Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Кэтрын усміхнулася.

— Не. — Затым праз некалькі хвілін: — Ты не будзеш з другой дзяўчынай так, як са мной? Не будзеш гаварыць нашыя словы? Скажы.

— Ніколі.

— Але я хачу, каб у цябе былі дзяўчаты.

— Яны не патрэбныя мне.

— Вы надта шмат гаворыце, — сказаў доктар. — Monsieur Генры давядзецца выйсці. Пазней ён можа прыйсці зноў. Вы не памраце. Не кажыце глупства.

— Добра, — сказала Кэтрын. — Я буду прыходзіць да цябе начамі, — сказала яна. Ёй было вельмі цяжка гаварыць.

— Калі ласка, выйдзіце з пакоя, — сказаў доктар. — Ёй нельга размаўляць.

Кэтрын падміргнула мне, твар яе стаў зусім шэрым.

— Нічога, я пабуду ў калідоры, — сказаў я.

— Ты не засмучайся, любы, — сказала Кэтрын. — Я ні кропелькі не баюся. Гэта толькі дрэнны жарт.

— Ты мая дарагая, храбрая дзяўчынка.

Я чакаў у калідоры. Я чакаў доўга. Сястра выйшла з пакоя і падышла да мяне.

— Madame Генры вельмі блага, — сказала яна. — Я баюся за яе.

— Яна памерла?

— Не, але яна ляжыць без памяці.

Відаць, адзін крывацёк ішоў за другім. Нельга было спыніць кроў. Я ўвайшоў у пакой і заставаўся ля Кэтрын, пакуль яна не памерла. Яна больш не ачуняла, і хутка ўсё скончылася.

У калідоры я звярнуўся да доктара:

— Сёння яшчэ трэба што-небудзь рабіць?

— Не. Нічога рабіць не трэба. Мо правесці вас у гатэль?

— Не, дзякуй вам. Я яшчэ пабуду тут.

— Я ведаю, што тут нічога не скажаш. Не магу выказаць...

— Так, — сказаў я. — Тут нічога не скажаш.

— Дабранач, — сказаў ён. — Мо, мне ўсё-ткі правесці вас?

— Не, дзякуй.

— Больш нічога нельга было зрабіць, — сказаў ён. — Аперацыя паказала...

— Я не хачу пра гэта гаварыць, — сказаў я.

— Я хацеў бы правесці вас у гатэль.

— Не, дзякуй вам.

Ён пайшоў па калідоры. Я вярнуўся да дзвярэй пакоя.

— Зараз нельга, — сказала адна з сясцёр.

— Можна, — сказаў я.

— Не, яшчэ нельга.

— Ідзіце адсюль, — сказаў я. — I тая таксама.

Але калі я прымусіў ix пайсці і зачыніў дзверы і выключыў святло, я зразумеў, што гэта не патрэбна. Гэта было накшталт развітання са статуяй. Неўзабаве я выйшаў і спусціўся па лесвіцы і пад дажджом пайшоў у свой гатэль.

Зноскі

1. Малодшы лейтэнант (італ.).

2. Лейтэнант (італ.).

3. Капітан (італ.).

4. Маёр (італ.).

5. Падпалкоўнік (італ.).

6. Прывет (італ.).

7. Пан лейтэнант (італ.).

8. Няблага (італ.).

9. Яшчэ не (італ.).

10. Да пабачэння, лейтэнант (італ.).

11. VoluntaryAidDepartament (англ.) – аддзяленне добраахвотнай дапамогі.

12. Эвакапункт (італ.).

13. Ваенная зона (італ.).

14. Няхай жыве армія! (італ.).

15. Блюда з макаронаў (італ.).

16. Мама мая (італ.).

17. Уратуй цябе Бог, Марыя (італ.).

18. Насілкі! (італ.).

19. Ну як, нічога? (франц.).

20. Нічога (франц).

21. Няхай жыве Францыя! (франц.).

22. Выпад, удар (франц.).

23. Атрад (італ.).

24. Галоўны шпіталь (італ.).

25. Салодкае (італ.).

26. Пласкагор’е (італ.).

27. Раўніна (італ.).

28. Сястра (італ.).

29. Няхай жыве мір! (італ.).

30. Па дамах! (італ.).

31. Шлюбная пасцель (італ.).

32. У цывільным (італ.).

33. Гадзіна кактэйляў (франц.).

34. Агонь (франц.).

35. Веруючы (франц.).

36. Мытная варта (італ.).

37. Невялікія швейцарскія санкі (франц.).

38. Дарожка (франц.).

39. Від пячэння (ням.).

40. Кіслая капуста (франц.).

41. Кіслая капуста (ням.).

42. Дзяжурнае блюда (франц.).

58
{"b":"980839","o":1}