Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

25–27 мая ў некалькіх пунктах (Мар’янаўка, Іркуцк, Златавуст) чырвоныя спрабавалі раззброіць чэхаў, але ім быў аказаны супраціў.

Бязрадная на той момант Чырвоная армія цярпела паразу за паразай. Чэхаславацкі корпус надоўга зараз у Сібіры, вызваляючы ад чырвоных цэлыя гарады. 21 студзеня 1920 года на станцыі Куйтун ля Іркуцка было падпісана пагадненне аб перамір’і паміж камандаваннем Чырвонай арміі і Чэхаславацкага корпуса, якое гарантавала часткам апошняга бяспечны адыход на Далёкі Усход і эвакуацыю. У ноч з 1 на 2 сакавіка Іркуцк пакінулі апошнія чэшскія эшалоны і ў горад уступілі рэгулярныя часткі Чырвонай арміі.

Толькі дзякучы ўласнай згуртаванасці і ўпартаму непадпарадкаванню загадам бальшавікоў больш за 56 000 чэхаў і славакаў паспяхова вярнуліся на радзіму. У Расіі было страчана (загінула, знікла без вестак ці засталося) каля 4000 салдат корпуса. Але, калі б яны здалі зброю, як гэтага патрабавалі бальшавікі, то з імі адбылося б тое самае, што з польскімі афіцэрамі ў верасні 1939 года — расстрэл. Польскіх афіцэраў, якія добраахвотна здаліся Чырвонай арміі падчас захопу Савецкім Саюзам Заходняй Беларусі, бязлітасна расстралялі ў Катыні, нібыта злачынцаў. Нават з будучымі нямецкімі палоннымі абыходзіліся больш гуманна.

І якія пасля гэтага прэтэнзіі да французаў? Расійцы самі былі вінаваты у тым, што ў адрозненні ад чэхаў, якія трымаліся адзіным моцным кулаком, раз’ядналіся і нават ваявалі адно супраць аднаго. Ну а тыя, хто абраў Алжыр, павінны былі пацікавіцца тым, што ў гэтыю краіну з Францыі высылаюць адно катаржнікаў. Але французы, як бы там ні было, помнік расійскім жаўнерам у цэнтры Парыжа, хаця ж і позна, ўсё ж усталявалі. А вось помніка ўдалым ваякам-чэхам ніхто ў Расіі ставіць не збіраецца. Яны, падманутыя і па-здрадніцку кінутыя бальшавікамі, для расійскіх уладаў па-ранейшаму нібыта кепскія. І нават Расійскі эспедыцыйны корпус у Францыі на радзіме застаецца неўшанаваным. Пра іх проста забылі. Як быццам не было.

Міхаіл Велер мае рацыю: «калі мы б’ем — гэта добра, калі нас б’юць — гэта кепска». Вось і цэлая зулуская філасофія.

УДАЛЫ ЯРАСЛАЎ ГАШАК

Калі ўжо мы пачалі размову пра Чэхаславацкі корпус, то нельга абысці такую культавую для сусветнай літаратуры і адначасова для Першай сусветнай вайны фігуру, як Яраслаў Гашак. Як і тысячы яго землякоў, ён, не жадаючы ваяваць за прагнілую імперыю Габсбургаў, добраахвотна здаўся ў расійскі палон. Але, у адрозненні ад большасці чэхаў і славакаў, Я. Гашак прыняў расійскую рэвалюцыю і нават захапіўся яе ідэямі і лозунгамі.

Пісьменнікам Гашак стаў ужо ў 20 гадоў. Атрымаўшы свой першы ганарар за публікацыю, ён цвёрда вырашыў працягваць пачатае.

Пасля таго, як у 1912 годзе расстаўся з жонкай і пазбавіўся сталых крыніц прыбытку, ён з галавой сышоў у творчасць. За невялікі перыяд напісаў шмат гумарэсак, частка з якіх была надрукаваная ў газетах, а яшчэ частка — выдадзена асобнымі збонікамі.

Вясёлы і гарэзлівы характар Гашака з гадамі не змяняўся. Захаваліся звесткі аб яго шматлікіх жартах і хітрыках. Так, аднойчы яго адправілі ў вар’ятню. Мінак, убачыўшы, што Гашак стаіць на мосце і ўважліва пазірае ў ваду, вырашыў, што пісьменнік збіраецца скончыць жыццё самагубствам. Прыспеўшыя паліцыянты затрымалі яго і адправілі ў пастарунак… Дзе ён прадставіўся Святым Янам Непамуцкім, прыкладна 518-ці гадоў ад нараджэння. На пытанне: «Калі ж вы нарадзіліся?» ён спакойна адказаў, што ўвогуле не нараджаўся, а быў вылаўлены з ракі…

Пасля пачатка вайны Гашак пасяліўся ў адным з пражскіх гатэляў. Вось толькі зарэгістраваўся ён як «Леў Мікалаевіч Тургенеў. Нарадзіўся 3 лістапада 1885 года ў горадзе Кіеве. Жыве ў Петраградзе. Праваслаўны. Прыватны служачы. Прыехаў з Масквы. Мэта прыезда — рэвізія аўстрыйскага Генеральнага штаба». Нядзіўна, што яго ў хуткім часе пад узмоцненай аховай як расійскага шпіёна даставілі ў паліцыю, дзе ён абвясціў, што ў якасці лаяльнага грамадзяніна палічыў за абавязак праверыць, «як у такі цяжкі для краіны час функцыянуе дзяржаўная паліцыя». У паліцыі Гашака добра ведалі, і ён атрымаў толькі 5 сутак арышту.

Імя Гашака, зрэшты, часта фігуравала ў паліцэйскіх пратаколах:

Вышэйадзначаны ў нецвярозым стане спраўляў малую патрэбу перад будынкам паліцэйскага ўпраўлення.

…у стане лёгкага алкагольнага ап’янення пашкодзіў дзве жалезныя загародкі.

…недалёка ад паліцэйскага ўчастка запаліў тры вулічных ліхтары, якія ўжо былі патушаны.

…страляў з дзіцячага пугача…

У 1915 годзе 32-гадовага Гашака прызвалі ў войска і залічылі ў 91-ы пяхотны полк, размешчаны ў Чэске-Будзеёвіцах. Пазней менавіта ў гэтым палку «служыў» літаратурны герой Гашака, легендарны Швейк.

У распалажэнні палка Гашак з’явіўся ў вайсковай форме, але з цыліндрам на галаве. Са школы вальнапісаных ён быў адлічаны за парушэнне дысцыпліны. А яго сімуляцыю рэўматызму прызналі за спробу дэзерцірства і нават асудзілі на тры гады з адбыццём тэрміну пакарання пасля закачэння баявых дзеянняў. Так што на фронт Гашак, як і яго галоўны герой, адправіўся ў арыштанцкім вагоне.

У арміі будучы раман папоўніўся не толькі гісторыямі і кур’ёзамі, але і персанажамі. У 91-м палку служылі і паручнік Лукаш, і капітан Сагнер, і пісар Ванэк, і шматлікія іншыя асобы, якія сталі прататыпамі для персанажаў. Частку з іх Гашак так і пакінуў пад уласнымі прозвішчамі, а частку ўсё ж перайменаваў. Ён атрымаў пасаду памочніка пісара, што дазволіла ўхіліцца ад вучэнняў і працягваць займацца творчасцю. Тады ж ён даволі добра пасябраваў з дзеншчыком паручніка Лукаша Францішэкам Страшліпкай, чые вясёлыя гісторыі з жыцця і, ад часткі, ён сам сталі асноўным прататыпам прыгод Йозэфа Швейка.

На фронце ў Галіцыі Гашак выконваў абавязкі квартар’ера, пазней быў ардынарцам і сувязным узвода. Удзельнічаў у баях ля гары Сокаль і нават быў узнагароджаны срэбным медалём за храбрасць і ўзведзены ў чын ефрэйтара. Вось толькі абставіны подзвігу адрозніваюцца.

Паводле ўспамінаў Лукаша і Ванэка, Гашак у значнай ступені супраць уласнай волі «ўзяў у палон» групу расійскіх дэзерціраў — ён някепска гаварыў па-расійску і дамовіўся з імі аб абставінах здачы. Сам жа Гашак абвясціў, што ўзнагароджаны медалём за тое, што пазбавіў батальённага камандзіра ад вошай, нашмараваўшы яго ртутнай маззю, што хучэй за ўсё было яшчэ адным з жартаў пісьменніка.

Зраніцы 24 верасня 1915 года падчас контрнаступлення расійскай арміі на ўчастку 91-га палка пад Дубна Гашак разам са Страшліпкам добраахвотна здаліся ў палон.

Як ваеннапалонны № 294217, Гашак утрымліваўся ў лагеры пад Кіевам, у Дарніцы. Пазней ён быў пераведзены ў аналагічны лагер пад Тоцкам у Самарскай губерніі. У лагеры разгулялася эпідэмія тыфу, падчас якой загінула вялікая колькасць палонных. Гашак таксама захварэў, але выжыў.

У хуткім часе, як большасць яго суайчыннікаў, ён уступіў у Чэхаславацкі корпус.

Аднак медкамісія прызнала яго не здольным да страявой службы, і ў чэрвені 1916 года ён стаў пісарам 1-га добраахвотніцкага палка імені Яна Гуса, а потым — супрацоўнікам газеты «Чэхаслован», якая выходзіла ў Кіеве. Гашак актыўна займаўся агітацыяй у лагерах сярод ваеннапалонных на карысць Корпуса, публікаваў у газетах гумарэскі і фельетоны. Праз свой востры язык ён спачатку дасягнуў таго, што аўстрыйскія ўлады абвясцілі яго здраднікам за абразлівыя аповеды (менавіта ў той час з’явіўся фельетон «Аповед пра партрэт Франца-Іосіфа І», які пазней будзе змешчаны ў першай главе прыгод Швейка), а потым і кіраўніцтва Чэшскай нацыянальнай рады ў Парыжы абурылася з-за яго фельетона «Клуб чэшскіх Піквікаў». Гашака даслалі на фронт і перадалі суду гонару, дзе абавязалі ў пісьмовай форме папрасіць прабачэння ў кіраўніцтва Чэшскай наянальнай рады.

Аднак, паводле шэрага звестак, Гашак ваяваў не толькі на паперы. Улетку 1917 года за бой ля Збарова ён быў узнагароджаны Георгіеўскім крыжом чацвёртай ступені. Пасля заключэння сепаратнага міру паміж Расіяй і Германіяй і пачаткам эвакуацыі Чэхаславацкага корпуса Гашак парывае са службай у корпусе і адпраўляецца ў Маскву. Там ён уступае ў камуністычную партыю. У красавіку 1918 года яго даслалі на партыйную працу ў Самару, дзе ён вёў сярод чэхаў і славакаў агітацыю супраць эвакуацыі ў Францыю, а таксама заклікаў іх уступаць у Чырвоную армію.

27
{"b":"665598","o":1}