Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Расія ў асноўным прытрымлівалася пункту гледжання, блізкага да французскага, нягледзячы на сумны вопыт вайны з японцамі, вопыт, які на жаль мала чаму навучыў. Праўда, можна заўважыць некаторы ўхіл да ўжывання цяжкіх гармат, але вельмі нерашучы.

Ну а немцы яшчэ ў 1904 годзе распрацавалі, а ў 1914 годзе пабудувалі на заводах Крупа магутную 420-мм гармату-марціру, якую ласкава называлі «Таўстушка Берта» ў гонар унучкі Альфрэда Крупа, «гарматнага караля», які і вывеў фірму ў лідары. Берта Круп на той момант ужо афіцыйна была адзінай уладальніцай канцэрна. Марціра прызначалася для разбурэння асабліва моцных фартыфікацыйных пабудоў. Хуткастэльнасць «Берты» складала адзін стрэл на восем хвілін, а далёкасць палёту 900-кілаграмовага снараду — 14 кіламертаў. Усе тры кшталты снарадаў, якія выкарыстоўваліся для яе, мелі на той час велізарную разбуральную сілу. Фугасны снарад пры выбуху ўтвараў варонку глыбінёй больш за чатыры метры і дыяметрам больш за дзесяць.

Немцы паспяхова ўжывалі «Берту» падчас асады добра ўмацаваных французскіх і бельгійскіх крэпасцяў. Для даго, каб зламаць імкненне да супраціўлення і прымусіць да здачы гарнізон у тысячу чалавек, было неабходна толькі дзве гарматы, суткі часу і 360 снарадаў. Саюзнікі на Заходнім фронце называлі 420-мм марціры «забойцамі фартоў».

Разам было пабудавана 9 гармат, яны ўдзельнічалі ва ўзяцці Льежа ў жніўні 1914 года і ў бітве пад Вердэнам узімку 1916 года. Пад Крэпасць Асавец прывезлі чатыры гарматы 3 лютага 1915 года… Распаўсюджанае меркаванне аб тым, што ў сакавіку — жніўні 1918 года «Вялікая Берта», як называлі яе аглічане і французы, абстрэльвала Парыж, не адпавядае рэчаіснасці.

Для штурму Парыжа была пабудавана спецыяльная звышдальнабойная гармата «Каласаль» калібру 210-мм з дальнасцю агню да 120 кіламетраў.

НА ЗАХОДНІМ ФРОНЦЕ…

На Заходнім фронце ад самага пачатку вайны адбываліся самыя актыўныя і вырашальныя бітвы. Бітва на Марне перайшла ў так званы «бег да мора» — арміі Германіі і саюзнікаў, перасоўваючыся, спрабавалі акружыць адна адну з фланга. Гэта прывяло да таго, што лінія фронту самкнулася, упёршыся ў бераг Паўночнага мора. Дзеянні армій на гэтай плоскай, густа заселенай і перасечанай шашэйнымі і чыгуначнымі дарогамі мясцовасці адрозніваліся надзвычайнай мабільнасцю. Як толькі адны сутычкі сканчваліся стабілізацыяй фронта, абодва бакі хутка перакідвалі свае войскі на поўнач, у бок мора, і бітва ўзнаўлялася на наступным этапе. Спачатку баі ішлі па межах рэк Уаза і Сома, потым, на другім этапе, вяліся ўздоўж ракі Скарпы, дзе адбылася бітва ля Араса. На трэцім этапе адбыліся бітвы ля французскага горада Ліль і на рацэ Ізер, а таксама ля Іпра (30 кастрычніка — 15 лістапада 1914 года). 9 кастрычніка здаўся апошні асяродак супраціву бельгісйскай арміі — горад Антверпен, а стузаныя бельгійскія часткі далучыліся да англа-французскіх, заняўшы на фронце скрайнюю паўночную пазіцыю.

Да 15 лістапада прастора паміж Парыжам і Паўночным морам была шчыльна запоўнена вайскамі супернікаў, фронт стабілізаваўся, наступальны патэнцыял германцаў быў вычарпаны, абодва бакі перайшлі да пазіцыйнай барацьбы. Важным поспехам Антанты можна лічыць тое, што ёй удалося ўтрымаць порты, найбольш зручныя для марскога злучэння з Англіяй. Бельгія амаль цалкам была занятая германскімі вайскамі.

Фронт пачынаўся ля ўзбярэжжа ў Астэндэ і ішоў проста на поўдзень да Іпра. Такім чынам, за Антантай засталася толькі невялікая заходняя частка Фландрыі з горадам Іпр. Ліль быў захоплены немцамі. Далей фронт ішоў праз Арас на Нуаён, збочваў на ўсход да Лана, які ўтрымлівалі французы. Тут лінія фронта бліжэй за ўсё падыходзіла да Парыжа (каля 70 км) і адсюль праз Рэймс ішла ў накірунку на ўсход і пераходзіла ў Вердэнскі ўмацаваны раён. Згубленая французская тэрыторыя мела форму верацяна працягам уздоўж фронта 380–400 км і глыбінёй ў самым шырокім месцы 100–130 км ад даваеннай мяжы Францыі ў бок Парыжа. Далей, у раёне Нансі, сканчвалася зона актыўных баявых дзеянняў 1914 года, фронт ішоў у асноўным па мяжы Францыі і Германіі. Нейтральныя Швейцарыя і Італія (да часу) у вайне ўдзелу не прымалі.

У лістападзе 1914 года пачала складацца стабільная лінія фронта. Абодва бакі, вычарпаўшы наступальны патэнцыял, перайшлі да пабудовы траншэй і дротавых загародаў, разлічаных на сталае выкарыстанне. Вайна перайшла ў пазіцыйную фазу. З прычыны таго, што працягласць Заходняга фронта (ад Паўночнага мора да Швейцарыі) складала крыху больш за 700 кіламетраў, шчыльнасць размяшчэння войскаў была тут значна вышэйшай, чым на Усходнім фронце. Асаблівасцю кампаніі было тое, што інтэнсіўныя баявыя дзеянні вяліся толькі на паўночнай частцы фронта (на поўнач ад Вердэнскага ўмацаванага раёна), дзе абодва бакі канцэнтравалі асноўныя сілы.

Фронт на поўдзень ад Вердэна праціўнікі разглядалі як другарадны. Згубленая французамі зона, цэнтрам якой з’яўлялася Пікардзія, была шчыльна заселенай і лічылася важнай як у сельскагаспадарчых, так і ў прамысловых адносінах.

Не толькі царскія генералы не шкадавалі салдат і завальвалі ворага трупамі, прадпрымаючы бессэнсоўныя прарывы кшталту Брусілаўскага. Сярод немцаў у гэтым плане «вызначаўся» генерал Лангемарк. Ён арганізаваў атаку, якая ўразіла нямецкую грамадскасць сваёй недарэчнасцю і пагардай да чалавечага жыцця. Генерал кінуў на англійскія кулямёты падраздзяленні, якія складаліся з неабстраляных маладых людзей — студэнтаў і рабочых. Потым падобныя рэчы пачалі паўтараць военачальнікі з абодвух бакоў, а салдаты на гэтай вайне пачалі разглядацца як «гарматнае мяса».

Як у Германіі і Францыі, так і ў Расіі ўсе меркавалі, што вайна працягнецца некалькі месяцаў, не больш за паўгады. Але высветлілася, што генералы рыхтаваліся да мінулай вайны, а не да цяперашняй.

Не ўлічылі дасягненняў інжынернай і тэхнічнай думкі праціўнікаў. Арміі ўмелі цяпер не толькі атакаваць, бамбаваць, атручваць газамі, але і супрацьстаяць падобным атакам. Былі вынайдзены процівагазы, бліндажы і акопы для працяглай абароны. Да пачатку 1915 года абодва бакі сутыкнуліся з тым, што вайна прыняла не прадугледжаны ранейшымі планамі характар — яна стала зацяжной. Хоць у немцаў і атрымалася захапіць амаль цэлую Бельгію і значную частку Францыі, іх галоўная мэта — імклівая перамога над французамі — апынулася абсалютна недасягальнай. І Антанце, і Цэнтральным дзяржавам прыйшлося, па сутнасці, весці яшчэ не бачаны чалавецтвам тып вайны — вымотвальную, доўгатэрміновую вайну, якая патрабавала татальнай мабілізацыі эканомікі і насельніцтва.

Адносная няўдача Германіі мела яшчэ адзін важны вынік — Італія, трэці ўдзельнік Траістага саюзу, устрымалася ад уступлення ў вайну на яе баку.

Інтэнсіўнасць дзеянняў на Заходнім фронце з пачатка 1915 года значна зменшылася. Германія засяродзіла свае сілы на падрыхтоўцы аперацыі супраць Расіі. Французы і англічане таксама вырашылі скарыстацца паўзай для назапашвання сіл. На працягу першых чатырох месяцаў 1915 года на фронце панавала цішыня, баявыя дзеянні вяліся толькі ў Артуа, ля горада Арас (у лютым французы прадпрынялі спробу наступлення) і на паўднёвым усходзе ад Вердэна, дзе германскія пазіцыі стваралі так званы Сэр-Міельскі выступ, які французы спрабавалі знішчыць у красавіку. Англічане ў сакавіку зрабілі няўдалую спробу наступлення ля вёскі Неў-Шапэль.

Немцы, у сваю чаргу, распачалі контр-наступленне супраць англійскіх войскаў у паўночнай частцы фронта, у Фландрыі ля Іпра (22 красавіка — 25 мая), падчас якога Германія ўпершыню ў гісторыі чалавецтва з поўнай нечаканасцю для англічан и французаў ужыла хімічную зброю, выпусціўшы на пазіцыі ворага хлор з балонаў. Ад газу пазярпела 15 000 чалавек, з якіх 5000 загінула. Але немцы не мелі дастатковых рэзерваў, каб скарыстацца вынікам газавай атакі і прарваць фронт. Пасля апісаных іпрскіх падзей абодва бакі вельмі хутка здолелі распрацаваць процівагазы разнастайных канструкцый, і далейшыя спробы ўжыцця хімічнай зброі ўжо не былі неспадзяванкай для вялікай колькасці войска.

22
{"b":"665598","o":1}