Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Уночы лодка зараджала акумулятарныя батарэі, па моры, паступова ўзмацняючыся, пайшлі хвалі. Адна з іх накрыла субмарыну, і шмат вады патрапіла праз адчынены люк усярэдзіну. Удалечыні паказаліся агні парахода, і камандзір лодкі пайшоў на збліжэнне.

Нечакана сігнальшчык заўважыў на карме чырвоны агонь, які хутка набліжаецца. У хуткім часе стала зразумела, што гэта мінаносец, які ідзе проста на лодку. Субмарына тэрмінова пачала пагружэнне, і тут адазвалася здарэнне з хваляй. Заліты ёй электраматор даў моцную ўспышку, і механік атрымаў сур’ёзныя апёкі. Аднак дзякуючы добраму валоданню тэхнікай падводнікі змаглі замяніць пацярпелага і хутка ўвялі судна пад ваду. Толькі пасля гэтага матрос, які прыбег на цэнтральны пост, даклаў, што на носе было добра чуваць шум ад вінтоў тарпеды, што прайшла ў 1–2 м ад борта. Некалькі імгненняў выратавалі лодку ад пападання тарпеды і ўдару форштэўнем мінаносца. Поспех і далей спадарожнічаў гэтаму караблю.

У пачатку чэрвеня брытанская амбасада паведаміла расійскаму камандаванню, што, паводле агентурных дадзеных, са Стакгольма чакаецца адплыццё трох вялікіх канвоеў з жалезнай рудой. Было вырашана перахапіць гэтыя караблі.

Напужаныя майскім паходам «Ваўка» немцы большасць сваіх марскіх самалётаў накіравалі на пошук расійскіх субмарын. 10 чэрвеня «Воўк» ішоў на пазіцыю. Дзень быў ясны, над чыстым люстрам вады лётала шмат чаек. Маракі ўважліва сачылі за даляглядам, і тут увагу аднаго з іх прыцягнула чайка, якая чамусьці не махала крыламі. Ён здзівіўся, а, прыглядзеўшыся, зразумеў, што да лодкі ляціць самалёт. Гэта здзіўленне выратавала карабель. «Воўк» тэрмінова сышоў пад ваду, а ўсе сем скінутых бомбаў разарваліся дакладна над лодкай. Іх аскепкі потым знайшлі на палубе. Такім атакам падвергліся і іншыя расійскія лодкі, і аперацыя па перахопе руды правалілася.

У наступным месяцы камандаванне спрабавала правесці супольны рэйд двух эсмінцаў і падлодкі. «Воўк» зноў пайшоў на паляванне. У гэты раз у Батнічны заліў, і зноў вярнуўся з перамогай. Заняўшы пазіцыю 7 ліпеня, лодка прапусціла вялікі шведскі паруснік і ўсплыла перад носам парахода «Дарыта», які жвава рухаўся па бяспечным шляху адразу следам за паруснікам. «Дарыта» рэзка збочыла і пачала сыходзіць у шведскія тэрытарыяльныя воды. Артылерыстам давялося страляць ужо не перад носам парахода, а проста ў карму. Толькі атрымаўшы некалькі простых пападанняў у корпус, нямецкі капітан спыніў судна. Каб не губляць часу, параход патапілі тарпедай, як толькі эпіпаж сышоў у шлюпкі. Узяты на борт капітан доўга спрабаваў даказаць, што лодка атакавала яго карабель у шведскіх водах і толькі пасля таго, як яму паказалі падрабязную мапу, пагадзіўся, што да берага пяць міль, а суверэнітэт Швецыі распаўсюджваецца толькі на тры мілі.

Занепакоеныя немцы зноў спынілі судаходства, і «Воўк» больш нікога не ўпаляваў. На адваротным шляху лодцы вельмі пашанцавала.

«Воўк» спяшаўся дадому, дакладна ідучы па фарватары. Ужо паблізу ад свайго берага вахтавы афіцэр нечакана адчуў моцны ўдар у корпус лодкі. Азірнуўшыся, ён заўважыў, што на хвалях гайдаецца нямецкая гальванаўдарная міна і два яе рогі пагнуты. Фартуна не адвярнулася ад адной з лепшых расійскіх лодак Першай сусветнай — міна патрапілася сапсаваная.

Эсмінцы «Паважны» і «Пільны» таксама перахапілі два нямецкія гандлёвыя параходы, што ішлі са Швецыі. Аднак узняты немцамі шум у прэсе наконт «гвалту ў водах Швецыі», прывёў да абмежавання дзейнасці субмарын і яшчэ больш строгім прадпісанням паважаць шведскі нейтралітэт. Гэта становішча захавалася да канца вайны, і «Воўк» ужо больш нікога не лавіў. Вось такая вось вайна — з правіламі, выкананнем норм і інструкцый. З гуманным стаўленнем як да экіпажаў нейтральных краін, так і да варожых. Як гэта адрознівалася ад наступнай вайны!

У 1915 годзе адбыўся Готландскі бой — марскі бой паміж 1-й брыгадай крэйсераў Балтыйскага флоту Расіі і атрадам нямецкіх караблёў. Ён здарыўся 19 чэрвеня ля шведскай выспы Готланд.

18 чэрвеня 1915 года расійскія крэйсеры «Адмірал Макараў», «Баян», «Багатыр», «Алег», «Рурык», эсмінец «Новік», а таксама 8 эсмінцаў пад камандаваннем генерала Бахірава выйшлі ў мора для абстрэлу Мемеля. У той жа дзень адрад германскіх караблёў (крэйсеры «Роон», «Аўгсбург» і «Любек», мінны крэйсер «Альбатрос» і 7 мінаносцаў) выйшаў для пастаноўкі мін у Або-Аландскам раёне. Паставіўшы загароду, нямецкі адмірал Корф паведаміў па радыё на базу аб выкананні задачы. Гэтая радыёграма была перахоплена расійскай службай сувязі, расшыфравана і перададзена Бахіраву, пасля чаго той аддаў загад ісці на перахоп нямецкіх караблёў.

19 чэрвеня а 7:30 расійскія караблі знайшлі ля выспы Готланд «Аўгсбург», «Альбатрос» і 3 эсмінцы і адкрылі па іх агонь. Корф, ацаніўшы абстаноўку, загадаў «Роону» і «Любеку» вярнуцца да атрада, «Альбатросу» схавацца ў шведскіх тэрытарыяльных водах, а сам на «Аўгсбургу» пачаў адыходзіць на поўдзень. Расійскія крэйсеры «Багатыр» і «Алег» артылерыйскім агнём падпалілі «Альбатрос» і прымусілі выкінуцца на бераг ля выспы Эстэргорн.

Расійцы адправіліся ў Фінскі заліў на сваю базу. Каля 10-й гадзіны раніцы яны сустрэлі «Роон», «Любек» і 4 эсмінцы. Кароткі артылерыйскі двубой не даў перавагі ні аднаму з бакоў. Маючы недахоп у снарадах, расійскія крэйсеры пачалі адыходзіць, але праціўнік, расцаніўшы гэта як спробу расійцаў паставіць яго пад удар больш значных сіл, выйшаў з бою. А 10:30 германскія караблі сустрэў выкліканы ў раён сутычкі «Рурык». Адкрыўшы агонь, ён патрапіў у «Роон», але ўхіляючыся ад атакі падводнай лодкі, згубіў яго ў тумане, адмовіўся ад пошуку і накіраваўся ў Фінскі заліў. Немцы даслалі на дапамогу свайму атраду крэйсеры «Прынц Адальберт» і «Прынц Генрых». Першы быў атакаваны брытанскай падлодкай Е-9 і выйшаў са строю. Так гэты бой скончыўся паразай і адступленнем нямецкага флоту.

Не мела поспеху і наступная атака немцаў на Рыжскі заліў.

8 жніўня 1915 года нямецкі флот, які складаўся з 7 лінкораў, 6 крэйсераў, 24 эсмінцаў і 14 тральшчыкаў, паспрабаваў прарвацца ў Рыжскі заліў праз Ірбенскі праліў. Ім супрацьстаялі эскадраны браненосец «Слава», кананерскія лодкі «Пагражаючы», «Храбры» і «Сівуч», мінны загараджальнік «Амур», 16 эсмінцаў і дывізіён падводных лодак. А 4-й гадзіне раніцы нямецкія тральшчыкі пачалі манеўраванне мінных банак. Іх заўважылі расійскія самалёты, у хуткім часе да месца бітвы падышлі кананеркія лодкі «Пагражаючы» і «Храбры» і эсмінцы, якія адкрылі агонь па тральшчыках. А 10:30 «Слава» прыйшла на месца і ўступіла ў артылерыйскі двубой з двума нямецкімі лінейнымі караблямі — «Эльзас» і «Браўншвейг». Страціўшы на мінах два тральшчыкі, немцы адмовіліся ад спробы прарыву. 10–15 жніўня мінны загароджвальнік «Амур» паставіў яшчэ адно міннае поле ў Ірбенскім праліве. Мінаваннем займаўся і адмірал Аляксандр Калчак — у будучыні вядомы камандуючы белай гвардыяй. У савецкай гістарыяграфіі рэжым, усталяваны Калчаком на занятых яго вайскамі тэрыторыях, атрымаў назву калчакаўшчына.

У адпаведнасці з дадзенымі гісторыкаў, толькі ў Екацярынбургскай губерніі пасля заняцця яе вайскамі Калчака было расстраляна больш за 25 000 чалавек! У ноч на 7 лютага 1920 года Калчак быў расстраляны бальшавікамі.

Увосень 1914 года пры асабістым удзеле Калчака была распрацавана аперацыя па міннай блакадзе нямецкіх ваенна-марскіх баз. У 1914–1915 гадах эсмінцы і крэйсеры, у тым ліку і пад камандаваннем будучага белага адмірала, выставілі міны ля Кіля, Данцыга (сучасны Гданьск), Пілау (сучасны Балтыйск), Віндавы (сучасны Вентспілс) і нават ля выспы Борнхольм. У выніку на гэтых мінных палях падарвалася 4 германскіх крэйсеры, пры гэтым 2 з іх затанулі. Але спроба перахопу нямецкага канвою, які перавозіў руду са Швецыі, у якой Калчак прымаў непасрэдны ўдзел, завяршылася няўдачай.

У ліпені 1916 года загадам расійскага імператара Мікалая ІІ Аляксандр Васільевіч быў узведзены ў віцэ-адміралы і прызначаны камандуючым Чарнаморскім флотам. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года А. Калчак першым на Чарнаморскім флоце прысягнуў на вернасць Часоваму ўраду. Увесну 1917 года Стаўка пачала падрыхтоўку дысантнай аперацыі для захопу Канстанцінопаля, але з-за раскладу арміі і флоту гэтую думку давялося пакінуць.

39
{"b":"665598","o":1}