Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Не. Мы не дазволім.

— Як у нас з грашыма?

— Грошай цэлы мех. Я ўжо атрымаў па апошняму чэку.

— А твае родзічы не будуць шукаць цябе? Яны ж ведаюць, што ты ў Швейцарыі.

— Магчыма. Я як-небудзь напішу ім.

— Хіба ты яшчэ не напісаў?

— Не. Толькі паслаў чэк на подпіс.

— Дзякуй Богу, што я не з тваёй радні.

— Я дам ім тэлеграму.

— Хіба ты іх зусім не любіш?

— Раней любіў, але мы столькі сварыліся, што нічога не засталося.

— Мне здаецца, што яны спадабаліся б мне. Напэўна, яны мне вельмі спадабаліся б.

— Давай не будзем пра іх гаварыць, а то я пачну турбавацца за іх. — Крыху счакаўшы я сказаў: — Пайшлі, калі ты адпачыла.

— Я адпачыла.

Мы пайшлі па дарозе далей. Было ўжо цёмна, і снег рыпеў пад нагамі. Ноч была сухая, і халодная, і вельмі ясная.

— Мне вельмі падабаецца твая барада, — сказала Кэтрын. — Проста цуд. З выгляду жорсткая і калючая, а на самай справе мяккая і такая прыемная.

— Па-твойму, так лепей, чым без барады?

— Бадай што, лепей. Ведаеш, любы, я не буду стрыгчыся да нараджэння маленькай Кэтрын. Я зараз занадта тоўстая і падобная на матрону. Але калі яна народзіцца і я зноў схуднею, абавязкова падстрыгуся, і тады ў цябе будзе зусім іншая, новая дзяўчына. Мы пойдзем разам з табой, і я падстрыгуся, альбо я адна пайду і зраблю табе сюрпрыз.

Я маўчаў.

— Ты ж не забароніш мне, праўда?

— Не. Мо мне нават спадабаецца.

— Вось які ты, любы! А раптам, калі я схуднею, я стану вельмі прыгожай і так табе спадабаюся, што ты зноў закахаешся ў мяне.

— Вось д'ябал! — сказаў я. — Я і так у цябе дастаткова закаханы. Чаго яшчэ ты хочаш? Каб я зусім страціў галаву?

— Так, я хачу, каб ты страціў галаву.

— Ну і няхай, — сказаў я. — Я сам хачу гэтага.

РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ДЗЕВЯТЫ

Жылося нам цудоўна. Мы пражылі студзень і люты, і зіма была выдатная, і мы былі вельмі шчаслівыя. Была часам кароткая адліга, калі дзьмуў цёплы вецер, і снег рабіўся рыхлым, і ў паветры адчувалася вясна, але кожны раз станавілася зноў ясна і холадна, і вярталася зіма. У сакавіку зіма першы раз адступіла па-сапраўднаму. Ноччу пайшоў дождж. Дождж ішоў усю раніцу, і снег ператварыўся ў гразь, і на горным схіле стала самотна. Над возерам і над далінай віселі хмары. Высока ў гарах ішоў дождж. Кэтрын абула глыбокія галёшы, а я гумовыя боты monsieur Гуцінгена, і мы пад парасонам, па гразі і па вадзе, якая размывала лёд на дарозе, пайшлі ў шынок ля станцыі, каб выпіць вермуту перад снеданнем. Было чуваць, як за акном ідзе дождж.

— Як ты лічыш, мо нам лепей перабрацца ў горад?

— А як лічыш ты? — спытала Кэтрын.

— Калі зіма закончылася і пойдуць дажджы, тут стане нядобра. Колькі яшчэ да маленькай Кэтрын?

— Каля месяца. Мо крыху больш.

— Можна спусціцца ўніз і пасяліцца ў Мантрэ.

— А чаму не ў Лазане? Бальніца знаходзіцца там.

— Можна і ў Лазане. Я проста думаў, ці не занадта гэта вялікі горад.

— Мы і ў вялікім горадзе можам быць адны, а ў Лазане, відаць, добра.

— Калі ж мы пераедзем?

— Мне ўсё адно. Калі захочаш, любы. Можна і зусім не ехаць, калі ты не хочаш.

— Паглядзім, якое надвор'е.

Дождж ішоў тры дні. На схіле гары ніжэй за станцыю снегу не засталося зусім. Дарога была суцэльным патокам вадкай гразі. Было так сыра і слотна, што нельга выйсці з дому. Раніцай на трэці дзень дажджу мы вырашылі пераехаць у горад.

— Калі ласка, не турбуйцеся, monsieur Генры, — сказаў Гуцінген. — Ніякага папярэджання не трэба. Я і не думаў, што вы застанецеся тут, калі сапсавалася надвор'е.

— Нам трэба быць бліжэй да бальніцы з-за madame, — сказаў я.

— Вядома, — сказаў ён. — Мо яшчэ калі-небудзь прыедзеце са сваёй малечай.

— Калі толькі знойдзецца месца.

— Вясной у нас тут вельмі добра, прыязджайце, вам спадабаецца. Малога можна будзе пакінуць з няняй у вялікім пакоі, які зараз на замку, а вы з madame зоймеце свой ранейшы, з відам на возера.

— Я загадзя вам напішу, — сказаў я. Мы склалі рэчы і паехалі першым цягніком пасля абеду. Monsieur i madame Гуцінген правялі нас на станцыю, і ён давёз нашы рэчы на санках па гразі. Яны абое стаялі ля станцыі пад дажджом і махалі нам на развітанне.

— Яны вельмі слаўныя, — сказала Кэтрын.

— Яны былі вельмі добрыя да нас.

У Мантрэ мы селі на лазанскі цягнік. З акна вагона нельга было бачыць горы ў тым баку, дзе мы жылі, бо перашкаджалі воблакі. Цягнік спыніўся ў Веве, затым паехаў далей, і з аднаго боку было возера, а з другога — мокрыя бурыя палі, і голы лес, і мокрыя домікі. Мы прыехалі ў Лазану і спыніліся ў невялікім гатэлі. Калі мы ехалі па вуліцах і пасля павярнулі да гатэля, усё яшчэ ішоў дождж. Парцье з меднымі ключамі на ланцужку, працягнутым у пятліцу, ліфт, дываны на падлозе, белыя рукамыйнікі з бліскучымі прыборамі, металічны ложак і вялікая камфортная спальня — усё гэта пасля Гуцінгенаў здалося нам нязвыклай раскошай. Вокны нумара выходзілі ў мокры сад, абнесены сцяной з жалезнымі кратамі зверху. На другім баку крутой вуліцы быў другі гатэль, з гэткай жа сцяной і кратамі. Я глядзеў, як кроплі дажджу падаюць у басейн у садзе.

Кэтрын запаліла ўсе лямпы і стала раскладваць рэчы. Я заказаў віскі з содавай, лёг на ложак і ўзяў газету, якую купіў на вакзале. Быў сакавік 1918 года, і немцы наступалі ў Францыі. Я піў віскі з содавай і чытаў, пакуль Кэтрын раскладвала рэчы і вазілася ў пакоі.

— Ведаеш, любы, пра што мне давядзецца падумаць, — сказала яна.

— Пра што?

— Пра дзіцячыя рэчы. Звычайна ўсе да гэтага часу набываюць дзіцячыя рэчы.

— Гэта можна купіць.

— Я ведаю. Заўтра пайду купляць. Вось толькі даведаюся, што трэба.

— Табе трэба было б ведаць. Ты ж была сястрой.

— Так, але, ведаеш, салдаты так рэдка мелі дзяцей у шпіталі.

— А я?

Яна кінула ў мяне падушку і разліла віскі з содавай.

— Я зараз закажу табе яшчэ, — сказала яна. — Выбачай.

— Там ужо было мала. Хадзі сюды, да мяне.

— Не. Я хачу зрабіць, каб гэты пакой стаў на нешта падобны.

— На што?

— На наш з табой дом.

— Павесь сцягі Антанты.

— Заткніся, будзь ласкавы.

— А ну паўтары яшчэ раз.

— Заткніся.

— Ты так асцярожна гэта гаворыш, — сказаў я, — нібыта баішся некага пакрыўдзіць.

— Не.

— Ну тады хадзі сюды, да мяне.

— Ладна. — Яна падышла і села на ложак. — Я ведаю, што табе зараз са мной нецікава, любы. Я падобная на піўную бочку.

— Няпраўда. Ты прыгожая, і ты вельмі добрая.

— Я проста пачвара, на якой ты неасцярожна ажаніўся.

— Няпраўда. Ты становішся ўсё больш прыгожай.

— Але я зноў пахудзею, любы.

— Ты і зараз худая.

— Ты, відаць, выпіў.

— Толькі шклянку віскі з содавай.

— Зараз прынясуць яшчэ віскі, — сказала яна. — Мо сказаць, каб нам сюды і абед прынеслі?

— Вельмі добра.

— Тады мы наогул не будзем сёння выходзіць, добра? Пасядзім дома.

— I нагуляем, — сказаў я.

— Я вып'ю віна, — сказала Кэтрын. — Нічога мне ад гэтага не будзе. Мо тут ёсць наша белае капры.

— Напэўна, ёсць, — сказаў я. — У такім гатэлі заўсёды бывае італьянскае віно.

Кельнер пастукаў у дзверы. Ён прынёс віскі ў шклянцы з лёдам і на тым жа падносе маленькую бутэльку содавай.

— Дзякуй, — сказаў я. — Пастаўце тут. Калі ласка, прынясіце сюды абед на дзве персоны і дзве бутэлькі сухога белага капры ў лёдзе.

— Загадаеце на першае — суп?

— Ты хочаш суп, Кэт?

— Хачу.

— Адзін суп.

— Слухаюся, сэр.

Ён выйшаў і зачыніў дзверы. Я вярнуўся да газет і да вайны ў газетах і паволі ліў содавую ў шклянку з лёдам і віскі. Трэба было сказаць, каб лёд не клалі ў віскі. Хай бы прынеслі лёд асобна. Тады можна вызначыць, колькі ў шклянцы віскі, і яно не скажацца раптам занадта слабым ад содавай. Трэба будзе купіць бутэльку віскі і сказаць, каб прынеслі толькі лёд і содавую. Гэта лепш за ўсё: добрае віскі — прыемная рэч. Адна з самых прыемных з'яў жыцця.

53
{"b":"980839","o":1}