Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ВОСЬМЫ

Апоўдні мы загразлі на размяклай дарозе, згодна з нашымі разлікамі,кіламетраў за дзесяць ад Удзіны. Дождж перастаў яшчэ раніцай, і ўжо тры разы мы чулі набліжэнне самалётаў, бачылі, як яны праляталі ў небе над намі, сачылі, як яны бралі далёка ўлева, і чулі выбухі бомбаў на галоўнай шашы. Мы блыталіся ў сетцы палявых дарог і не раз траплялі на такія, якія канчаліся тупіком, але нязменна, вяртаючыся назад і знаходзячы іншыя дарогі, набліжаліся да Удзіны. Але вось машына Аймо, даючы задні ход, каб выбрацца з тупіка, засела ў рыхлай зямлі ўзбочыны, і колы, буксуючы, залазілі ўсё глыбей і глыбей да той пары, пакуль машына не ўперлася ў зямлю дыферэнцыялам. Цяпер трэба было падкапацца пад колы спераду, падкласці галінак, каб маглі працаваць ланцугі, і пхаць ззаду да таго часу, пакуль машына не выберацца на дарогу. Усе мы стаялі на дарозе вакол машыны. Абодва сяржанты падышлі да машыны і паглядзелі на колы. Затым яны павярнуліся і пайшлі па дарозе, не кажучы ні слова. Я пайшоў за імі.

— Эй, вы! — сказаў я. — Наламіце галінак.

— Нам трэба ісці, — сказаў адзін.

— Ну, хутка, — сказаў я. — Наламіце галінак.

— Нам трэба ісці, — сказаў адзін. Другі не гаварыў нічога. Яны спяшаліся ісці. Яны не глядзелі на мяне.

— Я загадваю вам вярнуцца да машыны і наламаць галінак, — сказаў я. Першы сяржант павярнуўся.

— Нам трэба ісці. Праз гадзіну вы будзеце адрэзаны. Вы не маеце права загадваць нам. Вы для нас не начальства.

— Я загадваю вам наламаць галінак, — сказаў я. Яны павярнуліся і пайшлі па дарозе.

— Стой, — сказаў я. Яны працягвалі ісці па гразкай дарозе з агароджай па баках. — Стой, кажу! — крыкнуў я. Яны пайшлі хутчэй. Я расшпіліў кабуру, дастаў пісталет, прыцэліўся ў таго, які больш размаўляў, і спусціў курок. Я прамахнуўся, і яны абодва пабеглі. Я выстраліў яшчэ тры разы, і адзін упаў. Другі пералез цераз агароджу і знік з вачэй. Я стрэліў у яго цераз агароджу, калі ён пабег па полі. Пісталет даў асечку, і я ўставіў новую абойму. Я ўбачыў, што другі сяржант ужо так далёка, што страляць у яго не мае сэнсу. Ён быў на процілеглым канцы поля і бег, нізка нагнуўшы галаву. Я пачаў набіваць пустую абойму. Падышоў Банела.

— Дайце я прыкончу яго, — сказаў ён. Я перадаў яму пісталет, і ён пайшоў туды, дзе ўпоперак дарогі ляжаў ніц сяржант інжынернай часці. Банела нахіліўся, прыставіў дула да ягонай галавы і націснуў спуск. Выстралу не было.

— Трэба адцягнуць затвор, — сказаў я. Ён адцягнуў затвор і двойчы стрэліў. Ён узяў сяржанта за ногі і перацягнуў яго на ўзбочыну, зараз ён ляжаў ля самай агароджы. Ён вярнуўся і аддаў мне пісталет.

— Сволач! — сказаў ён. Ён паглядзеў на сяржанта. — Вы бачылі, як я яго застрэліў, tenente?

— Трэба хутчэй наламаць галінак, — сказаў я. — А што, у другога я так і не папаў?

— Відаць, не, — сказаў Аймо. — Так далёка з пісталета не пападзеш.

— Скаціна! — сказаў Піані. Мы ламалі галінкі. З машыны ўсё выгрузілі. Банела капаў перад коламі. Калі ўсё было гатова, Аймо завёў матор і ўключыў перадачу. Колы сталі буксаваць, раскідваючы гразь і галінкі. Банела і я пхалі з усёй сілы, пакуль у нас не затрашчалі суставы. Машына не краналася з месца.

— Раскачайце яе, Барто, — сказаў я.

Ён даў задні ход, затым зноў пярэдні. Колы толькі закапваліся глыбей. Пасля машына зноў уперлася дыферэнцыялам, і колы свабодна круціліся ў вырытых імі ямах. Я выпрастаўся.

— Давайце паспрабуем вяроўкай, — сказаў я.

— Я думаю, нічога не атрымаецца, tenente. Тут нельга стаць на адной лініі.

— Трэба паспрабаваць, — сказаў я. — Інакш яе не зацягнеш.

Машыны Піані і Банела маглі стаць у адну лінію толькі па даўжыні вузкай дарогі. Мы прывязалі адну машыну да другой і пачалі цягнуць. Колы толькі круціліся на месцы ў каляіне.

— Нічога не атрымліваецца, — крыкнуў я. — Перастаньце.

Піані і Банела выйшлі са сваіх машын і вярнуліся да нас. Аймо вылез. Дзяўчаты сядзелі на камені ярдаў за дваццаць ад нас.

— Што вы скажаце, tenente? — спытаў Банела.

— Паспрабуем яшчэ раз з галінкамі, — сказаў я.

Я глядзеў на дарогу. Віна была мая. Я павёз ix сюды. Сонца амаль цалкам выйшла з-за хмар, i цела сяржанта ляжала ля агароджы.

— Пасцелем яго фрэнч і плашч, — сказаў я. Банела пайшоў па ix. Я ламаў галінкі, а Піані і Аймо капалі спераду і паміж коламі. Я надрэзаў плашч, пасля разарваў яго папалам і паклаў у гразь пад колы, затым накідаў галінак. Мы падрыхтаваліся, і Аймо залез на сядзенне і ўключыў матор. Колы буксавалі, мы пхалі з усёй моцы. Але дарэмна.

— Ну яго да... ! — сказаў я. — Тут што-небудзь патрэбнае ёсць, Барто?

Аймо залез у машыну да Банела, захапіўшы з сабой сыр, дзве бутэлькі віна і плашч. Банела, седзячы за рулём, аглядваў кішэні фрэнча сяржанта.

— Выкінь ты гэты фрэнч, — сказаў я. — А што будзе з вывадкам Барто?

— Няхай сядаюць у кузаў, — сказаў Піані. — Наўрад ці мы ад'едзем далёка.

Я адчыніў заднія дзверы машыны.

— Сядайце, — сказаў я.

Абедзве дзяўчыны залезлі ўнутр і ўселіся ў вуглу. Яны нібыта і не чулі выстралаў. Я азірнуўся назад. Сяржант ляжаў на дарозе ў бруднай фуфайцы з доўгімі рукавамі. Я сеў побач з Піані, і мы паехалі. Мы хацелі праехаць па полі. Калі машыны з'ехалі на поле, я злез і пайшоў спераду. Калі б нам удалося праехаць цераз поле, мы выехалі б на дарогу. Нам не ўдалося праехаць. Зямля была занадта рыхлая і гразкая. Калі машыны заселі канчаткова і безнадзейна, напалову залезшы коламі ў гразь, мы кінулі ix пасярод поля і пайшлі да Удзіны пешкі.

Калі мы выйшлі на дарогу, якая вяла назад, да галоўнай шашы, я паказаў на яе дзяўчатам.

— Ідзіце туды, — сказаў я. — Там людзі.

Яны глядзелі на мяне. Я дастаў кашалёк і даў кожнай па дзесяць лір.

— Ідзіце туды, — сказаў я, паказваючы пальцам. — Там сябры! Родныя!

Яны не зразумелі, але моцна заціснулі ў руцэ грошы і пайшлі па дарозе. Яны азіраліся, нібыта баяліся, што я адбяру ў ix грошы. Я глядзеў, як яны ішлі па дарозе, захутаўшыся ў хусткі, баязліва азіраючыся на нас. Усе трое шафёраў смяяліся.

— Колькі вы дасце мне, калі я пайду ў той бок, tenente? — спытаў Банела.

— Калі ўжо яны пападуцца, то лепш няхай у натоўпе, чым адны, — сказаў я.

— Дайце мне дзве сотні лір, і я пайду назад, проста ў Аўстрыю, — сказаў Банела.

— Там ix у цябе адбяруць, — сказаў Піані.

— Мо вайна скончыцца, — сказаў Аймо. Мы ішлі па дарозе так хутка, як толькі маглі. Сонца прабівалася праз хмары. Уздоўж дарогі раслі тутавыя дрэвы. З-за дрэў мне былі відны нашы машыны, нібыта два вялікія мэблевыя фургоны, што тырчалі пасярод поля. Піані таксама азірнуўся.

— Давядзецца пабудаваць дарогу, каб выцягнуць ix адтуль, — сказаў ён.

— Вось каб у нас былі веласіпеды! — сказаў Банела.

— У Амерыцы ездзяць на веласіпедах? — спытаў Аймо.

— Раней ездзілі.

— Добрая рэч, — сказаў Аймо. — Выдатная рэч веласіпед.

— Вось каб у нас былі веласіпеды! — сказаў Банела.— Я дрэнны хадок.

— Што гэта, страляюць? — спытаў я. Мне здалося, што я чую стрэлы дзесьці далёка.

— Не ведаю, — сказаў Аймо. — Ён прыслухаўся.

— Здаецца, страляюць, — сказаў я.

— Раней за ўсё мы ўбачым кавалерыю, — сказаў Піані.

— Здаецца, у ix няма кавалерыі.

— Тым лепш, халера на яго, — сказаў Банела. — Я зусім не хачу, каб нейкая там кавалерыйская сволач пранізала мяне пікай.

— Лоўка вы таго сяржанта прыхлопнулі, tenente, — сказаў Піані. Мы ішлі вельмі хутка.

— Яго застрэліў я, — сказаў Банела. — Я за гэтую вайну яшчэ нікога не застрэліў, і я ўсё жыццё марыў застрэліць сяржанта.

— Застрэліў курыцу на седале, — сказаў Піані. — Не надта хутка ён ляцеў, калі ты страляў у яго.

— Усё адно. Я зараз заўсёды буду памятаць пра гэта. Я забіў гэтую сволач, сяржанта.

— А што ты скажаш на споведзі? — спытаў Аймо.

— Скажу так: благаславіце мяне, ойча мой, я забіў сяржанта.

36
{"b":"980839","o":1}