— Чамаданы ў лодцы, — сказаў ён.
— Я хачу заплаціць вам за лодку, — сказаў я.
— Колькі ў вас грошай?
— Не вельмі шмат.
— Вы потым прышляце мне грошы. Так будзе лепш.
— Колькі?
— Колькі захочаце.
— Скажыце мне, колькі?
— Калі вы даберацеся шчасліва, прышліце мне пяцьсот франкаў. Гэта не надта многа, калі вы даберацеся.
— Добра.
— Вось тут сандвічы. — Ён падаў мне пакунак. — Усё, што знайшлося ў бары. А тут бутэлька каньяку і бутэлька віна.
Я паклаў усё ў свой чамадан.
— Дазвольце заплаціць за гэта.
— Добра, дайце мне пяцьдзесят лір.
Я даў яму.
— Каньяк добры, — сказаў ён. — Можаце смела даваць яго вашай лэдзі. Няхай яна садзіцца ў лодку.
Ён прытрымаў лодку, якая то паднімалася, то апускалася каля каменнай сцяны, і я памог Кэтрын спусціцца. Яна села на карме і захінулася ў плашч.
— Вы ведаеце, куды ехаць?
— Увесь час на поўнач.
— А як ехаць?
— На Луіна.
— На Луіна, Канера, Канобіа, Транцана. У Швейцарыі вы будзеце толькі тады, калі даедзеце да Брысага. Вам трэба абмінуць Монтэ-Тамара.
— Якая зараз гадзіна? — спытала Кэтрын.
— Яшчэ толькі адзінаццаць, — сказаў я.
— Калі вы будзеце веславаць не перастаючы, да сямі гадзін раніцы вы павінны быць на месцы.
— Гэта так далёка?
— Трыццаць пяць кіламетраў.
— Як бы не збіцца. Такім дажджом патрэбен компас.
— Не. Кіруйце на Ізола-Бела. Потым, калі абмінеце Ізола-Мадрэ, вяслуйце па ветры. Вецер прывядзе вас у Паланцу. Вы ўбачыце агні. Потым ідзіце ўздоўж берага.
— Вецер можа перамяніцца.
— Не, — сказаў ён.— Гэты вецер будзе дзьмуць тры дні. Ён дзьме проста з Матароне. Вось там бляшанка, каб вычэрпваць ваду.
— Дазвольце мне хоць што-небудзь заплаціць вам за лодку зараз.
— Не, я хачу рызыкнуць. Калі вы даберацеся, то заплаціце мне ўсё цалкам.
— Няхай будзе так.
— Думаю, што вы не ўтопіцеся.
— Вось і добра.
— Трымайце па ветры.
— Добра. — Я скочыў у лодку.
— Вы пакінулі грошы за нумар?
— Так. У канверце на стале.
— Выдатна. Усяго добрага.
— Усяго добрага. Вялікае вам дзякуй.
— Не будзе за што, калі вы ўтопіцеся.
— Што ён кажа? — спытала Кэтрын.
— Ён жадае нам усяго добрага.
— Усяго добрага, — сказала Кэтрын. — Вялікае, вялікае вам дзякуй.
— Вы гатовы?
— Так.
Ён нахіліўся і адпіхнуў нас. Я апусціў вёслы ў ваду, потым памахаў яму рукой. У адказ ён зрабіў перасцерагальны знак. Я ўбачыў агні гатэля і стаў веславаць, стараючыся трымаць прама, пакуль яны не зніклі з вачэй. Вакол бушавала сапраўднае мора, але мы трымаліся ветру.
РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ШОСТЫ
Я веславаў у цемры, трымаючы так, каб вецер увесь час дзьмуў мне ў твар. Дождж перастаў і толькі зрэдку парывамі налятаў зноў. Я бачыў Кэтрын на карме, але не бачыў ваду, калі апускаў у яе вёслы. Вёслы былі доўгія і не мелі раменьчыкаў, якія падтрымлівалі б вясло ва ўключыне. Я апускаў вёслы ў ваду, праводзіў іх наперад, вымаў, заносіў, зноў апускаў, стараючыся веславаць як мага лягчэй. Я не разварочваў ix плазам пры заносе, таму што вецер быў спадарожны. Я ведаў, што натру сабе пухіры, і хацеў, каб гэта здарылася як мага пазней. Лодка была лёгкая і добра слухалася вёслаў. Я вёў яе наперад па цёмнай вадзе. Нічога не было відаць, але я спадзяваўся, што мы хутка дабяромся да Паланцы.
Мы так і не ўбачылі Паланцы. Вецер дзьмуў з поўдня, і ў цемры мы праехалі мыс, за якім ляжыць Паланца, і не ўбачылі яе агнёў. Калі нарэшце з'явіліся нейкія агні, намнога далей і амаль на самым беразе, гэта была ўжо Інтра. Але доўга мы наогул не бачылі ніякіх агнёў, не бачылі і берага і толькі ўпарта рухаліся ў цемры наперад, слізгаючы па хвалях. Часам хваля падымала лодку, і ў цемры я махаў вёсламі ў паветры. Возера было яшчэ неспакойнае, але я працягваў веславаць, пакуль нас ледзь не прыбіла да скалістага выступу берага, што тырчаў над вадой; хвалі біліся ў яго, высока ўзляталі і падалі ўніз. Я моцна налёг на правае вясло, у той жа час табанячы левым, і мы адышлі ад берага; скала знікла з вачэй, і мы зноў плылі па возеры.
— Мы ўжо на другім баку, — сказаў я Кэтрын.
— А мы ж павінны былі ўбачыць Паланцу?
— Яна засталася за мысам.
— Ну, як ты, любы?
— Нічога!
— Я магу крыху цябе змяніць.
— Навошта? Не трэба.
— Бедная Фергюсон! — сказала Кэтрын. — Прыйдзе раніцай у гатэль, а нас ужо няма.
— Гэта мяне менш хвалюе, — сказаў я. — Хутчэй бы нам дабрацца да швейцарскага пабярэжжа, пакуль цёмна, каб нас не ўбачыла мытная варта.
— А яшчэ далёка?
— Кіламетраў трыццаць.
Я веславаў усю ноч. Мае далоні былі такія сцёртыя, што я з цяжкасцю сціскаў у руках вёслы. Некалькі разоў мы ледзь не разбіліся аб бераг. Я трымаўся даволі блізка да берага, баючыся збіцца з дарогі і страціць час. Зрэдку мы падплывалі так блізка, што бачылі дарогу, якая ішла ўздоўж берага, і дрэвы ўздоўж дарогі, і горы ззаду. Дождж перастаў, і калі вецер разагнаў хмары, выглянуў месяц, і, аглянуўшыся, я ўбачыў доўгі цёмны мыс Кастаньёла, і возера з белымі баранчыкамі, і далёкія снежныя вяршыні пад месяцам. Потым неба зноў зацягнула хмарамі, і возера і горныя вяршыні зніклі, але было ўжо куды святлей, чым раней, і я адвёў лодку далей, каб яе не магла заўважыць з Паланцанскай дарогі мытная варта, калі яна там была. Калі зноў з'явіўся месяц, мы ўбачылі белыя вілы на беразе, па схілах гор, і белую дарогу ў прасветах паміж дрэвамі. Я веславаў не перастаючы.
Возера стала шырэйшае, і на другім беразе каля падножжа гор мы ўбачылі агні; гэта павінна была быць Луіна. Я бачыў клінападобную шчыліну паміж гарамі на другім беразе і вырашыў, што, відаць, гэта і ёсць Луіна. Калі так, то мы ішлі добрым тэмпам. Я ўцягнуў вёслы ў лодку і лёг на спіну. Я вельмі, вельмі стаміўся. Рукі, плечы, спіна балелі, і далоні былі сцёртыя.
— А што, калі раскрыць парасон? — сказала Кэтрын. — Вецер будзе дзьмуць у яго і гнаць лодку.
— Ты зможаш кіраваць?
— Напэўна.
— Вазьмі гэта вясло пад паху, прыцісні яго шчыльна да борта і так кіруй, а я буду трымаць парасон.
Я перайшоў на карму і паказаў ёй, як трымаць вясло. Я сеў тварам да носа лодкі, узяў вялікі парасон, які даў мне швейцар, і раскрыў яго. Я трымаў яго з двух бакоў за краі, седзячы верхам на ручцы, якую зачапіў за лаўку. Вецер дзьмуў проста ў яго, і, учапіўшыся з усёй сілы ў краі, я адчуў, як лодку панесла наперад. Парасон вырываўся з маіх рук. Лодка ішла вельмі хутка.
— Мы проста ляцім, — сказала Кэтрын. Я не бачыў нічога, акрамя спіц парасона. Парасон напружваўся і вырываўся, і я адчуваў, як мы разам з ім імчымся наперад. Я упёрся нагамі і яшчэ мацней учапіўся за краі, потым раптам нешта затрашчала; адна спіца пстрыкнула мне па лбе, я хацеў схапіць верх, які выгінаўся на ветры, але тут усё з трэскам вывернулася, і там, дзе толькі што быў поўны, надзьмуты ветрам ветразь, я сядзеў верхам на ручцы вывернутага падранага парасона. Я адчапіў ручку ад лаўкі, паклаў парасон на дно і пайшоў да Кэтрын па вясло. Яна рагатала. Яна ўзяла мяне за руку і працягвала рагатаць.
— Чаго ты? — Я ўзяў у яе вясло.
— Ты такі смешны быў з гэтай штукай.
— Смешны...
— Не злуйся, любы. Гэта было вельмі смешна. Ты меў футаў дваццаць у шырыню і так горача сціскаў краі парасона... — Яна задыхнулася ад смеху.
— Зараз вазьмуся за вёслы.
— Адпачні і выпі каньяку. Такая цудоўная ноч, і мы ўжо столькі праехалі.
— Трэба паставіць лодку ўпоперак хвалі.
— Я дастану бутэльку. А потым ты крыху адпачні.
Я падняў вёслы, і мы загайдаліся на хвалях. Кэтрын адчыніла чамадан. Яна перадала мне бутэльку з каньяком. Я выцягнуў корак сцізорыкам і адпіў добры глыток. Каньяк быў моцны, і цяпло разлілося па ўсім маім целе, і я сагрэўся і павесялеў.
— Добры каньяк, — сказаў я. Месяц зноў зайшоў за хмару, але бераг быў бачны. Уперадзе была стрэлка, што далёка выдавалася ў возера.