Акурат у азначаны час 47 пяхотных і 5 кавалерыйскіх дывізій нямецкай арміі рушылі на ўсход. У лютым 1918 года супольныя германа-аўстра-венгерскія войскі на Усходнім фронце налічвалі не больш за 450 тыс. чалавек (для параўнання, увосень 1916 года — больш за 1,5 млн.), і складаліся ў асноўным з салдат старэйшых прызываў — усе найбольш баяздольныя часткі даўно былі перакінуты на захад, дзе вырашаўся лёс гэтай вялікай бітвы народаў. Ну а тут, на Усходнім фронце, пачалася новая, камічная вайна з бальшавікамі.
КАМІЧНАЯ ВАЙНА І КАМІЧНАЯ ДАТА
Яшчэ адна іронія Першай сусветнай вайны: мільёны салдат загінулі, так і не змяніўшы карэнным чынам сітуацыю на фронце, а тут раптам, без адзінага стрэлу і без адзінай страты немцы занялі тэрыторыю ледзь не паловы еўрапейскай часткі Расійскай імперыі. Ужо былой.
Генерал Гофман так і запісаў у сваім дзённіку:
Гэта самая камічная вайна, якую можна сабе ўявіць. Яна вядзецца толькі на чыгунцы і грузавіках. Сажаюць якую-небудзь сотню пехацінцаў з кулямётамі і адной гарматай, і дасылаюць да бліжэйшай станцыі. Бяруць станцыю, бальшавікоў арыштоўваюць і перасоўваюцца далей.
Гофман прыводзіць ашаламляльныя факты, калі адзін лейтэнант і шэсць салдат узялі ў палон 600 казакоў, без барацьбы захапілі гарматы, аўтамабілі, лакаматывы. Ды што там гарматы! Без бою, кіруючыся толькі панічным жахам і чуткамі, здаваліся вялікія гарады. Так, 18 лютага нямецкі атрад менш чым у 100 штыкоў узяў Дзвінск, дзе ў той час знаходзіўся штаб 5-й арміі Паўночнага фронта. 19 лютага быў здадзены Мінск, 20-га — Полацк, 21-га — Рэчыца і Орша, 22-га — латвійскія Вольмар і Вендэн і эстонскія Валк і Гапсала, 24-га невялікі атрад нямецкіх матацыклістаў прымусіў капітуляваць велізарны расійскі гарнізон у Пскове, 25-га бальшавікі з ганьбай пакінулі Барысаў і Рэвель. Толькі Нарва абаранялася да 4 сакавіка. За 5 дзён нямецкія і аўстрыйскія войскі прасунуліся ў глыб расійскай тэрыторыі на 200–300 км. Гэта было самае пераможнае шэсце нямецкай арміі за ўсю гісторыю яе войнаў! Гэта былі самыя чорныя дні ў гісторыі савецкай Расіі, ды і Расіі ўвогуле. Пад пагрозу было пастаўлена само яе існаванне.
Іронія з іроній гэтай камічнай, па словах Гофмана, вайны ў тым, што менавіта ў гэтыя ганебныя дні — 23 лютага — савецкі ўрад пазней вырашыў адзначаць дзень нараджэння Чырвонай Арміі, спасылаючыся на тое, што зноў утвораныя ўзброеныя сілы нейкіх немцаў недзе, маўляў, разбілі, спынілі ці штосьці ў гэтым родзе. Смех! Разрознены супраціў акупантам аказывалі толькі часткі Чэхаславацкага корпуса, якія складаліся з чэхаў, якія здаліся добраахвотна ў расійскі палон, у тым ліку і знакамітага пісьменніка Яраслава Гашака. Акурат у той час ён і пісаў свайго легендарнага салдата Швейка. Аднак, гэта былі нязначныя баі. 21 лютага нямецкія войскі свабодна ўвайшлі ў Кіеў, дзе была адноўлена ўлада Цэнтральнай Рады.
Ну а што ж на самой справе было 23 лютага? Ці нарадзілася якая-небудзь армія? Што паслужыла нагодай для святкавання «дня нараджэння» савецкіх войскаў? Ды нічога добрага для краіны і Леніна з усёй яго камапаніяй не здарылася. Наадварот, наступленне немцаў па ўсім фронце прымусіла Леніна пайсці на пэўныя сустрэчныя крокі, абараняцца, але не ад немцаў, а ад нязгодных са шпіёнскай ленінскай пазіцыяй «таварышаў» па партыі. У выніку вострай барацьбы ў кіраўніцтве ЦК (вось дзе разгарэўся бой!) бальшавіцкай партыі «гераічна» зламіў супраціў левых па пытанні аб падпісанні дамовы з Германіяй. Ужо зраніцы 19 лютага ў Берлін была даслана тэлеграма са згодай савецкага ўрада цалкам прыняць нямецкія ўмовы міру.
Але немцы наступ не спынілі і запатрабавалі ад расійскага боку афіцыйнага пісьмовага паведамлення. Бюракраты! І 21 лютага, у дзень захопу немцамі Кіева, Савнарком прыняў урэшце запознены дэкрэт-адозву «Сацыялістычная айчына ў небяспецы!». Звярніце ўвагу: 21-га, а не 23-га.
Можна падумаць, што пасля 21 лютага пачалося хуткае ўтварэнне Чырвонай арміі для адпору варожага наступу. Ні ў якім разе! Ніякага загаду, ані пісьмовага, ані вуснага аб стварэнні чагосьці ўзброенага выпушчана не было! Толькі загад аб раззбраенні. Для з’яўлення арміі патрэбны быў, у першую чаргу, дакумент. Нам яго ніколі не паказвалі і не паспавядалі, акрамя ўзгадкі дэкларацыі «Сацыялістычная айчына ў небяспецы!». Дык гэта не дакумент, а ўлётка з крыкам адчаю. То бок па арміі ідзе загад Леніна аб раззбраенні і несупраціве немцам, а хтосьці невядомы (можа зноў чэхі?) утварае нейкую падпольную Чырвоную армію?
Натуральна, што 23 лютага ніякай арміі створана не было, як па-ранейшаму, супраціву ніхто не аказваў. У гэты дзень з Берліна савецкі ўрад атрымаў новыя ўмовы міру, значна больш жорсткія, чым раней.
Новы ўльтыматум складаўся з 10 пунктаў. Калі першыя два паўтралі патрабаванні ад 9 лютага, то бок адвод войск за «лінію Гофмана», то ў іншых пунктах Расію прымушалі цалкам ачысціць Ліфляндыю і Эстляндыю, прызнаць урад Цэнтральнай Рады Украіны і вывесці з яе войскі, таксама як і з Фінляндыі і Турцыі, і вярнуць туркам анаталійскія правінцыі (вось куды занесла расійскага салдата!). Акрамя гэтага, расійская армія павінна была быць цалкам дэмабілізавана, усім караблям трэба было вярнуцца ў порты і раззброіцца, а ў Ледавітым акіяне да заключэння мірнага пагаднення ўсталёўвалася нямецкая блакада. На прыняцце гэтага ўльтыматуму адводзілася двое сутак.
Але бальшавікам не патрэбна было столькі часу, яны прынялі ўльтыматум тады ж — 23 лютага. Дакумент быў абмеркаваны на тэрмінова сазваным у той жа дзень пасяджэнні ЦК. Ленін запатрабаваў неадкладна пагадзіцца на ўсе ўмовы немцаў. За прапанову здацца прагаласавала 7 чалавек, 4 было супраць і яшчэ 4 устрымаліся. І вось гэтае рашэнне, па-сутнасці, капітуляцыя, і паслужыла «нараджэнню савецкай арміі і ваенна-марскога флоту», які мы адзначаем як дзень абароны Айчыны і да гэтай пары… Камічна, як дакладна сказаў генерал Гофман.
Увечары таго ж дня, 23 лютага, «гістарычнае» рашэнне ЦК было ўхвалена ўрадам бальшавікоў — УЦВК і СНК. Паведамленне аб гэтым было накіравана ў Берлін на наступную раніцу, 24 лютага, а ў адказ прышло патрабаванне падпісаць мір на працягу трох дзён ад моманту прыбыцця савецкай дэлегацыі ў Брэст-Літоўск. У той жа дзень немцы, вось жа малайцы, урэшце спынілі наступленне. Але ж дысцыпліна! А маглі ж і да Масквы, як Напалеон, і нават да Чукоткі дайсці.
Савецкая дэлегацыя вярнулася ў Брэст-Літоўск 1 сакавіка. Міністры замежных спраў краін-пераможцаў нават не сталі чакаць на яе, а паказальна паехалі ў Бухарэст заключаць мір з разгромленай Румыніяй. Пасля вяртання глава дэлегацыі абвясціў, што Расія дае згоду на ўмовы, якія «са зброяй у руках былі прадыктаваны Германіяй расійскаму ўраду», і адмовіўся ўступаць ва ўсялякія дыскусіі, каб не ствараць выгляд перамоваў. Своеасаблівая дуля ў кішэні, калі губляць больш няма чаго.
«Са зброяй у руках»… А хто перашкаджаў за зброяй у руках абараняць ад ворага сваю айчыну? Адзін Ленін? Тады ён і не правадыр, а проста жрэц-чараўнік.
Брэст-Літоўскі мірны дагавор, а калі прасцей, то капітуляцыя са стратай велізарнай тэрыторыі ў чвэрць Еўропы, быў падпісаны 3 сакавіка 1918 года. Тэрмінова скліканы 6–8 сакавіка 1918 года VII з’езд РКП(б) ухваліў пазіцыю Леніна ў пытанні аб заключэнні гэтага, па вобразным выказванні, «брыдкага міру», а IV з’езд Саветаў 15 сакавіка дамову ратыфікаваў. І дзе ж тут дзень утварэння Чырвонай арміі? Дзе чырвоная дата ў календары? Яна з пальца высмактана.
«Брыдкі», паводле Леніна, мірны дагавор (яго злёгку абурыла тое, што крэдыторам прыйшлося аддаць болей, чым ён разлічваў) складаўся з некалькіх дакументаў: самога дагавора паміж Расіяй з аднаго боку і Германіяй, Аўстра-Венгрыяй, Балгарыяй і Турцыяй — з іншага; заключнага пратакола да дагавора аб мытных зборах і тарыфах на асобныя тавары, расійска-германскай і расійска-турэцкай дапаўняльных дамоваў.
Савецкая Расія губляла велізарныя тэрыторыі — Украіну, Польшчу, Прыбалтыку, палову Беларусі. Разам каля 1 млн. кв. км з насельніцтвам больш за 50 млн. чалавек! На гэтай тэрыторыі здабывалася 90 % вугалю, выраблялася 54 % прамысловай прадукцыі Расіі. Межы Расіі былі адкінуты да дапятроўскіх часоў, што, у прынцыне, было нават у чымсьці справядліва: першапачаткова мяжа Маскоўскай дзяржавы на захадзе даходзіла ў лепшым выпадку да Вязьмы, але займаючыся захопніцкімі войнамі доўгіх дзвесце год (аб чым паведамляў цару міністр Курапаткін), уперлася ў Балтыйскае мора і захапіла амаль усю Рэч Паспалітую (кавалак Польшчы, Беларусь, Летуву і Украіну).