— Ну вас да д'ябла, — сказаў я.
Вечарам я сядзеў у афіцэрскай сталовай побач са святаром, і яго пакрыўдзіла і нечакана абразіла, што я не паехаў у Абруцы. Ён пісаў пра мяне бацьку, і да майго прыезду рыхтаваліся. Я сам шкадаваў пра гэта не менш, чым ён, і мне было незразумела, чаму я не паехаў. Мне вельмі хацелася паехаць, і я спрабаваў патлумачыць, як тут адно чаплялася за другое, і ў рэшце рэшт ён зразумеў і паверыў, што мне сапраўды хацелася паехаць, і ўсё амаль уладзілася. Я выпіў шмат віна, а пасля кавы, п'янеючы, разважаў пра тое, як гэта атрымліваецца, што чалавеку не ўдаецца зрабіць тое, што хочацца; ніколі не ўдаецца.
Мы з ім размаўлялі, пакуль іншыя шумелі і спрачаліся. Мне хацелася паехаць у Абруцы. Але я не паехаў у мясціны, дзе дарогі заледзянелыя і цвёрдыя, як жалеза, дзе ў холад ясна і суха, і снег сухі і рассыпчаты, і сляды зайца на снезе, і сяляне здымаюць шапку і завуць вас «дон», і дзе добрае паляванне. Я не паехаў у такія мясціны, а паехаў туды, дзе дымныя кафэ і ночы, калі пакой кружыцца, і трэба пазіраць у сцяну, каб ён спыніўся, п'яныя ночы ў ложку, калі ведаеш, што больш нічога няма, акрамя гэтага, і так дзіўна прачынацца пасля, не ведаючы, хто з табой побач, і свет у цемры здаецца нерэальным і гэткім востра хвалюючым, што трэба ўсё пачынаць спачатку, не ведаючы і не разважаючы ноччу, дакладна ведаючы, што больш нічога няма, і няма, і няма, і не разважаючы. I раптам задумаешся вельмі глыбока і заснеш і часам раніцай прачнешся, і таго, што было, ужо няма, і ўсё гэтак выразна, і ясна, і дакладна, і часам спрэчкі аб аплаце. Часам усё-ткі яшчэ добра, і цёпла, і ўтульна,і сняданак і абед. Часам прыемнага не засталося нічога, і рады хутчэй выбрацца на вуліцу, але на наступны дзень зноў тое ж самае, і наступнай ноччу таксама. Я спрабаваў расказаць пра ночы, і пра тое, якая розніца паміж днём і ноччу, і чаму ноч лепшая, хіба што толькі дзень вельмі халодны і ясны, але я не мог выказаць гэтага, як не магу і зараз. Калі з вамі такое здаралася, вы зразумееце. З ім такога не здаралася, але ён зразумеў, што я сапраўды хацеў паехаць у Абруцы, але не паехаў, і мы засталіся сябрамі, у многім падобныя і ўсё ж вельмі розныя. Ён заўсёды ведаў тое, чаго не ведаў я, пра што, даведаўшыся, заўсёды быў гатовы забыцца. Але гэта я зразумеў толькі пазней, а тады не разумеў. Між іншым мы ўсё яшчэ сядзелі ў сталовай. Усе ўжо паелі, але працягвалі спрачацца. Мы са святаром замоўклі, і капітан выгукнуў:
— Святару сумна. Святару сумна без дзяўчат.
— Мне не сумна, — сказаў святар.
— Святару сумна. Святар хоча, каб вайну выйгралі аўстрыйцы, — сказаў капітан. Іншыя прыслухаліся. Святар пакруціў галавой.
— Не, — сказаў ён.
— Святар не хоча, каб мы наступалі. Праўда, вы не хочаце, каб мы наступалі?
— Не. Калі ідзе вайна, мне здаецца, мы павінны наступаць.
— Павінны наступаць. Будзем наступаць.
Святар кіўнуў.
— Пакіньце яго, — сказаў маёр. — Ён добры хлопец.
— Ва ўсякім разе, ён тут нічога не можа зрабіць, — сказаў капітан. Мы ўсе ўсталі і выйшлі з-за стала.
РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ
Раніцай мяне разбудзіла батарэя ў суседнім садзе, і я ўбачыў, што ў акно свеціць сонца, і ўстаў з ложка. Я падышоў да акна і выглянуў. Жвір на сцежках быў мокры і трава вільготная ад расы. Батарэя дала два залпы, і кожны раз дрыжала паветра, як падчас выбуху, і ад гэтага трымцела акно і хлопалі полы маёй піжамы. Гармат не было відаць, але снарады ляцелі проста над намі. Было непрыемна, што батарэя так блізка, але даводзілася здавальняцца тым, што гарматы не самыя цяжкія. Гледзячы ў акно, я пачуў шум грузавіка, які выязджаў на дарогу. Я апрануўся, спусціўся ўніз, выпіў кавы на кухні і пайшоў у гараж.
Дзесяць машын выстраіліся ў рад пад доўгім навесам. Гэта былі тупарылыя, з вялізным кузавам, санітарныя аўтамабілі, пафарбаваныя ў шэрае, падобныя на мэблевыя фургоны. На двары ля гэткай жа машыны калупаліся механікі. Яшчэ тры знаходзіліся ў гарах, ля перавязачных пунктаў.
— Гэтая батарэя трапляе пад абстрэл? — спытаў я ў аднаго з механікаў.
— He, signor tenente⁷. Яна пад аховай пагорка.
— Як справы ў вас?
— Так сабе. Вось гэта машына нікуды не вартая, а іншыя ўсе спраўныя.— Ён перапыніў работу і ўсміхнуўся. — Вы былі ў адпачынку?
— Быў.
Ён выцер рукі аб свой світэр і ўсміхнуўся.
— Добра правялі час?
Яго калегі таксама ўсміхнуліся.
— Няблага, — сказаў я. — А што з гэтай машынай?
— Нічога яна не вартая. То адно, то другое.
— А зараз што?
— Поршневыя колцы трэба мяняць.
Я пакінуў іх ля машыны, якая здавалася абабранай і зганьбаванай, таму што матор быў адкрыты і дэталі выкладзены на падножку, а сам пайшоў пад навес і адну за другой агледзеў усе машыны. Я знайшоў іх адносна чыстымі, адны былі толькі што вымытыя, іншыя крыху запыліліся. Я ўважліва агледзеў шыны ў пошуках парэзаў альбо драпін ад камянёў. Здавалася, усё ў поўным парадку. Нічога, відаць, не мянялася з-за таго, ці тут я, ці за ўсім гэтым назіраю я сам альбо не. Я ўяўляў, што стан машын, магчымасць дастаць тыя ці іншыя запчасткі, няспынная эвакуацыя параненых і хворых з перавязачных пунктаў у гарах, дастаўка іх на размеркавальны пункт і затым размяшчэнне на шпіталях, указаных у дакументах, у значнай ступені залежаць ад мяне. Але, відаць, мая прысутнасць тут альбо адсутнасць не мела значэння.
— Ці былі нейкія цяжкасці з дэталямі? — спытаў я ў старшага механіка.
— Не.
— Дзе зараз склад паліва?
— Усё там жа.
— Цудоўна, — сказаў я, вярнуўся ў памяшканне і выпіў яшчэ адзін кубак кавы ў афіцэрскай сталовай. Кава была светла-шэрага колеру, салодкая ад згушчонага малака. За акном быў цудоўны вясенні ранак. Ужо з'явілася тое адчуванне сухасці ў носе, якое абяцае, што дзень будзе гарачы. Тым днём я аб'язджаў пасты ў гарах і вярнуўся ў горад ужо надвячоркам.
Справы, як бачна, за час маёй адсутнасці паправіліся. Я чуў, што хутка чакаецца пераход у наступленне. Дывізія, якую мы абслугоўвалі, павінна была ісці ў атаку ў вярхоўі ракі, і маёр сказаў мне, каб я паклапаціўся пра пасты на час атакі. Атакуючыя часці павінны былі перайсці раку вышэй цясніны і рассыпацца па горным схіле. Пасты для машын трэба было выбраць як мага бліжэй да ракі і трымаць пад прыкрыццём. Вызначыць для іх месцы павінна была, вядома, пяхота, але лічылася, што план распрацоўваем мы. Гэта была адна з тых умоўнасцяў, якія ствараюць у вас ілюзію ваеннай дзейнасці.
Я быў увесь у гразі і пыле і пайшоў у свой пакой, каб памыцца. Рынальдзі сядзеў на ложку з англійскай граматыкай Хюга ў руках. Ён быў у поўнай форме, на ім былі чорныя чаравікі, і валасы яго блішчалі.
— Цудоўна, — сказаў ён, калі ўбачыў мяне. — Вы пойдзеце са мной у госці да міс Барклі.
— Не.
— Так. Вы пойдзеце, бо я вас прашу, і глядзіце, каб вы ёй спадабаліся.
— Ну, ладна. Дайце толькі трохі пабрыцца.
— Памыйцеся і ідзіце як ёсць.
Я памыўся, прыгладзіў валасы, і мы сабраліся ісці.
— Пачакайце, — сказаў Рынальдзі, — напэўна, не зашкодзіць выпіць. — Ён адчыніў свой куфэрак і дастаў бутэльку.
— Толькі не стрэга, — сказаў я.
— Не. Грапа.
— Добра.
Ён наліў дзве шклянкі, і мы чокнуліся, адтапырыўшы ўказальныя пальцы. Грапа была вельмі моцная.
— Яшчэ па адным?
— Давай, — сказаў я. Мы выпілі другую шклянку грапы. Рынальдзі схаваў бутэльку, і мы спусціліся ўніз. Было горача ісці па горадзе, але сонца ўжо заходзіла, і было прыемна. Англійскі шпіталь знаходзіўся ў вялікай віле, збудаванай нейкім немцам перад вайной. Міс Барклі была ў садзе. З ёй была яшчэ адна сястра. Мы ўбачылі за дрэвамі іхнія белыя форменныя ўборы і пайшлі проста да іх. Рынальдзі па-вайсковаму прывітаў іх. Я таксама, але больш стрымана.
— Дзень добры, — сказала міс Барклі. — Вы, здаецца, не італьянец?
— Не.
Рынальдзі размаўляў з другой сястрой. Яны смяяліся.