Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Калі я вярнуся, мне зробяць аперацыю, а пасля ўвесь час будуць трымаць на перадавой.

Я падумаў.

— Вы хацелі б увесь час тырчаць на перадавой? — спытаў ён.

— Не.

— Д'ябал! — сказаў ён. — Якая гідкая гэтая вайна.

— Паслухайце, — сказаў я. — Выйдзіце з машыны, упадзіце і набіце сабе шышку на галаве, а я на зваротным шляху забяру вас і адвязу ў шпіталь. Мы на хвіліну спынімся, Альда.

Мы з'ехалі на абочыну і спыніліся. Я дапамог яму вылезці.

— Тут вы мяне і знойдзеце, лейтэнант, — сказаў ён.

— Да сустрэчы, — сказаў я. Мы паехалі далей і абагналі полк прыблізна праз мілю, затым пераправіліся цераз раку, каламутную ад расталага снегу і рухавую ля бакоў моста, і па дарозе, якая перасякае раўніну, дабраліся да шпіталяў, дзе трэба было здаць параненых. На зваротным шляху я сам сядзеў за рулём і хутка гнаў пустую машыну туды, дзе сядзеў салдат з Пітсбурга. Спачатку мы мінулі полк, які рухаўся марудна і быў яшчэ больш стомлены; затым адсталых. Пасля мы ўбачылі пасярод дарогі санітарны фургон. Два салдаты падымалі салдата з грыжай. Яны вярнуліся па яго. Калі ўбачыў мяне, ён пакруціў галавой. Ягоная каска звалілася, і лоб, ля самых валасоў, быў скрываўлены. На носе была абадраная скура, і на крывавую драпіну наліп пыл, і ў валасах таксама быў пыл.

— Зірніце, якая шышка, лейтэнант, — гукнуў ён. — Але нічога не зробіш. Яны вярнуліся па мяне.

Калі я вярнуўся на вілу, было пяць гадзін, і я пайшоў туды, дзе мылі машыны, каб стаць пад душ. Затым я складаў рапарт, седзячы ў сваім пакоі ля адчыненага акна, у штанах і кашулі. Наступленне было прызначана на паслязаўтра, і я мусіў выехаць са сваімі машынамі ў Плаву. Ужо даўно я не пісаў у Штаты, і я ведаў, што трэба напісаць, але гэтулькі часу адкладваў, што зараз пісаць было ўжо амаль немагчыма. Не было пра што пісаць. Я адправіў некалькі паштовак Zona di Guerra¹³, выкрасліўшы з тэкста ўсё, акрамя «я жывы і здаровы». Так хутчэй дойдуць. Гэтыя паштоўкі вельмі спадабаюцца ў Амерыцы — нязвыклыя і таямнічыя. Нязвыклай і таямнічай была вайна ў гэтай зоне, але мне яна здавалася добра абмазгаванай і жорсткай у параўнанні з іншымі войнамі, якія былі скіраваныя супраць аўстрыйцаў. Аўстрыйская армія была створана дзеля перамог Напалеона — любога Напалеона. Добра, каб і ў нас быў Напалеон, але ў нас быў толькі Il generale Cadorna, тлусты і самазадаволены, і Vittorio-Emmanuele, маленькі чалавек з худой доўгай шыяй і казлінай бародкай. У правабярэжнай арміі быў герцаг Аоста. Бадай, ён быў занадта прыгожы для вялікага палкаводца, але ў яго быў воблік сапраўднага мужчыны. Многія хацелі б, каб ён быў каралём. Ён меў знешнасць караля. Ён быў дзядзькам караля і камандаваў трэцяй арміяй. Мы былі ў другой apміі. У трэцяй арміі было некалькі англійскіх батарэй. У Мілане я пазнаёміўся з двума англійскімі артылерыстамі адтуль. Яны былі вельмі мілыя, і мы выдатна правялі вечар. Яны былі рослыя і сарамлівыя, і ўсё іх бянтэжыла і адначасова падабалася. Лепш, каб я служыў у англійскай арміі. Усё было б прасцей. Але я, відаць, загінуў бы. Ну, у санітарным атрадзе, напэўна, не. Не, нават і ў санітарным атрадзе. Здаралася, і шафёры англійскіх санітарных машын гінулі. Але я ведаў, што не загіну. Гэтай вайной не. Яна не мела да мяне ніякіх адносін. Мне яна здавалася не больш небяспечнай, чым вайна ў кіно. Усё-ткі я шчыра хацеў, каб вайна скончылася. Мо гэтым летам будзе канец. Мо аўстрыйцаў паб'юць. Іх заўсёды білі ў ранейшых войнах. А што асаблівага ў гэтай вайне? Усе гавораць, што французы выдыхнуліся. Рынальдзі расказваў, што французскія салдаты ўзбунтаваліся і войскі пайшлі на Парыж. Я спытаў у яго, што ж было далей, і ён сказаў: «Ну, іх спынілі». Мне хацелася пабываць у Аўстрыі без усялякай вайны. Мне хацелася пабываць у Шварцвальдзе. Мне хацелася пабываць на Гарцы. А дзе гэта Гарц, між іншым? Зараз баі вяліся ў Карпатах. Туды мне не хацелася. Хоць, бадай, і гэта было б няблага. Калі б не было вайны, я мог бы паехаць у Іспанію. Сонца ўжо заходзіла і дзень астываў. Пасля вячэры я паеду да Кэтрын Барклі. Мне хацелася, каб яна зараз была тут са мной. Мне хацелася, каб мы разам былі ў Мілане. Добра было б павячэраць у «Кова» і пасля душным вечарам прайсціся па Віа-Манцоні, і перайсці цераз мост, і пайсці ўздоўж канала, і зайсці ў гатэль з Кэтрын Барклі. Мо яна пайшла б. Мо яна ўявіла б сабе, што я — той афіцэр, якога забілі на Соме, і вось мы ўваходзім у галоўны пад'езд і швейцар здымае фуражку і я спыняюся ля канторкі парцье спытаць ключ і яна чакае ля ліфта і пасля мы ўваходзім у кабіну ліфта і ён паўзе ўгару вельмі марудна пазвоньваючы на кожным паверсе а затым і наш наверх і хлапчук-ліфцёр адчыняе дзверы і яна выходзіць і выходжу я і мы ідзём па калідоры і я ключом адмыкаю дзверы і ўваходжу і пасля здымаю трубку тэлефона і прашу каб прыняслі бутэльку капры б'янка ў сярэбраным вядзерцы поўным лёду і чуваць як лёд звініць у вядзерцы ўсё бліжэй па калідору і хлапчук стукаецца і я кажу пастаўце калі ласка ля дзвярэй. Таму што мы ўсё з сябе скінулі таму што вельмі горача і акно разнасцежана і ластаўкі лятаюць над стрэхамі дамоў і калі ўжо зусім сцямнее і падыйдзеш да акна маленькія кажаны носяцца над дамамі і над вершалінамі дрэў і мы п'ём капры і дзверы замкнёныя і так горача і толькі прасціна і цэлая ноч і мы ўсю ноч кахаем адно аднаго гарачай ноччу ў Мілане. Я хутка павячэраю і пайду да Кэтрын Барклі.

За сталом было занадта шмат размоў, і я піў віно, бо сёння вечарам мы не былі б братамі, калі б я крыху не выпіў, і я размаўляў са святаром пра архіепіскапа Айрленда, відаць, вельмі дастойнага чалавека, пра яго несправядлівы лес, пра несправядлівасці ў адносінах да яго, у якіх я, як амерыканец, быў часткова вінаваты, і пра якія я наогул нічога не ведаў, але рабіў выгляд, што мне ўсё гэта выдатна вядома. Было б няветліва нічога пра гэта не ведаць, выслухаўшы гэткае бліскучае вытлумачэнне сутнасці ўсёй справы, у рэшце рэшт, відаць, заснаванага на непаразуменні. Я знайшоў, што ў яго вельмі прыгожае імя, і да таго ж ён быў родам з Мінесоты, такім чынам імя атрымлівалася на самай справе выдатнае: Айрленд Мінесоцкі, Айрленд Віскансінскі, Айрленд Мічыганскі. Не, справа не ў тым. Тут справа значна глыбейшая. Так, ойча мой. Праўда, ойча мой. Магчыма, ойча мой. Не, ойча мой. Ну, што ж, можа быць, і так, ойча мой. Вам лепей ведаць, ойча мой. Святар быў добры, але занудлівы. Афіцэры былі нядобрыя, але занудлівыя. Кароль быў добры, але занудлівы. Віно было дрэннае, але не занудлівае. Яно здымала з зубоў эмаль і пакідала яе на паднябенні.

— I святара пасадзілі за краты, — гаварыў Рока, — бо мы знайшлі ў яго трохпрацэнтныя паперы. Гэта было ў Францыі, вядома. Тут бы яго ніколі не арыштавалі. Ён сцвярджаў, што рашуча нічога не ведае пра пяціпрацэнтныя. Гэта ўсё здарылася ў Безье. Я якраз быў там і, калі прачытаў у газетах, накіраваўся ў турму і папрасіў, каб мяне дапусцілі да святара. Было відавочна, што паперы ён украў.

— Не веру ніводнаму слову, — сказаў Рынальдзі.

— Гэта як вам хочацца, — сказаў Рока. — Але я расказваю пра гэта для нашага святара. Гісторыя вельмі павучальная. Ён святар, ён здолее яе ацаніць.

Святар усміхнуўся.

— Працягвайце, — сказаў ён. — Я слухаю.

— Вядома, частку папер так і не знайшлі, але ўсе трохпрацэнтныя аказаліся ў святара, і яшчэ аблігацыі нейкіх мясцовых пазык, не памятаю якіх. Такім чынам, я прыйшоў у турму, — вось тут і пачынаецца самае цікавае, — і стаю ля яго камеры і кажу, нібыта на споведзі: «Блаславіце мяне, ойча, бо вы саграшылі».

Усе гучна засмяяліся.

— I што ж ён адказаў? — спытаў святар.

Рока не звярнуў на яго ўвагу і пачаў талкаваць мне сэнс жарту:

— Разумееце, у чым тут соль? — Відаць, гэта быў вельмі дасціпны жарт, калі яго правільна зразумець. Мне падлілі яшчэ віна, і я расказаў анекдот пра англійскага радавога, якога паставілі пад душ. Затым маёр расказаў анекдот пра адзінаццаць чэха-славакаў і венгерскага капрала. Я зноў выпіў віна і расказаў анекдот пра жакея, які знайшоў пені. Маёр сказаў, што ёсць займальны італьянскі анекдот пра герцагіню, якой не спалася па начах. Тут святар пайшоў, і я расказаў анекдот пра коміваяжора, які прыехаў у Марсель у пяць гадзін раніцы, калі дзьмуў містраль. Маёр сказаў, што да яго дайшлі чуткі, што я ўмею піць. Я адмаўляў гэта. Ён сказаў, што гэта праўда і што, Бахус сведка, ён праверыць, ці так гэта. Толькі не Бахус, сказаў я. Не Бахус. Так, Бахус, сказаў ён. Я мушу піць на вытрымку з Басі Філіпа Вінчэнца. Басі сказаў жа, што гэта несправядліва, бо ён ужо выпіў удвая больш, чым я. Я сказаў, што гэта брыдкая хлусня,Бахус ці не Бахус, Філіпа Вінчэнца Басі,ці Басі Філіпа Вінчэнца, ні кроплі не глынуў за цэлы вечар, і як яго, уласна, зваць? Ён спытаў, а як зваць мяне — Энрыка Федэрыка ці Федэрыка Энрыка? Я сказаў, Бахуса да д'ябла, а хто дужэйшы, той і пераможа, і маёр даў нам старт кубкамі чырвонага віна. Выпіўшы палову кубка, я не захацеў працягваць. Я ўспомніў, куды іду.

7
{"b":"980839","o":1}