Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

РУСКАЯ РУЛЕТКА

Пачатак вайны нагадвае гульню ў рускую рулетку: на шчасце, не маючы ані ўзбраення, ані неабходнай адукацыі, ані падрыхтоўкі, толькі сумны досвед Японскай вайны, які, на жаль, не пайшоў на карысць, расійская армія ўварвалася ва Усходнюю Прусію 4 жніўня 1914 года. Ужо ў першыя дні вайны па тэрыторыі Беларусі, якая стала цэнтральным тэатрам баявых дзеянняў на расійска-германскім фронце, прайшла хваля антываенных забастовак рабочых і масавых выступленняў сялян. З 22 па 26 ліпеня адбывалася буйная антываенная забастоўка на Дубровенскай фабрыцы ў Горацкім павеце Магілёўскай губерніі. Асабліва шырокі размах набывалі выступленні рабочых і сялян, прызваных у войска.

За 7 дзён (з 19 па 25 ліпеня) у беларускіх губерніях было разгромлена 43 панскіх маёнткі, 2 фальваркі і 12 хутароў і сядзіб заможных уладальнікаў. Беларусы не бачылі для сябе сэнсу ў вайне з Германіяй з-за далёкай Сербіі. Найбольш буйным было выступленне прызыўнікоў 21–26 ліпеня ў Сененскім павеце Магілёўскай губерніі. Раз’юшаныя навабранцы разграмілі 13 маёнткаў расійскіх памешчыкаў (вельмі часта памешчыкі паходзілі не з мясцовай шляхты). Хваляванні былі задушаныя толькі пры дапамозе карных атрадаў.

Супрацьлеглую пазіцыю ў дачыненні да вайны занялі буржуазныя і дробнабуржуазныя слаі насельніцтва Беларусі, галоўным чынам, выхадцы з Расіі і Руская праваслаўная царква. Яны выступалі ў падтрымку царызму і прыкладалі намаганні да ўзняцця мілітарыстычных і шавіністычных настрояў у шырокіх працоўных масах. Ужо ў першыя дні вайны па ініцыятыве мясцовых уладаў у Мінску, Магілёве, Віцебску і іншых гарадах абдыліся масавыя сходы, малебны і «ўра-патрыятычныя» маніфестацыі. Іх арганізатары заклікалі насельніцтва да грамадзянскай згоды, прынясення ахвяры ў імя Айчыны і перамогі над «вераломным» ворагам.

У той час 1-я расійская армія рушыла на Кёнігсберг з усходу ад Мазурскіх азёраў, а 2-я армія — з захаду ад іх. На першым тыдні дзеянні расійскіх войскаў былі паспяховымі, немцы, якія колькасна саступалі, паступова адсоўваліся назад. Гумбінэн-Гольдапская бітва, якая адбылася 7 жніўня, скончылася на карысць расійскай зброі. Але царскае камандаванне не здолела скарыстацца пладамі сваіх першых поспехаў. Прасоўванне дзвюх расійскіх армій запаволілася, і сувязь паміж імі пачала даваць збоі, чым паспяшаліся скарыстацца немцы, ударыўшы з захаду на адкрыты фланг 2-й арміі. 13–17 жніўня 2-я армія генерала Самсонава была цалкам разбіта, значная яе частка патрапіла ў атачэнне і была ўзята ў палон. У нямецкай гістарыяграфіі гэтыя падзеі называюцца бітвай пры Таненбергу. Пасля гэтай чуллівай паразы 1-я армія пад камадваннем генерала Раненкампфа пад пагрозай акружэння пераўзыходзячымі сіламі германскага войска была вымушана з баямі адыходзіць на першапачатковыя пазіцыі. Адступленне было завершана толькі 3 верасня. Дзеянні Раненкампфа палічылі правалам, і з гэтага эпізоду пачаліся характэрыя пазней ганенні на вайсковых начальнікаў з нямецкімі прозвішчамі. Нават Санкт-Пецярбург быў перайменаваны ў Петраград. У нямецкай гісторыі разгром расійскага генерала Раненкампфа лічыцца бліскучай перамогай германскай зброі, а на месцы баёў быў узведзены вялізны мемарыял, у якім пазней быў пахаваны фельдмаршал Гіндэнбург.

Тым не менш, нягледзячы на няўдачы Расіі, вядомы англійскі палітык Уінстан Чэрчыль — у той момант міністр узброеных сіл Вялікабрытаніі — лічыў, што расійскія войскі сваімі дзеяннямі ў 1914 годзе выратавалі Парыж. Справа ў тым, што адначасова з апісанымі падзеямі нямецкія войскі ўварваліся ў Бельгію. Бельгійскі кароль Альберт звярнуўся па дапамогу да краін-гарантаў бельгійскага нейтралітэту.

Лондан накіраваў у Берлін ультыматум — спыніць наступ на Бельгію, ці Англія абвесціць вайну Германіі. Пасля заканчэння тэрміну, адведзенага на выкананне ўмоў ультыматуму, Вялікабрытанія абвясціла вайну і накіравала войскі на дапамогу Францыі. Аўстра-Венгрыя абвясціла вайну Расіі 6 жніўня…

Зрэшты, нягледзячы на праблемы на фронце, расійскаму цару на вайне падабалася. Па-свойму падабалася яму і роля збавіцельнай ахвяры. Седзячы ў Магілёве, куды была пераведзена Стаўка камандавання расійскай арміяй, дабрадзей імператар пісаў дадому:

Мой мозг адпачывае. Тут няма міністраў, клапотных пытанняў, якія патрабуюць асэнсавання. Я лічу, што гэта добра для мяне.

То бок цар шмат думаць не прызвычаіўся, а свой удзел у вайне прымаў не як ахвяру дзеля выратавання краіны, але як аздараўляльны адпачынак для мозга.

Мікалай ІІ падымаўся а восьмай, займаўся ранішнім туалетам, маліўся і ішоў піць гарбату ў сталовай. Аб 11 гадзіне «ахвяра» адпраўлялася ў штаб на даклад, каб азнаёміцца з аператыўнай абстаноўкай і абмеркаваць з начальнікам штаба генералам Аляксеевым пытанні, якія тычыліся войска. На гэтым гадзінным дакладзе, па сутнасці, і сканчвалася праца цара ў якасці Вярхоўнага галоўнакамандуючага.

Рэшту часу — практычна цэлы дзень — ён прысвячаў сняданку-абеду з нязменнай чаркай гарэлкі, дакладам міністраў, шпацырам і іншым прыемным рэчам. Без сумневу, дзеля такога бесклапотнага жыцця ў новым становішчы варта было ўзначаліць войска. Рэальнае камандаванне ўзброенымі сіламі, у сваю чаргу, было сканцэнтравана ў руках начальніка штаба Стаўкі генерала Аляксеева.

Праўда, спачатку цар вырашыў таксама нейкім чынам выявіць сябе ў ролі галоўнакамандуючага і выкарыстаць свой «досвед стратэга». Ён вырашыў для ўзмацнення войскаў, якія дзейнічалі супраць Аўстра-Венгрыі і Германіі, забраць з Каўказскага фронта V Каўказскі корпус і адну пяхотную дывізію. Гэта вельмі раз’юшыла вялікага князя Мікалая Мікалаевіча-малодшага. Вялікі князь абураўся:

Ён не толькі адабраў у мяне пост, які яму самому відавочна не па сілах, але яшчэ і хоча пазбавіць права на будучыя перамогі!

Пазней, падчас Эрзерумскай аперацыі 1916 года, калі генерал Юдзеніч пажадаў узяць Эрзерум, не праводзячы належным чынам асады, Мікалай ІІ нароўні з камандуючым фронтам былі катэгарычна супраць гэтага. Узяцце Эрзерума магло і не адбыцца, калі б Юдзеніч не вырашыў дзейнічаць насуперак цару.

Пры гэтым, у пытаннях кадравых прызначэнняў імператар зусім не лічыў сябе абмежаваным пажаданнямі начальніка штаба. У прыватнасці, нягледзячы на пярэчанні апошняга супраць прызначэння генерала Безабразава на пасаду камандзіра гвардзейскіх корпусаў, цар настойваў на сваім. У дадатак прывёў аргумент, які забіў Аляксеева напавал:

Ну што вы, Міхаіл Аляксеевіч! Ён такі мілы і такі вясёлы апавядальнік і анекдатыст!

У 1916 годзе Безабразаў будзе прызначаны камандуючым створанай са стратэгічнага рэзерву Спецыяльнай арміяй. З гэтым выпадкам звязана яшчэ адна гісторыя, якая раскрывае нам асобу Мікалая ІІ. Так, Спецыяльная армія была трынаццатай па ліку і ёй павінны былі надаць нумар XIII, але цар з-за нейкіх сваіх забабонаў не пажадаў надаваць такі нумар арміі. Увогуле шмат хто з сучаснікаў Мікалая адзначаў уласцівыя яго асобе містыцызм, своеасаблівы рэлігійны фаталізм і прымхлівасць. Лейб-казак імператара Цімафей Яшчык прыгадваў:

Калі цар з раніцы шпацыраваў па парку, я ішоў следам… Калі цар знаходзіў падкову, а з прычыны таго што цар верыў, што падкова прыносіць шчасце, то я кожны раз павінны быў забраць яе з сабой дадому.

У эмігранцкай і расійскай публіцыстыцы 1990-х гадоў часта сустракаліся артыкулы пра тое, што Мікалай ІІ у 1915 годзе выратаваў сотні тысячаў армян ад асманскага генацыду. Але менш пісалі аб арганізаваным у тым жа годзе ўнутры Расійскай імперыі інтэрніраванні не меншай, калі не большай, колькасці прадстаўнікоў нетытульных нацый: яўрэяў, немцаў, латышоў, палякаў… Перасяленне і ўтрыманне ў асаблівых умовах падазраваных у нелаяльнасці этнічных груп было агульнапрынятай практыкай падчас абедзвюх сусветных войнаў.

Але арганізацыя гэтых акцый у Расіі выходзіла надзвычай кепска — натоўпы перасяленцаў і ўцекачоў захапілі і без таго перагружаную транспартную сістэму ў заходніх рэгіёнах краіны і выклікалі лакальныя выбухі эпідэмій і голаду. Адсутнасць прыстойнай прапагандысцкай працы падчас дэпартацый прывяла да росту сацыяльнай напружанасці на падмурку антысемітызму і шпіёнаманіі ў арміі і тыле. Наступленне немцаў выклікала масавы адток насельніцтва з тэрыторыі Польшчы і Заходняй Беларусі на ўсход. Эвакуацыю, зрэшты, ніхто не арганізоўваў, людзі, якіх прыспешвала паліцыя, стыхійна ўцякалі ад наступлення вайны, пакідаючы ўласныя хаты. Расійская імперыя ўступіла ў Першую сусветную, не падрыхтаваўшы неабходнай колькасці ваенных запасаў. Савецкія гісторыкі, крытыкуючы «імперыялістычную вайну», асабліва часта падкрэслівалі, што ў бой расійскія салдаты ішлі з адной вінтоўкай на пяцярых.

9
{"b":"665598","o":1}