Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Што можна сказаць пра краіну, дзе робяць віно, якое мае смак клубніц, — сказаў ён.

— А чым дрэнна? — спытала Кэтрын. — Мне нават падабаецца.

— Паспрабуйце, лэдзі, калі вам хочацца, — сказаў Жорж. — Але дазвольце мне захапіць бутэлечку марго для tenente.

— Я таксама хачу паспрабаваць, Жорж.

— Сэр, я вам не раіў бы. Яно і смаку клубніц не мае.

— А раптам? — сказала Кэтрын. — Гэта было б цудоўна.

— Я зараз падам яго, — сказаў Жорж, — і, калі жаданне лэдзі будзе задаволена, я яго забяру.

Віно было не з лепшых. Жорж меў рацыю. У яго не было і смаку клубніц. Мы зноў перайшлі на капры. Аднойчы ў мяне не хапіла грошай, і Жорж пазычыў мне сто лір.

— Нічога, нічога, tenente, — сказаў ён. — Здараецца з кожным. Я ведаю, як гэта бывае. Калі вам альбо лэдзі спатрэбяцца грошы, у мяне заўсёды знойдуцца.

Пасля абеду мы ішлі па Galleria міма іншых рэстаранаў і міма магазінаў са спушчанымі жалезнымі шторамі і спыняліся каля кіёска, дзе прадаваліся сандвічы: сандвічы з вяндлінай і латукам і сандвічы з анчоўсамі на малюсенькіх румяных булачках, не даўжэйшых за ўказальны палец. Мы бралі іх з сабой, каб з'есці, калі прагаладаемся ноччу. Потым мы садзіліся ў адкрытую брычку каля выхаду з Galleria насупраць сабора і вярталіся ў шпіталь. Швейцар выходзіў на ганак шпіталя, каб памагчы мне справіцца з мыліцамі. Я расплачваўся з вазніцам, і мы ехалі наверх на ліфце. Кэтрын выходзіла на тым паверсе, дзе жылі сёстры, а я падымаўся вышэй і на мыліцах ішоў па калідоры ў свой пакой; часам я распранаўся і клаўся ў ложак, а часам сядзеў на балконе, паклаўшы нагу на крэсла, і сачыў за палётам ластавак над дахамі, і чакаў Кэтрын. Калі яна прыходзіла, было так, быццам яна вярнулася з далёкага падарожжа, і я ішоў на мыліцах па калідоры разам з ёю, і нёс тазікі, і чакаў каля дзвярэй або ўваходзіў разам з ёю — гледзячы на тое, быў хворы нашым сябрам ці не, і калі яна канчала ўсе свае справы, мы сядзелі на балконе майго пакоя. Потым я клаўся ў ложак, і калі ўсе ўжо спалі і яна была ўпэўнена, што ніхто не пакліча, яна прыходзіла да мяне. Я любіў распускаць яе валасы, і яна сядзела на ложку, не варушачыся, толькі зрэдку раптам хутка нахілялася пацалаваць мяне, і я вымаў шпількі і клаў іх на прасціну, і вузел ва патыліцы ледзь трымаўся, і я глядзеў, як яна сядзіць, не варушачыся, і потым вымаў дзве апошнія шпількі, і валасы распускаліся зусім, і яна схіляла галаву, і яны закрывалі нас абаіх, і здавалася, што мы ў палатцы альбо за вадаспадам.

У яе былі надзіва прыгожыя валасы, і часам я ляжаў і глядзеў, як яна закручвае іх пры святле, якое падае з адчыненых дзвярэй, і яны нават ноччу блішчалі, як блішчыць іншым разам вада перад самым світанкам. У яе быў дзівосны твар і цела і дзівосная гладкая скура. Мы ляжалі побач, і я кончыкамі пальцаў кранаў яе шчокі і лоб, і пад вачыма, і падбародак, і шыю і гаварыў: «Зусім як клавішы раяля», — і тады яна гладзіла пальцамі мой падбародак і гаварыла: «Зусім як наждак, калі ім вадзіць па клавішах раяля».

— Што, колецца?

— Ды не, мілы. Гэта я проста, каб падражніць цябе.

Ноччу ўсё было цудоўна, і калі мы маглі дакранацца адно аднаго — гэта было ўжо шчасцем. Акрамя вялікіх радасцей у нас яшчэ было мноства драбнейшых выяўленняў кахання, і калі мы бывалі не разам, мы стараліся ўнушаць адно аднаму думкі на адлегласці. Калі-нікалі гэта як быццам удавалася, але, верагодна, гэта было таму, што, па сутнасці, мы абое думалі пра адно і тое ж.

Мы гаварылі адно аднаму, што ў той дзень, як яна прыехала ў шпіталь, мы пажаніліся, і мы лічылі месяцы з дня свайго вяселля. Я хацеў, каб мы на самай справе пажаніліся, але Кэтрын сказала, што тады ёй давядзецца паехаць і што, як толькі мы станем уладжваць фармальнасці, за ёй стануць сачыць і нас разлучаць. Давядзецца ўсё рабіць па італьянскіх шлюбных законах, і з фармальнасцямі будзе страшэнная важданіна. Я хацеў, каб мы пажаніліся на самай справе, бо мяне непакоіла думка пра дзіця, але для сябе мы лічылі, што мы жанатыя, і не надта ўжо хваляваліся, і, бадай, мне падабалася, што мы не жанатыя на самай справе. Я помню, як аднойчы ноччу мы загаварылі пра гэта, і Кэтрын сказала:

— Але, мілы, мне адразу давядзецца паехаць адсюль.

— А мо не давядзецца.

— Абавязкова. Мяне адправяць дадому, і мы не ўбачымся, пакуль не скончыцца вайна.

— Я буду прыязджаць у водпуск.

— Нельга паспець у Шатландыюі назад за час водпуску. Ды і не паеду я ад цябе. Навошта нам жаніцца зараз? Мы і так жанатыя. Болей жанатымі і быць нельга.

— Я хачу гэтага толькі дзеля цябе.

— Ніякай «мяне» няма. Я — гэта ты. Калі ласка, не выдумляй асобнай «мяне».

— Я думаў, што дзяўчаты заўсёды хочуць замуж.

— Так яно і ёсць. Але, мілы, я замужам. Я замужам за табой. Хіба я дрэнная жонка?

— Ты цудоўная жонка.

— Як бачыш, мілы, я ўжо аднойчы спрабавала дачакацца замуства.

— Я не хачу пра гэта слухаць.

— Ты ведаеш, што я кахаю толькі цябе. Хіба табе не ўсё роўна, што нехта іншы кахаў мяне?

— Не ўсё роўна.

— Але ён загінуў, а ты атрымаў усё, чаго ж тут раўнаваць?

— Няхай так, але я не хачу чуць пра гэта.

— Бедненькі мой! А вось я ведаю, што ў цябе былі розныя жанчыны, і мяне гэта не турбуе.

— А можна нам пажаніцца неяк тайна? Раптам са мной што-небудзь здарыцца ці ў цябе будзе дзіця.

— Шлюб існуе толькі царкоўны альбо грамадзянскі. А тайна мы і так жанатыя. Ведаеш, мілы, гэта было б для мяне вельмі важна, калі б я была веруючай. Але я не веруючая.

— Ты дала мне святога Антонія.

— Гэта проста на шчасце. Мне таксама яго далі.

— Значыць, цябе нічога не трывожыць?

— Толькі думка пра тое, што нас могуць разлучыць. Ты мая рэлігія. Ты для мяне ўсё на свеце.

— Ну, добра. Але я ажанюся з табой, як толькі ты захочаш.

— Ты так гаворыш, мілы, быццам твой абавязак зрабіць з мяне прыстойную жанчыну. Я зусім прыстойная жанчына. Не можа быць сораму там, дзе ёсць шчасце і гонар. Хіба ты не шчаслівы?

— Але ты ніколі не пойдзеш ад мяне да іншага?

— Не, мілы. Я ад цябе ніколі ні да кога не пайду. Мне здаецца, з намі здарыцца ўсё самае страшнае. Але не трэба турбавацца пра гэта.

— Я і не турбуюся. Але я кахаю цябе так, а ты акрамя мяне ўжо некага кахала.

— А што было далей?

— Ён загінуў.

— Так, але калі б гэтага не адбылося, я не сустрэла б цябе. Мяне нельга назваць нявернай, мілы. У мяне шмат недахопаў, але я вельмі верная. Пачакай, табе нават надакучыць мая вернасць.

— Я хутка павінен буду вярнуцца на фронт.

— Не будзем думаць пра гэта, пакуль ты яшчэ тут. Разумееш, мілы, я шчаслівая, і нам добра. Я даўно не была шчаслівая, і, магчыма, калі мы з табой сустрэліся, я была амаль вар'ятка. Магчыма, зусім вар'ятка. Але цяпер мы шчаслівыя, і мы кахаем адно аднаго. Давай будзем проста шчаслівыя. Ты шчаслівы, праўда? Можа, табе не падабаецца што-небудзь? Ну, што мне зрабіць, каб табе было прыемна? Хочаш, я распушчу валасы? Хочаш?

— Так, а потым кладзіся тут.

— Добра. Толькі раней абыду хворых.

РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТНАЦЦАТЫ

Так праходзіла лета. Пра дні я памятаю няшмат, толькі тое, што было вельмі горача і газеты былі поўныя перамог. У мяне быў здаровы арганізм, і раны хутка загойваліся, так што вельмі хутка пасля таго, як я ўпершыню стаў на мыліцы, я змог іх выкінуць і хадзіць толькі з кійком. Тады я пачаў у Ospedale Mаggiore лячэбныя працэдуры для згібання каленяў, механатэрапію, праграванне фіялетавымі прамянямі ў люстраной скрыні, масаж і ванны. Я хадзіў туды пасля абеду і на зваротным шляху заходзіў у кафэ, і піў віно, і чытаў газеты. Я не блукаў па горадзе; з кафэ мне заўсёды хацелася вярнуцца проста ў шпіталь. Мне хацелася толькі аднаго: бачыць Кэтрын. Увесь астатні час я хацеў як-небудзь змарнаваць. Часцей за ўсё раніцай я спаў, а пасля абеду часам ездзіў на скачкі і потым на механатэрапію. Іншы раз я заходзіў у англа-амерыканскі клуб і сядзеў у глыбокім скураным крэсле перад акном і чытаў часопісы. Нам ужо не дазвалялася выходзіць удваіх пасля таго, як я кінуў мыліцы, таму што непрыстойна было сястры гуляць з хворым, якому з выгляду не патрэбна дапамога, і таму ўдзень мы рэдка бывалі разам. Калі-нікалі ўдавалася паабедаць разам дзе-небудзь у горадзе, тады і Фергюсон была з намі. Мы з Кэтрын лічыліся сябрамі, і міс Ван-Кампен згадзілася з гэтым, бо Кэтрын шмат дапамагала ёй у шпіталі. Яна вырашыла, што Кэтрын з вельмі прыстойнай сям'і, і гэта канчаткова схіліла яе на наш бок. Міс Ван-Кампен надавала вялікае значэнне паходжанню, і сама належала да вышэйшых колаў. Да таго ж у шпіталі было нямала спраў і клопатаў, і гэта адцягвала яе ўвагу. Лета было гарачае, і ў мяне ў Мілане было шмат знаёмых, але я заўсёды спяшаўся вярнуцца ў шпіталь да змяркання. Фронт наблізіўся да Карсо, ужо быў узяты Кук, на другім беразе насупраць Плавы, і цяпер наступалі на плато Баінзіца. На заходнім фронце справы былі не такія добрыя. Здавалася, што вайна цягнецца ўжо вельмі доўга. Зараз мы таксама ўступілі ў вайну, але я лічыў, што спатрэбіцца не менш як год, каб пераправіць дастатковую колькасць войска і падрыхтаваць яго. На наступны год можна было чакаць шмат дрэннага, а мо і шмат добрага. Італьянскія войскі неслі вялізныя страты. Я не ўяўляў сабе, як гэта можа працягвацца. Нават калі зоймуць усе плато Баінзіца і Монтэ-Сан-Габрыеле, ёсць яшчэ шмат гор, якія застануцца ў аўстрыйцаў. Я бачыў іх. Усе самыя высокія горы былі далей. На Карсо ўдалося прасунуцца наперад, а ўнізе, каля мора, балоты і багна. Напалеон разбіў бы аўстрыйцаў у даліне. Ён ніколі не стаў бы ваяваць з імі ў гарах. Ён даў бы ім спусціцца і разбіў бы іх пад Веронай. Але на заходнім фронце ўсё яшчэ ніхто нікога не разбіваў. Мо войны цяпер не канчаюцца перамогай. Мо яны наогул не канчаюцца. Мо гэта новая Стогадовая вайна. Я паклаў газету і пайшоў па Віа-Манцоні. Перад «Гранд-гатэлем» я ўбачыў старога Меерса і яго жонку, якія выходзілі з экіпажа. Яны вярталіся са скачак. Яна была жанчына з вялікім бюстам, апранутая ў бліскучы чорны шоўк. Ён быў маленькі і стары, з сівымі вусамі, пакутаваў на плоскаступнёвасць і хадзіў, апіраючыся на кіёк.

20
{"b":"980839","o":1}