Я плаваў на паверхні вады, за выключэннем выпадкаў, калі ў моры было відаць судны; тады я зусім пагружаўся, не паказваючы нават пераскопа. У 6.10 раніцы я ўбачыў адзін з вялікіх англійскіх крэйсераў у 18 мілях ад Хук-ван-Холанда; мая лодка адышла ад сваёй базы значна далей за 200 міль; і яна хоць і была старога тыпу, але працавала выдатна. Мы былі пад вадой, паказваючы толькі 5 футаў свайго пераскопа. Але калі пабачылі крэйсеры, то зусім сышлі пад ваду і працягвалі ісці ў іх напрамку такім чынам, каб заняць становішча ў сярэдзіне ўтворанага праз крэйсеры трохкутніка.
Калі я зноў падняўся, то знаходзіўся ўжо на дыстанцыі міннага стрэлу, але, жадаючы біць напэўна, зноў пагрузіўся і яшчэ больш наблізіўся да крэйсераў; потым зноў падняўся і, ацаніўшы адлегласць, вырашыў адсюль пусціць міну…
Тады, сышоўшы на 12 футаў пад ваду, я пусціў адну міну, якая патрапіла ў корпус судна пад склепам, выбух якога давяршыў пагібель крэйсера (гэта быў «Абукір») на працягу некалькіх хвілін; на лодцы адчуваўся шум і перадавалася вібрацыя ад выбуху крэйсера; яго экіпаж прадэманстраваў вялікую мужнасць, стоячы ля гармат да самага пагружэння корпуса, гатовы адкрыць агонь, але марна, бо я сышоў пад ваду, паспеўшы, аднак, заўважыць, што абодва іншых крэйсеры на поўным ходзе рынуліся дапамагаць таварышчам.
Апусціўшыся на належную глыбіню, я ў той жа час пусціў адну міну па бліжэйшым з іх; англічане дапамаглі мне ў выкананні маёй задачы; міна патрапіла ў «Хуг», але не так удала, як першая, бо крэйсер пратрымаўся на вадзе яшчэ 20 хвілін, потым перавярнуўся і патануў. Трэці крэйсер тым часам ацаніў небяспеку, якой падвяргаўся, асцярожна зігзагамі набліжаўся, страляючы з кароткаствольных гармат, але беспаспяхова, хаця адзін са снарадаў ударыўся даволі блізка ад нас. На бліжэйшай адлегласці я пусціў у «Крэсі» дзве міны; раздаўся выбух, каманда да канца стаяла ля гармат, прадэманстравала традыцыйнае для англійскіх маракоў геройства.
Адыходзячы з месца гібелі крэйсераў, я спрабаваў час ад часу паказвацца мінаносцам праціўніка, каб завесці іх у раён патаплення англійскіх суднаў; ў прыцемках яны заўважылі мяне і імкнуліся захапіць у лавушку, але мы не паддаліся, і ў хуткім часе яны спынілі пераслед.
З дакументаў бачна, што U-9 дзейнічала ў ідэальных для сябе ўмовах, а англічане былі бездапаможнымі ў дачыненні да пагрозы з-пад вады. Канечне, такая раскоша для падводных лодак хутка скончылася, і з 351 германскай субмарыны, якія ўдзельнічалі ў Першай сусветнай вайне, 178 лодак (больш за 50 %) былі патоплены.
У цэлым жа на працягу 1914 года дзеянні абодвух бакоў былі засяроджаны на знішчэнні баявых караблёў адно аднаго. Падводныя лодкі за гэты тэрмін патапілі разам 8 крэйсераў і адзін лінкор.
Таксама было пачата знішчэнне гандлёвых судоў — 20 кастрычніка 1914 года субмарына U-17 патапіла параход «Глітра», які стаў першым камерцыйным параходам, знішчаным у часы Першай сусветнай вайны. Ён затануў ля нарвежскага берага, і пры гэтым былі захаваны ўсе фармальнасці прызавога права.
Разам на працягу кастрычніка — снежня 1914 года было знішчана 300 000 тон гандлёвага танажу.
У 1915 годзе пачалася, але адносна абмежаваная, падводная вайна. Блакада партоў Германіі Вялікабрытаніяй пацягнула за сабой распрацоўку контрмер. Для ўсталявання блакады планавана ўжываць падводныя лодкі і дапаможныя крэйсеры-рэйдары, пераабсталяваныя з гандлёвых суднаў. Лонданская дэкларацыя 1909 года, якая рэгулявала правілы марской блакады, была створана для крэйсераў пры ўмове неаказання супраціву гандлёвымі судамі. Таму дэкларацыю было складана ўжыць у дачыненні да падводных лодак, што, усплываючы для дагляду, рабіліся лёгкай здабычай.
13 студзеня 1915 года брытанскае Адміралцейства выдала сакрэтнае распараджэнне, якое дазваляла гандлёвым суднам Злучанага Караўства выкарыстоўваць сцягі нейтральных краін. У той жа дзень пачаліся працы па ўсталёўцы артылёрыйскіх гармат на гандлёвых караблях.
7 мая 1915 года немецкая U-20 пад камандаваннем капітан-лейтынанта Вальтэра Швігера памылкова выпусціла тарпеды па трансатлантычным лайнеры «Лузітанія». Карабель быў знішчаны адзінай тарпедай і патануў усяго за 20 хвілін. Загінула 1198 чалавек, у тым ліку 128 грамадзян ЗША. Амерыканскія і англійскія ўлады і прэса яшчэ на працягу доўгага часу з папрокам прыгадвалі Германіі гэтую трагедыю. Праз тыдзень пасля катастрофы ўрад ЗША накіраваў ноту пратэсту, у якой паведамлялася, што судна было пасажырскім і яго патапленне з’яўляецца праявай пірацтва ў адкрытым акіяне. На гэта немцы адказалі, што «Лузітанія» знаходзілася ў водах, абвешчаных зонай баявых дзеянняў, і што папярэджанне аб гэтым было надрукавана ва ўсіх газетах света. Гэта падзея абвастрыла адносіны Германіі і ЗША, шлі бясконцыя абмены нотамі аб выплатах сем’ям пацярпелых. Трагедыя «Лузітаніі» падштурхнула прэзідэнта Злучаных Штатаў Вудра Вільсана да разгляду магчымасці абвясціць Германіі вайну. Гэта падзея таксама напружыла стасункі ў нямецкім Адміралштабе — кайзер быў супраць неабмежаванай падводнай вайны, у адрозненні ад грос-адмірала Альфрэда фон Тырпіца.
Яшчэ напярэдадні вайны з пункту гледжання закона падлодка, сустрэўшы варожы карабель, павінна была даслаць на борт партыю ваеннаслужачых для дагляду. Калі была ўсталявана наяўнасць забароненага ладунку, судна лічылася прызам. Патрэбна было адвесці яго ў свой порт ці, пры немагчымасці, знішчыць, гарантуючы бяспеку экіпажу. Артылерыю на субмарынах, за рэдкім выключэннем, не ўсталёўвалі, а тарпедны залп па гандлёвым судне проста не ўкладаўся ў галовах маракоў. Але ў жыцці ўсё аказалася значна больш жорстка і сувора, чым на паперы.
Некаторыя гісторыкі лічаць, што патапленне «Лузітаніі» вызначыла ўдзел Злучаных Штатаў у вайне. Але, як высветлілася ўжо ў 2009 годзе, ЗША і Вялікабрытанія таксама не былі з чыстымі рукамі. Вадалазы даследвалі рэшткі лайнера, пасля чаго былі атрыманы сведчанні таемнай перавозкі боепрыпасаў на гэтым грамадзянскім лайнеры, што раней урады пацярпелых краін адмаўлялі. Вось чаму карабель зайшоў у зону баявых дзеянняў!
Адзін з вадалазаў, Цім Кэры, сказаў:
Тое, што мы знайшлі, не пакідае сумневаў у тым, што «Лузітанія» дастаўляла боепрыпасы са Злучаных Штатаў еўрапейскім саюзніцкім вайскам.
А як ішлі справы з субмарынамі ў Расійскай імперыі?
Проста кажучы, не надта. Маракі, журналісты, пісьменнікі змарнавалі гару паперы ў апісаннях будучай вайны на моры. Да гэтай тэмы прыклаў руку і Жуль Верн, апісваючы «Наўцілус» капітана Нэма, і аўтар знакамітых прыгод Шэрлака Холмса сэр Артур Конан Дойль. Апошні ў 1914 годзе апублікаваў аповесць, у якой падлодкі невялікай краіны пагражаюць існаванню вялікай марской дзяржавы. У гэтай плыні паперы і словаў, якая мала цікавіла вайскоўцаў, тым не менш сустракаліся вельмі дакладныя і важныя прадказанні. Вось і расійскі флот быў адным з нешматлікіх, які меў баявы падводны досвед, але нават вядучы расійскі канструктар субмарын І. Г. Бубноў у 1909 годзе пісаў, што лодкі ў будучай вайне будуць несці пазіцыйную службу ля берагоў, «як своеасаблівыя мінныя банкі». Падводныя лодкі ніколі не былі сярод улюбёнай зброі адміралаў царскага флоту. Іх больш прываблівалі прыгожыя, шматгарматныя браненосцы, да якіх меў сімпатыю і цар Мікалай, а не несамавітыя прысадзістыя субмарыны. Такое стаўленне часта выяўлялася ў шматлікіх анекдотах пра падводнікаў.
Перад Першай сусветнай вайной, для прыцягвання добраахвотнікаў у падводны флот было зроблена хадатайніцтва аб прыбаўленні пенсіі афіцэрам-падводнікам. Рэакцыя адміралцейскіх чыноў аказалася станоўчай, але вельмі своеасаблівай: «Можна і дадаць, усё адно патонуць!» Нескладана ўявіць, наколькі рэтраградніцкі і бюракратычны дух панаваў у вышэйшых эшалонах арміі і флоту.
Увогуле, такое стаўленне да падводных лодак было характэрна для большасці адміралаў любой краіны. Нават немцы, якія ледзь не паставілі Англію на калені ў марскіх бітвах менавіта дзякуючы падводным лодкам, у 1914 годзе яшчэ не ведалі, што з імі рабіць. У першыя дні вайны дазорны мінаносец выводзіў субмарыны ў адкрытыя воды, дзе яны да вечара стаялі на якары, як плывучыя вартоўні ля галоўнай базы кайзераўскага флоту.