Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Я памятаю абуджэнне раніцай. Кэтрын яшчэ спала, і сонечнае святло пранікала ў акно. Дажджу не было, і я ўстаў з ложка і падышоў да акна. Унізе цягнуліся сады, голыя цяпер, але цудоўныя сваёй правільнасцю, дарожкі, пасыпаныя жвірам, дрэвы, каменны парапет каля возера і возера ў сонечным святле, а за ім горы. Я стаяў і глядзеў у акно, і калі я аглянуўся, то ўбачыў, што Кэтрын прачнулася і глядзіць на мяне.

— Ты ўжо ўстаў, любы, — сказала яна. — Які цудоўны дзень!

— Як ты сябе адчуваеш?

— Цудоўна. Як добра было ноччу.

— Хочаш есці?

Яна хацела есці. Я таксама хацеў, і мы паелі ў ложку, пад лістападаўскім сонцам, якое свяціла ў акно, паставіўшы паднос з талеркамі сабе на калені.

— А ты не хочаш прачытаць газету? Ты заўсёды чытаў газету ў шпіталі.

— Не, — сказаў я. — Цяпер не хачу.

— Так дрэнна было, што ты не можаш нават чытаць пра гэта?

— Я не хачу чытаць пра гэта.

— Як шкада, што я не была з табой, я таксама ўсё гэта ведала б.

— Я раскажу табе, калі ўсё гэта адстаіцца ў маёй галаве.

— А цябе не арыштуюць, калі сустрэнуць не ў ваеннай форме?

— Мяне, напэўна, расстраляюць.

— Тады мы не павінны тут заставацца. Мы паедзем за мяжу.

— Я ўжо пра гэта думаў.

— Мы паедзем. Любы, ты не павінен рызыкаваць дарэмна. Скажы мне, як ты трапіў з Местрэ ў Мілан?

— Я прыехаў на цягніку. Я тады быў яшчэ ў ваеннай форме.

— А гэта было небяспечна?

— Не вельмі. У мянебыў стары літар. У Местрэ я паправіў на ім дату.

— Любы, цябе тут кожную хвіліну могуць арыштаваць. Я не хачу. Як можна рабіць такое глупства. Што будзе з намі, калі цябе забяруць?

— Не будзем думаць пра гэта. Я стаміўся думаць пра гэта.

— Што ты будзеш рабіць, калі прыйдуць цябе арыштаваць?

— Буду страляць.

— Вось бачыш, які ты дурненькі. Я цябе не выпушчу з гатэля, пакуль мы не паедзем адсюль.

— Куды мы паедзем?

— Калі ласка, не будзь такім, любы. Паедзем туды, куды ты захочаш. Але толькі прыдумай такое месца, каб можна было ехаць зараз жа.

— У тым канцы возера — Швейцарыя, можна паехаць туды.

— Вось і цудоўна.

Зноўку сабраліся хмары, і возера пацямнела.

— Калі б не трэба было заўсёды жыць злачынцам, — сказаў я.

— Любы, не будзь такім. Ці даўно ты жывеш злачынцам? I мы не будзем жыць злачынцамі. У нас будзе цудоўнае жыццё.

— Я адчуваю сябе злачынцам. Я дэзерціраваў з арміі.

— Любы, калі ласка, будзь разумны. Ты зусім не дэзерціраваў з арміі. Гэта ж толькі італьянская армія.

Я засмяяўся.

— Ты разумніца. Паляжым крыху яшчэ. Калі я ў ложку, усё цудоўна.

Крыху счакаўшы Кэтрын сказала:

— Ты ўжо не адчуваеш сябе злачынцам, праўда?

— Не, — сказаў я. — Калі я з табой — не.

— Ты вельмі дурненькі хлапчук, — сказала яна. — Але я не дам табе распускацца. Падумай, любы, як добра, што мяне не нудзіць раніцай.

— Цудоўна.

— Ты нават не цэніш, якая ў цябе цудоўная жонка. Але мне ўсё роўна. Я цябе павязу куды-небудзь, дзе цябе не змогуць арыштаваць, і мы будзем цудоўна жыць.

— Паехалі зараз жа.

— Абавязкова, любы. Калі хочаш і куды хочаш.

— Давай не будзем ні пра што думаць.

— Давай.

РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ЧАЦВЁРТЫ

Кэтрын пайшла па беразе да маленькага гатэля праведаць Фергюсон, а я сядзеў у бары і чытаў газеты. У бары былі зручныя скураныя крэслы, і я сядзеў у адным з іх і чытаў, пакуль не прыйшоў бармен. Армія не спынілася на Тальямента. Яна адступіла далей, да П'явэ. Я помніў П'явэ. Чыгунка перасякала яе ля Сан-Дона, на шляху да фронту. Рака ў гэтым месцы была глыбокая і марудлівая і зусім вузкая. Ніжэй па цячэнні была дрыгва і каналы. Было некалькі прыгожых віл. Аднойчы да вайны, кіруючыся ў Карціна-д'Ампеца, я некалькі гадзін ехаў па горнай дарозе над П'явэ. Зверху яна была падобная на багаты фарэллю ручай з вузкімі водмелямі і затокамі пад ценем скал. Каля Кадоры дарога збочвала. Я думаў пра тое, што арміі нялёгка будзе спусціцца адтуль. Увайшоў бармен.

— Граф Грэфі пытаўся пра вас, — сказаў ён.

— Хто?

— Граф Грэфі. Памятаеце, той стары, які быў тут, калі вы прыязджалі мінулы раз.

— Ён тут?

— Так, ён тут з пляменніцай. Я сказаў яму, што вы прыехалі. Ён хоча згуляць з вамі ў більярд.

— Дзе ён?

— Пайшоў гуляць.

— Як ён?

— Усё маладзее. Учора перад абедам ён выпіў тры кактэйлі з шампанскім.

— Як яго поспехі ў більярдзе?

— Добрыя. Ён мяне перамагае. Калі я сказаў яму, што вы тут, ён вельмі ўзрадаваўся. Яму няма з кім гуляць.

Графу Грэфі было дзевяноста чатыры гады. Ён быў сучаснікам Метэрніха, гэты стары з сівой галавой і сівымі вусамі і вытанчанымі манерамі. Ён пабываў і на аўстрыйскай і на італьянскай дыпламатычнай службе, і дзень яго нараджэння быў падзеяй у свецкім жыцці Мілана. Ён збіраўся дажыць да ста гадоў і гуляў у більярд з упэўненай свабодай, нечаканай у гэтым сухенькім дзевяностачатырохгадовым целе. Я сустрэўся з ім, прыехаўшы неяк у Стрэзу пасля заканчэння сезона, і мы пілі шампанскае ў час гульні ў більярд. Я палічыў, што гэта цудоўны звычай, і ён даў мне пятнаццаць ачкоў форы і абыграў мяне.

— Чаму вы не сказалі мне, што ён тут?

— Я забыўся.

— Хто яшчэ тут?

— Іншых вы не ведаеце. Ва ўсім гатэлі толькі шэсць чалавек.

— Чым вы зараз заняты?

— Нічым.

— Паедзем лавіць рыбу.

— На гадзінку можна.

— Паедзем. Бярыце дарожку.

Бармен апрануў паліто. Мы спусціліся на бераг і ўзялі лодку, і я веславаў, а бармен сядзеў на карме і трымаў дарожку, якой ловяць азёрную фарэль, са спінерам і цяжкім грузілам на канцы. Мы ехалі ўздоўж берага, бармен трымаў лёску ў руках і час ад часу торгаў яе. З возеpa Стрэза выглядала вельмі пустыннай. Відаць былі доўгія рады голых дрэў, вялікія гатэлі і пазабіваныя вілы. Я павярнуў да Ізола-Бела і павёў лодку ўздоўж самага берага, дзе адразу глыбока і бачна, як сцяна скал строма ідзе ў празрыстую ваду, а потым ад'ехаў і павярнуў да рыбацкага вострава. Сонца зайшло за хмары, і вада была цёмная і гладкая і вельмі халодная. У нас ні разу не клюнула, хоць некалькі разоў мы бачылі на вадзе кругі ад рыбы, якая падплывала.

Я вывеславаў да рыбацкага вострава, дзе стаялі выцягнутыя на бераг лодкі і людзі рамантавалі сеткі.

— Пайшлі вып'ем чаго-небудзь?

— Пайшлі.

Я падагнаў лодку да прычала, і бармен уцягнуў лёску, згарнуў яе на дне лодкі і зачапіў спінер за край борта. Я вылез і прывязаў лодку. Мы ўвайшлі ў маленькае кафэ, селі за драўляны столік і заказалі вермуту.

— Стаміліся веславаць?

— Не.

— Назад веславаць буду я, — сказаў ён.

— Я люблю веславаць.

— Можа, калі вы возьмеце вудачку, шчасце пераменіцца.

— Добра.

— Скажыце, як справы на вайне?

— Агідна.

— Я не павінен ісці. Я вельмі стары, як граф Грэфі.

— Магчыма, вам яшчэ прыйдзецца пайсці.

— У наступным годзе мой разрад прызываюць. Але я не пайду.

— Што ж вы будзеце рабіць?

— Паеду за мяжу. Я не хачу ісці на вайну. Я ўжо аднойчы быў на вайне, у Абісініі. Навошта вы пайшлі?

— Не ведаю. Па дурноце.

— Яшчэ вермуту?

— Давайце.

На зваротным шляху веславаў бармен. Мы праехалі па возеры за Стрэзу і потым назад, увесь час не выпускаючы з поля зроку бераг. Трымаючы тугую лёску і адчуваючы слабае біццё спінера, які круціўся, я глядзеў на цесную лістападаўскую ваду возера і пустынны бераг. Бармен веславаў доўгімі ўзмахамі, і калі лодку выносіла наперад, лёска трымцела. Адзін раз у мяне клюнула: лёска раптам нацягнулася і тырганулася назад, я стаў цягнуць і адчуў жывы цяжар фарэлі, і потым лёска затрымцела зноў. Фарэль вырвалася.

— Цяжкая была?

— Так, даволі цяжкая.

— Аднойчы я тут ездзіў адзін і трымаў лёску ў зубах, дык адна тарганула так, што ледзь усю сківіцу ў мяне не вырвала.

— Лепш за ўсё прывязваць да нагі, — сказаў я. — Тады і лёску адчуваеш, і зубы застануцца цэлыя.

44
{"b":"980839","o":1}