Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Добры вечар, — сказаў я. Канцылярыст за канторкай прыслухоўваўся.

— Пасядзім тут ці выйдзем у сад?

— Давайце выйдзем. У садзе халадней.

Я пайшоў за ёй да дзвярэй, канцылярыст пазіраў нам услед. Калі мы ішлі ўжо па высыпанай гравіем сцежцы, яна сказала:

— Дзе вы былі?

— Я выязджаў на пасты.

— I вы не маглі папярэдзіць мяне хоць запіскай?

— Не, — сказаў я. — Не атрымалася. Я думаў, што вярнуся тым жа днём.

— I ўсё-ткі трэба было паведаміць мне, мілы.

Мы збочылі з алеі і ішлі па сцежцы над дрэвамі. Я ўзяў яе за руку, затым спыніўся і пацалаваў яе.

— Ці нельга нам пайсці куды-небудзь?

— Не, — сказала яна. — Мы можам гуляць толькі тут. Вас вельмі доўга не было.

— Сёння трэці дзень. Але зараз я вярнуўся.

Яна паглядзела на мяне.

— I вы мяне кахаеце?

— Так.

— Праўда, вы ж казалі, што вы мяне кахаеце?

— Так, — салгаў я. — Я кахаю вас.

Я не казаў гэтага раней.

— I вы будзеце зваць мяне Кэтрын?

— Кэтрын.

Мы прайшлі яшчэ крыху і зноў спыніліся над дрэвам.

— Скажыце: ноччу я вярнуўся да Кэтрын.

— Ноччу я вярнуўся да Кэтрын.

— Мілы, вы ж вярнуліся, праўда?

— Так.

— Я вас так кахаю, і гэта было так страшна. Вы больш не паедзеце?

— Не, я заўсёды буду вяртацца.

— Я так вас кахаю. Пакладзіце зноў руку сюды.

— Яна ўвесь час тут.

Я павярнуў яе да сябе, мне стаў відаць яе твар, калі я цалаваў яе, і я ўбачыў, што яе вочы заплюшчаны. Я пацалаваў яе ў заплюшчаныя вочы. Я вырашыў, што яна, відаць, крыху не ў сабе. Але хіба не ўсё адно? Я не думаў пра тое, чым гэта можа скончыцца. Гэта было лепей, чым кожны вечар хадзіць у афіцэрскі публічны дом, дзе дзеўкі вешаюцца вам на шыю і ў адзнаку сваёй прыхільнасці, у прамежках паміж падарожжамі наверх з іншымі афіцэрамі, адзяваюць ваша кепі задам наперад. Я ведаў, што не люблю Кэтрын Барклі, і не збіраюся яе кахаць. Гэта была гульня, як брыдж, толькі замест карт былі словы. Як у брыджы, трэба было рабіць выгляд, што гуляеш на грошы альбо яшчэ на нешта. Пра тое, на што ішла гульня, не гаварылася ні слова. Але мне было ўсё роўна.

— Куды б нам пайсці, — сказаў я. Як кожны мужчына, я не ўмеў доўга заляцацца стоячы.

— Няма куды, — сказала яна. Яна вярнулася на зямлю з таго свету, у якім знаходзілася.

— Пасядзім крыху тут.

Мы селі на пляскатую каменную лаву, і я ўзяў Кэтрын Барклі за руку. Яна не дазволіла мне абняць яе.

— Вы вельмі стаміліся? — спытала яна.

— Не.

Яна пазірала ўніз, на траву.

— Дрэнную гульню мы з вамі распачалі.

— Якую гульню?

— Не прытварайцеся дурнем.

— Я і не думаю.

— Вы слаўны, — сказала яна, — і вы імкняцеся іграць як мага лепей. Але гульня ўсё адно кепская.

— Вы заўсёды адгадваеце чужыя думкі?

— Не заўсёды. Але вашы я ведаю. Вам няма сэнсу прытварацца, што вы мяне кахаеце. На сённяшні дзень з гэтым скончана. Пра што вы хацелі б зараз пагаварыць?

— Але я на самай справе кахаю вас.

— Ведаеце што, давайце не будзем хлусіць, калі ў гэтым няма патрэбы. Вы вельмі добра правялі сваю ролю, і зараз усё добра. Я ж не зусім вар'ятка. На мяне калі і находзіць, то толькі крыху і ненадоўга.

Я сціснуў яе руку.

— Кэтрын, дарагая...

— Як смешна гэта зараз гучыць: «Кэтрын». Вы не заўсёды аднолькава гэта прамаўляеце. Але вы вельмі слаўны. Вы вельмі добры, вельмі.

— Гэтак гаворыць і наш святар.

— Так, вы добры. I вы будзеце наведваць мяне?

— Вядома.

— I вам няма патрэбы гаварыць, што вы кахаеце мяне. З гэтым пакуль што скончана. — Яна ўстала і падала мне руку. — Дабранач.

Я хацеў пацалаваць яе.

— Не, — сказала яна. — Я дужа стамілася.

— I ўсё-ткі пацалуйце мяне, — сказаў я.

— Я страшэнна стамілася, мілы.

— Пацалуйце мяне.

— Вам вельмі хочацца?

— Вельмі.

Мы пацалаваліся, але яна раптам вырвалася.

— Не трэба. Дабранач, мілы.

Мы дайшлі да дзвярэй, і я ўбачыў, як яна пераступіла парог і пайшла па вестыбюлі. Мне падабалася сачыць за яе рукамі. Яна схавалася ў калідоры. Я пайшоў дамоў. Ноч была душная, і ў гарах не сціхала ні на хвіліну. Былі бачны ўспышкі на Сан-Габрыеле.

Ля «Віла-Роса» я спыніўся. Аканіцы былі зачынены, але ўсярэдзіне яшчэ шумелі. Нехта спяваў. Я пайшоў у свой пакой. Рынальдзі ўвайшоў, калі я распранаўся.

— Ага, — сказаў ён, — справа ладзіцца. Бэбі збянтэжаны.

— Дзе вы былі?

— На «Віла-Роса». Вельмі карысна для душы, бэбі. Мы спявалі хорам. А дзе былі вы?

— Заходзіў да англічан.

— Дзякуй Богу, што я не зблытаўся з англічанамі.

РАЗДЗЕЛ СЁМЫ

На наступны дзень, калі вяртаўся з першага горнага паста, я спыніў машыну ля smistimento¹², дзе параненыя і хворыя размяркоўваліся згодна з іхнімі дакументамі і на дакументах рабілі адзнаку аб накіраванні ў той ці іншы шпіталь. Я сам вёў машыну і застаўся ў ёй, а шафёр панёс дакументы для адзнакі. Дзень быў гарачы, і неба было надта блакітнае і яркае, а дарога белая і пыльная. Я сядзеў на высокім сядзенні фіата і ні аб чым не думаў. Міма па дарозе ішоў полк, і я пазіраў, як крочаць шарэнгі. Людзі былі стомленыя і спацелыя. Некаторыя былі ў стальных касках, але большасць несла іх прычэпленымі да ранцаў. Для многіх каскі былі надта вялікія і амаль закрывалі вушы. Афіцэры ўсе былі ў касках, але падабраных па памерах. Гэта была частка брыгады Базіліката. Я пазнаў іхнія паласатыя, чырвоныя з белым, пятліцы. Полк ужо даўно прайшоў, але міма ўсё яшчэ валакліся адсталыя, — тыя, хто не меў сілы крочыць у нагу са сваім аддзяленнем. Яны былі стомленыя, спацелыя, запыленыя. Некаторыя здаваліся зусім хворымі. Калі апошні адсталы прайшоў, на дарозе з'явіўся яшчэ адзін салдат. Ён пакульгваў. Ён спыніўся і сеў ля дарогі. Я вылез і падышоў да яго.

— Што з вамі?

Ён паглядзеў на мяне і ўстаў.

— Я ўжо іду.

— А ў чым справа?

— Усё вайна, ну яе да...

— Што з вашай нагой?

— Справа не ў назе. У мяне грыжа.

— Чаму ж вы ідзяце пешкі? — спытаў я. — Чаму вы не ў шпіталі?

— Не пускаюць. Лейтэнант кажа, што я знарок скінуў бандаж.

— Пакажыце мне.

— Яна выйшла.

— З якога боку?

— Вось тут.

Я памацаў ягоны жывот.

— Кашляніце, — сказаў я.

— Каб ад гэтага не стала горай. Яна ўжо і так у два разы большая, чым раніцай.

— Сядайце ў машыну, — сказаў я. — Калі паперы маіх параненых будуць гатовыя, я сам адвязу вас і здам у вашу санітарную часць.

— Ён скажа, што я знарок.

— Тут яны не змогуць прыдрацца, — сказаў я. — Гэта не рана. У вас жа было гэта і раней?

— Але я згубіў бандаж.

— Вас накіруюць у шпіталь.

— А ці нельга мне застацца з вамі, tenente?

— Не, у мяне няма на вас дакументаў.

У дзвярах з'явіўся шафёр з дакументамі параненых, якіх мы везлі.

— Чацвярых у сто пяты. Дваіх у сто трыццаць другі, — сказаў ён. Гэта былі шпіталі на другім беразе.

— Сядайце за руль, — сказаў я.

Я дапамог салдату з грыжай залезці на сядзенне побач з намі.

— Вы размаўляеце па-англійску? — спытаў я.

— Так.

— Што вы скажаце пра гэту праклятую вайну?

— Брыдота.

— Дзіўна, калі б іначай. Сапраўдная брыдота.

— Вы былі ў Штатах?

— Быў. У Пітсбургу. Я здагадаўся, што вы амерыканец.

— Хіба я дрэнна размаўляю па-італьянску?

— Я адразу здагадаўся, што вы амерыканец.

— Яшчэ адзін амерыканец, — сказаў шафер па-італьянску, зірнуўшы на салдата з грыжай.

— Паслухайце, лейтэнант. Вы абавязкова павінны даставіць мяне ў полк?

— Так.

— Справа ў тым, што старшы доктар ведае пра маю грыжу. Я да д'ябла выкінуў бандаж, каб мне стала горай і не давялося зноў ісці на перадавую.

— Разумею.

— Мо вы адвезяце мяне ў іншае месца?

— Калі б мы былі бліжэй да фронта, я мог бы здаць вас на першы медыцынскі пункт. Але тут, у тыле, нельга без дакументаў.

6
{"b":"980839","o":1}