Самыя дрэнныя моманты Першай сусветнай заключаліся ў расстрэле англійскім асам Эдвардам Мэнакам экіпажаў збітых нямецкіх самалётаў і ў скаргах краін Антанты на немцаў за выкарыстанне атрутных газаў і агнямётаў, якія англічане і французы лічылі негуманнай зброяй.
Але нават падчас такой «гуманнай» вайны (калі гэты тэрмін увогуле можа быць выкарыстаны ў дачыненні да войнаў) у Францыі з 19 000 000 усіх мужчын-французаў загінула 1 300 000. Для Францыі гэта была нацыянальная катастрофа: у 1921 годзе на кожнага француза ва ўзросце 20–40 гадоў прыходзілася 11 жанчын. Французы (але і не толькі яны) шмат літаратуры і фільмаў прысвяцілі Першай сусветнай вайне, свята шануючы памяць аб загінулых. У Расіі ж загінулых не тое, каб не памятаюць, але нават больш-менш дакладна не ведаюць, колькі іх насамрэч было. Вось, напрыклад, Волкаў мяркуе, што іх было прыкладна столькі ж, колькі загінулых разам на расійскім фронце немцаў, аўстравенграў і турак — крыху менш за мільён. Аднак страты расійскай арміі айчынныя крыніцы заўжды падавалі ў відавочна паменшаным выглядзе. Зрэшты, гэтую традыцыю распачаў яшчэ Пётр Першы. Пасля яўна няўдалай бітвы ля беларускай вёскі Лясная ў 1708 годзе, ён усім пісаў аб нейкай бліскучай перамозе над «натуральнымі шведамі», нягледзячы на тое, што абоз швецкага генерала нямецкага паходжання Адама Левенгаўпта складаўся з жыхароў Прыбалтыкі: немцаў, куршаў, латышоў і эстонцаў. Пётр дзесяць разоў штурмаваў лагер нямецкага генерала, але так яго і не ўзяў. Усе расійскія крыніцы пішуць, што Левенгаўпт страціў, быццам, ад 6 да 8 тысячаў чалавек (то бок амаль увесь абоз!), а Пётр — крыху болей за 1 тысячу чалавек. Як гэта магчыма? Прыбалты ж не пакінулі лагер і абараняліся!? А ў начы яны ціха сышлі, не згасіўшы вогнішчаў! А вось нямецкія афіцэры, якія служылі ў Пятра, казалі, што расійцаў загінула ад 7 да 10 тысячаў. Шведскія архівы гэта пацвярджаюць, даказваючы, што Левенгаўпт страціў крыху больш за 4 тысячы чалавек.
Вось гэта больш падобна да праўды.
Удвая ці нават утрая скарачаў свае страты і М. І. Кутузаў. Напрыканцы бітвы за Малаяраславец, горад, які Кутузаў так і не ўзяў, у яго на стале ляжаў рапарт пра больш за 6 тысячаў забітых жаўнераў, колькасць якіх разам з апалчэнцамі складала 11 тысячаў, але да цара ён напісаў, што загінула толькі 3 тысячы чалавек.
Такім махлярствам з лічбамі расійскія вайскоўцы займаліся заўжды.
Што тычыцца Перашай сусветнай вайны, то ГУ Генштаба расійскай арміі ў кастрычніку 1917 года апублікавалі лічбы ў 511 068 загінулых і 264 301 тых, хто прапаў без вестак, то бок разам 775 369 чалавек, што, відавочна, вельмі зменшана. Але Цэнтральнае статыстычнае ўпраўленне СССР у 1925 годзе зноў апублікавала амаль тую ж лічбу, крыху яе адкарэктаваўшы, — 855 208 загінулых і прапаўшых. У 1939 годзе страты зноў пералічылі, і яны склалі ўжо 1 300 000 чалавек, што больш наблізілася да праўды, але не канчаткова…
Зноў жа, цяжар вайны больш, чым на іншых тэрыторыях Расійскай імперыі, адчулі на сабе жыхары шматпакутнай Беларусі, зямля якой у чарговы раз стала арэнай для баталій чужых армій. Першая сусветная, як і Паўночная, як і вайна з Напалеонам, прынесла Беларусі велізарныя чалавечыя страты — у гэты раз яшчэ і за кошт эмігрантаў, якія не вярнуліся. Былі зруйнаваны гарады і вёскі, а рэшта мясцовых жыхароў увесь час пакутвала ад бясконцых рэквізіцый, марадзёрства, прымусовых прац. З Беларусі былі вывезены матэрыяльныя каштоўнасці: быдла, лес, прадукты…
З пачаткам нямецкай акупацыі на ўсход пацякла чалавечая плынь. У маі 1918 года ў Расіі знаходзілася 2,3 (!) міліёны ўцекачоў з Беларусі, то бок трэцяя частка ад усяго даваеннага насельніцтва края (6 890 000 беларусаў па дадзеных на 1913 год). Няцяжка ўявіць, наколькі абязлюдзела Беларусь у выніку чарговай пасля 1812 года вайны, якая вынішчыла 25 % насельніцтва, буйной дэмаграфічнай катастрофы. Мабілізацыя закранула больш за 50 % вясковых жыхароў Беларусі. Гэта, у сваю чаргу, моцна адбілася на стане сельскай гаспадаркі: з-за недахопу людзей і цяглавай сілы (коней таксама «прызывалі» на вайну) значна зменшыліся пасяўныя плошчы.
Першая сусветная вайна паўплывала таксама і на прамысловасць Беларусі. Падчас вайны ў шэрагу галін назірася скарачэнне вытворчасці. Адсутнічалі сыравіна, працоўная сіла і паліва.
ЗА ШТО ВАЯВАЛІ?
Прычын для вайны можна знайсці шмат. Чым не прычына, напрыклад, падзеі 1871 года, калі паразай Францыі скончылася вайна з Прусіяй, завяршыўся працэс аб’яднання Германіі, і гегемонія Прусіі была замацавана ў новай дзяржаве. Падчас кіравання канцлера О. фон Бісмарка, які намагаўся адрадзіць сістэму саюзаў, знешняя палітыка германскага ўрада характарызавалася імкненнем дасягнуць дамінуючага становішча ў Еўропе. Для таго, каб пазбавіць Францыю магчымасці адпомсціць за паразу ў франка-прускай вайне, Бісмарк паспрабаваў пры дапамозе сакрэтных пагадненняў звязаць з Германіяй Расію і Аўстра-Венгрыю. Але Расія выступіла менавіта на баку Францыі, і Саюз трох імператараў, які планаваў «жалезны канцлер», распаўся. У 1882 годзе ён узмацніў пазіцыі Германіі, стварыўшы Траісты саюз, у якім аб’ядналіся Аўстра-Венгрыя, Італія і Германія. Да 1890 года Германія выйшла на першыя пазіцыі ў еўрапейскай дыпламатыі.
Францыя выйшла з дыпламатычнай ізаляцыі. Скарыстаўшыся пахаладаннем у стасунках паміж Расіяй і Германіяй, а таксама патрэбай Расіі ў капітале, яна заключыла з ёй ваенную канвенцыю і дамову аб саюзе. Расійска-французкі саюз павінны быў адыграць ролю супрацьвагі Траістаму саюзу немцаў. Вялікабрытанія трымалася ў баку ад супрацьстаяння на кантыненце, аднак ціск палітычных і эканамічных абставінаў прымусіў яе зрабіць выбар. Англічан не мог не турбаваць нацыяналістычны настрой, які панаваў у Германіі, яе агрэсіўная каланіяльная палітыка, імклівая прамысловая экспансія і, галоўным чынам, узмацненне яе ваенна-марскога флоту. Брытанія, учорашняя марская імперыя, прыраўнавала немцаў да мора і не жадала бачыць побач новую марскую імперыю. Нікога, апроч сябе.
Даволі хутка прагматычныя брытанцы здолелі знівеляваць свае спрэчкі з Францыяй і ў 1904 годзе заключылі «Сардэчнае пагадненне». Былі пераадоленыя перашкоды і на шляху да англа-расійскага супрацоўніцтва, і ў 1907 годзе было падпісана англа-расійскае пагадненне. Вось так, калісьці, 50 гадоў таму, англічане і французы, занепакоеныя ўзмацненнем цара-варвара на Чорным моры, ваявалі з Расіяй у Крыме, а цяпер вырашылі сябраваць дамамі… канечне ж, супраць Германіі.
Так Расія стала ўдзельніцай Антанты. Вялікабрытанія, Францыя і Расія ўтварылі саюз «Траістае пагадненне» (Triple Entente) ў якасці супрацьвагі Траістаму саюзу германцаў. Такім чынам, у Еўропе з’явіліся дзве варожыя сістэмы без усялякіх там камуністаў і капіталістаў — капіталісты супраць капіталістаў.
Вядома, адной з прычын вайны для Францыі стала імкненне вярнуць страчаныя тэрыторыі Эльзаса і Латарынгіі. І нават знаходзячыся ў саюзе з Аўстра-Венгрыяй, французы не пакідалі надзеі атрымаць назад Трэнтына, Трыест і Фіумэ, якія патрапілі пад уладу імперыі Габсбургаў.
Але ж далёка не яны распачалі гэтую вайну. Палякі, як і падчас вайны з Напалеонам, зноў убачылі магчымасць аднаўлення незалежнай дзяржавы, знішчанай праз тры падзелы Рэчы Паспалітай паміж сквапнымі суседкамі — Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй. Да нацыянальнай незалежнасці імкнуліся шматлікія народы Аўстра-Венгрыі — чэхі, славакі, карпацкія русіны Галіцыі (былой Чырвонай Русі).
Расія ж была ўпэўнена, што не зможа развівацца без абмежавання германскай канкурэнцыі, і, імкнучыся захапіць новыя землі, высоўвала лозунгі аб абароне славян ад Аўстра-Венгрыі, пры гэтым, славян, што жылі на яе тэрыторыі, — украінцаў, палякаў і беларусаў — зняволіла ў часы захопа Рэчы Паспалітай і падаўляла іх барацьбу за незалежнасць. Праўда, пасля вайны з Напалеонам цар Аляксандр І урэшце зразумеў, што памыляўся, калі дурыў ды падманваў палякаў абяцаннямі аўтаноміі пад расійскай каронай. Як, зрэшты, падманваў і беларусаў, абяцаючы Міхалу Агінскаму вярнуць Літве (як Беларусь афіцыйна называлася да 1840 года) былыя вольнасці і аўтаномію. Вынікам гэтых царскіх хітрыкаў стала тое, што палякі і беларусы ваявалі акурат за вызваліцеля Напалеона, супраць цара і яго прынізлівага прыгону. Так, у 1815 годзе цар урэшце абвясціў аб стварэнні Царства Польскага, даючы палякам прывілеі, аўтаномію і ўласнае войска, што ўсё ж такі іх задаволіла не да канца і не зберагло Расію ад двух крывавых паўстанняў у 1830–1831 і 1863–1864 гадах. Ды і паўстанне дзекабрыстаў у 1825 годзе пры ўважлівым вывучэнні аказваецца бунтам дваран-шавіністаў, незадаволеных тым, што цар следам за палякамі вырашыў даць аўтаномію і ліцвінам (беларусам).