Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Улетку 1914 года брыгада падлодак расійскага Балтыйскага флоту мела 8 баявых і 3 вучэбных лодкі. Але толькі адна з іх, «Акула», лічылася па-сапраўднаму баяздольнай. Астатнія належалі да канструкцый часоў расійска-японскай вайны і не маглі адыходзіць далей за Фінскі заліў і яго ваколіцы. Праўда, іх экіпажы дастаткова сур’ёзна рыхтаваліся да баявых дзеянняў, і кожны камандзір зрабіў па 46 тарпедных стрэлаў з розных лодак.

Ужо 29 ліпеня 1914 года субмарыны прынялі на борт баявыя тарпеды. Яшчэ да пачатка ваенных дзеянняў па загадзе адмірала Эсэна быў эвакуяваны Лібаўскі порт і падлодкі разам з плыўбазай «Анадыр» пераведзены ў Рэвель, а ўся маёмасць вучэбнага атрада была пакінута. З 212 падводнікаў 132 адправілі на караблі, 27 — на падлодкі, астатніх — каго куды.

Але калі пачаліся баявыя дзеянні, падводныя караблі вышлі на пазіцыі перад міннай загародай і ўсталі на якары ад старых мін, каб у выпадку неабходнасці можна было іх кінуць. Прастаяўшы ад 7 да 16 гадзін у моры, субмарыны вярнуліся. У далейшым тая ж практыка захавалася: для палягчэння захавання пазіцыі ў моры пакідалі пустыя бочкі з-пад бензіну, і лодкі стаялі ля іх. Пазней мінаносцы расстралялі ўсе бочкі, прыняўшы за міны. Такім чынам, тактыка першапачатковага выкарыстання лодак у расійцаў і ў немцаў была абсалютна аднолькавай, хоць расійскія прайшлі больш сур’ёзную падрыхтоўку.

Чаканага хуткага ўварвання немцаў у Фінскі заліў не адбылося.

Немцы, у сваю чаргу, не дачакаліся атакі на Гэльгаланд. Толькі 24 жніўня 3 крэйсера і падлодка U-3 выйшлі ў аперацыю супраць расійскіх дазораў.

Прычым U-3 з Кіля буксавалі надводным караблём, каб не стаміць раней патрэбнага экіпаж 600-мільным пераходам.

Крэйсеры павінны былі завабіць расійскія караблі, якія неслі дазор, на засаду падлодкі. У далейшым гэты спосаб немцы практыкавалі часта. Так, 27 жніўня нямецкія крэйсеры спрабавалі зацягнуць «Адмірала Макарава» і «Баяна». У той дзень адмірал Берынг моцна рызыкаваў, вабячы расійскія крэйсеры на пазіцыю U-3. Ён спыніў крэйсер «Аугсбург» пад абстрэлам двух расійскіх і выпусціў частку пары, імітуючы трапнасць стрэлу ў карабель. Аднак расійскія судны не пайшлі на збліжэнне. У субмарыны адмовілі стырны, і самастойная зрабіць яна не магла нічога. Вярнуўшыся, камандзір данёс, што лодка непрыдатная для доўгіх аперацый.

Калі з дакументаў, захопленых на крэйсеры «Магдэбург», стала вядома, што немцы не плануюць уварвання на Балтыку, гэта адбілася і на дзеяннях субмарын.

«Дракон» і «Мінога» перайшлі са сталага пункта базавання ў Рэвелі ў Маанзунд і 1 верасня выйшлі на пазіцыі да маяка Тахкона і да Одэнсхольма. На ноч лодкі вярталіся.

7 верасня немцы здзейснілі рэйд у Батнічны заліў трыма крэйсерамі, патапіўшы расійскі параход «Улеяборг». У той жа дзень «Акула» лейтынанта М. А. Гудзіма, аднаго з найбольш вядомых расійскіх падводнікаў, выйшла ў падыход да Дагерорта, а потым замест таго, каб вярнуцца, засталася ў моры і пайшла да берагоў Швецыі. 8 верасня яна ля шведскага ўзбярэжжа Готска-Сандзён выявіла крэйсер «Амазонэ» і з адлегласці 7 кабельтовых а 4.05 выпусціла адну тарпеду па мінаносцах, якія набліжаліся. Немцы, заўважыўшы пенную сцежку, збочылі, тарпеда прайшла міма. Так скончылася першая атака расійскай падлодкі.

Гэтая «самаволка» дала камандаванню ўпэўненасць, што лодкі могуць ваяваць значна актыўней. Напрыканцы верасня ўсе субмарыны выходзілі да Дагенрорта, але іх камандзіры ўжо прагнулі большага і засыпалі сваё начальства рапартамі з планамі разнастайных аперацый.

24 верасня «Дракон» выйшаў да Віндавы (цяперашні Вентспілс, Латвія), бо разведка паведаміла, што там групуюцца нямецкія караблі. На наступны дзень у раён Даго перайшла ўся брыгада. Аднак немцы даведаліся аб прарыве англійскіх лодак на Балтыку і адвялі караблі.

А з 10 па 11 кастрычніка, за 10 дзён да гераічнага бою Ота Ведынгена з брытанцамі, нямецкія падводнікі далі ўрок расійскім. Царскія «Грамабой» і «Адмірал Макараў» з мінаносцам «Дзейсны» выйшлі з Лапвіка ў Фінскі заліў. Яшчэ на Лапвікскіх створах заўважылі парусную лайбу. «Макараў» пайшоў на збліжэнне і выявіў, што гэта жалезны галандскі бот. Яму загадалі зайсці ў Балтыйскі порт для агляду. Потым крэйсер пачаў збочваць управа, і а 8.10 з-за лайбы вырваліся тарпеды. Як высветлілася, нямецкая U-26 трымалася блізка і дакладна выкарыстала момант, калі ўвага маракоў была звернута выключна на лайбу. Перыскоп ніхто не заўважыў, дзве тарпеды прайшлі ўшчыльную ля носа, а апошняя — за кармой. Гэта пры ўмове, што U-26 страляла з 1200 метраў.

Крэйсер даў поўны ход, стрэліў па лайбе некалькімі баявымі снарадамі, а потым хадзіў па заліве разам з «Грамабоем» вялікімі ходамі, часта змяняючы курсы. «Дзейсны» ўжо пад канвоем павёў лайбу ў порт на дазнанне, ці не дзейнічала яна супольна з «немкай». Атака, якая ледзь не завяршылася поспехам, нічаму не навучыла расійскіх маракоў.

На наступны дзень U-26 атакавала караблі, якія вярталіся з дазора. Нягледзячы на тое, што «Палада» і «Баян» праходзілі праз месца атакі «Адмірала Макарава», абодва караблі ішлі простым курсам. Капітан-лейтынант фон Беркхайм заўважыў караблі каля 8 гадзіны раніцы, але не меў бы магчымасці іх атакаваць, калі б караблі не змянілі курс і не пайшлі проста на лодку. Да 11-й гадзіны «Палада» проста сама падплыла пад тарпедныя ўстаноўкі U-26.

Нямецкая субмарына падышла на 500 метраў і стрэліла адной тарпедай, якая трапіла дакладна ў цэль. На борце здэтанавалі боепрыпасы, і крэйсер выбухнуў, загінуўшы за адно імгненне разам з усім экіпажам. З 600 маракоў пасля разрыву тарпеды і дэтанацыі боепрыпасаў не ацалеў ніхто. «Баян» пасля выбуху павярнуў і сышоў назад, часта змяняючы курс.

Уся каманда U-26 была ўзнагароджана жалезнымі крыжамі 1-га і 2-га класаў, ордэн атрымаў і камандзір атрада контр-адмірал Берынг. 14 кастрычніка ўсе нямецкія субмарыны вярнуліся на базы. У гэты раз рэакцыя расійскіх марскіх начальнікаў была імгненнай. Тэрмінова адклікалі ўсе надводныя караблі, а для знешняга гандлю пакінулі адкрытым толькі фінкі порт Раўма ў Батнічным заліве.

У загадзе камандуючага Балтыйскім флотам адмірала Эсэна з’явіліся такія словы:

Апошія тыдні вайны яскрава паказалі, што на некаторых марскіх тэатрах, да якіх належыць і Балтыйскі, падлодкі… атрымліваюць вялікае значэнне.

Толькі пасля трагедыі падводныя сілы Балтфлота было вырашана ўзмацніць караблямі з Далёкага Усходу. З’явілася ідэя папрасіць англічан прыслаць некалькі субмарын, але яны зрабілі гэта самі. Без узгаднення з расійскім камадаваннем лодкі Е-1, Е-9 і Е-11 атрымалі загад ісці на Балтыку ў Лібаву. Задача — атака нямецкіх лінкораў, якія праводзілі артылерыйскія вучэнні ў Кільскай бухце.

Расійскае камандаванне спрабавала схаваць ад немцаў факт прыбыцця англічан. Сцягі спушчаны, нумары на рубках зафарбаваны, каманда на бераг не звальняецца, афіцэры толькі ў штатскім. Аднак англічанам гэта не спадабалася, яны не выконвалі ўмоў канспірацыі, і ў хуткім часе немцы дакладна даведаліся, дзе стаяць брытанцы.

Англійскія караблі падпарадкаваліся расійскаму камандаванню 26 кастрычніка, толькі пасля настойлівых просьб і катэгарычных патрабаванняў. Маракі флота Яго Вялікасці, у асноўным, атрымалі раён патрулявання ў Данцыгскай бухце, дзе з’яўляліся буйныя караблі. У 1914 годзе яны без усялякага поспеху выканалі чатыры атакі. З расійскіх падводных лодак туды магла дайсці толькі «Акула», якая 22 красавіка схібіла тарпедай па параходзе.

Нягледзячы на тое, што балтыйскія падводнікі трэніраваліся значна лепш за сваіх чарнаморскіх калег, ніводная тарпеда так і не дасягнула мэты. Гэта тлумачыцца адсутнасцю метадаў манеўравання, стральбой адзіночнымі тарпедамі і часта без нацэльвання, на вока. Да таго ж, пазней выявіўся надахоп саміх тарпед. Яны змяшчаліся ў вонкавых апаратах і падчас пагружэння на глыбіню 15 м атрымлівалі пашкоджанні, іх кармавыя аддзяленні запаўняліся вадой — у такіх абставінах не прыходзілася казаць пра нейкую дакладную стральбу.

Усяго на працягу 1914 года расійскія падводныя лодкі зрабілі 18 паходаў, адзін з якіх ледзь не скончыўся трагічна.

37
{"b":"665598","o":1}