Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Так, паводле дадзеных Галоўнага штаба ў 1885 годзе 38,8 % яўрэяў ухіліліся ад набора ў армію. У 1886 годзе працэнт «ухілістаў» упаў да 13,4, а ў 1890 годзе — да 8,6. Галоўны штаб тлумачыў гэтую з’яву ўвядзеннем у 1886 годзе 300-рублёвага штрафу, які накладаўся на сям’ю навабранца, які не з’явіўся да прызыву. Потым працэнт яўрэяў, якія ўхіліліся ад службы, зноў пачаў хутка расці і ў 1909 годзе дасягнуў 27,9 %. Галоўны штаб звязваў такі рост з тым, што яўрэі навучыліся абыходзіць накладзены на іх штраф. За 1898–1905 годы на іх было накладзена 38 354 500 рублёў штрафаў, а заплачана імі было толькі 1 077 000 рублёў.

У гэтай сувязі шмат казалі аб імкненні яўрэяў ухіліцца ад службы ў арміі. Тут мы падышлі да двухбаковай праблемы: з аднаго боку яўрэі і на самой справе ўхіляліся ад службы, з іншага — дзяржава зрабіла ўсё, каб яны да гэтага імкнуліся. У адпаведнасці з традыцыйным яўрэйскім рэлігійным выхаваннем ваяваць і праліваць кроў можна толькі за сваю зямлю, свой Ізраіль. Але дзяржавы Ізраіля ў той час яшчэ не было.

А значыць не было і арміі, у якой яўрэі хацелі б служыць?! Аднак у ЗША сярод іўдзееў не было распаўсюджана такое стаўленне да арміі, як у Расіі — там ад службы ніхто не ўхіляўся. Семіты ў амерыканскай арміі маглі вельмі проста зрабіць кар’еру прафесійнага вайскоўца, што ў Расіі было забаронена. «Кепскі той салдат, што не марыць стаць генералам» — казалі расійскія вайскоўцы. Але па вызначэнні стаць генералам ці хаця б проста афіцэрам яўрэй не мог! Вось ён і заставаўся тым самым кепскім салдатам, якому не было чаго «лавіць» у войску, акрамя кухталёў і абразаў. Тым не менш, яўрэяў у расійскай арміі ў 1914 годзе аказалася амаль удвая болей, чым у ЗША, а ў 1916 годзе гэтая лічба, нягледзячы на значныя страты сярод салдат-іўдзеяў, нават павялічылася да 600 000! Дзе ж тут ухіленне?

Па сведчаннях сучасніка, яўрэі часам скалечвалі сябе, звяртаючыся па дапамогу падлольных «дактароў»: адразалі пальцы на нагах, праколвалі бубенныя балонкі і г. д. Зрэшты, ці варта адносіць гэтыя факты толькі да яўрэяў? Не, бо падобныя з’явы былі шырока распаўсюджаны і сярод прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў. І тут семітаў відавочна вылучаюць з агульнай колькасці ўхілістаў з-за староннага стаўлення да іх.

Рэальныя ж прычыны недабораў хаваліся, паводле меркаванняў іўдзейскіх публіцыстаў, у жахлівым стане статыстыкі на мяжы аселасці, у тым, што ў прызыўных спісах лічыліся даўно памерлыя ці людзі, якія эмігравалі з Расіі. Пятроўскі-Штэрн, абапіраючыся ў сваім даследванні на дадзеныя набораў яўрэўскага і неяўрэйскага насельніцтва напрыканцы ХІХ стагоддзя, паказаў, што дадзеныя аб ухіленні іўдзеяў увогуле з’яўляюцца статыстычнай фікцыяй. І, мяркуючы па колькасці служыўшых у расійскай арміі ў гады Першай сусветнай вайны яўрэяў, Пятроўскі-Штэрн мае рацыю.

У арміі Расійскай імперыі яўрэі мелі яшчэ адну «мяжу аселасці»: іх не дапускалі ў афіцэры. Ніжнія чыны — яўрэі (ці, як іх называлі ў армейскім справаводстве, «вызнаючыя Яўрэйскі закон талмудысты») увогуле не дапускаліся да паступлення ў вайсковыя і юнкерскія вучэльні, а яўрэі-вальнапісаныя (іх у злучэннях павінна было быць не менш за 3 % ад агульнай колькасці) не дапускаліся да здачы афіцэрскага экзамену.

Спачатку гэтыя абмежаванні насілі рэлігійны характар. Яўрэі, якія прынялі праваслаўе, дапускаліся напрыканцы ХІХ — у пачатку ХХ ст. да паступлення ў вайсковыя вучэльні. Становішча змянілася ў горшы бок у часы царавання Мікалая ІІ, калі паняцце «яўрэйства» пачало вызначацца не столькі па рэлігійных, колькі па нацыянальных крытэрах. То бок добры і любімы многімі (нават зараз) цар апынуўся тыповым антысемітам. У адпаведнасці з яго Найвышэйшым загадам ад 11 красавіка 1910 года ніжнія чыны — яўрэі, «якога б веравызнання яны не былі», больш не дапускаліся да афіцэрскага экзамену.

10 верасня 1910 года ваенны міністр забараніў прымаць вальнапісаных-яўрэяў на службу ў гарнізоны крэпасцяў, а 12 мая 1912 года Галоўны штаб загадаў распаўсюдзіць усе абмежаванні, накладзеныя на «яўрэяў-талмудзістаў» «Раскладам дапушчальнай колькасці іншаверцаў у афіцэрскім складзе» на ўсіх яўрэяў, незалежна ад іх веравызнання. Падчас узвядзення ніжніх чыноў у званне прапаршчыка запасу камандзіры павінны былі «дакладна высветліць нацыянальнасць гэтых ніжніх чыноў», не дапускаючы да ўзвядзення не толькі яўрэяў, якія прынялі хрысціянства, але і сыноў, і нават унукаў асоб мужчынскага і жаночага полу, якія нарадзіліся ў іўдзейскай веры. А гэта ўжо генацыд чыстай вады.

Яшчэ ў 1903 годзе Ваенны савет пры ваенным міністры прыняў рэзалюцыю, якая сцвярджала, што «маладыя людзі іўдзейскага веравызнання, якія прынялі хрысціянства, з’яўляюцца вельмі непажаданым элементам у нашай арміі»…

У той жа час пытанне аб забароне прыёму ахрышчаных яўрэяў у вайсковыя вучэльні павінны быў разглядаць Дзяржаўны савет, але яно было знята па загадзе вайсковага міністра «да спрыялага моманту».

Паступовая замена ў Расіі канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя рэлігійнага вызначэння «яўрэя» на расавае і адпаведнае пашырэнне дыскрымінацыі да гэтай пары недастаткова вывучаны нават у яўрэйскім асяродку, а ў расійскім дык увогуле амаль невядомы, нягледзячы на тое, што яны з’яўляюцца вельмі важным элементам у разуменні ідэалогіі позняга царызму, яго памылак і няўхільнага краху.

Пытанне аб стаўленні да яўрэяў, якія адбывалі тэрміновую службу ў шэрагах расійскай арміі, з боку іх камандзіраў і таварышаў-салдат асвятляецца ва ўспамінах сучаснікаў па-рознаму. Па словах М. У. Грулёва, ужо падчас самога паступлення на службу яўрэй-салдат сустракаў атмасферу «звычайнай, знаёмай яму паўсюль варожасці і нянавісці, галоўным чынам, з боку кіруючых афіцэраў. Падчас першай жа размовы з навабранцамі ротны камандзір не абміне ў звароце да навабранца-яўрэя дадаць што-небудзь іранічнае, са здзекам і недаверам… Салдаты стараліся, канечне, браць прыклад з начальства»…

А. І. Дзянікін адзначае:

У некаторых частках была тэндэнцыя да прыгнячэння яўрэяў, але яна зусім не выцякала з вайсковай сістэмы, а прыносілася ў казарму звонку, з народнага побыту… Галоўная маса яўрэяў — гараджане, якія жылі ў большасці выпадкаў бедна, — і таму давала навабранцаў кволых, менш развітых фізічна… і гэта ўжо адразу ставіла іх у некаторае другараднае становішча ў казарменным існаванні. Абмежаванне пачатковай адукацыі яўрэяў «хедэрам», часта няведанне рускай мовы і агульная цемната яшчэ больш ускладнялі іх становішча… некаторыя распаўсюджаныя рысы яўрэйскага характару, як гістэрычнасць і прага да спекуляцый, таксама гралі вядомую ролю.

Пратэст яўрэяў-салдат супраць пераследу, у сваю чаргу, праяўляўся ў форме «прыхаванага пасіўнага байкоту службовых патрабаванняў». У той жа час, «салдаты-яўрэі, кемлівыя і добрасумленныя, стваралі сабе паўсюль нармальнае становішча»…

Зрэшты, сапраўдныя заўвагі аб нэндзлых умовах існавання яўрэйскіх прызыўнікоў, і як наступства — іх кепскі фізічны стан, заўжды заставаліся нікім не заўважанымі.

Расійскі афіцэрскі корпус у цэлым не выпрацаваў адзінага стаўлення да яўрэяў, бо сам быў неаднастайным па сваім складзе. «Каставае афіцэрства», якое да сваіх традыцый залічвала антысемітызм, складала невялікую групу корпуса, пераважалі ж у ім дэмакратычныя элементы. Ананімны аўтар зборніка «Вайна і яўрэі», які выйшаў у 1912 годзе, сведчыць:

Мы знаходзім у афіцэрскім асяродку поўную гаму верагодных адносінаў да яўрэяў, ад скрайняй юдафобіі да юдафіліі.

Лаяльнае стаўленне да салдат-яўрэяў і іўдзейскай рэлігіі праявіў, напрыклад, камандзір 59-га Люблінскага палка, раскватэраванага ў Адэсе, палкоўнік Макееў. У чэрвені 1889 года ён дазволіў салдатам-яўрэям свайго палка «занесці ў сінагогу» набытую імі на ўласныя грошы «яўрэйскую Богаслужэбную кнігу пад назвай Тора», адправіўшы іх у сінагогу строем. Пры гэтым сам Макееў таксама прыбыў у сінагогу з афіцэрамі палка і абносіў кнігі Торы «вакол аналоя».

Падобныя выпадкі былі ў тую эпоху зафіксаваны ў па меншай меры яшчэ шасці палках расійскай арміі, пры гэтым усе афіцэры, якія «дапусцілі» такое сур’ёзнае парушэнне, былі пакараны.

42
{"b":"665598","o":1}