Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Але значэнне таго, што зрабілі канадцы, цалкам не было ацэнена да наступнага года, калі града Вімі стала асновай брытанскай сістэмы абароны падчас буйнога германскага наступлення ў сакавіку 1918 года. Атрыманы 9 красавіка эфект уражваў: канадцы захапілі 4000 палонных і 54 гарматы, што каштавала ім 10 500 чалавек. На поўдні 3-я армія Аленбі таксама захапіла ў палон больш за 7000 чалавек і 112 гармат. Нямецкае вышэйшае камандаванне было глыбока ўражана. Людэндорф пісаў:

Наступствы буйнога прарыву, шырынёй ад 12 да 15 кіламетраў і глыбінёй 6 кіламетраў і больш, няцяжка ацаніць, каб папоўніць панесены ўрон, неабходны вялізаныя намаганні.

Прынц Рупрэхт Баварскі, камандуючы групай армій, адзначыў у дзённіку:

Далей паўстае пытанне. Ці ёсць хаця б нейкая карысць у працягу вайны ў такіх умовах? Толькі калі ў хуткім часе будзе заключаны мір з Расіяй. Калі не, то мы павінны прызнаць сябе пераможанымі.

Але ў брытанцаў не ўсё ішло добра. Спробы выкарыстаць кавалерыю былі безнадзейнымі. Танкаў было няшмат, і яны яшчэ былі вельмі недасканалымі. Немцы ў спешцы арганізоўвалі новую лінію абароны, укамплектаваную свежымі сіламі і падмацаваную новымі дальнабойнымі гарматамі ўдасканаленых сістэм. Далейшае прасоўванне каштавала брытанцам усё даражэй і даражэй. Назва вёскі Бюлекур, месца, дзе адбываўся манеўр 5-й арміі для адцягвання ўвагі праціўніка, стала горкім сугуччам у гісторыі Аўстраліі. Калі б наступ быў своечасова спынены, то дасягнуты поспех стаў бы значнай тактычнай перамогай, у іншым выпадку плата за поспех магла быць занадта вялікай.

Праблемай для саюзнікаў стаў і сам Р. Нівэль, які распавядаў аб сваім «бліскучым» плане каму заўгодна, у тым ліку і журналістам. Нядзіўна, што інфармацыя дайшла і да немцаў. Праўда, элемент сакрэтнасці знік і дзякуючы вельмі грувасткім прыгатаванням да наступлення з удзелам 50 дывізій і 5 тысячаў гармат. Не заўважыць перасоўванне такой колькасці чалавечых і агнявых рэсурсаў было не магчыма. Камандаванне Германіі здолела ўзмацніць пяхоту і артылерыю, а таксама распрацаваць новую тактыку «глыбокай абароны», каб ускладніць французам штурм. Удала праведзеная атака, якую немцы здзейснілі 4–5 красавіка, прынесла ім нечаканы поспех: падчас яе быў захоплены дакумент, у якім утрымліваліся дэталі і дакладны графік правядзення аперацыі Нівэля.

Цяжка прыгадаць які-небудзь іншы момант на працягу ўсёй вайны, калі б лепшыя якасці французскіх салдат праявіліся больш яскрава, чым падчас красавіцкай бітвы ля Шмэн-дэ-Дам. Уся французская армія, падавалася, была ахоплена духам афіцыйнага загада, які сканчваўся словамі:

Мы выцягваем апошнюю карту! Ад усіх патрабуецца большая мужнасць, чым праяўленая раней.

Вось, умеюць французскія камандзіры натхніць сваіх салдат! У гэтыя хвіліны Нівэль падаваўся новым Напалеонам Банапартам. Праўда, надвор’е зноў было жахлівым — струмяні дажджу чаргаваліся са снежнымі завірухамі.

Генерал Спірс, які быў сведкам наступлення, распавядае:

Але уся вада ў свеце не магла патушыць жар французскіх войскаў.

Па меры бурнага затаплення даліны Эны блакітнай масай французскіх мудураў, узрастаў і грукат іх гармат. Потым, без дзвюх хвілін шостая, на поле бою раптам упала пранізлівая ціша. Роўна а шостай агнявая завеса была перанесена ў глыбіню і пяхота рушыла наперад.

Драматычны націск французскіх дывізій быў беспамылковым, але вялікія каланіяльныя кантынгенты з Афрыкі ўжо былі напаўпераможаны суворай еўрапейскай зімой. Цемнаскурыя сенегальцы прытрымлівалі свае вінтоўкі лакцямі, нібыта парасоны, імкнучыся схаваць абмарожаныя пальцы ў складках шынялёў. Які доўгі шлях прайшлі гэтыя небаракі для таго, каб кулямёты незнаёмай чужой краіны скасілі іх смертаноснымі чэргамі! Лёс, аналагічны лёсу сенегальцаў, напаткаў і расійскіх жаўнераў, якім, зрэшты, не трэба было прызвычайвацца да снегу і холаду.

Добра прыхаваныя, раскіданыя ўглыбіні кулямёты бязлітасна выкошвалі перадавую французскую пяхоту. З успамінаў удзельніка:

Гэта было свята іх д’ябальскай зброі, яны бесперашкодна распырсквалі смерць, як струмяні вады з душа. Ніколі раней іх не было так шмат.

Французы для падтрымкі наступлення выкарысталі 80 танкаў, але яны падыйшлі позна, загразнуўшы ў парытай снарадамі зямлі, і знайшлі сваю пяхоту моцна парадзеўшай і пабітай. Ды і пагроза нямецкіх газет наконт добрага немца і дурной машыны, падаецца, пачынала рабіцца рэчаіснасцю. Нямецкія салдаты ўжо не панікавалі пры выглядзе танкаў, але трапна абстрэльвалі іх з гармат і закідвалі гранатамі.

Удзельнік тых падзей прыгадваў, як нялёгка прыходзілася французскім танкістам:

Кожны танк, заўважаны праціўнікам, у той жа час ахінаўся агнём і дымам, вакол яго разрываўся залп за залпам, і калі ён яшчэ мог рухацца, то ішоў наперад сярод частаколу выбухаў.

Страты ў танках апынуліся вельмі высокімі. У французскіх паветраных сілаў таксама не атрымалася усталяваць сваё панаванне ў небе. Артылерыя атакуючага боку пасля першай фазы бою «аслепла» і часта страляла па ўласнай пяхоце. Няўдачу ўзмацняла нястача сігнальных і асвятляльных ракет. Сур’ёзна адчуваўся і недахоп зброі, напрыклад, гранат. Страты пяхоты няўхільна павялічваліся, больш частымі рабіліся жахлівыя выпадкі, калі цэлыя хвалі атакуючых салдат траплялі пад згараджальны ці перакрыжаваны агонь кулямётаў.

Стала відавочна, што на фоне маштабнай французскай падрыхтоўкі саманадзейнасць генералаў стала прычынай іх недаравальнай нядбайнасці: не былі ўлічаны шматлікія дэталі, а магчымыя цяжкасці легкадумна адкідаліся ў бок. Нідзе гэта не праявілася так трагічна, як у медыцынскіх войсках: ім было загадана падрыхтавацца да паступлення 10 000 параненых, але па ўласнай ініцыятыве санітары падрыхтавалі месцы яшчэ на 5000 асоб. Але на справе параненых апынулася 90 000.

Адразу пасля абеда немцы распачалі контратаку, збіваючы французаў з занятых пазіцый. Да вечара французы ўжо страцілі большую частку заваяванай з такой цяжкасцю тэрыторыі.

Гэтыя падзеі прадэманстравалі, што вайну нельга выйграць за сорак восем гадзін. І цяпер з’явілася пытанне: ці можна спыніць бітву, як абяцаў Нівэль, калі яе вынік будзе правальным?

На жаль, зрабіць гэта было немагчыма. Вялікія наступы нараджалі адказ, контратакі ператваралі невялікія баі ў бітвы.

Для французскай арміі ўсе надзеі былі разбіты, няхай сабе ўсе вынікі і не магчыма было прадбачыць загадзя. Для Нівэля гэта было канцом. Ён увайшоў у гісторыю як яскравы прыклад чалавека, што занадта шмат размаўляў. Яго падрэзала нават не тое, што адбылося на полі бою, але тое, што гэта занадта адрознівалася ад яго прадказанняў. У французскага салдата ёсць фантастычная здольнасць запальвацца, і ў апошнія дні таго агіднага красавіка ён запаліўся ізноў. Для яго гэта было вялізным намаганнем, але французскі салдат гэта зрабіў. За дзесяць дзён «глыбокай абароны» немцаў французы на 16-мільным адрэзку фронта прасунуліся на 4 мілі, не ўлічваючя іншых поспехаў на 35-мільным фронце іх наступлення. Яны захапілі 28 815 палонных і каля 150 гармат. Немцы прызналі, што ў гэтай бітве страцілі 163 000 чалавек. Французскія страты да сённяшняга дня з’яўляюцца прадметам спрэчак: лічбы вагаюцца ад 137 000 (паводле афіцыйных дадзеных) да больш верагодных 187 000 (паводле парламенцкіх крыніц). Але ў любым выпадку дасягненні былі значнымі і не такімі каштоўнымі, як бойні Жофра ў 1915 годзе, што не далі ніякага выніку.

БАІ ЗА НАРАЧ

Ёсць у Беларусі шмат прыгожых зачараваных азёраў, але самае вялікае і, бадай, што самае папулярнае з іх — возера Нарач, якое ляжыць на паўночным захадзе сённяшняй Мінскай вобласці, улюбёнае месца для рыбалкі і адпачынку вялікай колькасці беларусаў. У сакавіку 1916 года тут было не да рыбалоўства: пачалася Нарачанская аперацыя — наступленне расійцаў у раёне возера Нарач, наступленне, якое абярнулася новымі шматлікімі баямі і ахвярамі.

32
{"b":"665598","o":1}