Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Заўтра можна будзе паехаць на лыжах, — сказаў ён. — Вы ездзіце на лыжах, містэр Генры?

— Не, але я хачу навучыцца.

— Вы навучыцеся вельмі хутка. Мой сын прыязджае на Каляды, ён вас навучыць.

— Цудоўна. Калі ён павінен прыехаць?

— Заўтра вечарам.

Калі пасля абеду мы сядзелі ля печкі ў маленькім пакойчыку і пазіралі ў акно, як валіць снег, Кэтрын сказала:

— А што, калі табе з'ездзіць куды-небудзь аднаму, любы, пабыць сярод мужчын, пахадзіць на лыжах?

— Навошта мне гэта?

— Няўжо табе ніколі не хочацца пабачыць іншых людзей?

— А табе хочацца пабачыць іншых людзей?

— Не.

— I мне не.

— Я ведаю. Але ты іншая справа. Я чакаю дзіця, і таму мне прыемна нічога не рабіць. Я ведаю, што я стала страшна недарэчнай і страшна шмат балбачу, і мне здаецца, лепей табе з'ехаць, а то я табе надакучу.

— Ты хочаш, каб я з'ехаў?

— Не, я хачу, каб ты быў са мной.

— Вось я нікуды і не паеду.

— Хадзі сюды, — сказала яна. — Я хачу пакратаць шышку на тваёй галаве. Вялікая ўсё-ткі шышка. — Яна правяла па ёй пальцамі. — Любы, а чаму табе не адпусціць бараду?

— Табе хочацца?

— Проста так, дзеля забавы. Мне хочацца паглядзець, які ты з барадой.

— Ладна. Адпушчу бараду. Зараз жа, імгненна пачну адпускаць. Гэта ідэя. Зараз у мяне будзе занятак.

— Ты засмучаны, што ў цябе няма ніякага занятку?

— Не. Я вельмі задаволены. Мне вельмі добра. А табе?

— Мне выдатна. Але я ўсё баюся, што мо зараз, калі я такая, табе сумна са мной?

— Ах, Кэт! Ты нават не ўяўляеш, як моцна я кахаю цябе.

— Нават зараз?

— I зараз, і заўсёды. I я вельмі шчаслівы. Хіба нам не добра тут?

— Вельмі добра, але мне здаецца, што ты нейкі неспакойны.

— Не. Я часам успамінаю фронт і розных людзей. Але гэта не трывожыць мяне. Я ні пра што доўга не думаю.

— Каго ты ўспамінаеш?

— Рынальдзі, і святара, і яшчэ розных людзей. Але доўга пра іх я не думаю. Я не хачу думаць пра вайну. Я з ёй пакончыў.

— Пра што ты думаеш зараз?

— Hi пра што.

— Не, ты пра нешта думаў. Скажы.

— Я думаў, ці праўда, што ў Рынальдзі сіфіліс.

— I ўсё?А ў яго сіфіліс?

— Не ведаю.

— Я рада, што ў цябе няма. У цябе нічога такога не было?

— У мяне быў трыпер.

— Я не хачу пра гэта слухаць. Табе было вельмі балюча, любы?

— Вельмі.

— Я хацела б, каб у мяне быў таксама.

— Не выдумляй.

— Не, праўда. Я хацела б, каб у мяне ўсё было, як у цябе. Я хацела б ведаць усіх жанчын, якіх ведаў ты, каб пасля высмейваць іх перад табой.

— Усё гэта прыгожа.

— А тое, што ў цябе быў трыпер, прыгожа?

— Не. Глядзі, як ідзе снег.

— Я буду лепей глядзець на цябе. Любы, а што, каб ты адпусціў валасы?

— Як гэта?

— Крыху даўжэйшыя.

— Яны і так доўгія.

— Не, адпусці іх крыху больш. А я падстрыгуся, і мы будзем зусім аднолькавыя, толькі адзін светлы, а другі цёмны.

— Я не хачу, каб ты стрыглася.

— А гэта, відаць, забаўна. Мне надакучылі валасы. Ноччу ў ложку яны страшна перашкаджаюць.

— А мне падабаецца так.

— Аз кароткімі табе не спадабалася б?

— Магчыма. Мне падабаецца як зараз.

— А мо з кароткімі лепей. I мы былі б абое аднолькавымі. Любы, я так кахаю цябе, што хачу быць табой.

— Гэта так і ёсць. Мы з табой адно.

— Я ведаю. Начамі.

— Ноччу ўсё выдатна.

— Я хачу, каб зусім нельга было зразумець, дзе ты, а дзе я. Я не хачу, каб ты ад'язджаў. Я гэта сказала знарок. Калі табе хочацца, едзь. Толькі вяртайся хутчэй. Любы, я ж наогул не жыву, калі я не з табой.

— Я ніколі не паеду, — сказаў я. — Я ні на што не здатны, калі няма цябе. У мяне тады няма ніякага жыцця.

— Я хачу, каб у цябе было жыццё. Я хачу, каб у цябе было вельмі добрае жыццё. Але хай гэта будзе наша агульнае жыццё, праўда?

— Дык што, перастаць мне адпускаць бараду альбо няхай расце?

— Няхай расце. Адпускай. Гэта так цікава. Мо да Новага года яна вырасце?

— Давай згуляем у шахматы.

— Лепей у што-небудзь іншае.

— Не. Давай у шахматы.

— А пасля ў што-небудзь іншае?

— Так.

— Ну, добра.

Я дастаў шахматную дошку і расставіў фігуры. За акном па-ранейшаму валіў снег.

Неяк сярод ночы я прачнуўся і адчуў, што Кэтрын таксама не спіць. Месяц свяціў у акно, і на ложак падалі цені ад аконнага пераплёту.

— Ты не спіш, любы?

— Не. А ты не можаш заснуць?

— Я толькі што прачнулася і думаю пра тое, якая я была вар'ятка, калі мы сустрэліся. Помніш?

— Ты была крыху звар'яцелая.

— Зараз са мной ніколі такога не бывае. Зараз у мяне ўсё выдатна. Ты так цуда гаворыш гэтае слова. Скажы «выдатна».

— Выдатна.

— Ты каханы. I я зараз не звар'яцелая. Я толькі вельмі, вельмі, вельмі шчаслівая.

— Ну, спі, — сказаў я.

— Ладна. Давай заснём адразу.

— Ладна.

Але мы не заснулі адразу. Я яшчэ даволі доўга ляжаў, думаючы пра розныя рэчы і гледзячы на Кэтрын, якая спала, і на блікі месяца на яе твары. Затым я таксама заснуў.

РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ВОСЬМЫ

Да сярэдзіны студзеня я ўжо адпусціў бараду, і ўсталяваліся нарэшце па-зімоваму халодныя, яркія дні і халодныя, суровыя ночы. Зноў можна было хадзіць па дарогах. Снег стаў гладкі і цвёрды, прыкатаны палазамі саняў і бярвеннямі, якія валаклі з гары ўніз. Снег ляжаў усюды, амаль да самага Мантрэ. Горы на тым баку возера былі зусім белыя, і даліна Роны схавалася пад снегам. Мы рабілі працяглыя прагулкі на той бок гары да Бэн-дэ-л'Альяз. Кэтрын абувала падбітыя цвікамі чаравікі, апранала плашч і брала з сабой палку з вострым стальным наканечнікам. Пад плашчом яе паўната не была прыкметна, і мы ішлі не надта хутка і спыняліся і адпачывалі на бярвеннях ля дарогі, калі яна стамлялася.

У Бэн-дэ-л'Альяз быў кабачок пад дрэвамі, куды заходзілі выпіць лесарубы, і мы сядзелі там, грэючыся ля печкі, і пілі гарачае чырвонае віно з прыправамі і лімонам. Яго называюць Gluhwein, і гэта цудоўная рэч, калі трэба сагрэцца альбо выпіць за чыё-небудзь здароўе. У кабачку было цёмна і дымна, і пасля, калі мы выходзілі, халоднае паветра абпальвала лёгкія, і кончык носа падчас дыхання нямеў. Мы азіраліся на тынок, дзе ва ўсіх вокнах гарэла святло, і ля ўвахода коні лесарубаў білі капытамі, каб сагрэцца, і матлялі галавой. Валасінкі на іхніх мордах былі белыя ад шэрані, і пара іхняга дыхання застывала ў паветры. На зваротным шляху дарога была гладкая і слізкая, і лёд быў барвовым ад конскай мачы да самага павароту, дзе сцежка, па якой цягнулі бярвенні, збочвала. Далей дарога была накрыта шчыльна ўкатаным снегам і вяла праз лес, і два разы, вяртаючыся вечарам дамоў, мы бачылі лісу.

Гэта быў слаўны край, і калі мы выходзілі гуляць, нам заўсёды было вельмі весела.

— У цябе выдатная барада, — сказала Кэтрын. — Проста як у лесарубаў. Ты бачыў таго, з залатымі завушніцамі?

— Гэта паляўнічы на горных казлоў, — сказаў я. — Яны носяць завушніцы, бо гэта нібыта абвастрае слых.

— Няўжо? Наўрад ці гэта так. Мне здаецца, яны носяць іх, каб кожны ведаў, што яны паляўнічыя на горных казлоў. А тут водзяцца горныя казлы?

— Так, за Дан-дэ-Жаман.

— Як забаўна, што мы бачылі лісу.

— А ліса, калі спіць, абкручвае свой хвост вакол цела, і ёй цёпла.

— Відаць, вельмі прыемна.

— Мне заўсёды хацелася мець такі хвост. Вось каб у нас былі гэткія хвасты, як у лісы.

— А як тады апранацца?

— Можна заказаць спецыяльныя касцюмы альбо паехаць у тую краіну, дзе гэта не мае значэння.

— Мы і зараз у такой краіне, дзе нічога не мае значэння. Хіба не выдатна, што мы жывём тут і нікога не бачым? Ты ж не хочаш нікога бачыць, праўда, любы?

— Так.

— Давай хвілінку пасядзім. Я крыху стамілася.

Мы сядзелі на бервяне зусім побач. Наперадзе дарога ішла ў лес.

— А малое не будзе нам перашкаджаць? Як ты лічыш?

52
{"b":"980839","o":1}