Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Пасля пачатку нямецкага наступу пад Вердэнам галоўнакамандуючы французскай арміяй Жофр звярнуўся да расійскага камандавання з просьбай нанесці ўдар для адцягвання ўвагі. Расійская Стаўка, ідучы насустрач саюзнікам, вырашыла да пачатку агульнага наступлення армій Антанты, прызначанага на май 1916 года, у сакавіку правесці наступальную аперацыю на паўночным крыле Заходняга фронта. 24 лютага ў Стаўцы адбылася нарада па аператыўных пытаннях. На ёй перад камандуючым Заходнім фронтам Эвертам была пастаўлена задача нанесці моцны ўдар па германскіх арміях, сабраўшы для гэтага наколькі магчыма вялікі сілы. Задачу паставілі, але падрыхтаваліся, відаць, як заўжды: заплюшчаўшы вочы.

16 сакавіка камандуючы Аляксееў аддаў загад аб пераходзе ў наступленне. Пасля артылерыйскай падрыхтоўкі, якая працягвалася двое сутак, расійскія войскі пачалі наступ. Спярша ўсё складвалася паспяхова: 2-я армія на поўдзень ад возера Нарач уклінілася ў абарону 10-й германскай арміі на 2–9 км. Ужо 19 сакавіка камандуючы Заходнім фронтам генерал Эверт тэлеграфаваў камандуючаму 2-й арміяй:

Наступленне развіваецца слаба, без належнага кіравання начальства, без правільна арганізаванай артылерыйскай падрыхтоўкі і складаецца з разрозненых удараў, без своечасовай іх падтрымкі. У 2-й арміі я засярэдзіў пераважныя сілы як пяхоты, так і артылерыі, даў столькі снарадаў, колькі толькі быў у сілах даць, і мог разлічваць, што пры належным кіраванні ўдарнымі групамі слабы праціўнік будзе выбіты са сваіх акопаў. Між тым, ён не толькі ўтрымаўся на працягу двух дзён, але часткова нават пераходзіць у наступленне. Запатрабуйце ад начальнікаў груп і камандзіраў карпусоў належнага кіравання іх войскамі. Маючы на ўвазе велізарную перавагу сілаў 2-й арміі, загадваю праявіць належную энергію і актыўнасць ва ўсіх дзеяннях як старэйшымі, так і малодшымі начальнікамі і што б там ні было разбіць і адкінуць праціўніка, таму што надыходзячая адліга ў наступныя дні ўскладніць нам наступ.

Таксама Эверта абурыла шыхтаванне падчас атакі 3-га Сібірскага корпуса.

Гісторык М. Я. Падарожны піша:

Варта адзначыць шыхтаванне баявога парадку на атаку ў 3-м Сібірскім корпусе. Камандзір пашыхтаваў корпус на манер старажытнагерманкай «свінні» ў бітве нямецкіх рыцараў з Аляксандрам Неўскім на Чудскім возеры. Якія задумы адлюстроўваў такі шыхт — няцяжка здагадацца. Незразумела, чаму ў гэтую справу — араганізацыю баявога парадка — не ўмяшаўся камандуючы групай генерал Балуеў. Бо на самой справе, калі на ўчастку 3-га Сібірскага корпуса можа наступаць адразу некалькі палкоў у адным эшалоне, тады чаму робіцца шыхт з трох эшалонаў з такім вялікім іх расцягам у тыл і нарастаннем сіл не ў бок фронта, а ў бок тылу? Калі ж наступаць на ўчастку 3-га Сібірскага корпуса некалькімі палкамі ў адным эшалоне нельга (балота), тады неабходна рэзервы корпуса ставіць у іншым месцы, на фланзе ці ў тыле тых карпусоў, у якіх яны спатрэбяцца падчас бою і змогуць адыграць значную ролю ў сэнсе падтрымкі. Нішто з гэтага не было зроблена.

Камандзір корпуса падышоў да вырашэння такога важнага пытання фармальна, а камандуючы групай умыў у гэтай справе рукі і, як убачым потым, пакаяўся ў сваім учынку.

Бязлітасныя атакі расійскіх войскаў з цяжкасцю, але стрымліваліся праціўнікам. Потым немцы падцягнулі да раёна наступу значныя сілы і адбілі націск расійцаў, адкінуўшы іх з захопленых пазіцый. Падчас Нарачанскай (ці Нарачскай) аперацыі, здзейсніўшы подзвіг, загінула 17-гадовая Яўгенія Варанцова, добраахвотніца 3-га Сібірскага стралковага корпуса. За гераізм яна была пасмяротна ўзнагароджана Георгіеўскім крыжам.

Страты расійскай арміі за ўсю аперацыю налічваюць 120 000 чалавек, нягледзячы на тое, што Падарожны, згодна з расійскай вайсковай традыцыяй, змяншаў гэтую лічбу, даводзячы да 78 000 і імкнучыся такім чынам хаця б неяк скараціць розніцу ў стратах з абодвух бакоў, бо немцы ў той аперацыі згубілі каля 20 000 чалавек. Але нават калі браць у разлік меншую лічбу паводле Падарожнага, то розніца ўсё адно застаецца непрапарцыйнай: расійцаў загінула ўтрая болей за немцаў. Убачыўшы гэта, Падарожны і страты немцаў падвысіў да 40 000 — звычайна чорная бухгалтэрыя расійскіх гісторыкаў.

На самой справе расійская армія панесла куды больш цяжкія страты, якія ў шэсць разоў перавышалі страты праціўніка. Але дадзеная сітуацыя не адрознівалася ад таго, што адбывалася на іншых участках, бо аналагічныя велізарныя страты несла армія і на Паўднёва-Заходнім фронце.

У выніку, атака Заходняга фронта ля Нарачы вымусіла германскае камандаванне, якое вырашыла, што расійцы пачалі генеральнае наступленне і вось-вось прарвуць нямецкую абарону, на два тыдні спыніць актыўныя баявыя дзеянні пад Вердэнам. Хаця ж, ёсць і іншыя меркаванні наконт прычыны спынення нямецкай атакі, уступленне ў вайну Румыніі, напрыклад.

Немцы не чакалі аслаблення баяздольнасці расійскай арміі і не рашыліся зменшыць колькасць сваіх войскаў на расійскім фронце, перакінуўшы іх частку на французскі.

Я. З. Барсукоў у сваёй працы «Артылерыя рускай арміі (1900–1917 гг.)» піша:

Наадварот, немцы ўбачылі ўсю рызыкоўнасць свайго становішча на такім важным напрамку, як ковенскае, і вымушаны былі ў далейшым узмацніць тут свае войскі, перацягнуўшы сюды часткі з аўстра-венгерскага фронта.

У той жа час, ён прызнае правал задумы расійскага камандавання:

Сакавіцкая няўдача не магла не аказаць адмоўнага ўплыву на маральны бок рускага камандавання.

Па сутнасці, Нарачанская аперацыя была арганізавана для адцягвання ўвагі, і для гэтага манеўра кошт у 120 000 жыццяў быў занадта вялікім. Улетку германскае камандаванне чакала асноўнага ўдару на сваім фронце, але расійскае павяло Брусілаўскі прарыў, зноў коштам вялікіх страт.

БАІ ЗА СМАРГОНЬ

Цяжкія і працяглыя баі разгарнуліся пад беларускай Смаргонню, ператварыўшы горад за два з паловай гады ў суцэльныя руіны. 9 верасня 1915 года, здзейсніўшы прарыў фронта на поўнач ад Вільні і захапіўшы 12 верасня Свенцяны, 6-ы германскі кавалерыйскі корпус пачаў рэйд па тылах расійскай арміі. 13 верасня германская кавалерыя падышла да азёраў Нарач і Свір. Адсюль 1-я і 4-я кавалерыйскія дывізіі немцаў рушылі на Смаргонь, да чыгункі Вільня — Маладзечна і перапраў праз раку Вілію. 15 верасня, зраніцы германскі кавалерыйскі полк з артылерыяй і кулямётамі атакаваў Смаргонь. Расійскія маршавыя роты, што апынуліся ў горадзе, восем гадзін трымалі абарону. Панёсшы страты і растраціўшы патроны, яны ў спешцы адышлі да Крэва, насустрач рэзервовым часткам.

На захадзе, поўдні і ўсходзе ад Смаргоні часткі 36-га, 27-га, 4-га Сібірскага і 1-га кавалерыйскага корпусаў ужо ўвайшлі ў сутыкнене з немцамі. 20 верасня, каля 15-й гадзіны супольнай атакай 9-га і 10-га Сібірскіх стралковых, 68-й і 25-й пяхотнымі дывізіямі горад быў адбіты. Немцы адышлі на поўнач, за Вілію.

Увечары 24 верасня да Смаргоні з захаду, адыходзячы з баямі ад Вільні, падышлі часткі Гвардзейскага корпуса.

Элітныя палкі расійскай арміі, якія налічвалі 572 афіцэры, 23 920 штыкоў пяхоты, 1080 шабляў кавалерыі, 145 гармат і 5 аэрапланаў, былі гатовыя да сустрэчы з ворагам. Ужо на наступны дзень пачаліся гарачыя сутычкі на пераправе праз Вілію, ля млына, ля чыгуначнай станцыі. У бой за горад уступіла ўся 3-я Гвардзейская пяхотная дывізія, лейб-гвардыі Кексгольмскій, Петраградскі, Валынскі і Літоўскі палкі.

Немцы ўзмацнілі наступ, кінуўшы ў бой свежую брыгаду пяхоты.

З рэзерва корпуса падышоў лейб-гвардыі Прэабражэнскі полк і два батальёны лейб-гвардыі Грэнадзёрскага палка. Гвардзейцы стаялі на смерць і выканалі загад «Ні кроку назад, за намі Расія». Яны адбілі атакі, утрымалі смаргонскія пазіцыі і не прапусцілі ворага на трасу Мінск — Масква.

Упершыню за часы доўгага адступлення расійскіх армій немцы былі нарэшце спынены, і гэта адбылося ля Смаргоні.

Уночы горад асвятлілі агні пажараў. Паўсюль было чуваць стогны параненых нямецкіх і расійскіх салдат. З-пад абломкаў разбуранага смаргонскага касцёла дасталі целы некалькіх дзясяткаў салдат, пяці афіцэраў і трох генералаў.

33
{"b":"665598","o":1}