— Я не хацеў грубіць, але яна вельмі задзірае нос.
— Яна сказала, што вы патрабавальны і грубы.
— Нічога падобнага. Але, на самай справе, што за шпіталь без доктара?
— Ён павінен прыехаць. Яму званілі па тэлефоне на Кома.
— А што ён там робіць? Купаецца ў возеры?
— Не, у яго там клініка.
— Чаму ж не возьмуць іншага доктара?
— Ці-і-ха. Будзьце разумненькім, і ён хутка прыедзе.
Я папрасіў паклікаць швейцара і, калі ён пайшоў,сказаў яму па-італьянску, каб ён купіў мне бутэльку чынцана ў віннай краме, пляшку к'янці і вячэрнюю газету. Ён пайшоў і прынёс бутэлькі, загорнутыя ў газету, разгарнуў ix, адкаркаваў па маёй просьбе і паставіў пад ложак. Больш да мяне ніхто не прыходзіў, і я ляжаў у ложку і чытаў газету, навіны з фронту і спісы забітых афіцэраў і атрыманых імі ўзнагарод, а пасля апусціў руку ўніз і дастаў бутэльку з чынцана, і паставіў яе халодным дном сабе на жывот, і піў патрошку, і паміж глыткамі зноў ставіў бутэльку на жывот, адціскаючы колцы на скуры, і глядзеў, як неба над гарадскімі дахамі становіцца цямнейшым і цямнейшым. Над дахамі ляталі ластаўкі і ляталі начныя ястрабы, і я сачыў за ix палётам і піў чынцана. Міс Гэйдж прынесла мне гогаль-могаль у шклянцы. Калі яна ўвайшла, я схаваў бутэльку пад ложак.
— Міс Ван-Кампен загадала падліць сюды крыху херасу, — сказала яна. — Не трэба ёй грубіць. Яна ужо не маладая, а загадваць шпіталем — вялікая адказнасць. Місіс Уокер вельмі старая, і ад яе мала карысці.
— Яна цудоўная жанчына, — сказаў я, — падзякуйце ёй ад мяне.
— Я зараз прынясу вам вячэру.
— Не варта, — сказаў я. — Я не галодны.
Калі яна прынесла паднос і паставіла яго на столік каля ложка, я падзякаваў ёй і крыху паеў. Потым стала зусім цёмна, і мне было відаць, як па небе мітусіліся прамені пражэктараў. Нейкі час я сачыў за імі, а потым заснуў. Я спаў моцна, але адзін раз прачнуўся ўвесь спацелы ад страху і пасля зноў заснуў, стараючыся не вяртацца ў толькі што бачаны сон. Я прачнуўся зноў задоўга да світання і чуў, як спявалі пеўні, і ляжаў без сну, пакуль не пачало віднець. Гэта стаміла мяне, і калі зусім развіднела, я зноў заснуў.
РАЗДЗЕЛ ЧАТЫРНАЦЦАТЫ
Сонца ярка свяціла ў пакой, калі я прачнуўся. Мне здалося, што я зноў на фронце, і я выцягнуўся на ложку. Стала балюча нагам, і я паглядзеў на іх і, убачыўшы брудныя бінты, успомніў, дзе я. Я пацягнуўся да званка і націснуў на кнопку. Я пачуў, як у калідоры затрашчаў званок і хтосьці, мякка ступаючы гумовымі падэшвамі, прайшоў па калідоры. Гэта была міс Гэйдж; пры яркім сонечным святле яна здавалася старэйшай і не такой прыгожанькай.
— Добрай раніцы, — сказала яна. — Ну, як спалі?
— Добра, дзякую вам, — сказаў я. — Ці нельга паклікаць да мяне цырульніка?
— Я заходзіла да вас, і вы спалі вось з гэтым у руках.
Яна адчыніла шафу і паказала мне бутэльку з чынцана. Бутэлька была амаль пустая.
— Я і другую бутэльку з-пад ложка таксама паставіла туды, — сказала яна. — Чаму вы не папрасілі ў мяне шклянку?
— Я баяўся, што вы не дазволіце мне піць.
— Я і сама выпіла б з вамі.
— Вось гэта вы маладзец.
— Вам шкодна піць аднаму, — сказала яна. — Ніколі не рабіце гэтага.
— Больш не буду.
— Ваша міс Барклі прыехала, — сказала яна.
— Праўда?
— Так. Яна мне не падабаецца.
— Потым спадабаецца. Яна вельмі слаўная.
Яна пакруціла галавой.
— Не сумняваюся, што яна цуд. Вы можаце крыху пасунуцца сюды? Вось так, добра. Я вас прывяду ў парадак да снедання. — Яна памыла мяне з дапамогай анучкі, мыла і цёплай вады. — Падніміце руку, — сказала яна.—Вось так, добра.
— А можна, каб цырульнік прыйшоў да снедання?
— Зараз скажу швейцару. — Яна выйшла і хутка вярнулася. — Швейцар пайшоў па яго, — сказала яна і апусціла анучку ў таз з вадой.
Цырульнік прыйшоў разам са швейцарам. Гэта быў чалавек гадоў пяцідзесяці, з падкручанымі ўверх вусамі. Міс Гэйдж скончыла свае справы і выйшла, а цырульнік намыліў мне шчокі і стаў галіць. Ён рабіў усё вельмі ўрачыста і ўстрымліваўся ад размовы.
— Што ж вы маўчыце? Расказвайце навіны, — сказаў я.
— Якія навіны?
— Усё роўна якія. Што чуваць у горадзе?
— Зараз вайна, — сказаў ён. — У ворага ўсюды вушы.—Я аглянуўся на яго.
— Калі ласка, не круціце галавой, — сказаў ён і працягваў галіць. — Я нічога не скажу.
— Ды што з вамі? — спытаў я.
— Я італьянец. Я не размаўляю з ворагам.
Я настойваў. Калі ён вар'ят, то чым хутчэй ён адыме ад мяне брытву, тым лепш. Адзін раз я паспрабаваў разгледзець яго.
— Сцеражыцеся, — сказаў ён. — Брытва вострая.
Калі ён скончыў, я заплаціў, што трэба, і дадаў паўліры на чай. Ён вярнуў мне грошы.
— Я не вазьму. Я не на фронце. Але я італьянец.
— Ідзіце да д'ябла!
— З ватага дазволу, — сказаў ён і загарнуў свае брытвы ў газету. Ён выйшаў, пакінуўшы пяць медных манет на століку каля ложка. Я пазваніў. Увайшла міс Гэйдж.
— Будзьце ласкавы, паклічце да мяне швейцара.
— Калі ласка.
Швейцар прыйшоў. Ён з цяжкасцю стрымліваў смех.
— Што, гэты цырульнік вар'ят?
— Не, signorino. Ён памыліўся. Ён добра не пачуў, і яму здалося, быццам я сказаў, што вы аўстрыйскі афіцэр.
— О, Божа, — сказаў я.
— Ха-ха-ха, — зарагатаў швейцар. — Вось пацеха! «Калі б ён толькі паварушыўся, кажа, я б яму...» — Швейцар правёў пальцам на шыі. — Ха-ха-ха! — Ён ніяк не мог стрымаць смех. — А калі я сказаў яму, што вы не аўстрыец! Ха-ха-ха!
— Ха-ха-ха, — сказаў я злосна. — Вось была б пацеха, калі б ён перарэзаў мне горла. Ха-ха-ха.
— Ды не, signorino. Не, не. Ён да смерці спалохаўся аўстрыйца. Ха-ха-ха!
— Ха-ха-ха, — сказаў я. — Пайшлі вон.
Ён пайшоў, і мне было чуваць, як ён рагоча за дзвярыма. Я пачуў чыесьці крокі ў калідоры. Я аглянуўся на дзверы. Гэта была Кэтрын Барклі.
Яна ўвайшла ў пакой і падышла да ложка.
— Добры дзень, мілы! — сказала яна. — Твар яе быў свежы і малады і вельмі прыгожы. Я падумаў, што ніколі не бачыў такога прыгожага твару.
— Добры дзень! — сказаў я. Як толькі я ўбачыў яе, я зразумеў, што закаханы ў яе. Усё ў мяне перавярнулася. Яна паглядзела на дзверы і ўбачыла, што нікога няма. Тады яна прысела на край ложка, нахілілася і пацалавала мяне. Я прыцягнуў яе да сябе і пацалаваў і адчуў, як б'ецца яе сэрца.
— Мілая мая, — сказаў я. — Як добра, што вы прыехалі.
— Гэта было не складана. Вось застацца, мабыць, будзе цяжэй.
— Вы павінны застацца, — сказаў я. — Вы цуд. — Я быў як вар'ят. Мне не верылася, што яна сапраўды тут, і я моцна прыціскаў яе да сябе.
— Не трэба, — сказала яна. — Вы яшчэ нездаровы.
— Я здаровы. Хадзі да мяне.
— Не. Вы яшчэ слабы.
— Ды не, не слабы я. Хадзі.
— Вы мяне кахаеце?
— Я цябе вельмі кахаю. Я проста вар'яцею. Ну хадзі ж.
— Чуеце, як сэрца б'ецца?
— Што мне сэрца? Я хачу цябе. Я вар'яцею.
— Вы мяне праўда кахаеце?
— Перастань гаварыць пра гэта. Хадзі да мяне. Ты чуеш? Хадзі, Кэтрын.
— Ну, добра, але толькі на хвілінку.
— Добра, — сказаў я. — Зачыні дзверы.
— Нельга. Зараз нельга.
— Хадзі. Не кажы нічога. Хадзі да мяне.
Кэтрын сядзела ў крэсле каля ложка. Дзверы ў калідор былі адчынены. Вар'яцтва скончылася, і мне было так добра, як ніколі ў жыцці.
Яна спытала:
— Цяпер ты верыш, што я цябе кахаю?
— Ты мая дарагая, — сказаў я. — Ты застанешся тут. Цябе нікуды не павядуць. Я вар'яцею ад кахання да цябе.
— Мы павінны быць вельмі асцярожныя. Мы зусім страцілі галаву. Так нельга.
— Ноччу можна.
— Мы павінны быць вельмі асцярожныя. Ты павінен быць асцярожным пры чужых.
— Я буду асцярожны.
— Ты павінен, абавязкова. Ты добры. Ты мяне кахаеш, праўда?
— Не кажы пра гэта. А то я цябе не адпушчу.
— Я больш не буду. Ты мусіш мяне адпусціць. Мне пара, мілы, праўда.