— Табе не холадна, Кэт?
— Мне вельмі добра. Толькі ногі крыху зацяклі.
— Вычарпай ваду, тады зможаш выцягнуць іх.
Я зноў стаў веславаць, прыслухоўваючыся да скрыпу ўключын і бразгання чарпака аб дно лодкі пад кармавой лаўкай.
— Дай мне, калі ласка, чарпак, — сказаў я. — Мне хочацца піць.
— Ён вельмі брудны.
— Нічога. Я апаласну яго.
Я пачуў, як Кэтрын апалосквае чарпак за бортам лодкі. Потым яна падала яго мне, да краёў напоўнены вадой. Мяне мучыла смага пасля каньяку, а вада была халодная як лёд, такая халодная, што ламала зубы. Я паглядзеў на бераг. Мы набліжаліся да стрэлкі. У бухце наперадзе відаць былі агні.
— Дзякуй, — сказаў я і перадаў ёй чарпак.
— Зрабіце ласку, — сказала Кэтрын. — Ці не хочаце яшчэ?
— Ты што-небудзь з'ела б?
— Не. Я пакуль што яшчэ не галодная. Трэба схаваць ежу на той выпадак, калі я прагаладаюся.
— Добра.
Тое, што здалёк здавалася стрэлкай, быў доўгі скалісты мыс. Я ад'ехаў на сярэдзіну возера, каб абагнуць яго. Возера тут было шмат вузейшае. Месяц зноў выглянуў, і калі quardia di Finanza³⁶ назірала з берага, яна магла бачыць, як наша лодка чарнеецца на вадзе.
— Як ты там, Кэт?
— Вельмі добра. Дзе мы?
— Я думаю, нам засталося не больш як восем міль.
— Бедненькі ты мой! Гэта ж столькі яшчэ веславаць. Ты яшчэ жывы?
— Жывы. Толькі вось далоні нацёр.
Мы ехалі ўвесь час на поўнач. Горны ланцуг на правым беразе перарваўся, пакаты спуск вёў да нізкага берага, дзе, па маіх разліках, павінна была знаходзіцца Канобіа. Я трымаўся на вялікай адлегласці ад берага, бо ў гэтых месцах небяспека сустрэць quаrdiа была асабліва вялікая. На другім беразе наперадзе была высокая купалападобная гара. Я стаміўся. Веславаць заставалася няшмат, але калі ўжо выб'ешся з сіл, то і такая адлегласць здаецца неадольнай. Я ведаў, што трэба мінуць гэтую гару і зрабіць яшчэ, па крайняй меры, пяць міль па возеры, перш чым мы трапім нарэшце ў швейцарскія воды. Месяц ужо заходзіў, але перад тым, як ён зайшоў, неба зноў зацягнулася хмарамі, і стала вельмі цёмна. Я трымаўся далей ад берага і час ад часу адпачываў, падняўшы вёслы так, каб вецер біў у лопасці.
— Дай крыху павяслую я, — сказала Кэтрын.
— Табе, напэўна, нельга.
— Глупства. Гэта мне нават карысна. Не будуць так зацякаць ногі.
— Табе, напэўна, нельга, Кэт.
— Глупства. Заняткі веславаннем нават карысныя для маладых дам у перыяд цяжарнасці.
— Ну, добра, сядай і паціху вяслуй. Я перайду на тваё месца, а потым ты ідзі на маё. Трымайся за барты, калі будзеш пераходзіць.
Я сядзеў на карме ў паліто, падняўшы каўнер, і глядзеў, як Кэтрын вяслуе. Яна веславала добра, але вёслы былі занадта доўгія і нязручныя для яе. Я адчыніў чамадан і з'еў два сандвічы і выпіў каньяку. Ад гэтага мне стала лепш, і я выпіў яшчэ.
— Скажы мне, калі стомішся, — сказаў я. Потым, счакаўшы крыху: — Глядзі не ткні сябе вяслом у жывот.
— Калі б гэта здарылася, — сказала Кэтрын паміж узмахамі, — жыццё стала б намнога прасцейшым.
Я выпіў яшчэ каньяку.
— Ну як?
— Добра.
— Скажы мне, калі надакучыць.
— Добра.
Я выпіў яшчэ каньяку, потым узяўся за барты і пайшоў да сярэдзіны лодкі.
— Не трэба. Мне так вельмі добра.
— Не, ідзі на карму. Я выдатна адпачыў.
Нейкі час пасля каньяку я веславаў упэўнена і лёгка. Потым у мяне пачалі зарывацца вёслы, і неўзабаве я зноў перайшоў на кароткія ўзмахі, адчуваючы тонкі невыразны прысмак жоўці ў роце, бо я вельмі моцна веславаў пасля каньяку.
— Дай мне, калі ласка, глыток вады, — сказаў я.
— Хоць цэлае вядро.
Перад світаннем стала імжыць. Вецер сціх, а мо цяпер нас засцерагалі горы, што абступілі возера. Калі я зразумеў, што набліжаецца світанне, я сеў зручней і налёг на вёслы. Я не ведаў, дзе мы, і хацеў хутчэй трапіць у швейцарскую частку возера. Калі стала віднець, мы былі зусім блізка ад берага. Былі бачны дрэвы і камяністы спуск да вады.
— Што гэта? — спытала Кэтрын. Я падняў вёслы і прыслухаўся. На возеры стукаў лодачны матор. Мы пад'ехалі да самага берага і спыніліся. Стук наблізіўся; потым недалёка ад нашай кармы мы ўбачылі пад дажджом маторную лодку. На карме сядзелі чатыры quаrdiа di Finаnzа у насунутых капелюшах альпійскіх стралкоў, з паднятымі каўнярамі і з карабінамі за спінай; усе чацвёра здаваліся соннымі ў гэты ранні час. Мне відаць былі жоўтыя знакі ў іх на каўнярах і нешта жоўтае на капелюшах. Стукаючы маторам, лодка праехала далей і схавалася з вачэй пад дажджом.
Я ад'ехаў да сярэдзіны возера. Відаць, граніца была зусім блізка, і я зусім не хацеў, каб нас убачыў вартавы. Я выраўнаваўся там, адкуль бераг быў толькі бачны, і яшчэ тры чвэрці гадзіны веславаў пад дажджом. Адзін раз мы зноў пачулі маторную лодку, і я перачакаў, пакуль стук заціх каля другога берага.
— Здаецца, мы ўжо ў Швейцарыі, Кэт, — сказаў я.
— Праўда?
— Дакладна сказаць нельга, пакуль мы не ўбачым швейцарскую армію.
— Або швейцарскі флот.
— Ты не жартуй швейцарскім флотам. Тая маторная лодка, якую мы толькі што чулі, і была, напэўна, швейцарскім флотам.
— Ну, калі мы ў Швейцарыі, дык, ва ўсякім разе, хоць паснедаем на славу. У Швейцарыі такія цудоўныя булачкі, і масла, і варэнне.
Ужо зусім развіднела, і ішоў дробны дождж. Вецер усё яшчэ дзьмуў з поўдня, і былі відаць белыя грабяні баранчыкаў, што разыходзіліся ад нас па возеры. Я ўжо не сумняваўся, што мы ў Швейцарыі. За дрэвамі ўбаку ад берага бачны былі домікі, а крыху далей на беразе было паселішча з мураванымі дамамі, віламі на пагорках і царквой. Я выглядваў, ці няма варты на дарозе, уздоўж берага, але нікога не было відаць. Потым дарога падышла зусім блізка да возера, і я ўбачыў салдата, які выходзіў з кафэ каля дарогі. На ім была шэра-зялёная форма і каска, падобная на нямецкую. У яго быў здаровы чырванашчокі твар і маленькія вусы шчотачкай. Ён паглядзеў на нас.
— Памахай яму рукой, — сказаў я Кэтрын. Яна памахала, і салдат нерашуча ўсміхнуўся і таксама памахаў у адказ. Я стаў веславаць больш марудна. Мы праязджалі міма самога паселішча.
— Напэўна, мы ўжо даўно ў Швейцарыі, — сказаў я.
— Трэба ведаць дакладна, любы. А то каб нас не вярнулі з граніцы назад.
— Граніца далёка ззаду. Гэта, напэўна, мытны пункт. Я амаль упэўнены, што гэта Брысага.
— А ці няма тут італьянцаў? На мытных пунктах заўсёды шмат народу з суседняй краіны.
— Толькі не ў ваенны час. Не думаю, каб зараз італьянцам дазвалялі пераходзіць граніцу.
Гарадок быў вельмі прыгожы. Каля прыстані стаяла шмат рыбацкіх лодак, і на рагатках былі развешаны сеткі. Ішоў дробны лістападаўскі дождж, але тут нават у дождж было весела і чыста.
— Тады давай прычалім і пойдзем снедаць.
— Давай.
Я налёг на левае вясло і падышоў да берага, потым, каля самай прыстані, выраўнаваўся і прычаліў бокам. Я ўцягнуў вёслы, схапіўся за жалезнае кольца, паставіў нагу на мокры камень і ступіў у Швейцарыю. Я прывязаў лодку і працягнуў руку Кэтрын.
— Выходзь, Кэт. Цудоўнае пачуццё.
— А чамаданы?
— Пакінем у лодцы.
Кэтрын выйшла, і мы апынуліся ў Швейцарыі.
— Якая цудоўная краіна, — сказала яна.
— Праўда, выдатная?
— Пойдзем хутчэй снедаць.
— Не, праўда выдатная краіна? Па ёй так прыемна хадзіць.
— У мяне так зацяклі ногі, што я нічога не адчуваю. Але, напэўна, прыемна. Любы, ты разумееш, што мы ўжо тут, што мы выбраліся з гэтай праклятай Італіі.
— Так. Чэснае слова так. Я яшчэ ніколі так добра нічога не разумеў.
— Паглядзі на гэтыя дамы. А якая цудоўная плошча! Вось там можна і паснедаць.
— А які цудоўны дождж! У Італіі ніколі не бывае такога дажджу. Гэта вясёлы дождж.
— I мы з табой ужо тут, любы. Не, ты разумееш, што мы з табой ужо тут?
Мы ўвайшлі ў кафэ і селі за чысценькі драўляны столік. Мы былі як п'яныя. Выйшла цудоўная чысценькая жанчына ў фартуху і спытала, што нам падаць.
— Булачкі, і варэнне, і каву, — сказала Кэтрын.