Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Паехалі.

— Да пабачэння, — сказаў я. — Мне таксама пара. — Гадзіннік у бары паказваў без чвэрці шэсць. — Сіао, Эторэ.

— Сіао, Фрэд, — сказаў Эторэ. — Гэта здорава, што вы атрымаеце сярэбраны медаль.

— Не ведаю, ці атрымаю.

— Абавязкова атрымаеце, Фрэд. Я чуў, што вы абавязкова атрымаеце яго.

— Ну, да пабачэння, — сказаў я. — Глядзіце, не пападзіце ў бяду, Эторэ.

— Не хвалюйцеся за мяне. Я не п'ю. Я не забулдыга і не бабнік. Я ведаю, што добра і што дрэнна.

— Да пабачэння, — сказаў я. — Я рады, што вам прысвояць капітана.

— Мне не давядзецца проста так чакаць чыну. Я стану капітанам за баявыя заслугі. Вы ж ведаеце. Тры зорачкі са скрыжаванымі шпагамі і каронай зверху. Вось гэта і ёсць я.

— Усяго добрага.

— Усяго добрага. Калі вы вяртаецеся на фронт?

— Хутка.

— Яшчэ пабачымся.

— Да пабачэння.

— Да пабачэння. Не хварэйце.

Я пайшоў па завулку, адкуль праз прахадны двор можна было выйсці да шпіталя. Эторэ было дваццаць тры. Ён вырас у дзядзькі ў Сан-Францыска і прыехаў пагасцяваць да бацькоў у Турын, калі аб'явілі вайну. У яго была сястра, якая разам з ім выхоўвалася ў амерыканскага дзядзькі і ў гэтым годзе павінна была скончыць педагагічны каледж. Ён быў з тых стандартызаваных герояў, якія на ўсіх наганяюць нуду. Кэтрын яго цярпець не магла.

— У нас таксама ёсць героі, — гаварыла яна, — але ведаеш, мілы, яны звычайна больш ціхія.

— Мне ён не перашкаджае.

— Мне таксама, але ён вельмі ганарысты, і ён наганяе на мяне нуду, нуду, нуду.

— Ён і на мяне наганяе нуду.

— Ты гэта гаворыш для мяне, мілы. Але ў гэтым няма патрэбы. Можна ўявіць яго на фронце, і, відаць, ён там добра робіць сваю справу, але я такіх хлапчукоў не люблю.

— Не варта звяртаць на яго ўвагу.

— Гэта ты зноў для мяне гаворыш, і я буду старацца, каб ён мне спадабаўся, але, праўда, ён брыдкі, брыдкі хлапчук.

— Ён сёння гаварыў, што будзе капітанам.

— Як добра! — сказала Кэтрын. — Ён, напэўна, вельмі задаволены.

— Ці хацела б ты, каб у мяне быў вышэйшы чын?

— Не, мілы. Я толькі хачу, каб у цябе быў такі чын, каб нас пускалі ў добрыя рэстараны.

— Для гэтага ў мяне дастаткова высокі чын.

— У цябе выдатны чын. Я зусім не хачу, каб у цябе быў вышэйшы чын. Гэта магло б ускружыць табе галаву. Ах, мілы, я так рада, што ты не славалюбны. Я ўсё адно выйшла б за цябе, калі б нават ты быў славалюбны, але гэта так добра, калі муж не славалюбны.

Мы размаўлялі ціха, седзячы на балконе. Час быў узысці месяцу, але над горадам быў туман, і ён не ўзышоў, і потым пачало імжыць, і мы ўвайшлі ў пакой. Туман перайшоў у дождж, і трохі пазней дождж паліў вельмі моцна, і мы чулі, як ён барабаніць па даху. Я ўстаў і падышоў да дзвярэй, каб паглядзець, ці не залівае ў пакой, але аказалася, што не, і я пакінуў дзверы адчыненымі.

— Каго ты бачыў яшчэ? — спытала Кэтрын.

— Містэра і місіс Меерс.

— Дзіўная яны пара.

— Кажуць, што на радзіме ён сядзеў у турме. Яго выпусцілі, каб ён мог памерці на свабодзе.

— I з таго часу ён шчасліва жыве ў Мілане?

— Не ведаю, ці шчасліва.

— Дастаткова шчасліва пасля турмы.

— Яна збіраецца сюды з падарункамі.

— Яна прывозіць цудоўныя падарункі. Ты, вядома, таксама яе мілы хлопчык?

— А як жа.

— Вы ўсе яе мілыя хлопчыкі, — сказала Кэтрын. — Яна асабліва любіць мілых хлопчыкаў. Чуеш — дождж.

— Моцны дождж.

— А ты мяне ніколі не перастанеш кахаць?

— Не.

— I гэта нічога, што дождж?

— Нічога.

— Як добра. А то я баюся дажджу.

— Чаму?

Мяне хіліла на сон. За акном упарта ліў дождж.

— Не ведаю, мілы. Я заўсёды баялася дажджу.

— Я люблю дождж.

— Я люблю гуляць пад дажджом. Але для кахання гэта дрэнная прыкмета.

— Я цябе заўсёды буду кахаць.

— Я цябе буду кахаць, і калі дождж, і калі снег, і калі град, і... што яшчэ бывае?

— Не ведаю. Нешта мне спаць хочацца.

— Спі, мілы, а я ўсё адно буду кахаць цябе.

— Ты на самай справе баішся дажджу?

— Калі я з табой, не.

— Чаму ты баішся?

— Не ведаю.

— Скажы.

— Не прымушай мяне.

— Скажы.

— Не.

— Скажы.

— Ну, добра. Я баюся дажджу, бо мне здаецца, што я памру, калі будзе ісці дождж.

— Што ты!

— Часам мне здаецца, што ты памрэш.

— Вось гэта больш падобна да праўды.

— Зусім не, мілы. Таму што я магу цябе абараніць. Я ведаю, што магу. Але сабе нічым не паможаш.

— Перастань, калі ласка. Я сёння не хачу слухаць вар'яцкія шатландскія глупствы. Нам не так шмат засталося быць разам.

— Што ж рабіць, калі я шатландка і вар'ятка. Але я перастану. Гэта ўсё глупства.

— Так, гэта ўсё глупства.

— Гэта ўсё глупства. Гэта толькі глупства. Я не баюся дажджу. Ах, Божухна, Божа, калі б я магла не баяцца!

Яна плакала. Я стаў суцяшаць яе, і яна перастала плакаць. Але дождж усё ішоў.

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАТЫ

Неяк аднойчы пасля абеду мы паехалі на скачкі. З намі былі Фергюсон і Кроуэл Роджэрс, той самы, што быў паранены ў вочы пры разрыве дыстанцыйнай трубкі. Пакуль дзяўчаты апраналіся, мы з Роджарсам сядзелі на ложку ў яго пакоі і праглядалі ў спартыўным лістку справаздачу пра апошнія скачкі і імёны магчымых пераможцаў. У Кроуэла была забінтавана ўся галава, і ён вельмі мала цікавіўся скачкамі, але пастаянна чытаў спартыўны лісток і сачыў за ўсімі коньмі. Ён гаварыў, што ўсе коні — страшэнная дрэнь, але лепшых тут няма. Стары Меерс любіў яго і даваў яму парады. Меерс заўсёды выйграваў, але не любіў даваць парады, бо гэта памяншала выдачу. На скачках было шмат жульніцтва. Жакеі, якіх выгналі з усіх іпадромаў свету, працавалі ў Італіі. Парады Меерса заўсёды былі добрыя, але я не любіў пытацца ў яго, бо ён часам не адказваў увогуле, а калі адказваў, было відаць, што яму вельмі не хочацца гэтага рабіць, але па нейкіх прычынах ён лічыў сваім абавязкам падказваць нам, і Кроуэлу ён падказваў з найменшай неахвотай, чым іншым. У Кроуэла былі пашкоджаны вочы, адно вока вельмі сур'ёзна, і ў Меерса таксама было штосьці дрэнна з вачыма, і таму ён любіў Кроуэла. Меерс ніколі не гаварыў жонцы, на якога каня ён ставіць, і яна то выйгравала, то прайгравала, часцей прайгравала, і ўвесь час балбатала.

Учацвярых мы ў адкрытым экіпажы паехалі ў Сан-Сіро. Дзень быў цудоўны, і мы ехалі праз парк, потым ехалі ўздоўж трамвайных пуцей і нарэшце выехалі за горад, дзе было шмат пылу. Узбоч дарогі стаялі вілы за жалезнымі агароджамі, і вялікія запушчаныя сады, і канавы з праточнай вадой, і агароды з запыленай зелянінай на градках. Удалечыні на раўніне былі бачны фермерскія дамы і вялізныя зялёныя ўчасткі з каналамі штучнага арашэння, а на поўначы ўздымаліся горы. Па дарозе на іпадром рухалася шмат экіпажаў, і кантралёр каля варот прапусціў нас без білетаў, бо мы былі ў ваеннай форме. Мы выйшлі з экіпажа, купілі праграму, перасеклі круг і па шчыльным дзірване дарожкі пайшлі да паддока. Трыбуны былі драўляныя і старыя, а ніжэй трыбун былі касы, і другі шэраг кас быў каля канюшняў. Каля агароджы тоўпіліся салдаты. На паддоку было даволі шматлюдна. Пад дрэвамі, за вялікай трыбунай, конюхі вадзілі коней. Мы ўбачылі знаёмых і расстараліся для Фергюсон і Кэтрын крэслы і сталі глядзець на коней.

Яны хадзілі па крузе, цугам апусціўшы галаву, на повадзе ў конюхаў. Адзін вараны конь быў з лілаватым адценнем, і Кроуэл бажыўся, што ён афарбаваны. Мы прыглядзеліся больш пільна і вырашылі, што, магчыма, ён мае рацыю. Гэтага каня вывелі толькі за хвіліну перад тым, як далі сігнал сядлаць. Мы адшукалі яго ў праграме па нумары ў конюха на рукаве, і там значылася: вараны конь, клічка «Япалак». Павінен быць заезд для коней, якія ні разу не бралі прыз больш за тысячу лір. Кэтрын была цвёрда пераканана, што ў каня штучна зменена масць. Фергюсон сказала, што не можа быць. Мне гэта ўсё таксама здавалася падазроным. Мы ўсе вырашылі паставіць на гэтага каня па сто лір. У разліковым лістку было сказана, што прыз за яго будзе ў трыццаць пяць разоў большы. Кроуэл пайшоў купляць білеты, а мы засталіся і глядзелі, як жакеі зрабілі яшчэ адзін круг пад дрэвамі і потым выехалі на дарожку і павольным галопам накіраваліся да павароту, да месца старту.

22
{"b":"980839","o":1}