Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Прынясіце сюды свечкі і забярыце лямпу, — сказаў маёр.

Веставы прынёс дзве запаленыя свечкі, прылепленыя да сподкаў, і ўзяў лямпу, патушыўшы яе па дарозе. Рынальдзі супакоіўся. Ён як быццам зусім працверазеў. Мы ўсе размаўлялі, а пасля кавы выйшлі ў вестыбюль.

— Ну, мне трэба ў горад, — сказаў Рынальдзі. — Дабранач, святар.

— Дабранач, Рынальдзі, — сказаў святар.

— Яшчэ ўбачымся, Фрэдзі, — сказаў Рынальдзі.

— Так, — сказаў я. — Прыходзьце раней.

Ён скрывіў твар і выйшаў. Маёр стаяў побач з намі.

— Ён вельмі стомлены і знерваваны, — сказаў ён. — Акрамя таго, ён вырашыў, што ў яго сіфіліс. Не думаю, але гэта магчыма. Ён лечыцца ад сіфілісу. Дабранач, Энрыка. Вы паедзеце на світанні?

— Ага.

— Ну, тады да пабачэння, — сказаў ён. — Добрай дарогі! Педуцы разбудзіць вас і паедзе разам з вамі.

— Да пабачэння.

— Да пабачэння. Кажуць, аўстрыйцы збіраюцца наступаць, але я не думаю. Не хачу думаць. Ва ўсякім разе, гэта будзе не тут. Джына вам усё раскажа. Тэлефонная сувязь зараз наладжана.

— Я буду званіць часта.

— Абавязкова. Дабранач. Не давайце Рынальдзі так шмат піць.

— Пастараюся.

— Дабранач, святар.

— Дабранач.

Ён пайшоў у свой кабінет.

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЯТЫ 

Я падышоў да дзвярэй і выглянуў на вуліцу. Дождж перастаў, але быў моцны туман.

— Мо пасядзім у маім пакоі? — прапанаваў я святару.

— Толькі я вельмі хутка павінен ісці.

— Усё адно, пайшлі.

Мы падняліся на лесвіцы і ўвайшлі ў мой пакой. Я лёг на ложак Рынальдзі. Святар сеў на ложак, які веставы падрыхтаваў мне. У пакоі было цёмна.

— Як жа ўсё-ткі вы сябе адчуваеце? — спытаў ён.

— Добра. Проста сёння я стаміўся.

— Вось і я стаміўся, хоць, здавалася б, не было падстаў.

— Як справы на вайне?

— Мне здаецца, вайна хутка скончыцца. Не ведаю чаму, але ў мяне такое адчуванне.

— Адкуль яно ў вас?

— Вы заўважылі, як змяніўся наш маёр? Нібыта заціх. Многія таксама.

— I я таксама, — сказаў я.

— Лета было страшнее, — сказаў святар. У яго з'явілася ўпэўненасць, якой я раней не ведаў. — Вы сабе не ўяўляеце, што гэта было. Толькі той, хто там пабываў, можа гэта сабе ўявіць. Гэтым летам многія зразумелі, што такое вайна. Афіцэры, якія, здавалася, не здольны зразумець, зараз зразумелі.

— Што ж павінна адбыцца? — Я пагладжваў коўдру далонню.

— Не ведаю, але мне здаецца, што доўга так працягвацца не можа.

— Што ж адбудзецца?

— Перастануць ваяваць.

— Хто?

— I тыя і другія.

— Будзем спадзявацца, — сказаў я.

— Вы ў гэта верыце?

— Я не веру ў тое, што адразу перастануць ваяваць і тыя і другія.

— Вядома, так. Гэта было б занадта добра. Але калі я бачу, што робіцца з людзьмі, мне здаецца, што доўжыцца гэтак не можа.

— Хто выйграў летнюю кампанію?

— Ніхто.

— Аўстрыйцы выйгралі, — сказаў я. — Яны не здалі італьянцам Сан-Габрыеле. Яны выйгралі. Яны не перастануць ваяваць.

— Калі ў іх гэтакі ж настрой, як у нас, могуць і перастаць. Яны ж таксама прайшлі цераз усё гэта.

— Той, хто выйграе вайну, ніколі не перастане ваяваць.

— Вы мяне здзіўляеце.

— Я кажу, што думаю.

— Значыць, вы думаеце, так яно і будзе доўжыцца? Нічога не адбудзецца?

— Не ведаю. Але думаю, што аўстрыйцы не перастануць ваяваць, калі яны атрымалі перамогу. Хрысціянамі нас робіць паражэнне.

— Але ж аўстрыйцы і так хрысціяне — за выключэннем баснякоў.

— Я кажу не пра хрысціянскую рэлігію. Ён прамаўчаў.

— Мы ўсе прыціхлі, бо пацярпелі паражэнне. Хто ведае, якім быў бы Хрыстос, калі б Пётр выратаваў яго ў Гефсіманскім садзе?

— Такім жа.

— Не ўпэўнены, — сказаў я.

— Вы мяне здзіўляеце, — паўтарыў ён. — Я веру, што павінна было нешта адбыцца, і малюся пра гэта. Я адчуваю, як яно насоўваецца.

— Мо што-небудзь і адбудзецца, — сказаў я. — Але толькі з намі. Калі б у іх быў гэткі ж настрой, як у нас, тады іншая справа. Але яны пабілі нас. У іх іншы настрой.

— У многіх салдат заўсёды быў такі настрой. I гэта зусім не таму, што іх зараз пабілі.

— Яны былі пабіты з самага пачатку. Яны былі пабіты тады, калі іх адарвалі ад зямлі і апранулі ў салдацкую форму. Вось чаму селянін мудры — бо ён з самага пачатку пацярпеў паражэнне. Дайце яму ўладу, і вы ўбачыце, што ён сапраўды мудры.

Ён нічога не адказаў. Ён думаў.

— I ў мяне таксама цяжка на душы, — сказаў я. — Таму я стараюся не думаць пра такія рэчы. Я пра іх не думаю, але варта мне пачаць размову, і гэта само па сабе прыходзіць мне ў галаву.

— А я ж на нешта спадзяваўся.

— На паражэнне?

— Не. На нешта большае.

— Нічога большага няма. Хіба толькі перамога. Але гэта мо яшчэ горай.

— Доўга я спадзяваўся на перамогу.

— Я таксама.

— А зараз — сам не ведаю.

— Што-небудзь павінна быць, альбо перамога, альбо паражэнне.

— У перамогу я больш не веру.

— I я не веру. Але я не веру і ў паражэнне. Хоць, бадай, гэта было б лепей.

— У што ж вы верыце?

— У сон, — сказаў я. Ён устаў.

— Даруйце, што я забраў у вас гэтулькі часу. Але я так люблю з вамі гутарыць.

— Мне таксама было прыемна пагутарыць з вамі. Гэта я проста так сказаў наконт сну, жартам.

Я ўстаў, і мы за руку развіталіся ў цемры.

— Я зараз начую ў трыста сёмым, — сказаў ён.

— Заўтра зранку я еду на пост.

— Мы ўбачымся, калі вы вернецеся.

— Тады пагуляем і пагаворым. — Я правёў яго да дзвярэй.

— Не спускайцеся, — сказаў ён. — Як прыемна, што вы зноў тут. Хоць для вас гэта не надта прыемна. — Ён паклаў мне руку на плячо.

— Для мяне гэта няблага, — сказаў я. — Дабранач.

— Дабранач, сіао!

— Сіао! — сказаў я. Мне страшэнна хацелася спаць.

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ШОСТЫ

Я прачнуўся, калі прыйшоў Рынальдзі, але ён не размаўляў, і я зноў заснуў. Ранкам, яшчэ да світання, я апрануўся і паехаў. Рынальдзі не прачнуўся, калі я выходзіў з пакоя.

Я ніколі раней не бачыў Баінзіцы, і было дзіўна ехаць па тым беразе, дзе я атрымаў сваю рану, і пасля падымацца па схіле, вясной яшчэ занятым аўстрыйцамі. Там была пракладзена новая, крутая дарога, і па ёй ішло шмат грузавікоў. Вышэй схіл станавіўся пакатым, і я ўбачыў лес і крутыя пагоркі ў тумане. Гэты лес узялі хутка, і яго не паспелі знішчыць. Яшчэ далей, там, дзе пагоркі не закрывалі дарогу, яна была замаскіравана цыноўкамі зверху і з бакоў. Дарога даходзіла да разбуранай вёсачкі. Тут пачыналіся пазіцыі. Вакол было шмат артылерыі. Хаты былі разбураны, але ўсё было ўладкавана вельмі добра, і ўсюды віселі дошчачкі з указальнікамі. Мы знайшлі Джына, і ён пачаставаў нас кавай, і пасля я выйшаў разам з ім, і мы крыху агледзелі пасты. Джына сказаў, што англійскія машыны працуюць далей, у Раўне. Ён вельмі захапляўся англічанамі. Яшчэ час ад часу страляюць, сказаў ён, але раненых не вельмі шмат. Зараз, калі пачаліся дажджы, будзе шмат хворых. Гавораць, што аўстрыйцы збіраюцца наступаць, але ён у гэта не верыць. Гавораць, мы таксама збіраемся наступаць, але ніякіх падмацаванняў не з'явілася, значыць, і гэта малаверагодна. З прадуктамі дрэнна, і ён будзе вельмі рады паесці ў Гарыцыі. Што мне ўчора далі на абед? Я расказаў яму, і ён вырашыў, што гэта цудоўна. Асаблівае ўражанне на яго зрабіла dolce²⁵. Я падрабязна не расказваў, проста сказаў, што было dolce, і, відаць, ён уявіў сабе нешта больш далікатнае, чым хлебны пудынг.

Ці ведаю я, куды яму давядзецца ехаць? Я сказаў, што не ведаю, але што частка машын знаходзіцца ў Капарэта. Туды ён ахвотна паехаў бы. Гэта вельмі слаўны гарадок, і яму падабаюцца высокія горы, якія акружаюць яго. Ён быў слаўны хлапчына, і ўсе яго любілі. Ён сказаў, што калі дзе і было сапраўднае пекла, дык гэта на Сан-Габрыеле і ў час атакі за Ломам, якая дрэнна скончылася. Ён сказаў, што ў лесе па ўсім хрыбце Цярнова, ззаду за намі і вышэй за нас, шмат аўстрыйскай артылерыі і начамі дарогу адчайна абстрэльваюць. У іх ёсць батарэя марскіх гармат, якія дзейнічаюць яму на нервы. Іх проста пазнаць па нізкім палёце снарада. Чуеш залп, і амаль адразу пачынаецца свіст. Звычайна страляюць дзве гарматы адразу, адна за другой, і падчас разрыву коцяць вялізныя асколкі. Ён паказаў мне такі асколак, вышчарблены кавалак металу даўжынёй каля фута. Метал нагадваў бабіт.

31
{"b":"980839","o":1}