Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Перавага ў паветры часта залежыць ад крыху вышэйшай хуткасці, крыху больш крутога віражу, крыху большай скарастрэльнасці кулямёта і, канечне, ад умення пілота выціснуць максімум з гэтых пераваг. Было нямала пілотаў нягоршых за Манфрыда фон Рыхтгофена, але ён быў вельмі ўдачлівым асам. 16 лістапада 1917 года Чырвонага барона ўзнагародзілі ордэнам «За асабістую мужнасць». У той жа час ён быў прызначаны камандзірам Jasta-2. У адрозненні ад брытанскіх ВПС, немцы збіралі сваіх лепшых пілотаў у элітныя падраздзяленні. Пад камандваннем Рыхтгофена служыў і яго брат Лотар, які завяршыў вайну з 40 перамогамі.

Іх рознакаляровыя самалёты далі падраздзяленню мянушку «Паветраны цырк». Падчас далейшай рэарганізацыі нямецкіх ВПС у чэрвені 1917 года Манфрыд фон Рыхтгофен камандваў ужо чатырма групамі Jasta, аб’яднанымі ў баявое крыло «Ягдгешфадэр-1» (JG-1).

У красавіку 1917 года Рыхтгофен пераўзышоў самаго Бёльке, збіўшы свой саракавы самалёт. Ён стаў не проста лётчыкам-асам, але знакамітасцю з публічным іміджам нямецкай прапаганды. У саюзнікаў таксама былі свае героі: імёны такіх асаў, як англічанін Альберт Бол і француз Жорж Гінэмер, сталі легендамі. Гэтыя яскравыя асобы, рыцары паветра, як іх называлі, сталі славутымі на ўвесь свет. З амерыканскіх асаў адным з лепшых быў Рауль Лафбэры (16 перамог), які раней служыў у французскай эскадрыльі Лафайет. Але ўсе гэтыя героі ўжо загінулі. Спачатку Лафбэры і Генэмер, а потым і Бол, які стаў легендай у свой 21 год. У сваім апошнім баі ён у жорсткай сутычцы з «Паветраным цыркам» збіў Лотара Рыхтгофена, але той застаўся ў жывых, а вось Бол… 21 сакавіка 1918 года адборныя часткі германскай арміі пайшлі ў апошняе наступленне на Заходнім фронце. Пакуль наступала пяхота, звяно ЯГ-1 знаходзілася на зямлі, але на світанку 3 красавіка трыпланы падняліся ў паветра. Да 20 красавіка на рахунку Чырвонага барона было ўжо 80 перамог. Апошняй яго ахвярай стаў самалёт «Сопвіч Кэмэл» («Sopwith Camel»), расстраляны ва ўпор.

І вось надышоў ракавы для Рыхтгофена дзень. 21 красавіка яго звяно напала на два самалёты-разведчыкі. Жорсткая сутычка над англійскай лініяй абароны выклікала зенітны агонь. На дапамогу сваім разведчыкам у паветра ўзнялася эскадрылья капітана Браўна. Рыхтгофен адразу абраў сабе лейтынанта Мэя, які ў запале расстраляў усе свае патроны і пачаў прыціскаць немца да зямлі. Цяпер яны знаходзіліся над раёнам дыслакацыі аўстралійскіх войскаў. Пралятаючы вельмі нізка над траншэямі ворагаў, Рыхтгофен парушыў адно са сваіх асноўных правілаў — ніколі не рызыкаваць без патрэбы. Аўстралійскія кулямётчыкі адкрылі агонь па пралятаўшым над імі чырвоным трыплане з чорнымі крыжамі. Рыхтгофен, захапіўшыся пераследам дарэмна спрабуючага выкруціцца Мэя, падставіў сябе пад кулямётны агонь. І цяпер ролі змяніліся — той, хто раней пераследваў, быў вымушаны ўцякаць — на хвост захопленага жаданнем дабіць ворага Рыхтгофена сеў капітан Браўн, спрабуючы дастаць кулямётнай чаргой чырвоны «Фокер». Што адбылося далей, не да канца зразумела. Вядома толькі, што па трыплане стралялі і з зямлі, і з паветра. Праз хвіліну ён упаў у полі…

Калі да Чырвонага барона падбеглі, Рыхтгофен усё яшчэ сціскаў штурвал. Але не дыхаў. Салдаты ўбачылі кулявыя раненні на нагах і жываце пілота, а на падлозе яго кабіны было мора крыві. Пасля павярхоўнага медычнага агляду была зроблена выснова, што Чырвонага барона забіла куля, якую выпусціў капітан Браўн. Рыхтгофена выцягнулі з разбітага самалёта, і на наступны дзень нямецкі кароль паветра быў пахаваны на могілках ля вёскі Бертангу. Ускрыццё яго цела так і не праводзілася. На магіле было напісана: «Нашаму моцнаму і высакароднаму праціўніку». Праўда, першы брытанскі ас Эдвард Мэнак праявіў менш джэнтльмэнскую рэакцыю. Даведаўшыся аб смерці Рыхтгофена, ён сказаў: «Спадзяюся, ён падсмажыўся, пакуль падаў». Праз дзесяць дзён Манфрыду фон Рыхтгофену споўнілася б толькі 26 гадоў. У лістападзе 1925 года рэшткі Чырвонага барона былі перавезены ў Германію і перапахаваны на Берлінскіх могілках інвалідаў. Ну а знакаміты самалёт Чырвонага барона быў разабраны на сувеніры пераможцамі.

Пытанне аб тым, хто выпусціў кулю, якая забіла знакамітага лётчыка, застаецца адкрытым. Пасля гібелі Чырвонага барона генерал Роўленсан асабіста павіншаваў двух аўстралійскіх кулямётчыкаў Іванса і Буе з перамогай над грозным асам, палічыўшы, што гэта яны здзіравілі чырвоны «Фокер». Але пілоты падраздзялення брытанскіх каралеўскіх ВПС, якім камандваў капітан Браўн, цвёрда настойвалі на сваім — Чырвонага барона забіў іх камандзір. Даказаць што-небудзь было практычна немагчыма, бо самалёт Рыхтгофена расцягнулі на сувеніры. У цэлым, паказанні відавочцаў сведчылі ўсё ж аб тым, што пілот быў забіты кулямётнай чаргой з зямлі, а не Браўнам. Але дакладнай праўды мы ніколі не даведаемся.

Так запалілася і згасла зорка самага вялікага лётчыка часоў Першай сусветнай вайны. Вялікага… У СССР такога б ніколі не напісалі пра немца. Але цяпер, праз 100 гадоў, мы маем права сказаць, што Рыхтгофен быў самым выбітным лётчыкам свайго часу. А тое, што ваяваў на баку Германіі? Дык гэта ж была яго радзіма, і ваяваў ён, як сапраўдны патрыёт, у імя сваёй айчыны, тым больш, што падчас Першай сусветнай вайны, у адрозненні ад Другой, Германія мала чым адрознівалася ад той жа Расіі ці Англіі. Такая ж імперыя. Так, Германія першай распачала вайну супраць Францыі, але Расія першай напала на Германію. У той вайне не было «кепскіх хлопцаў», як гэта будзе праз дваццаць з лішкам гадоў. Падчас Першай сусветнай усе ваявалі адно з адным за пашырэнне сваіх і без таго вялікіх уладанняў. І толькі салдаты проста гінулі за свае краіны, мала разбіраючыся ў хітраспляценнях імперскага клубка ўзаемных прэтэнзій і амбіцый.

ЗАБЫТЫ ПОДЗВІГ КАЗАКА

У гады Першай суветнай вайны яго імя было вядома цэлай Расіі. Звалі яго Кузьма Кручкоў. Бравы казак красаваўся на плакатах і ўлётках, папіросных пачках і паштоўках, яго партрэты і малюнкі з выявамі яго подзвігу друкавалі ў газетах і часопісах. А вызначыўся казак ужо ў першыя дні вайны ў жніўні 1914 года ў баі з нямецкімі кавалерыстамі недалёка ад польскага горада Кальварыя. Вартавы дазор пад началам 24-гадовага прыказнога Кузьмы Кручкова ўступіў у бой з групай нямецкіх кавалерыстаў і, як запісана ў наградных дакументах, сам камандуючы падчас бітвы асабіста засёк шашкай і закалоў пікай 11 чалавек. Цяжка паверыць у такі подзвіг, але і падробка казацкіх наградных дакументаў малаверагодная.

Вось як апісаў той бой сам Кручкоў:

Зраніцы, гадзіне а дзясятай, мы накіраваліся ад горада Кальварыі да маёнтка Александрова. Нас было чацвёра — я і мае таварышы: Іван Шчэгалькоў, Васіль Астахаў і Міхаіл Іванкоў. Пачалі ўздымацца на горку і сутыкнуліся з нямецкім раз’ездам з 27-мі чалавек, сярод якіх былі іх афіцэр і ўнтэр-афіцэр. Спачатку немцы спужаліся, але потым палезлі на нас. Аднак мы іх сустрэлі цвёрда і паклалі некалькі чалавек. Выкручваючыся ад нападзення, мы вымушаны былі раз’яднацца. Мяне атачыла адзінаццаць чалавек. Не спадзеючыся ацалець у сутычцы, я вырашыў за дорага прадаць сваё жыццё. Кабыла ў мяне рухавая, паслухмяная. Хацеў спачатку скарыстацца з вінтоўкі, але ў спешцы заела патрон, і ў той жа час немец выцяў мяне па пальцах, і я кінуў вінтоўку. Схапіўся за шашку і пайшоў у работу. Атрымаў некалькі дробных ранаў. Адчуваю, кроў цячэ, але ўсведамляю, што раны несур’ёзныя. На кожнае раненне адказваю смяротным ударам, ад якога немец кладзецца пластом навекі. Паклаўшы некалькі чалвек, я адчуў, што цяжка работаць шашкай, таму схапіў іхнюю ж піку і пры яе дапамозе па адным паклаў астатніх. У той час мае таварышы справіліся з астатнімі.

На зямлі ляжалі дваццаць чатыры трупы, ды некалькі параненых коней насіліся перапужаныя. Таварышы мае атрымалі лёгкія раны, я таксама атрымаў шаснаццаць ранаў, але ўсе пустыя, так — уколы ў спіну, шыю і рукі. Кабылка мая таксама атрымала адзіннаццаць ранаў, але потым на ёй я праехаў шэсць вёрстаў.

Першага жніўня ў Белую Аліту прыбыў камандуючы арміяй генерал Рэненкампф, які зняў з сябе георгіеўскую стужку, прышпіліў мне на грудзі і павіншаваў з першым георгіеўскім крыжом.

17
{"b":"665598","o":1}