— Ну, як справы, бэбі? Як вы сябе адчуваеце? Вось вам... — Ён трымаў у руках бутэльку каньяку. Веставы прынёс яму стул, і ён сеў. — I яшчэ прыемная навіна. Вы прадстаўлены да ўзнагароды. Разлічвайце на сярэбраны медаль, але, магчыма, атрымаецца толькі бронзавы.
— За што?
— Вы ж сур'ёзна паранены. Кажуць так: калі вы дакажаце, што здзейснілі подзвіг, атрымаеце сярэбраны. А калі не, будзе бронзавы. Раскажыце мне падрабязна, што адбылося. Здзейснілі подзвіг?
— Не, — сказаў я. — Калі разарвалася міна, я еў сыр.
— Не дурыце. Не можа быць, каб вы не здзейснілі які-небудзь подзвіг альбо да таго, альбо пасля. Добра падумайце.
— Нічога не здзяйсняў.
— Нікога не пераносілі на плячах, калі ўжо былі паранены? Гардзіні кажа, што вы перанеслі на плячах некалькі чалавек, але галоўны ўрач першага паста заявіў, што гэта немагчыма. А падпісаць прадстаўленне да ўзнагароды павінен ён.
— Нікога я не насіў. Я не мог варушыцца.
— Гэта няважна, — сказаў Рынальдзі. Ён зняў пальчаткі.
— Усё-ткі мы, відаць, даб'ёмся сярэбранага. Мо вы адмовіліся прыняць медыцынскую дапамогу раней за іншых?
— Не надта рашуча.
— Гэта няважна. А ваша раненне? А мужнасць, якую вы праявілі? Вы ж увесь час прасіліся на перадавую. Да таго ж аперацыя закончылася паспяхова.
— Значыць, раку ўдалося фарсіраваць?
— Яшчэ як удалося! Захоплена каля тысячы палонных. Так сказана ў бюлетэні. Вы бачылі яго?
— Не.
— Я вам прынясу. Гэта выдатны coup de main²².
— А як там у вас?
— Выдатна. Усё выдатна. Усе ганарацца вамі. Раскажыце ж мне, як усё было. Я ўпэўнены, што вы атрымаеце сярэбраны. Ну, расказвайце. Расказвайце ўсё па парадку. — Ён памаўчаў у роздуме. — Мо вы яшчэ і англійскі медаль атрымаеце. Там быў адзін англічанін. Я ўбачу яго, спытаю, ці згодзіцца ён пагаварыць пра вас. Што-небудзь ён, напэўна, здолее зрабіць. Баліць моцна? Выпіце. Веставы, прынясіце штопар. Паглядзелі б вы, як я выразаў аднаму пацыенту тры метры тонкіх кішак. Пра гэта варта напісаць у «Ланцэт». Вы зробіце пераклад, і я пашлю ў «Ланцэт». Я ўдасканальваюся з кожным днём. Мой бедны бэбі, а як ваша самаадчуванне? Дзе ж гэты чортаў штопар? Вы гэткі цярплівы і ціхі, што я забываюся пра вашу рану. — Ён пляснуў пальчаткамі па краю ложка.
— Вось штопар, signor tenente, — сказаў веставы.
— Адкаркуйце бутэльку. Прынясіце шклянку. Выпіце, бэбі. Як ваша галава? Я глядзеў гісторыю хваробы. Трэшчыны няма. Гэты доктар з першага паста проста канавал. Я ўсё зрабіў бы так, што вы не адчулі б болю. У мяне ніхто не адчувае болю. Я так працую. З кожным днём я працую ўсё лепш і лепш. Вы мне даруйце, бэбі, што я так шмат балбачу. Я перажываю, што ў вас сур'ёзная рана. Ну, піце, добры каньяк. Пятнаццаць лір бутэлька. Мусіць быць добры. Пяць зорачак. Проста адсюль я пайду да гэтага англічаніна, і ён даб'ецца для вас англійскага медаля.
— Яго не так лёгка атрымаць.
— Вы занадта сціплы. Я пашлю афіцэра сувязі. Ён умее гаварыць з англічанамі.
— Вы не бачылі міс Барклі?
— Я яе прывяду сюды. Я зараз жа пайду і прывяду яе сюды.
— Не хадзіце, — сказаў я. — Раскажыце мне пра Гарыцы. Як дзяўчаты?
— Няма дзяўчат. Ужо два тыдні іх не падмянялі. Болей я туды не хаджу. Проста незразумела! Гэта ўжо не дзяўчаты, гэта старыя баявыя таварышы.
— Зусім не ходзіце?
— Толькі часам зазіраю, каб даведацца, што новага. Так, мімаходзь! Яны ўсе пытаюцца пра вас. Проста незразумела! Трымаюць іх так доўга, што мы становімся сябрамі.
— Мо няма больш жадаючых ехаць на фронт?
— Не можа быць. Дзяўчат многа. Проста дранная арганізацыя. Прытрымліваюць іх для тылавых герояў.
— Бедны Рынальдзі! — сказаў я. — Адзін, зусім адзін на вайне, і няма яму нават новых дзяўчат.
Рынальдзі наліў і сабе каньяку.
— Гэта не пашкодзіць вам, бэбі. Піце.
Я выпіў каньяк і адчуў, як па ўсім целе разліваецца цеплыня. Рынальдзі наліў яшчэ шклянку. Ён крыху супакоіўся. Ён падняў сваю шклянку. — За вашы доблесныя раны! За сярэбраны медаль! Скажыце, бэбі, увесь час ляжаць у гэткай гарачыні — гэта не дзейнічае вам на нервы?
— Часам.
— Я такога не магу нават уявіць. Я звар'яцеў бы.
— Вы і так вар'ят.
— Каб хоць вы хутчэй прыехалі. Няма з кім вяртацца дамоў пасля начных прыгод. Няма каго дражніць. Няма ў каго пазычаць грошы. Няма майго пабраціма і калегі. I навошта вам гэтая рана?
— Вы можаце дражніць святара.
— Ах, святар! I не дражню я яго зусім. Капітан дражніць. А мне ён падабаецца. Калі вам спатрэбіцца святар, бярыце нашага. Ён збіраецца наведаць вас. Рыхтуецца да гэтага загадзя.
— Я яго вельмі люблю.
— Гэта я ведаю. Мне часам нават здаецца, што вы з ім крыху гэта самае. Ну, вы ведаеце.
— Нічога вам не здаецца.
— Ды ну вас да д'ябла! Ён устаў і адзеў пальчаткі.
— Ну і люблю я вас дражніць, бэбі. I ўсе-ткі, нягледзячы на вашага святара і вашу англічанку, вы гэткі ж, як і я, у душы.
— Нічога падобнага.
— Вядома, гэткі. Вы сапраўдны італьянец. Вы — агонь і дым, а ўнутры нічога няма. Вы толькі прытвараецеся амерыканцам. Мы з вамі браты і любім адзін аднаго.
— Ну, будзьце разумным, пакуль мяне няма, — сказаў я.
— Я прышлю да вас міс Барклі. Без мяне вам з ёй лепей. Вы чысцейшы і ласкавейшы.
— Ну вас да д'ябла!
— Я прышлю яе. Вашу цудоўную халодную багіню. Божа, ды што яшчэ рабіць з такой жанчынай, калі не схіляць галаву перад ёй? На што яшчэ здатная англічанка?
— Вы проста няветлівы брахун.
— Хто?
— Неадукаваны макароннік.
— Макароннік. Самі вы макароннік... з марожанай мордай.
— Неадукаваны. Тупы. — Я бачыў, што гэта слова ўкалола яго, і працягваў: — Некультурны. Непісьменны. Неадукаваная тупіца.
— Ах, так? Я вось нештачка скажу пра вашых бязвінных дзяўчат. Пра вашых багіняў. Паміж бязвіннай дзяўчынай і жанчынай розніца толькі адна. Калі бярэш дзяўчыну, ёй балюча. Вось і ўсё, — ён пляснуў пальчаткай па ложку.
— I яшчэ з дзяўчынай ніколі не ведаеш, як гэта ёй спадабаецца.
— Не злуйцеся.
— Я не злуюся. Я проста кажу вам гэта, бэбі, для вашай жа карысці. Каб пазбавіць вас ад лішняга клопату.
— I толькі ўся розніца?
— Так. Але мільёны гэткіх дурняў, як вы, гэтага не ведаюць.
— Вельмі міла з вашага боку, што вы мне сказалі.
— Не варта сварыцца, бэбі. Я вас занадта люблю. Але не будзьце дурнем.
— Не. Я буду гэткім разумным, як вы.
— Не злуйцеся, бэбі. Засмейцеся. Выпіце яшчэ. Мне час ісці.
— Вы ўсё-ткі слаўны хлапчына.
— Вось бачыце. У душы вы гэткі ж, як я. Мы — браты па вайне. Пацалуйце мяне на развітанне.
— Вы размазня.
— Не. Проста я больш чулы.
Я адчуў яго дыханне ля свайго твару.
— Да сустрэчы. Я хутка зноў прыду. — Яго дыханне адсунулася. — Не хочаце цалавацца, не трэба. Я прышлю да вас вашу англічанку. Бывайце, бэбі. Каньяк пад ложкам. Хутчэй папраўляйцеся.
Ён знік.
РАЗДЗЕЛ АДЗІНАЦЦАТЫ
Ужо цямнела, калі ўвайшоў святар. Прынеслі суп, пасля забралі талеркі, і я ляжаў, гледзячы на рады ложкаў і на вершаліну дрэва за акном, якая ледзь хісталася ад лёгкага вечаровага ветру. Вецер пранікаў у акно, і з набліжэннем ночы стала халадней. Зараз мухі абляпілі столь і павіслыя на шнурах электрычныя лямпачкі. Святло запальвалі, толькі калі ноччу прыносілі параненага альбо што-небудзь рабілі ў палаце. Таму, што адразу пасля змроку наступала цемра і ўжо да раніцы было цёмна, мне здавалася, што я зноў стаў маленькім. Было падобна, што адразу пасля вячэры цябе ўкладваюць спаць. Веставы прайшоў паміж ложкаў і спыніўся. З ім быў яшчэ нехта. Гэта быў святар. Ён стаяў перада мной, смуглы, невысокі і збянтэжаны.
— Як вы сябе адчуваеце? — спытаў ён. На парозе ля ложка ён паклаў нейкія пакункі.
— Добра, ойча мой.
Ён сеў на стул, прынесены для Рынальдзі, і збянтэжана паглядзеў у акно. Я заўважыў, што ён стомлены.