— Адну хвілінку, — сказала міс Ван-Кампен. — Гэтыя бутэлькі забяру я. — З ёю быў швейцар. — Вазьміце гэта, калі ласка, — сказала яна. — Я хачу паказаць ix доктару.
Яна пайшла па калідоры. Швейцар панёс рукзак. Ён ведаў, што ў ім.
Нічога не здарылася, толькі прапаў мой адпачынак.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ТРЭЦІ
Тым вечарам, калі я павінен быў ехаць на фронт, я паслаў швейцара на вакзал заняць мне месца ў вагоне, як толькі поезд прыйдзе з Турына. Поезд адыходзіў апоўначы. Састаў фарміраваўся ў Турыне і каля паловы адзінаццатай прыбываў у Мілан і стаяў каля перона да самага адыходу. Каб атрымаць месца, трэба было трапіць на вакзал раней, чым прыедзе поезд. Швейцар узяў з сабой сябра, кулямётчыка ў адпачынку, які працаваў у кравецкай майстэрні, і быў упэўнены, што ўдвух ім удасца заняць мне месца. Я даў ім грошай на перонныя білеты і загадаў захапіць мой багаж. У мяне быў вялікі рукзак і дзве паходныя сумкі.
Каля пяці гадзін я развітаўся ў шпіталі і выйшаў. Швейцар ужо занёс мой багаж да сябе ў швейцарскую, і я сказаў, што буду на вакзале каля апоўначы. Яго жонка назвала мяне «signorino» i заплакала. Пасля выцерла вочы, патрэсла маю руку i заплакала зноў. Я пагладзіў яе па плячы, і яна заплакала яшчэ раз. Гэта была нізенькая, пухлая, сівая жанчына з добрым тварам. Яна заўсёды цыравала мне шкарпэткі. Калі яна плакала, у яе быццам распаўзаўся твар. Я пайшоў у бар і стаў чакаць, гледзячы ў акно. На вуліцы было цёмна, і холадна, і туманна. Я заплаціў за шклянку кавы з грапай і глядзеў, як міма ідуць людзі ў паласе святла ад акна. Я ўбачыў Кэтрын і пастукаў у акно. Яна зірнула, убачыла мяне і ўсміхнулася, і я выйшаў насустрач ёй. На ёй быў цёмна-сіні плашч і мяккі фетравы капялюшык. Мы разам пайшлі па тратуары міма вінных магазінаў, пасля праз рыначную плошчу і далей па вуліцы і, прайшоўшы пад аркай, выйшлі на саборную плошчу. Яе перасякалі трамвайныя пуці, а за імі быў сабор. Ён быў белы і мокры ў тумане. Мы перайшлі цераз рэйкі. Злева ад нас былі магазіны з асветленымі вітрынамі і ўваход у Galleria. Над плошчай туман гусцеў, і сабор зблізку быў вельмі вялікі, а мур сцен мокры.
— Зойдзем?
— Не, — сказала Кэтрын.
Мы пайшлі далей. У цені аднаго з контрфорсаў стаяў салдат з дзяўчынай, і мы прайшлі міма ix. Яны стаялі, ушчыльную прыціснуўшыся да сцяны, і ён накрыў яе сваім плашчом.
— Яны падобныя да нас, — сказаў я.
— Ніхто не падобны да нас, — сказала Кэтрын. — Яна думала не пра радаснае.
— Ім нават пайсці няма куды.
— Мо для іх так лепей.
— Не ведаю. Усё-ткі трэба, каб у кожнага было куды пайсці.
— У іх ёсць сабор, — сказала Кэтрын.
Мы ўжо мінулі яго. Мы дайшлі да краю пляцоўкі і азірнуліся на сабор. Ён быў прыгожы ў тумане. Мы стаялі перад магазінам скураных вырабаў. У вітрыне былі боты для верхавой язды, рукзак і п'ексы. Усё гэта было раскладзена паасобку: рукзак пасярэдзіне, боты з аднаго боку, п'ексы — з другога. Скура была цёмная, гладкая і блішчала, як на пацёртым сядле. Электрычнае святло кідала доўгія блікі на цьмяна бліскучую скуру.
— Калі-небудзь мы з табой паедзем на лыжах.
— Праз два месяцы пачынаецца лыжны сезон у Мюрэне, — сказала Кэтрын.
— Давай паедзем туды.
— Давай, — сказала яна. Мы прайшлі ўздоўж іншых вітрын і павярнулі ў завулак.
— Я тут ні разу не была.
— Гэтай дарогай я заўсёды хадзіў у Ospedale Maggiore, — сказаў я.
Завулак быў вузкі, і мы ішлі з правага боку. У густым тумане сустракалася шмат людзей. Ва ўсіх крамах, міма якіх мы праходзілі, былі асветлены вокны. Мы загледзеліся на піраміду сыру ў адным акне. Перад збройнай крамай я спыніўся.
— Зойдзем на хвілінку. Мне трэба нешта купіць.
— Што?
— Пісталет.
Мы ўвайшлі, і я адшпіліў свой пояс і разам з пустой кабурой паклаў яго на прылавак. За прылаўкам стаялі дзве жанчыны. Яны паказалі мне некалькі пісталетаў.
— Мне трэба, каб ён падыходзіў па размеру, — сказаў я, адшпільваючы кабуру. Кабура была шэрая, скураная, я купіў яе выпадкова, каб насіць у горадзе.
— А гэта добрыя пісталеты? — спытала Кэтрын.
— Усе яны прыкладна аднолькавыя. Можна паспрабаваць вось гэты? — спытаў я ў жанчын.
— Тут у нас цяпер няма дзе страляць, — сказала яна. — Але ён вельмі добры. Вы не пашкадуеце.
Я спусціў курок і адцягнуў затвор. Спружына была даволі тугая, але дзейнічала спраўна. Я прыцэліўся і зноў спусціў курок.
— Ён не новы, — сказала жанчына. — Ён належаў аднаму афіцэру, першакласнаму стралку.
— А куплены быў у вас?
— Так.
— Як ён зноў трапіў да вас?
— Праз веставога гэтага афіцэра.
— Мо і мой у вас, — сказаў я. — Колькі?
— Пяцьдзесят лір. Гэта вельмі танна.
— Добра. Дайце мне яшчэ дзве запасныя абоймы і каробку патронаў.
Яна дастала абоймы і патроны з-пад прылаўка.
— Мо вам патрэбна шабля? — спытала жанчына. — У мяне ёсць шаблі, вельмі танна.
— Я еду на фронт.
— А-а-а, тады вам не патрэбна шабля, — сказала яна.
Я заплаціў за патроны і пісталет, зарадзіў абойму і ўставіў яе на месца, паклаў пісталет у пустую кабуру, набіў патронамі абедзве запасныя абоймы і схаваў іх у скураныя кішэнькі кабуры, потым надзеў пояс і зашпіліў яго. Цяжар пісталета адцягваў пояс. Усё-ткі, падумаў я, зброя форменнага ўзору лепшая. Заўсёды можна знайсці патроны.
— Цяпер мы ў поўным узбраенні, — сказаў я. — Гэта адзінае, што мне трэба было зрабіць да ад'езду. Нехта забраў мой стары, калі мяне адпраўлялі ў шпіталь.
— Каб толькі ён быў добры, — сказала Кэтрын.
— Мо вам яшчэ што-небудзь трэба? — спытала жанчына.
— Здаецца, не.
— Пісталет са шнурам.
— Так, я заўважыў.
Жанчыне хацелася прадаць яшчэ што-небудзь.
— Мо вам патрэбен свісток?
— Здаецца, не.
Жанчына сказала «да пабачэння», і мы выйшлі на вуліцу. Кэтрын паглядзела ў акно. Жанчына выглянула і пакланілася нам.
— Што гэта за люстэрачка ў драўлянай аправе?
— Гэта каб прывабліваць птушак. З такім люстэркам выходзяць у поле, жаваранкі ляцяць на бляск, тут іх і забіваюць.
— Вынаходлівы народ італьянцы, — сказала Кэтрын.— У вас, у Амерыцы, жаваранкаў не страляюць, мілы, праўда?
— Хіба што выпадкова.
Мы перасеклі вуліцу і пайшлі па другім баку.
— Мне цяпер лепш, — сказала Кэтрын. — Мне было вельмі дрэнна, калі мы выйшлі.
— Нам заўсёды добра, калі мы разам.
— Мы заўсёды будзем разам.
— Так, калі не лічыць, што сёння ноччу я ад'язджаю.
— Не думай пра гэта, мілы.
Мы ішлі па вуліцы. У тумане агні былі жоўтымі.
— Ты не стаміўся? — спытала Кэтрын.
— А ты?
— Не. Прыемна блукаць.
— Але толькі не трэба вельмі доўга.
— Добра.
Мы дайшлі да вугла і павярнулі ў завулак, дзе не было ліхтароў. Я спыніўся і пацалаваў Кэтрын. Цалуючы яе, я адчуваў яе руку на сваім плячы. Яна нацягнула на сябе мой плашч так, што мы накрыліся ім. Мы стаялі на тратуары каля высокай сцяны.
— Пойдзем куды-небудзь, — сказаў я.
— Добра, — сказала Кэтрын. Мы ішлі па завулку, пакуль не дайшлі да больш шырокай вуліцы, што выходзіла на канал. На другім баку былі цагляныя дамы. Наперадзе, у канцы вуліцы, я ўбачыў трамвай, які заязджаў на мост.
— Каля моста мы знойдзем экіпаж, — сказаў я. Мы стаялі на мосце ў тумане, чакаючы экіпаж. Міма прайшлі некалькі трамваяў, набітых людзьмі, якія спяшаліся дадому. Потым праехаў экіпаж, але ў ім нехта сядзеў. Стаў капаць дождж.
— Пойдзем пешшу ці сядзем у трамвай? — спытала Кэтрын.
— Зараз знойдзем экіпаж, — сказаў я. — Тут іх шмат.
— Вось якраз пад'язджае, — сказала яна.
Вазніца спыніў каня і апусціў металічны значок свайго лічыльніка. Верх быў падняты, і на плашчы ў вазніцы былі кроплі дажджу. Яго лакіраваны цыліндр блішчаў ад вады. Мы ўселіся разам на заднім сядзенні, ад паднятага верху там было цёмна.
— Куды ты сказаў яму ехаць?