вярэцке-Вышне ля карпацкіх перавалаў на шляху ў Мункач. Гэтыя сутычкі былі нязначнымі, у іх удзельнічалі толькі перадавыя атрады. Узімку 1914–1915 гг. сотні УСС у складзе 130-й брыгады абаранялі карпацкія праходы — яны займаліся разведкай і аховай.
Падчас зімовых баёў легіён згубіў параненымі, абмарожанымі і забітымі да дзвюх трэціх свайго першапачатковага асабовага складу. Пасля гэтага УСС былі папоўнены сялянамі-русінамі з мясцовых закарпацкіх сёлаў, што адразу панізіла ідэалагічную вытрываласць легіянераў.
Самым буйным сутыкненнем з удзелам УСС на гэтым этапе вайны сталі баі за гару Макаўка, якія адбываліся з 29 красавіка да 3 мая 1915 года.
У гэтых баях стральцы страцілі 42 чалавекі забітымі, 76 — параненымі і 35 — палоннымі. Потым легіён удзельнічаў у баявых дзеяннях пад Балехавам, Галічам, Памехавай і Семікоўцамі.
З лета 1915-га жаўнеры УСС занялі пазіцыі над ракой Стрыпай і там, у Сасновых і Вясёлай, знаходзіліся да жніўня 1916 года. Потым у складзе 55-й дывізіі абодва курэні былі ператвораны ў полк УСС пад камандаваннем атамана Г. Косака, а з лістапада 1916 года — падпалкоўніка Антона Варыводы.
У жніўні 1916 года легіён быў пераведзены пад Беражаны, дзе акапаўся на пагорку Лысоня. У жнівеньскіх і вераснёўскіх баях за Лысоню УСС страцілі 28 з 44 старшын, толькі палоннымі — больш за 1000 жаўнераў, і на 30 верасня 1916 года амаль перасталі існаваць, налічваючы толькі 9 старшын і 444 стральцы.
Другі раз адчувальныя страты легіён УСС панес у пачатку ліпеня 1917 года ў баі пад Конюхамі пры наступленні расійскай арміі, калі яго склад амаль цалкам патрапіў у палон. Выратавалася каля 400 старшыняў і стральцоў. З іх, з Гуцульскай сотні і з запасной часткі, якая называлася «Кош», быў сфарміраваны новы курэнь УСС, які здзейсніў паход на раку Збруч, а ў лютым 1918 года ў складзе аўстра-венгерскай арміі пайшоў у наступленне на тэрыторыю былой Расійскай імперыі.
Усе гэтыя дарэмныя ахвяры УСС выглядаюць больш трагічна, калі ўлічваць, што насельніцтва русінскай Галіцыі больш сімпатызавала менавіта Расіі, а не Аўстра-Венгрыі. Венграў увогуле баяліся. Яшчэ здалёк убачыўшы лісіныя шапкі вайсковай венгерскай паліцыі, русіны ў страху хаваліся па хатах. І зараз бяруць дрыжыкі, калі праглядаеш фотаздымкі павешаных у Галіцыі ворагаў Аўстра-Венгрыі, у лік якіх уваходзілі таксама і жанчыны. А ў той час усусы пралівалі кроў за тых, хто вешаў іх сваякоў і землякоў.
У лістападзе 1917 года з аўстра-венгерскіх сечавых стральцоў, якія знаходзіліся ў расійскім палоне ў Кіеве, пад кіраўніцтвам Яўгена Канавальца быў утвораны Галіцка-Букавінскі курэнь Сечавых Стральцоў, які паклаў пачатак цэламу шэрагу найбольш баяздольных вайсковых частак арміі Заходне-Украінскай Народнай Рэспублікі. Пасля распаду Аўстра-Венгерскай імперыі УСС сталі касцяком Галіцкай арміі, якая абаранялася ад палякаў. Праўда, падчас баёў за Львоў легіён прыбыў у горад толькі 3 лістапада і ўжо не здолеў змяніць баявога становішча.
ПОЛЬСКАЕ ПЫТАННЕ
Палякі — чарговыя вязні Расійскай імперыі, як і беларусы з украінцамі, апынуліся ў цэнтры вайны, у сярэдзіне бойкі тых самых дзяржаў, што калісьці, нібыта бабуліны срэбныя лыжкі, падзялілі паміж сабой Рэч Паспалітую. Цяпер былыя саюзнікі, нагуляўшы апетыт, ішлі адно супраць аднаго. Пачатак Першай сусветнай вайны выклікаў неверагоднае ажыўленне ў польскіх колах кожнай з трох імперый. Расія, Аўстра-Венгрыя і, у меншай ступені, Германія пачалі своеасаблівае спаборніцтва за адданасць палякаў.
Следам за Аўстра-Венгрыяй у Расіі ўпершыню ўзнялі пытанне аб стварэнні польскага войска, якое, як вядома, перастала існаваць пасля паразы вызваленчай вайны канца XVIII стагоддзя. Узброеныя сілы Царства Польскага, створанага пасля Венскага кангрэса 1815 года ў складзе Расійскай імперыі, усё ж былі, але цалкам падпарадкоўваліся расійскаму вялікаму князю і насілі нацыянальны характар толькі намінальна. Праўда, падчас паўстання 1830–1831 гадоў гэтае войска дзейнічала самастойна і, натуральна, што супраць расійскага.
Напярэдадні вайны ў Польшчы пачаўся патрыятычны рух, адной з яго галоўных мэт была падрыхтоўка гарадской і вясковай моладзі да меркаванай вайны за незалежнасць. Аўстра-венгерскія ўлады ўжо ў ліпені 1914 года далі згоду на ўтварэнне Заходняга (у Кракаве) і Усходняга (у Львове) Польскіх легіёнаў, таксама як і дазволілі стварыць украінскія злучэнні. Такое рашэнне вымусіла Расію ў адказ прадаставіць больш льгот польскаму насельніцтву імперыі, у тым ліку і праз стварэнне нацыянальных фарміраванняў.
Кіруючыя колы Расійскай імперыі ўсведамлялі, што занадта вялікія саступкі ў польскім пытанні могуць прывесці да адраджэння нацыянальна-вызваленчай барацьбы. У выніку разгляду Вайскова-судным упраўленнем Ваеннага міністэрства магчымасці службы ў арміі прадстаўнікоў розных народаў імперыі, напярэдадні Першай сусветнай было вырашана адмовіцца ад стварэння асобных нацыянальных частак.
Але вайна ўнесла свае карэктывы ў вайсковую і нацыянальную палітыку Расіі. Першага жніўня Вярхоўны галоўнакамандуючы расійскай імператарскай арміі вялікі князь Мікалай Мікалаевіч выдаў адозву «Да палякаў», у якой паабяцаў уз’яднанне ўсіх польскіх земляў пад уладай цара і адраджэнне Польшчы, «вольнай у сваёй веры, мове і самакіраванні». Гучала, канечне, прывабна. Менавіта гэты дакумент і стаў прычынай з’яўлення ў асяродку польскіх палітыкаў і вайскоўцаў чутак аб верагодным стварэнні іх нацыянальнай арміі ў Расіі. У тым жа месяцы па просьбе двараніна Вітольда Астоі-Гарчыньскага вялікі князь Мікалай загадаў «сабраць з палякаў атрад і ісці на дапамогу арміі». Пачаўся працэс утварэння падраздзяленняў, якія ў снежні 1914 года былі сканцэнтраваны ў горадзе Нова-Александрыя (Пулавы) і аб’яднаны ў 1-ы Польскі легіён — у польскай гістарыяграфіі ён вядомы як «Пулаўскі легіён», па месцы ўтварэння.
Але ён меў абмежаваны нацыянальны характар: 31 студзеня 1915 года злучэнні легіёна былі падпарадкаваны не армейскім уладам, а Варшаўскаму генерал-губернатару, а ў сакавіку атрымалі нумары звычайных апалчэнскіх дружын і конных сотняў; уся афіцыйная карэспандэнцыя і іншыя дакументы вяліся выключна па-расійску. Тым не менш, салдаты і афіцэры вельмі добра паказалі сябе ў баях вясны — лета 1915 года. Гэта не засталося незаўважаным, і на падмурку легіёна 1 верасня 1915 года пачынаецца фарміраванне Польскай стралковай брыгады.