Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

16 жніўня 1915 года нямецкія адміралы паўтарылі спробу прарвацца праз Ірбенскі праліў. На працягу дня ў немцаў атрымалася пратраліць праліў, няглядзячы на тое, што яны страцілі адно судна.

«Слава» была вымушана пасля бою адысці з нямецкімі браненосцамі «Насау» і «Позэн». У ноч на 17 жніўня два германскія эсмінцы праніклі ў Рыжскі заліў. У баі з расійскім эсмінцам «Новік» нямецкі эсмінец V-99 быў пашкоджаны, а потым падарваўся на мінах і быў затоплены экіпажам.

Удзень 17 жніўня «Слава» зноў уступіла ў бой з браненосцамі «Насау» і «Позэн», атрымала тры пападанні і адышла да выспаў Маанзунда.

19 жніўня зноў падарваўся на мінах і затануў нямецкі эсмінец «S-31», а брытанская падлодка Е-1 выпусціла тарпеду па нямецкім лінейным крэйсеры «Мольтке». Так, напрыканцы жніўня нямецкі флот быў вымушаны пакінуць Рыжскі заліў.

Праўда, лёс вайны на моры вырашаўся не ў гэтых лакальных сутычках, але ў грандыёзных марскіх бітвах з англічанамі. Расстаноўку сіл на моры ў значнай ступені вырашыла знакамітая Ютландская бітва, што адбылася блізу дацкай паўвыспы.

З пачатку вайны брытанскі флот блакаваў выйсце з Паўночнага мора, спыніўшы марскія пастаўкі сыравіны і прадуктаў у Германію.

Асноўныя баявыя дзеянні германскага флоту на гэтым тэатры заключаліся ў спробах прарваць блакаду, а англійскага — ім перашкодзіць. Ютландскай бітве папярэднічала бітва ў Гэльгаландскай бухце (1914 год) і бітва ля Догер-банкі (1915 год). У абедзвюх перамаглі англічане. 24 студзеня 1916 года камандуючым нямецкім флотам адкрытага мора быў прызначаны адмірал Рэйнхард Шэер, які з самага пачатку рашуча выступіў за актыўную наступальную стратэгію. У лютым 1916 года Шэер з афіцэрамі штаба флоту распрацаваў стратэгічны дакумент «Кіруючыя прынцыпы вайсковых дзеянняў на Паўночным моры». Сутнасць яго плана заключалася ў тым, каб у рашучай бітве зламаць перавагу англічан і прарваць блакаду.

У маі 1916 года германскі флот здзейсніў спробу прарыву блакады асноўнымі сіламі, што прывяло да сутыкнення з галоўнымі сіламі брытанскага флоту ля паўвыспы Ютландыя.

Англійскае Адміралцейства адзначыла павышаную актыўнасць германскіх падводных лодак у Паўночным моры і зрабіла правільную выснову аб наяўнасці ў немцаў пэўнага плана. Разведвальны «Пакой 40» пацвердзіў гэтую асцярогу, расшыфраваўшы загад Шэера. 30 мая ён перадаў:

Варожыя сілы могуць выйсці ў мора.

Лёгкія крэйсеры і эсмінцы англічан атрымалі загад вярнуцца ў гавань, а ў абед 3-я эскадра лінкораў, якая базавалася ў вусці Тэмзы, атрымала загад падрыхтавацца ды выхаду ў мора на наступную раніцу. А 17:40 Адміралцейства даслала паведамленне адміралам Джыліко і Біці:

Немцы прызначылі пэўную аперацыю, выходзяць праз Хорнс-рыф. Вы павінны сканцэнтравацца на ўсход ад Доўгіх Саракавых (раён прыкладна ў 60 мілях ад узбярэжжа Шатландыі) ў гатоўнасці да ўсялякай сустрэчы.

Немцы, у сваю чаргу, планавалі завабіць частку брытанскага флоту ў мора і знішчыць яго.

Дзве эскадры, нямецкая і англійская, ішлі практычна паралельна адна адной, рухаючыся на поўдзень, і пасля прыстрэльвання немцы пачалі трапляць. Яны знаходзіліся ў больш выгоднай пазіцыі, бо сонца асвятляла брытанскія караблі, а вецер адносіў дым прэч, не перашкаджаючы нямецкім наводчыкам. Англійскія «Лайан» і «Тайгер» атрымалі па 3 пападанні, а нямецкія караблі заставаліся непашкоджанымі на працягу наступных пяці хвілін. Потым снарад з англійскага «Куін Мэры» знішчыў адну вежу «Зэйдліца», дзе загінуў увесь разлік. Горкія ўрокі бою на Догер-банке не пайшлі на карысць капітану Біці, і зноў пачалася блытаніна з размеркаваннем цэляў. Нямецкі «Дэрфлінгер» ніхто не абстрэльваў на працягу дзесяці хвілін, да таго як «Куін Мэры» перанёс агонь на яго і адразу трапіў. Снарад «Лютцова» прабіў дах сярэдняй вежы «Лайана» і разарваўся ўсярэдзіне.

Выбухнулі зарады ў рабочым аддзяленні пад вежай, агонь пабег па елеватары ў склеп. Карабель мог загінуць, але смяротна паранены камандзір вежы, маёр марской пяхоты Харві паспеў аддаць загад задраіць дзверы склепа і затапіць яго. Калі агонь спусціўся ў перагрузачнае аддзяленне, матросы ў склепе паспелі зачыніць дзверы. Пазней іх так і знайшлі: яны трымаліся за крэмальеры дзвярэй. А 16:02 здарылася першая катастрофа. З «Нью Зіланда» ўбачылі, як у «Indefatigable» трапілі два снарады з нямецкага «Фон дэр Тана» — адзін у паўбак, другі ў насавую вежу — і абодва разарваліся. Праз 30 секунд увесь англійскі карабель вылецеў у паветра. Першы выбух адбыўся ў насавой частцы: спачатку ўверх узляцела сцяна полымя, за ёй узнялася воблака густа-шэрага дыму, якое зусім схавала карабель. У паветра паляцелі абломкі. Абсалютна цэлы 50-футавы паравы кацер падляцеў амаль на 200 футаў дагары днішчам. Бо на «Indefatigable» ніхто не здолеў зачыніць дзверы ў баявы склеп вежы А увесь экіпаж (1117 чалавек) загінуў разам з караблём. Выратаваліся толькі два назіральнікі на фор-марсе, якіх падабраў германскі мінаносец S-16.

А 16:08 5-я англіская эскадра лінейных караблёў адкрыла агонь з лімітнай дыстанцыі ў 100 кабельтаў і, нягледзячы на вялікую адлегласць, адразу дасягнула пападанняў. «Фон дэр Тан» атрымаў падводную прабоіну і набраў 600 тон вады. На «Зэйдліцы» яшчэ адна вежа была выведзена са строю. Па словах Шэера:

Становішча лінейных крэйсераў адразу стала крытычным. Новы праціўнік страляў з надзвычайнай хуткасцю і дакладнасцю, тым больш што не сустракаў ніякага супраціву, бо нашыя караблі былі заняты боем з караблямі Біці… Пальба аглійскіх лінейных крэйсэраў не нанесла вялікіх пашкоджанняў нашым лінейным крэйсерам, але караблі тыпу «Куін Элізабэт» зрабілі проста выдатнае ўражанне.

А 16:10 была знішчала галоўная радыёстанцыя «Лайана». Ад гэтага моманту ўсе паведамленні Біці перадаваліся Джэліко з вялікай затрымкай, бо спачатку гэта рабілі пражэктарам «Прынцэс Роял». Праз пару хвілін, калі адлегласць паміж лінейнымі крэйсерамі павялічылася да 18 000 ярдаў, Біці павярнуў на 4 румбы на праціўніка. 5-я эскадра лінкораў таксама набліжалася да немцаў. У той час «Дэрфлінгер» і «Зэйдліц» абстрэльвалі «Куін Мэры». А 16:26 немцы далі залп па «Каралеве Мэры», і ў насавой частцы карабля загарэлася яскравае чырвонае полымя, раздаўся выбух, і амаль у тую ж секунду паследваў яшчэ больш моцны выбух у сярэдзіне корпуса. У паветра паляцелі абломкі, узнялася гіганцкае воблака дыму, мачты склаліся ўсярэдзіну, і ўсё знікла. Карабель пагрузіўся носам у ваду, потым выбухнула карма — і ён цалкам схаваўся пад вадой. «Тайгер» следаваў непасрэдна ў кільватарным струмяні «Куін Мэры», і калі праз 30 секунд пасля выбуху праходзіў праз дымавое воблака, яго палубу цалкам засыпала аскепкамі, а матросы не ўбачылі ніякіх прыкмет «каралевы». Толькі 17 чалавек з яе экіпажа былі падабраны эсмінцамі.

Словы аглушанага Біці ўвашлі ў гісторыю Каралеўскага флоту. Адмірал сказаў Чэтфілду: «Падаецца, сёння нешта не тое з нашымі халернымі караблямі!» Пазней, падчас разбіральніцтва такіх катастрафічных наступстваў нямецкага абстрэлу, англічане прыйшлі да высновы, што выбухі адбыліся з-за няправільнага размяшчэння боепрыпасаў, як і з-за іх неналежнай якасці.

А 16:28 брытанцы ўбачылі, як нямецкія крэйсеры разварочваюцца — яны больш не маглі вытрымліваць агонь англійскіх гармат. Капітан Хіпер прызнаў, што ад катастрофы немцаў выратавала толькі кепская якасць англійскіх снарадаў: усе лінейныя крэйсеры немцаў, акрамя «Дэрфлінгера» атрымалі па 3–4 простых пападанні і мелі сур’ёзныя пашкоджанні. А 15:55 Біці падаў сігнал эсмінцам: «З’явілася зручная магчымасць атакаваць». Але эсмінцы проста не маглі абагнаць лінейныя крэйсеры, 9-я і 10-я флатыліі Голдсміта, апынуўшыся паміж лінейнымі крэйсерамі, сваім дымам толькі перашкаджалі іх артылерыстам страляць. Здзейсніць атаку атрымалася толькі ў эсмінцаў 13-й флатыліі, якія ішлі наперадзе «Лайана». Да іх паспелі далучыцца і 4 эсмінцы Голдсміта.

Насустрач брытанцам рынулася 9-я нямецкая флатылія пад кіраўніцтвам камандора Гэйнрыха на лёгкім крэйсеры «Рэгенсбург». Завязаўся бой, у якім нямецкія эсмінцы атрымалі вялікую колькасць пападанняў, V-27 і V-29 страцілі ход і пазней патанулі. Англічане згубілі «Намад» і «Нэстар», якія, атрымаўшы спярша сур’ёзныя пашкоджанні, патрапілі пад абстрэл лінейнага флоту і пазней затанулі. Біці і Эван-Томас здолелі ўхіліцца ад усіх 18 тарпед, выпушчаных германскімі эсмінцамі.

40
{"b":"665598","o":1}