— Добрай ночы, Кэтрын, — сказаў я гучна. — Спі моцна. Калі табе вельмі нязручна, дарагая, ляж на другі бок, — сказаў я. — Я прынясу табе халоднай вады. Хутка раніца, і табе будзе лягчэй. Мне непрыемна, што табе з-за яго так нязручна. Пастарайся заснуць, мая дарагая.
— Я увесь час спала, — сказала яна. — Ты размаўляў у сне. Ты нездаровы?
— Ты праўда тут?
— Вядома, я тут. I нікуды не знікну. Усё гэта для нас з табой не мае значэння.
— Ты такая прыгожая і добрая. Ты ноччу не сыдзеш ад мяне?
— Вядома, не. Я заўсёды тут. Я з табой, калі б ты мяне ні паклікаў.
— Ах ты...! — сказаў Піані. — Паехалі!
— Я задрамаў, — сказаў я. Я паглядзеў на гадзіннік. Было тры гадзіны раніцы. Я перагнуўся цераз сядзенне, каб дастаць бутэльку барбера.
— Вы размаўлялі ў сне, — сказаў Піані.
— Мне сніўся сон па-англійску, — сказаў я.
Дождж крыху сціх, і мы рухаліся наперад. На світанні мы зноў спыніліся, і калі зусім развіднела, аказалася, што мы стаім на невялікім узвышшы, і я ўбачыў увесь шлях адступлення, які прасціраўся далёка наперадзе, шашу, забітую нерухомым транспартам, праз які прасочвалася толькі пяхота. Мы крануліся зноў, але пры дзённым святле было бачна, з якой хуткасцю мы рухаемся, і я зразумеў, што, калі мы хочам калі-небудзь дабрацца да Удзіны, нам давядзецца збочыць з шашы і ехаць нацянькі.
За ноч да калоны прыстала шмат сялян, і зараз у калоне ехалі вазы, нагружаныя дамашнім скарбам; люстэркі тырчалі паміж матрацаў, да задкоў былі прывязаны куры і качкі. Швейная машына стаяла пад дажджом на возе, які ехаў спераду. Кожны ратаваў, што ў яго было каштоўнае. Дзе-нідзе жанчыны сядзелі на вазах, захінуўшыся ад дажджу, іншыя ішлі побач, імкнучыся трымацца як мага бліжэй. У калоне былі зараз і сабакі, яны беглі, хаваючыся пад вазамі. Шаша была накрыта граззю, у канавах да самых берагоў стаяла вада, і зямля на полі за дрэвамі, што раслі ўздоўж дарогі, здавалася занадта мокрай і занадта размяклай, каб можна было адважыцца ехаць нацянькі. Я выйшаў з машыны і прайшоў крыху наперад, шукаючы прыдатнае месца, каб агледзецца і выбраць паварот на палявую дарогу. Іх было шмат, але я баяўся трапіць на такую, якая нікуды не вядзе. Я бачыў іх неаднойчы, калі мы ехалі ў машыне па шашы, але ніводнай не запомніў, бо машына ішла хутка і ўсе яны падобны адна на другую. Я толькі ведаў, што ад правільнага выбару дарогі будзе залежаць, ці дабяромся мы да месца. Было невядома, дзе зараз аўстрыйцы і як іхнія справы, але я быў перакананы, што, калі дождж перастане і над калонай з'явяцца самалёты, усё прапала. Няхай хоць некалькі машын застанецца без вадзіцеляў альбо загіне некалькі коней, — i pyx на дарозе канчаткова спыніцца.
Дождж зараз ішоў не так моцна, і я падумаў, што хутка можа праясніцца. Я прайшоў яшчэ крыху наперад, і, дайшоўшы да вузкай дарогі з жывой агароджай па баках, якая паміж двух палёў ішла на поўнач, вырашыў, што па ёй мы і паедзем, і паспяшаўся назад, да машын. Я сказаў Піані, дзе збочыць, і пайшоў, каб папярэдзіць Аймо і Банела.
— Калі яна нас нікуды не выведзе, мы можам вярнуцца і зноў уліцца ў калону, — сказаў я.
— А што ж мне рабіць з гэтымі? — сказаў Банела. Яго сяржанты па-ранейшаму сядзелі побач з ім. Яны былі няголеныя, але мелі выгляд ваенных нават у такі ранні час.
— Спатрэбяцца, калі трэба будзе папіхаць машыну, — сказаў я. Я падышоў да Аймо і сказаў, што мы паспрабуем праехаць нацянькі.
— А што рабіць мне з маім жаночым вывадкам? — спытаў Аймо. Абедзве дзяўчыны спалі.
— Ад іх мала карысці, — сказаў я. — Лепей узялі б каго-небудзь на дапамогу, каб папіхаць машыну.
— Яны могуць перасесці ў кузаў, — сказаў Аймо. — У кузаве ёсць месца.
— Калі ласка, калі вам так хочацца, — сказаў я. — Але вазьміце каго-небудзь з шырокімі плячыма на дапамогу.
— Берсальера, — усміхнуўся Аймо. — Самыя шырокія плечы ў берсальераў. Ім мераюць плечы. Як вы сябе адчуваеце, tenente?
— Выдатна. А вы?
— Выдатна. Толькі вельмі есці хочацца.
— Куды-небудзь дабяромся па гэтай дарозе, тады спынімся і паядзім.
— Як ваша нага, tenente?
— Выдатна, — сказаў я.
Стоячы на падножцы і пазіраючы наперад, я бачыў, як машына Піані аддзялілася ад калоны і збочыла на вузкую палявую дарогу, мільгаючы ў прасветах голых галін агароджы. Банела збочыў услед за ім, а затым Аймо зрабіў тое ж, і мы паехалі за дзвюма пярэднімі машынамі па вузкай палявой дарозе з агароджай па баках. Дарога вяла на ферму. Мы дагналі машыны Піані і Банела ўжо на двары фермы. Хата была нізкая і доўгая, з абвітым вінаградам навесам над дзвярыма. У двары быў калодзеж, і Піані ўжо даставаў ваду, каб заліць у радыятар. Ад доўгай язды на невялікай хуткасці ўся вада выкіпела. Ферма была пакінута. Я азірнуўся на дарогу. Ферма стаяла на пагорку, і адтуль было бачна далёка навокал, і мы ўбачылі дарогу, агароджу, поле і дрэвы ўздоўж шашы, па якой ішло адступленне. Сяржанты шныпарылі ў хаце. Дзяўчаты прачнуліся і разглядвалі хату, калодзеж, два вялікія санітарныя аўтамабілі ля хаты і трох шафёраў ля калодзежа. Адзін з сяржантаў выйшаў з хаты з насценным гадзіннікам у руках.
— Занясіце назад, — сказаў я. Ён паглядзеў на мяне, увайшоў у хату і вярнуўся без гадзінніка.
— Дзе ваш калега? — спытаў я.
— Пайшоў у прыбіральню. — Ён залез на сядзенне. Ён баяўся, што мы не возьмем яго з сабой.
— Як наконт снедання, tenente? — спытаў Банела. — Мо што-небудзь з'ядзім? Гэта не зойме шмат часу.
— Як вы думаеце, дарога, якая ідзе ў той бок, прывядзе нас куды-небудзь?
— Вядома, прывядзе.
— Добра, давайце паядзім.
Піані і Банела пайшлі ў хату.
— Пайшлі, — сказаў Аймо дзяўчатам. Ён выцягнуў руку, каб дапамагчы ім вылезці. Старэйшая з сясцёр пакруціла галавой. Яны не будуць заходзіць у пустую пакінутую хату. Яны пазіралі ўслед нам.
— Упартыя, — сказаў Аймо.
Мы разам увайшлі ў хату. У ёй было цёмна і прасторна і адчувалася пакінутасць. Банела і Піані былі на кухні.
— Есці тут асабліва няма чаго, — сказаў Піані. — Падабралі падчыстую.
Банела рэзаў вялікі белы сыр на кухонным стале.
— Адкуль сыр?
— З пограба. Піані знайшоў таксама віно і яблыкі.
— Ну вось і снеданне.
Піані выцягнуў драўляную затычку з вялікай, аплеценай саломай бутэлькі. Ён нахіліў яе і наліў у медны коўшык.
— Пахне няблага, — сказаў ён. — Знайдзі які-небудзь посуд, Барто.
Увайшлі абодва сяржанты.
— Вазьміце сыру, сяржанты, — сказаў Банела.
— Пара ехаць, — сказаў адзін з сяржантаў, перажоўваючы сыр і запіваючы віном.
— Паедзем. Не хвалюйцеся, — сказаў Банела.
— Чэрава арміі — яе ногі, — сказаў я.
— Што? — спытаў сяржант.
— Трэба паесці.
— Трэба. Але дарагі час.
— Відаць, сукіны дзеці, наеліся ўжо, — сказаў Піані. Сяржанты паглядзелі на яго. Яны ўсіх нас ненавідзелі.
— Вы ведаеце дарогу? — спытаў у мяне адзін з іх.
— Не, — сказаў я. Яны зірнулі адзін на аднаго.
— Лепей, калі мы рушым адразу ж, — сказаў першы.
— Зараз мы і рушым, — сказаў я.
Я выпіў яшчэ кубак чырвонага віна. Яно аказалася вельмі смачным пасля сыру і яблык.
— Захапіце сыр, — сказаў я і выйшаў. Банела выйшаў следам за мной з вялікай бутляй віна.
— Гэта занадта грувастка, — сказаў я. Ён са шкадаваннем паглядзеў на віно.
— Бадай што так, — сказаў ён. — Дайце мне біклагі. Ён наліў у біклажкі, і крыху віна вылілася на падлогу. Затым ён падняў бутлю і паставіў яе ля самых дзвярэй.
— Аўстрыйцам не трэба будзе ламаць дзверы, каб знайсці віно, — сказаў ён.
— Трэба ехаць, — сказаў я. — Мы з Піані едзем першыя.
Абодва сяржанты ўжо сядзелі побач з Банела. Дзяўчаты елі яблыкі і сыр. Аймо курыў. Мы паехалі па вузкай дарозе. Я азірнуўся на дзве іншыя машыны і на фермерскую хату. Гэта была добрая нізкая моцная хата, і калодзеж быў абнесены прыгожымі жалезнымі парэнчамі. Спераду была дарога, вузкая і гразкая, і па баках яе была высокая агароджа. Ззаду, адзін за адным, ехалі нашы аўтамабілі.