— Пра што ты думаеш, любы?
— Пра віскі.
— А пра што іменна?
— Пра тое, якая слаўная рэч віскі.
Кэтрын скрывілася.
— Ладна, — сказала яна.
Мы пражылі ў гэтым гатэлі тры тыдні. Там было няблага: рэстаран звычайна пуставаў, і мы вельмі часта абедалі ў сваім нумары. Мы гулялі па горадзе, і ездзілі на трамваі да Углы, і гулялі над возерам. Надвор'е было зусім цёплае, і было падобна на вясну. Мы шкадавалі, што з'ехалі са свайго шале ў гарах, але вясновае надвор'е працягвалася толькі некалькі дзён, а затым зноў пачалася халодная сырасць пераходнага часу.
Кэтрын купляла ўсё патрэбнае для дзіцяці. Я хадзіў у гімнастычную залу баксіраваць для мацыёну. Звычайна я хадзіў туды ранкам, пакуль Кэтрын яшчэ ляжала ў ложку. У падманлівыя вясновыя дні было прыемна пасля бокса і душа прайсці па вуліцы, удыхаючы вясенняе паветра, зайсці ў кафэ пасядзець, і паглядзець на людзей, і прачытаць газету, і выпіць вермуту, а затым вярнуцца ў гатэль і паснедаць з Кэтрын. Выкладчык бокса ў гімнастычнай зале насіў вусы, у яго былі вельмі дакладныя і кароткія рухі, і ён страшна палохаўся, калі пачнеш нападаць на яго. Але ў гімнастычнай зале было вельмі прыемна. Там было шмат паветра і святла, і я працаваў сумленна, скакаў цераз вяроўку, і вырабляў розныя прыёмы ў боксе, і рабіў практыкаванні для мышц жывата, лежачы на падлозе ў паласе сонечнага святла, якое лілося з адчыненага акна, і часам палохаў выкладчыка, баксіруючы з ім. Спачатку я не мог трэніравацца перад доўгім вузкім люстэркам, бо так дзіўна было бачыць баксёра з барадой. Але пасля мне ад гэтага стала проста смешна. Я хацеў збрыць бараду, як толькі пачаў займацца боксам, але Кэтрын не дазволіла мне.
Часам мы з Кэтрын ездзілі ў экіпажы па ваколіцах. Добрым надвор'ем ездзіць было прыемна, і мы знайшлі два цудоўныя месцы, куды можна было заехаць паабедаць. Кэтрын ужо не магла шмат хадзіць, і я з задавальненнем ездзіў з ёй разам па вясковых дарогах.
Калі дзень быў добры, мы выдатна бавілі час і ні разу нам не было дрэнна. Мы ведалі, што дзіця ўжо зусім блізка, і ад гэтага ў нас было такое адчуванне, нібыта нешта прыспешвае нас і нельга губляць ніводнай гадзіны, якую мы можам быць разам.
РАЗДЗЕЛ САРАКАВЫ
Неяк я прачнуўся каля трох гадзін раніцы і пачуў, што Кэтрын варочаецца ў ложку.
— Ты нездаровая, Кэт?
— У мяне як быццам схваткі, любы.
— Рэгулярна?
— Не, не зусім.
— Калі пойдуць рэгулярна, трэба ехаць у бальніцу.
Мне вельмі хацелася спаць, і я заснуў. Хутка я прачнуўся зноў.
— Ты мо пазвоніш доктару, — сказала Кэтрын. — Мо гэта ўжо пачынаецца?
Я падышоў да тэлефона і пазваніў доктару.
— Як часта паўтараюцца схваткі? — спытаў ён.
— Як часта, Кэт?
— Прыкладна кожныя пятнаццаць хвілін.
— Тады едзьце ў бальніцу, — сказаў доктар. — Я зараз апрануся і таксама прыеду туды.
Я павесіў трубку і затым пазваніў у прывакзальны гараж, каб выклікаць таксі. Доўга ніхто не браў трубку. Нарэшце я дабіўся нейкага чалавека, які абяцаў адразу ж выслаць машыну. Кэтрын апраналася. У яе чамадане ўжо было складзена ўсё неабходнае для бальніцы і дзіцячыя рэчы. Мы выйшлі ў калідор, і я пазваніў ліфцёру. Адказу не было. Я сышоў уніз. Унізе нікога не было, акрамя начнога швейцара. Я сам падняўся ў ліфце, занёс у кабіну чамадан Кэтрын, яна ўвайшла, і мы спусціліся ўніз. Начны швейцар адчыніў нам дзверы, і мы селі на каменныя тумбы ля прыступак параднага ўвахода і чакалі таксі. Ноч была светлая, і на небе былі зоркі. Кэтрын была вельмі ўзбуджаная.
— Я так рада, што ўжо пачалося, — сказала яна. — Зараз хутка ўсё будзе ў мінулым.
— Ты малайчына.
— Я не баюся. Толькі каб хутчэй прыехала таксі.
Мы пачулі шум машыны на вуліцы і ўбачылі святло ад фар. Таксі пад'ехала да ганка, і я дапамог Кэтрын сесці, а шафёр паставіў чамадан на пярэдняе сядзенне.
— У бальніцу, — сказаў я.
Мы выехалі на дарогу і пачалі падымацца ўгару.
Калі мы пад'ехалі да бальніцы, я ўзяў чамадан, і мы ўвайшлі. Унізе за канторкай сядзела жанчына, якая запісала ў кнігу імя і прозвішча Кэтрын, узрост, адрас, звесткі пра родзічаў і пра рэлігію. Кэтрын сказала, што ў яе няма ніякай рэлігіі, і жанчына паставіла супраць гэтага слова ў кнізе рысачку. Кэтрын сказала, што яе прозвішча Генры.
— Я адвязу вас у палату, — сказала жанчына.
Мы падняліся на ліфце. Жанчына спыніла ліфт, і мы выйшлі і пайшлі за ёй па калідоры. Кэтрын моцна трымалася за маю руку.
— Вось гэта ваша палата, — сказала жанчына. — Калі ласка, распранайцеся і кладзіцеся. Вось вам начная кашуля.
— У мяне ёсць начная кашуля, — сказала Кэтрын.
— Вам зручней будзе ў гэтай, — сказала жанчына.
Я выйшаў і сеў на стул у калідоры.
— Зараз можаце ўвайсці, — сказала сястра, стоячы ў дзвярах.
Кэтрын ляжала на вузкім ложку, у звычайнай начной кашулі з квадратным выразам, зробленай, здавалася, з палатна. Яна ўсміхнулася мне.
— Зараз у мяне ўжо добрыя схваткі, — сказала яна.
Сястра трымала яе руку і сачыла за схваткамі па гадзінніку.
— Вось зараз была моцная, — сказала Кэтрын. Я бачыў гэта па яе твары.
— Дзе доктар? — спытаў я ў сястры.
— Спіць унізе. Ён прыйдзе, калі трэба будзе. Я павінна сёе-тое зрабіць madamе, — сказала сястра. — Будзьце ласкавы выйсці зноў.
Я выйшаў у калідор. Калідор быў пусты, з двума вокнамі і зачыненымі дзвярыма на ўсю даўжыню калідора. У ім пахла бальніцай. Я сядзеў на стуле, і глядзеў на падлогу, і маліўся за Кэтрын.
— Можаце зайсці, — сказала сястра. Я ўвайшоў.
— Гэта ты, любы? — сказала Кэтрын.
— Я.
— Зараз ужо зусім часта.
Яе твар скрывіўся. Пасля яна ўсміхнулася.
— Вось гэтая была сапраўдная. Калі ласка, сястра, пакладзіце мне зноў руку пад спіну.
— А вам так лягчэй? — спытала сястра.
— Ты ідзі, любы, — сказала Кэтрын. — Ідзі што-небудзь з'еш. Сястра кажа, што можа быць вельмі доўга.
— Першыя роды звычайна бываюць працяглымі, — сказала сястра.
— Калі ласка, ідзі паеш, — сказала Кэтрын. — Я сябе добра адчуваю. Праўда.
— Я яшчэ крыху пабуду, — сказаў я.
Схваткі паўтараліся рэгулярна, затым сталі радзейшыя. Кэтрын была вельмі ўзбуджаная. Калі ёй было асабліва балюча, яна казала, што схватка добрая. Калі схваткі сталі слабейшымі, яна была расчараваная і збянтэжаная.
— Ты ідзі, любы, — сказала яна. — Калі ты тут, мне неяк несвабодна. — Яе твар скрывіўся. — Вось. Гэтая ўжо была лепшая. Я так хачу быць добрай жонкай і нарадзіць без усялякіх фокусаў. Калі ласка, ідзі паснедай, любы, а пасля прыходзь зноў. Я не буду сумаваць без цябе. Сястра такая слаўная.
— Вам хопіць часу, каб паснедаць, — сказала сястра.
— Добра, я пайду. Да сустрэчы, дарагая.
— Да сустрэчы, — сказала Кэтрын. — Паснедай як след, за мяне таксама.
— Дзе тут можна паснедаць? — спытаў я ў сястры.
— На нашай вуліцы, ля самай плошчы, ёсць кафэ, — сказала яна. — Павінна быць адчынена.
Развіднелася. Па пустой вуліцы я дайшоў да кафэ. У вокнах гарэла святло. Я ўвайшоў і спыніўся ля ацынкаванай стойкі,і стары буфетчык падаў мне шклянку белага віна і брыёш. Брыёш была ўчарашняя. Я макаў яе ў віно і пасля яшчэ выпіў кубак кавы.
— Што вы робіце тут так рана? — спытаў стары.
— У мяне жонка нараджае ў бальніцы.
— Вось як! Жадаю шчасця.
— Дайце мне яшчэ шклянку віна.
Ён наліў, надта моцна нахіліўшы бутэльку, крыху вылілася на стойку. Я выпіў, заплаціў і выйшаў. Ля ўсіх дамоў на вуліцы стаялі вёдры са смеццем. Адно вядро абнюхваў сабака.
— Што ты там шукаеш? — спытаў я і нахіліўся, каб паглядзець, ці няма ў вядры нечага для яго; зверху была толькі гушча ад кавы, смецце і некалькі звялых кветак.
— Нічога няма, — сказаў я. Сабака перайшоў на другі бок. Прыйшоўшы ў бальніцу, я падняўся па лесвіцы на той паверх, дзе была Кэтрын, і па калідоры дайшоў да яе дзвярэй. Я пастукаўся. Ніхто не адказваў. Я адчыніў дзверы; палата была пустая, толькі чамадан Кэтрын стаяў на стуле і на кручку вісеў яе халацік. Я выйшаў у калідор і пачаў каго-небудзь шукаць. Я ўбачыў другую сястру.