Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Басі перамог, — сказаў я. — Ён дужэйшы. Мне пара ісці.

— Праўда, яму пара, — сказаў Рынальдзі. — У яго спатканне. Я гэта ведаю.

— Мне пара ісці.

— Да сустрэчы іншым разам, — сказаў Басі. — Да сустрэчы іншым разам, калі ў вас будзе больш сілы.

Ён паляпаў мяне па плячы. На стале гарэлі свечкі. Усе афіцэры былі надта вясёлыя.

— Дабранач, панове, — сказаў я.

Рынальдзі выйшаў разам са мной. Мы спыніліся ля пад'езда, і ён сказаў:

— Вы лепей не хадзілі б туды п'яным.

— Я не п'яны, Рынін. Слова гонару.

— Вы хоць пажавалі б зерне кавы.

— Глупства.

— Я вам зараз прынясу, бэбі. Пагуляйце пакуль тут. — Ён вярнуўся са жменяй смажаных зярнят кавы. — Пажуйце, бэбі, і хай дапаможа вам Бог.

— Бахус, — сказаў я.

— Я правяду вас.

— Ды я нармальна адчуваю сябе.

Мы ішлі ўдвух па горадзе, і я жаваў зерне кавы. Ля ўезду ў алею, якая вяла да вілы англічан, Рынальдзі пажадаў мне добрай ночы.

— Дабранач, — сказаў я. — А чаму б не зайсці і вам? Ён пакруціў галавой.

— Не, — сказаў ён. — Я аддаю перавагу больш звыклым уцехам.

— Дзякуй за зерне кавы.

— Не варта, бэбі. Не варта.

Я пайшоў па алеі. Абрысы кіпарысаў па баках былі выразныя. Я азірнуўся і ўбачыў, што Рынальдзі стаіць і пазірае мне ўслед, і я памахаў яму рукой.

Я сядзеў у прыёмным пакоі вілы, чакаў Кэтрын Барклі. Нехта ўвайшоў у вестыбюль. Я ўстаў, але гэта была не Кэтрын. Гэта была міс Фергюсон.

— Хэло, — сказала яна. — Кэтрын прасіла мяне перадаць вам, што, на жаль, яна сёння не можа з вамі сустрэцца.

— Шкада. Спадзяюся, яна не хворая?

— Яна не зусім здаровая.

— Скажыце ёй, калі ласка, што я вельмі занепакоены.

— Скажу.

— А мо мне зайсці заўтра раніцай?

— Зайдзіце.

— Вельмі ўдзячны вам, — сказаў я. — Дабранач.

Я выйшаў з прыёмнай, і мне раптам стала сумна і няўтульна. Я вельмі абыякава адносіўся да спаткання з Кэтрын, я напіўся і ледзь не забыўся прыйсці, але калі аказалася, што я не ўбачу яе, мне стала сумна і я адчуў сябе адзінока.

РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ

На наступны дзень мы даведаліся, што ноччу ў вярхоўях ракі будзе атака, і мы павінны выехаць туды з чатырма машынамі. Ніхто нічога толкам не ведаў, хоць усе гаварылі з вялікай пыхай, паказваючы свае стратэгічныя пазнанні. Я сядзеў у першай машыне, і калі мы праязджалі міма варот англійскага шпіталя, я загадаў шафёру спыніцца. Іншыя машыны затармазілі. Я выйшаў і загадаў шафёрам ехаць далей і чакаць нас на скрыжаванні ля Кармонскай дарогі, калі мы не дагонім іх раней. Я шпарка прайшоў па алеі і, увайшоўшы ў прыёмную, папрасіў выклікаць міс Барклі.

— Яна дзяжурыць.

— Ці нельга мне ўбачыць яе на хвілінку?

Паслалі санітара, і ён вярнуўся разам з ёй.

— Я зайшоў даведацца пра ваша здароўе. Мне сказалі, што вы на дзяжурстве, і я папрасіў выклікаць вас.

— Я зусім здаровая, — сказала яна. — Відаць, гэта ад гарачыні.

— Мне трэба ісці.

— Я на хвілінку выйду з вамі.

— Вы сябе зусім добра адчуваеце? — спытаў я, калі мы выйшлі.

— Так, мілы. Вы сёння прыйдзеце?

— Не, я зараз ад'язджаю — сёння забава на Плаве.

— Забава?

— Наўрад ці будзе нешта сур'ёзнае.

— А калі вы вернецеся?

— Заўтра.

Яна нешта расшпіліла і зняла з шыі. Яна уклала гэта мне ў руку.

— Гэта святы Антоній, — сказала яна. — А заўтра вечарам прыходзьце.

— Хіба вы каталічка?

— Не. Але святы Антоній, кажуць, вельмі дапамагае.

— Буду шанаваць яго дзеля вас. Бывайце.

— Не, — сказала яна. — Не бывайце.

— Слухаюся.

— Будзьце разумны і шануйце сябе. Не, тут нельга цалавацца, нельга.

— Слухаюся.

Я азірнуўся і ўбачыў, што яна стаіць на прыступках. Яна памахала мне рукой, і я паслаў ёй паветраны пацалунак. Яна яшчэ памахала рукой, і пасля алея скончылася, і я ўжо ўсаджваўся ў машыну, і мы паехалі. Святы Антоній быў у маленькім медальёне з белага метал у. Я адчыніў медальён і вытрас яго на далонь.

— Святы Антоній? — спытаў шафёр.

— Так.

— У мяне таксама ёсць. — Яго правая рука адпусціла руль, расшпіліла гузік і дастала з-пад сарочкі гэткі ж медальён. — Бачыце?

Я паклаў святога Антонія назад у медальён, сабраў у камяк тоненькі залаты ланцужок і ўсё разам схаваў у бакавую кішэню.

— Вы не надзенеце яго на шыю?

— Не.

— Лепш надзеньце. А інакш навошта ён?

— Добра, — сказаў я. Я расшпіліў замок залатога ланцужка,надзеў яго на шыю і зноў зашпіліў замок. Святы павіс на маім форменным фрэнчы, і я расшпіліў каўнер сарочкі і апусціў святога Антонія пад сарочку. Седзячы ў машыне, я адчуваў на грудзях яго металічны футарал. Хутка я забыўся пра яго. Пасля свайго ранення я больш не бачыў яго. Відаць, нехта зняў на перавязачным пункце.

Перабраўшыся цераз мост, мы паехалі хутчэй, і неўзабаве спераду на дарозе мы ўбачылі пыл ад іншых машын. Дарога зрабіла пятлю, і мы ўбачылі ўсе тры машыны; яны здаваліся зусім маленькімі, пыл валіў з-пад колаў і ўздымаўся аж да дрэваў. Мы параўняліся з імі, абагналі іх і збочылі на іншую дарогу, якая ішла ўгару. Ехаць у калоне зусім няблага, калі знаходзішся ў галаўной машыне, і я сеў ямчэй і пачаў глядзець па баках. Мы ехалі па перадгор'і з боку ракі, і калі дарога ўзабралася вышэй, на поўначы паказаліся высокія горы, на якіх ужо ляжаў снег. Я азірнуўся і ўбачыў, як астатнія тры машыны ўздымаюцца ўгару, аддзеленыя адна ад адной клубамі пылу. Мы мінулі доўгі караван наўючаных мулаў; побач з муламі ішлі паганятыя ў чырвоных фесках. Гэта былі берсальеры.

Пасля каравана мулаў нам ужо больш нічога не траплялася насустрач, і мы ўзбіраліся з узвышша на ўзвышша і затым па доўгім пакатым схіле спусціліся ў рачную даліну. Тут дарога была абсаджана дрэвамі, і за правай шпалерай дрэў я ўбачыў раку, неглыбокую, празрыстую і хуткую. Рака стала плыткай і цякла вузкімі пратокамі сярод палосаў пяску і галькі, а часам, як ззянне, разлівалася па высланым галькай дне. Ля самага берага я бачыў глыбокія ямы, вада ў іх была блакітная, як неба. Я бачыў каменныя мосцікі, якія былі дугой перакінуты цераз раку, да іх вялі сцяжынкі, што адгаліноўваліся ад дарогі, і сялянскія хаты з каменю з кандэлябрамі грушавых дрэў уздоўж паўднёвай сцяны, і нізкія агароджы з каменю на палях. Дарога доўга ішла па даліне, а затым мы збочылі і зноў пачалі падымацца ўгару. Дарога крута падымалася ўгару, выгіналася і кружылася ў каштанавым гаі і нарэшце пайшла ўздоўж кража гары. У прасветах паміж дрэвамі была відна даліна, і там, далёка ўнізе, блішчала на сонцы звіліна ракі, якая падзяляла дзве apміі. Мы паехалі па новай камяністай ваеннай дарозе, пракладзенай па самым грэбені кража, і я глядзеў на поўнач, дзе працягнуліся два ланцугі гор, зялёныя і цёмныя да лініі вечнага снегу, а вышэй белыя і яркія ў промнях сонца. Затым, калі зноў пачаўся пад'ём, я ўбачыў трэці ланцуг гор, высокія снежныя горы, белыя, як мел, і спаласаваныя вычурнымі складкамі, а за імі ўдалечыні ўзнікалі яшчэ горы, і нельга было сказаць, ці бачыш іх, ці гэта толькі здаецца. Гэта аўстрыйскія горы, а ў нас такіх не было. Спераду быў закруглены паварот направа, і ў прасвеце паміж дрэвамі я ўбачыў, як дарога крута спускалася ўніз. Па гэтай дарозе рухаліся войскі, і грузавікі, і мулы з горнымі гарматамі, і, калі мы ехалі па ёй уніз, трымаючыся самага краю, далёка ўнізе мне была відна рака, шпалы і рэйкі, якія былі побач, стары чыгуначны мост, а за ракой, ля падножжа гары, разбураныя дамы гарадка, якім мы павінны былі авалодаць.

Ужо амаль сцямнела, калі мы спусціліся ўніз, выехалі на галоўную дарогу, пракладзеную ўздоўж берага ракі.

РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТЫ

Дарога была забітая транспартам і людзьмі, з абодвух бакоў ад яе былі шчыты з рагожы і саламяных цыновак, і цыноўкі накрывалі яе зверху, што нагадвала ўваход у цырк альбо пасяленне дзікароў. Мы марудна рухаліся па гэтым саламяным тунелі і нарэшце выехалі на голае, расчышчанае месца, дзе некалі была чыгуначная станцыя. Далей дарога была вырыта ў берагавым насыпе, і па ўсёй яе даўжыні ў насыпе былі зроблены сховы, і ў іх засела пяхота. Сонца заходзіла, і, гледзячы паўзверх насыпу, я бачыў аўстрыйскія назіральныя аэрастаты, якія цямнелі на вячэрнім небе над гарамі на тым беразе ракі. Мы спынілі машыны за развалінамі цаглянага завода. У печах для абпальвання і некаторых глыбокіх ямах былі абсталяваны пункты для перавязкі. Сярод дактароў было трое маіх знаёмых. Галоўны ўрач сказаў мне, што, калі пачнецца і нашы машыны прымуць параненых, мы павязём іх па замаскіраванай дарозе ўздоўж берага і затым угару, да перавалак, дзе знаходзіцца пост і дзе параненых будуць чакаць іншыя машыны. Каб толькі на дарозе не ўтвараўся затор, сказаў ён. Іншага шляху не было. Дарогу замаскіравалі, бо яна была навідавоку з аўстрыйскага берага. Тут, на цагляным заводзе, берагавы насып абараняў нас ад аружэйнага і кулямётнага агню. Цераз раку быў пракладзены толькі адзін напаўразбураны мост. Калі пачнецца артылерыйскі абстрэл, навядуць яшчэ адзін мост, а частка войска пяройдзе ўброд ля выгібу ракі, дзе плытка. Галоўны ўрач быў нізенькі чалавек з падкручанымі ўгару вусамі. Ён быў маёрам, удзельнічаў у лівійскай вайне і меў дзве нашыўкі за раненне. Ён сказаў, што, калі ўсё пройдзе добра, ён прадставіць мяне да ўзнагароды. Я сказаў, што, спадзяюся, усё пройдзе добра, і падзякаваў яму за дабрыню. Я спытаў, ці ёсць тут вялікі бліндаж, дзе маглі б размясціцца шафёры, і ён выклікаў салдата, каб ён правёў мяне. Я пайшоў за салдатам, і мы вельмі хутка дайшлі да бліндажа, які аказаўся вельмі зручным. Шафёры былі задаволены, і я пакінуў іх там. Галоўны ўрач запрасіў мяне выпіць з ім і яшчэ з двума афіцэрамі. Мы выпілі рому, і я адчуў сябе сярод сяброў. Цямнела. Я спытаў, калі пачнецца атака, і мне сказалі, што як толькі зусім сцямнее. Я вярнуўся да шафёраў. Яны сядзелі ў бліндажы і размаўлялі, і калі я зайшоў, яны змоўклі. Я даў ім пачку цыгарэт «Македонія», слаба набітых цыгарэт, з якіх высыпаўся тытунь, і трэба было закруціць канец, перш чым закурваць. Маньера пстрыкнуў запальнічкай і даў усім прыпаліць. Запальнічка нагадвала радыятар фіата. Я расказаў ім усё, пра што даведаўся.

8
{"b":"980839","o":1}