Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Тэрор белых супраць чырвоных пераўзышоў па маштабах чырвоны тэрор. Галоўнай мэтай былі камандзіры чырвонагвардзейцаў, а таксама ўдзельнікі баявых дзянняў і расстрэльных каманд. Пільна шукалі расійскіх салдат. Разам ад белага тэрору загінула значна больш людзей, чым ад чырвонага — каля 10 000 ахвяр. Інтэнсіўнасць пакарянняў змянялася з часам, як і адпаведны гвалт з боку чырвоных. У лютым 1918 года было забіта 350 чалавек, у сакавіку — каля 500, у красавіку — 1800, а ў маі — 4600, у чэрвені — 300. Пік тэрору прыпаў на канец красавіка — пачатак мая 1918 года, калі на працягу двух тыдняў штодня адбывалася па 200 пакаранняў, і разам загінула 2500–3000 чалавек.

Так, толькі атрад Ханса Кальмі з 1 па 31 мая расстраляў у Лахці да 200 жанчын, якія падтрымлівалі чырвоных. Разам за час вайны было расстраляна да 600 жанчын. Да гэтай пары часам немагчыма выявіць, каго белыя забілі падчас бою, а каго пасля.

Маштаб трагедыі быў да такой ступені вялікім, што ў Швецыі нават стварылі Камітэт супраць белага тэрору ў Фінляндыі.

Спроба наступлення чырвоных напрыканцы лютага правалілася, і ініцыятыва перайшла да белых. 15 сакавіка 1918 года пачалося наступленне на поўдзень у накірунку Тамперэ, вельмі важнага цэнтра абароны чырвоных. Бітва за Тамперэ стала самай буйной і жорсткай не толькі ў ходзе фінскай грамадзянскай вайны, але і ва ўсёй гісторыі Паўночнай Еўропы. У ёй прыняла ўдзел 16 000 белых і 14 000 чырвоных, што для невялікай па насельніцтву Фінляндыі — вялікае сутыкненне. Абароназдольнасць і вайсковыя навыкі чырвонагвардзейцаў дзякуючы падтрымцы расійскіх спецыялістаў заўважна ўзраслі.

Камандаванне белых накіравала на Таперэ найлепшыя войскі, у тым ліку новых камандзіраў-егераў. У бітве ля могілак Калеванкагас 28 сакавіка ў так званы «крывавы перадвелікодны чацвер» некаторыя часткі белых страцілі 50 % асабістага складу. Загінула 50 егераў, брыгада шведскіх добраахвотнікаў страціла 10 % складу і паўсотні параненымі — з амаль 350 шведскіх «штыкоў», якія пачалі наступленне, перадавую лінію варожых умацаванняў здолела перайсці прыкладна 250 чалавек: каля 50 загінула, столькі ж было паранена. Загінуў камандзір 2-га шведскага батальёна Фольке Беніх-Б’ёркман. Шведаў ад паразы выратавала атака 2-га палка фінскіх егераў пад камандаваннем нямецкага маёра Габрыеля фон Бонсдорфа. Вырашальны наступ на цэнтр Тамперэ пачаўся ўночы на 3 красавіка ў суправаджэнні магутнай артылерыйскай падрыхтоўкі.

У фінскай гісторыі гэта была самая бязлітасная бітва ў горадзе — квартал супраць кварала. Паўразбураны горад быў цалкам узяты белымі 6 красавіка. У той жа час яны дасягнулі важнай перамогі і ў Раўта на Карэльскім перашыйку.

Германія бесперашкодна выканала высадку свайго экспедыцыйнага корпуса колькасцю 9500 чалавек пад камандаваннем генерала Рюдыгера фон дэр Гольца і рушыла да Хельсінкі. 7 красавіка у Ловііса з Рэвеля прыбыў атрад Ота фон Брандштэйна колькасцю 2500 салдат. Пасля гэтага становішча чырвоных яшчэ больш ускладнілася. Разам колькасць нямецкіх салдат у Фінляндыі склала каля 15 000 чалавек — прыкладна столькі ж, колькі і расійцаў.

Агульныя страты белафінаў склалі амаль 5000 чалавек, з іх расстараляных — 1424. І амаль 500 салдат згубілі немцы. Чырвоныя фіны панеслі куды больш адчувальныя страты — болей за 30 000 чалавек, з якіх 11 652 памерла ў лагерах для палонных.

Расійскіх грамадзян загінула да 900 чалавек і было расстраляна каля 1500. Хаця гэтыя лічбы, магчыма, няпоўныя ці заніжаныя.

Вось што распавядаў на старонках свайго дзённіка бібліёграф і пісьменнік Сяргей Мінцлоў, які ў той час пражываў недалёга ад Выбарга ў сваім маёнтку ў вёсцы Кямяра:

17/30 красавіка.

Прыезджыя распавядалі пра ўзяцце Выбарга: забітыя з абодвух бакоў налічваюць 6000 чалавек. Падрабязнасці пакуль невядомыя, ведаем толькі, што руская салдатня перабіла ўсіх да адзінага…

22 красавіка/5 мая.

У Выбаргу жыццё ўваходзіць у сваю каляіну: камендант выдаў загад, які пад страхам пакарання забараняе самавольнае забойства каго заўгодна ў дамах і на вуліцах. Ён выкліканы тым, што белагвардзейцы чынілі свае расправы не толькі на вуліцах, але і ўрываючыся ў хаты, выцягвалі адтуль нароўні з мазурыкамі рускіх афіцэраў і забівалі на месцы, нягледзячы на поўную адсутнасць пэўнай віны… У генерала, які жыве ў Выбаргу, забілі такім чынам трое сыноў, якіх нядаўна ўзвялі ў афіцэры. Усіх рускіх, якія не мелі дачынення да фінскай міжусобіцы, загінула каля 300 чалавек…

24 красавіка/7 мая.

…Лічба вынішчаных рускіх перавышае васемсот… Было некалькі выпадкаў вар’яцтва сярод фінаў, якія бачылі карціну збіццяў у Выбаргу…

2/15 мая.

Учора жонка ездзіла ў Выбарг шукаць правізію… Піменавы, якіх наведала жонка, распавялі аб тым, што адбывалася за гэтыя дні. Запісаныя мной расповеды аб забойсвах рускіх апынуліся неперабольшанымі. Адзін з рускіх эмігрантаў, якія жылі ў горадзе, так апісваў падзеі:

«Рашуча ўсе, ад гімназістаў да чыноўнікаў, хто трапляўся ў рускай форме на вочы пераможцаў, расстрэльваліся на месцы; недалёка ад дома Піменавых былі забіты два рэалісты, якія выбеглі ў мундурчыках прывітаць белых; у горадзе забіта 3 кадэты; тых з чырвоных, хто здаўся ў палон, белыя ачаплялі і гналі ў крапасны роў; пры гэтым захоплівалі і частку вулічнага натоўпу і без разбору і размоў дабівалі ў рове і ў іншых месцах. Каго расстрэльвалі, за што, — героям нажа было невядома! Расстрэльвалі на вачах у натоўпу; перад расстрэлам зрывалі з людзей гадзіннікі, пярсцёнкі, адбіралі гаманцы, сцягвалі боты, вопратку і г. д. Асабліва палявалі на рускіх афіцэраў; загінула іх без ліку, і ў шэрагу іх камендант, інтэндант, які перад гэтым перадаў свой склад белым, і жандармскі афіцэр; многіх выклікалі з кватэр, быццам для праверкі дакументаў, і дадому яны ўжо не вярталіся, а сваякі адшуквалі іх потым у горах целаў у рове: з іх была знята нават бялізна».

Няўжо гэта ўсё адбывалася ў мірнай і ціхай Фінляндыі? Так, гэта ўсё было, і гэта таксама частка гісторыі, якую нельга забываць. Жорсткасць і злосць фінаў у адносінах да расійцаў — самы яскравы прыклад таго, што ў вайне белыя фіны вінавацілі менавіта расійцаў, мяркуючы, што без падтрымкі бальшавікоў нічога б не адбылося. Фіны праяўлялі неўласцівы ім гвалт, баючыся, што іх зноў, як 110 год таму, захопіць Расія, і для іх гэта была зусім не грамадзянская вайна, але нацыянальная, як верна адзін час пісалі фінскія гісторыкі. Да таго ж май 1918 года так і не паставіў кропку ў больш чым дзіўных прэтэнзіях краіны Саветаў на Фінляндыю. Вайна працягвалася да 1920 года, калі бальшавікам стала не да фінаў: пайшлі ў паход на Польшчу і Беларусь.

ТРАГЕДЫЯ ІНГРАЎ, КАРЭЛАЎ І ГЕНЕРАЛА ЮДЗЕНІЧА

Чарговая стадыя Першай сусветнай вайны і працяг грамадзянскай вайны ў Фінляндыі, але ўжо выключна ў імперскім ключы — гэта Першая Савецка-фінская вайна 1918–1920 гадоў, існаванне якой савецкія гісторыкі ўпарта імкнуліся сцерці з нашай памяці. Пра яе ў савецкіх падручніках не знойдзеш ні радка. Яшчэ адна «нецікавая» вайна, бо завяршылася пройгрышам і стратай тэрыторыіі. Такую вайну, канечне ж, лепш было б забыць. Пачалася яна таксама яшчэ да першага перамір’я паміж Антантай і Германіяй, т. б. пачалася як састаўная частка Першай сусветнай з тыповымі рысамі імперыялістычнай, але ўжо з боку Фінляндыі. Так ці інакш, у гэтай вайне ў рознай ступені прыняла ўдзел 16 краін: Фінляндыя, РСФСР, толькі што абвешчаныя фіна-вугорскія Паўночная Карэлія, Паўночная Інгрыя, таксама ЗША, Германія, Канада, Францыя, Вялікабрытанія, Італія, Сербія, Кітай, Швецыя, Данія, Эстонія, Прыбалтыйскі ландэсвер.

Яшчэ 23 лютага 1918 года, знаходзячыся на станцыі Антрэа (цяпер Каменагорск) і звяртаючыся да войска, вярхоўны галоўнакамандуючы фінскай арміяй генерал Карл Густаў Манэргейм сказаў сваю знакамітую прамову, «клятву мяча», у якой абвясціў, што «не ўкладзе меч да похваў раней, чым апошні ваяка і злодзей Леніна не будзе выгнаны як з Фінляндыі, так і з Усходняй Карэліі».

53
{"b":"665598","o":1}