Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Прарыў ля Луцка і на Днястры сапраўды ашаламіў аўстра-венгерскую армію. Аднак ужо да ліпеня 1916 года яна ачулася ад паразы і з дапамогай германскіх войскаў здолела не толькі адбіць далейшыя атакі расійцаў, адкінуўшы іх назад, але і разграміць Румынію. Згодна з апубліваканымі архіўнымі дадзенымі, праціўнік на расійскім фронце да канца года страціў, уключна з хворымі, зусім не 2 мільёны, а менш за 1 мільён чалавек. Супраць войск Брусілава было перакінута 35 дывізій, у тым ліку 8 моцна пабітых у Італіі з захаду. Чатыры з іх былі потым адвезены назад. Разам выходзіць менш, чым спатрэбілася перакінуць супраць румын.

Як высвятляецца з дакументаў, менавіта з-за атакі Румыніі было спынена германскае наступленне пад Вердэнам. Аперацыя супраць Італіі, у сваю чаргу, «заглохла» яшчэ да пачатку Брусілаўскага прарыву.

Далей, метад так званага шырокага наступу — гэта зусім не вынаходніцтва Брусілава. Яго ўжывалі абова варожыя бакі як у 1914, так і ў 1915 годзе — як расійскія войскі Іванова ў Карпатах, так аўстра-венгерскія і нямецкія ў Галіцыі, Валыні, Польшчы, Прыбалтыцы і Сербіі. Пры прарыве ўмацаванай лініі фронту поспех мог быць дасягнуты толькі дзякуючы вялізанай колькаснай перавазе ці ва ўмовах дэмаралізацыі праціўніка. Інакш лабавы штурм прыводзіў да неапраўданых страт.

Праціўнік ужо ў чэрвені здагадаўся аб напрамку галоўнага ўдару і потым адбіў яго з дапамогай мабільных рэзерваў на вузлавых участках фронта.

Брусілаў дарэмна абвінавачваў іншых, у прыватнасці, Каледзіна, ва ўласных праліках. Той быў высунуты акурат праз Брусілава і дзейнічаў паспяхова, пакуль сам камадуючы фронтам не пачаў умешвацца ў кожную дробязь у кіраванні арміяй, якая страціла ў выніку аперацыі больш за 300 000 чалавек. Несправядлівыя і абвінавачанні ў бездзеянні Эверта: яго Заходні фронт пачаў наступленне, якое было адбіта праціўнікам. Аляксееў пасля няўдачы Заходняга фронта вырашыў перанесці галоўны ўдар на ўчастак Брусілава. На Паўднёва-Заходні фронт было накіравана да паўмільёны салдат з іншых франтоў і больш за 600 000 маршавага папаўнення. У той жа час, толькі па прыблізных падліках па ведамасцях Стаўкі, Паўднёва-Заходні фронт Брусілава з 22 мая па 14 кастрычніка 1916 года страціў 1 650 000 салдат і афіцэраў, хаця ж гэтую лічбу многія расійскія гісторыкі спрабавалі і спрабуюць выдаць за агульныя страты арміі ў вайне. Але да гэтай сумнай лічбы варта як мінімум дадаць 120 000 салдат, якія загінулі на тэрыторыі Беларусі падчас Нарачанскай аперацыі. Гэта катастрофа, правал, а не перамога!

Прасцей кажучы, Брусілаў за кароткі прамежак часу проста прыціснуў праціўніка морам людзей, як да яго дзясяткі разоў рабілі і цар Пётр І, і фельдмаршал Кутузаў, і шматлікія іншыя «героі». А не лічыць і не шкадаваць салдат у расійскім войску заўжды ўмелі. Згодна з меркаваннем гісторыка Волкава, гэтыя страты для матушкі-Расіі былі «неадчувальнымі».

Брусілаў жа, насуперак славе свайго легендарнага прарыву, на жаль, не выканаў ніводнай баявой задачы: вораг не быў разгромлены, яго страты былі меншымі, чым у расійцаў, поспех для атак на Заходнім фронце гэтай грандыёзнай наступальнай аперацыяй так і не быў падрыхтаваны. Горад Ковель, які прыцягваў усю ўвагу Брусілава, так і не быў узяты, нягледзячы на жахлівыя страты трох армій, якія марна яго штурмавалі. Невыпадкова многія аўтары звязвалі раскладанне расійскай арміі з руйнаваннем надзей на развіццё поспеху ў выніку наступлення Брусілава.

БОЙНЯ НІВЭЛЯ

Не трэба думаць, што толькі ў Расіі не шкадавалі салдат. Былі аналагічныя выпадкі і ў Францыі, і ў Германіі. Вось толькі там тых, хто дапускаў неапраўданыя страты ніхто не ўзносіў як герояў — іх звальнялі, і ў народзе памяць аб такіх камандзірах заставалася адпаведная. Чэшскі пісьменнік Яраслаў Гашак меў рацыю, абсмейваючы ў сваім легендарным «Салдаце Швейку» прагнілы бюракратычны апарат Аўстра-Венгерскай імперыі. Аналагічны бюракратызм, фармалізм і рэтраградства квітнелі ўва ўсіх арміях той вайны.

Так, французскі галоўнакамандуючы Рабэр Нівэль, адзначаны пад Вердэнам, зрабіў рашучую спробу наступлення на немцаў у красавіку 1917 года, калі вайну Германіі абвясцілі Злучаныя Штаты. У Камп’ене, дзе размяшчалася галоўнае камандаванне, прэзідэнт Пуанкарэ, прэм’ерміністр Рыбо і ваенны міністр Пэнлевэ сустрэліся з Нівэлем і яго генераламі. Генерал Мішле, які раней быў найбольш лютым праціўнікам плана Нівэля, цяпер выказаў супраць яго толькі нерашучыя довады, а д’Эсперэ і Петэн дапоўнілі іх прафесійнымі каментарамі, якія з пункту гледжання галоўнакамандуючага выглядалі дастакова кволымі. Сам Нівэль выказаў жаданне сысці ў адстаўку, але гэтага ўрад сцярпець не мог. Канферэнцыю ў Камп’ене завяршылі, не прыняўшы пэўнага рашэння, але выявіўшы два непрыемныя факты — няздольнасць выбарных палітычных лідараў кіраваць «тэхнікамі» тагачаснай вайны і глупства Лойд-Джорджа, які дапускаў, што падпарадкаванне англійскай арміі французскаму генералу не значыць падпарадкавання французскаму ўраду. З брытанцамі ў Камп’ене нават не раіліся.

Для брытанскіх саюзнікаў Нівэль прапанаваў наступленне для адцягвання ўвагі, якое павінна было на тыдзень апярэдзіць яго ўласнае. Участкам, абраным для наступлення стаў Арас, размешчаны на самай поўначы раёна нямецкага адступлення. Стратэгічна важную граду Вімі павінны быў атакаваць канадскі корпус 1-й арміі генерала Хорна, а 3-я армія генерала Аленбі працягвала б наступленне на поўдзень ад канадцаў, яшчэ далей на поўдзень 5-я армія генерала Гоу павінна была імітаваць атаку. Арас быў яшчэ адным эпізодам, дзе ўсё вырашала артылерыя (амаль 3000 гармат) і дакладная папярэдняя падрыхтоўка.

Артылерыйская падрыхтоўка пачалася 4 красавіка 1917 года, а 9 красавіка пад дажджом і снегам было распачата наступленне.

Каралеўскі паветраны флот меў колькасную перавагу, але, маючы машыны, якія саступалі найноўшым германскім самалётам, здолеў выканаць баявую задачу толькі коштам цяжкіх страт. У бітве змаглі прыняць удзел толькі 60 танкаў, але стан грунту не дазволіў многім з іх атакаваць. З іншага боку, артылерыя мела дастатковую колькасць боепрыпасаў, і яны былі адносна добрай якасці; байцы, якія атрымалі досвед на Соме, дасягнулі высокага ўзроўню майстэрства і стваралі дакладную завесу агнявой загароды.

Пяхота значна палепшыла тактыку, выкарыстаўшы сетку падземных памяшканняў Араса для таго, каб схаваць 20 000 чалавек, а таксама пабудаваўшы галерэі, якія дазвалялі войску выходзіць на перадавую, застаючыся незаўважаным. На гарачым участку знаходзіліся і салдаты Расійскага экспедыцыйнага корпуса. Пачатковая фаза наступлення стала амаль трыумфам, які не здолела сапсаваць нават надвор’е.

Чатыры дывізіі канадскага корпуса «перамахнулі праз вяршыню» а 5.30 раніцы 9 красавіка, прыкрытыя агнём 983 гармат і мінамётаў, якія паспелі абрынуць на немцаў каля мільёна снарадаў. Да сярэдзіны раніцы канадцы былі ўжо на сваім трэцім аб’екце. Раптоўны разрыў аблокаў ненадоўга выпусціў сонечнае святло, што дазволіла абодвум бакам рэальна ацаніць сітуацыю: немцы ўбачылі, што страцілі высату, канадцы зразумелі, што перамаглі. Удзень яны ўжо стаялі на хрыбеце, гледзячы зверху на даліну Дуэ. Канадцы былі першымі з саюзніцкіх салдат, хто зрабіў гэта пасля далёкіх дзён 1915 года, калі французы на працягу некалькіх гадзін утрымлівалі самую паўночную частку высаты. Гэта была незвычайная карціна: ззаду цягнулася прастора разварочанага бруду, спераду цалкам спустошаная зямля… Далей, на нямецкім баку, ляжала мірная сельская мясцовасць з вёсачкамі, якія з вялікай адлегласці падаваліся не закранутымі вайной.

Гэта быў адзін з найбольш драматычных момантаў вайны. Толькі пасля 4 гадзін дня была зроблена спроба накіраваць наперад кавалерыю, але з-за варонак на полі яна пацярпела няўдачу. Усё ж вынікам канадскіх намаганняў быў поспех.

Афіцыйны канадскі гісторык казаў:

Падчас папярэдніх баявых дзеянняў аб’екты браліся дарагім коштам, і потым зноў былі згублены з-за няўмення эфектыўна супрацьстаяць контратакам праціўніка. Злучэнні саюзнікаў даказалі сваю здольнасць пераходзіць без затрымкі ад хуткага нападу да актыўнай супольнай абароны.

31
{"b":"665598","o":1}