Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Не, Ленін спяшаецца заключыць мір на ўмовах немцаў любым коштам. У гэтым правадыр пралетарыяту, праўда, застаўся ў ЦК у адчайнай меншасці. Падобна, ён не спяшаўся раскрываць сакрэтаў, якіх, верагодна, нават у партыі бальшавікоў не ведалі: ён проста аддаваў немцам належнае за мільённыя тыражы сваёй «Іскры», за нябеднае жыццё ў гатэлях Парыжа, Лондана, Стакгольма і іншых «канспіратыўных» кватэрах, за падрыўную дзейнасць супраць царызму, т. б. на карысць ворага Расіі і Антанты, за фінскіх і нямецкіх салдат, пераапранутых у рэвалюцыйных расійскіх матросаў, што даставілі яго на Фінляндскі вакзал у апячатаным праз немцаў вагоне… Германія не шкадавала сродкаў на дапамогу бальшавікам, Ленін не шкадаваў у адказ.

Адным словам — нямецкі шпіён, як многія і называлі Ільіча ў той час. Ужо ў ХХІ стагоддзі па дакументах расійскіх архіваў стала дакладна вядомай прычына, чаму Уладзімір Ульянаў раптам стаў Леніным: падрабіў пашпарт пад аднаго нямецкага яўрэя, пад чыім прозвішчам і ўязджаў увесь час на тэрыторыю сваіх спонсараў. «Рэвалюцыя чыстымі рукамі»… З падробным пашпартам і за нямецкія грошы?

Аднак Ленін, разумеючы, што яго, як і Распуціна, свае ж могуць апусціць у проруб галавой як германскага шпіёна, павагаўшыся, даручыў новапрызначанаму кіраўніку савецкай дэлігацыі Льву Троцкаму ўсімі намаганнямі зацягваць перамовы на выпадак, калі раптам вайна скончыцца і немцам можна будзе ўвогуле не плаціць, але калі немцы выставяць ультыматум, неадкладна яго прыняць.

Немцы таксама не гублялі час перапынку ў перамовах дарэмна. Менавіта тады ў іх розумах канчаткова зацвердзілася канцэпцыя курсу на далейшы распад Расійскай імперыі і падтрымкі нацыянальных рухаў на ўскраінах у барацьбе за аддзяленне ад прагнілага царства Раманавых. Але гэты курс ніяк не магчыма назваць новым. Яшчэ ў верасні 1917 года ў Летуве ва ўмовах нямецкай акупацыі з’явіўся летувіскі рух Тарыба, які за сваю мэту абвясціў стварэнне незалежнай нацыянальнай дзяржавы на дэмакратычнай аснове і ў саюзе з Германіяй. 11 снежня Тарыба абвясціла пра адраджэнне незалежнай Летувіскай (так з 1840 года пачала называцца Жамойтыя, ці Самагітыя) дзяржавы, але з населенай пераважна беларусамі (іх, як каталікоў, часта ў гістарычнай літаратуры называюць палякамі) сталіцай у Вільні. Аднабаковы акт Тарыбы, магчымы толькі ва ўмовах нямецкай акупацыі, не быў прызнаны ні краінамі Антанты, ні Расіяй. Цяпер немцам заставалося пасадзіць на летувіскі прастол правільнага кандыдата.

Ім стаў герцаг Вільгельм фон Урах, адзін з прадстаўнікоў Вюртэмбергскай дынастыі. Яму нават прыдумалі адпаведнае імя — Міндаўгас ІІ, але тут надышоў лістапад 1918 года, час канчатковай капітуляцыі Германіі, і жамойтам давялося абысціся без караля.

Але самым жаданым кавалкам для немцаў, канечне, былі Украіна і Беларусь. У пачатку 1918 года іх унутранае становішча адрознівалася вялікай няўстойлівасцю. Цэнтральная Рада Украіны — аб’яднанне разнародных партый — яшчэ 23 чэрвеня 1917 года, то бок яшчэ да кастрычніцкай рэвалюцыі, абвясціла аб аўтаноміі Украіны ў складзе Расіі. 22 студзеня 1918 года, скарыстаўшыся бязладдзем у Расіі, Цэнтральная Рада абвясціла аб незалежнасці Украінскай Народнай Рэспублікі і пагадзілася на акупацыю яе нямецкімі і аўстрыйскімі войскамі. Аднак, 8 лютага Кіеў быў захоплены Чырвонай Арміяй, у Харкаве ўтвораны савецкі ўрад, а Цэнтральная Рада збегла на Валынь.

Трэба адзначыць, што ад’езд савецкай дэлегацыі ў Петраград выклікаў некаторыя хваляванні ў нямецкіх саюзнікаў. У прыватнасці, у аўстрыйцаў. У Вене вельмі баяліся, што бальшавікі больш не вернуцца за стол перамоваў, каб падпісаць такое невыгоднае для іх пагадненне напярэдадні разгрому Германіі французамі, брытанцамі, амерыканцамі і ішнымі аўстралійцамі і канадцамі. Хуткага міру патрабавала не толькі вычарпанае шматгадовай вайной і голадам насельніцтва Аўстра-Венгрыі, але і жыхары Германіі, дзе ў страйку толькі на буйных берлінскіх заводах прыняла ўдзел больш за 400 000 рабочых.

У гэтых умовах германскія саюзнікі вырашылі заключыць мір з прадстаўнікамі Украінскай Цэнтральнай Рады. Гэтае рашэнне далося няпроста. 21 лютага главы дэлегацый Германіі і Аўстра-Венгрыі выехалі ў Берлін, каб пракансультавацца па пытанні, ці варта ўвогуле падпісваць мір з краінай, чый суверэнітэт, па вобразным выказванні Л. Троцкага, абмяжоўваецца занятым у Брэсце пакоем. Ды і ў сам горад прадстаўнікі незалежнай Украіны здолелі прабрацца, толькі абвясціўшы прадстаўнікам Чырвонай Арміі, што з’яўляюцца чальцамі савецкай дэлегацыі.

Як бы там ні было, а 27 лютага ў беларускім Брэст-Літоўску прадстаўнікі чацвярнога саюза і Цэнтральнай Рады падпісалі мірную дамову. Паводле яе да 31 ліпеня таго ж года Украіна абавязвалася паставіць Германіі і Аўстра-Венгрыі 1 млн. тон хлеба, 400 млн. адзінак яек, не менш за 50 тыс. тон мяса ў жывым выглядзе, цукар, марганцавую руду і яшчэ шмат чаго карыснага. У адказ саюзнікі абяцалі аказаць Радзе дапамогу ў барацьбе з бальшавікамі. Дамова з Украінай аказалася для саюзніц па цэнтральнай кааліцыі вельмі дарэчы, асабліва для Аўстра-Венгрыі, дзе запасаў прадуктаў па самых галодных нормах заставалася толькі на месяц. Сродкі масавай інфармацыі імгненна распрапагандавалі гэту, па словах Чарніна, «хлебную дамову», што спрыяла нармалізацыі ўнутранай абстаноўкі ў краіне. Вось як ацэньваў Брэсцкую дамову з Украінай нямецкі гісторык Ф. Фішэр:

Асаблівасцю гэтага міру было тое, што ён цалкам свядома быў заключаны з урадам, які на момант падпісання не меў ніякай улады ва ўласнай краіне. У выніку ўсе шматлікія перавагі, якімі немцы валодалі на паперы, маглі быць рэалізаваны толькі ў выніку заваявання краіны і аднаўлення ў Кіеве ўрада, з якім яны падпісалі дамову.

Падпісаўшы дамову з Украінай, у Берліне вырашылі больш жорстка размаўляць з Петраградам. У дзень падпісання дамовы з Радай генерал Людэндорф даслаў Кульману тэлеграму, у якой нагадаў пра абавязак праз суткі пасля падпісання міру з Украінай спыніць перамовы з расійскай дэлегацыяй. Выставіць ультыматум аб прыняцці германскіх умоў савецкай дэлегацыі свайму міністру замежных спраў загадаў і кайзер Вільгельм ІІ. Кульман дакладна выканаў дадзеныя яму інструкцыі. Адказ на ўльтыматум бальшавікі павінны былі даць не пазней за 10 лютага.

Кіраўнік савецкай дэлегацыі Л. Троцкі, як гэтага і патрабавалі немцы, даў свой адказ, але ён быў да пэўнай ступені нечаканым і супярэчыў атрыманым ад Леніна ўказанням.

Троцкі абвясціў:

Мы выходзім з вайны, але вымушаны адмовіцца ад падпісання мірнай дамовы.

Адначасова ён накіраваў тэлеграму галоўнакамандуючаму Крыленка з патрабаваннем неадкладна выдаць загад па арміі аб спыненні ваеннага стану з Германіяй і яе саюзнікамі і аб усеагульнай дэмабілізацыі. Гэты загад быў атрыманы ўсімі франтамі 11 лютага. Рашэнне, мякка кажучы, дзіўнае. Расія тым самым выходзіла з вайны, але міру не падпісвала. Атрымліваецца, што салдаты накіроўваюцца з фронту дадому, а немцаў — шчыра вітаем, хіба так?

Германскі бок не змог не ацаніць такі падарунак і абвясціў, што непадпісанне Расіяй дамовы аўтаматычна цягне за сабой канец перамір’я. З гэтым Троцкі пакінуў Брэст-Літоўск.

13 лютага 1918 года вярхушка другога рэйха сабралася ў невялікім курортным гарадку Бад-Хомбургу на захадзе Германіі, каб абмеркаваць нечаканую сітуацыю, якая склалася пасля зрыву мірных перамоваў. На нарадзе прысутнічалі кайзер Вільгельм, Кульман, канцлер Гертлінг, амаль усё вышэйшае ваеннае камандаванне, у тым ліку, натуральна, Гіндэнбург і Людэндорф. Па ўспамінах апошняга, на нарадзе было прынята рашэнне «нанесці кароткі, але моцны ўдар па размешчаным насупраць нас расійскім вайскам, які дазволіў бы нам захапіць вялікую колькасць вайсковага рыштунку». 16 лютага генерал Гофман паведаміў прадстаўніку савецкай дэлегацыі А. А. Самойлу, які застаўся ў Брэсце, што 18 лютага роўна а 12-й гадзіне Германія пачне наступленне на працягу ўсяго Усходняга фронту. Акуратна, так па-нямецку, дакладна паведаміў, калі яны будуць наступаць. Вайна джэнтэльменаў і рыцараў. Такой, дарэчы, і была гэтая сусветная вайна.

47
{"b":"665598","o":1}