Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Двое карабінераў затрымалі машыну. Наперадзе на дарозе разарваўся снарад, і пакуль мы стаялі, разарвалася яшчэ тры. Гэта былі 77-міліметроўкі, і калі яны ляцелі, быў чуваць пранізлівы шэлест, а пасля рэзкі, кароткі выбух, успышка, і шэры дым засцілаў дарогу. Карабінеры далі нам знак ехаць далей. Калі параўняліся з месцамі выбухаў, я аб'ехаў невялікія варонкі і адчуў пах узрыўчаткі і пах разварочанай гліны, і каменя, і свежа-раструшчанага крэменю. Я вярнуўся ў Гарыцыю, на нашу вілу, і, як я ўжо казаў, пайшоў да міс Барклі, якая была на дзяжурстве.

У час абеду я еў вельмі хутка і адразу ж зноў выправіўся на вілу, дзе быў англійскі шпіталь. Віла была вельмі вялікая і прыгожая, і ля дома раслі цудоўныя дрэвы. Міс Барклі сядзела на лаўцы ў садзе. З ёй была міс Фергюсон. Яны, здавалася, узрадаваліся мне, і праз нейкі час міс Фергюсон папрасіла прабачэння і ўстала.

— Я пакіну вас, — сказала яна. — Вы выдатна абыходзіцеся без мяне.

— Не ідзіце, Элен, — сказала міс Барклі.

— Не, я пайду ўжо. Мне трэба пісаць пісьмы.

— Дабранач, — сказаў я.

— Дабранач, містэр Генры.

— Не пішыце нічога такога, што занепакоіла б цэнзара.

— Не хвалюйцеся. Я пішу толькі пра тое, у якім прыгожым месцы мы жывём і якія храбрыя ўсе італьянцы.

— Працягвайце гэтак жа, і вы атрымаеце ордэн.

— Буду вельмі радая. Дабранач, Кэтрын.

— Я хутка зайду да вас, — сказала міс Барклі. Міс Фергюсон знікла ў цемры.

— Яна добрая, — сказаў я.

— Гэта праўда. Яна вельмі добрая. Яна сястра.

— А вы хіба не сястра?

— О не. Я тое, што называецца VAD¹¹. Мы працуем вельмі шмат, але нам не давяраюць.

— А чаму?

— Не давяраюць тады, калі няма справы. Калі працы шмат, тады давяраюць.

— А ў чым розніца?

— Сястра — гэта накшталт доктара. Трэба доўга вучыцца. A VAD заканчваюць толькі кароткатэрміновыя курсы.

— Разумею.

— Італьянцы не хацелі дапускаць жанчын так блізка да фронту. Такім чынам, у нас тут асаблівы рэжым. Мы нікуды не выходзім.

— Але я магу прыходзіць сюды?

— Ну вядома. Тут не манастыр.

— Давайце забудземся пра вайну.

— Гэта не так проста. У такім месцы цяжка забыцца пра вайну.

— I ўсё ж забудзем.

— Добра.

Мы паглядзелі адно на адно ў цемры. Яна здалася мне вельмі прыгожай, і я ўзяў яе за руку. Яна не адняла рукі, і я пацягнуўся, і я абняў яе.

— Не трэба, — сказала яна. Я не адпускаў яе.

— Чаму?

— Не трэба.

— Трэба, — сказаў я. — Так добра.

Я нахіліўся ў цемры, каб пацалаваць яе, і нешта апякло мяне коратка і востра. Яна моцна пляснула мне па твары. Удар выпаў на пераноссе і вочы, і ў мяне выступілі слёзы.

— Даруйце мне, — сказала яна.

Я адчуў сябе ў крыху выгодным становішчы.

— Вы зрабілі правільна.

— Не, вы, калі ласка, даруйце мне, — сказала яна. —Але гэта так непрыгожа атрымалася — сястра з афіцэрам у выхадны вечар. Я не хацела зрабіць вам балюча. Вам балюча?

Яна глядзела на мяне ў цемры. Я быў злосны і адначасна адчуваў упэўненасць, ведаючы ўсё загадзя, як хады ў шахматнай партыі.

— Вы зрабілі абсалютна правільна, — сказаў я. — Я не сярдую.

— Бедненькі!

— Ведаеце, я жыву нейкім нялюдскім жыццём. Мне нават не выпадае размаўляць па-англійску. I пасля, вы гэткая прыгожая.

Я пазіраў на яе.

— Навошта вы ўсё гэта гаворыце? Я ж папрасіла ў вас прабачэння. Мы ўжо памірыліся.

— Так, — сказаў я. — I мы перасталі гаварыць пра вайну.

Яна засмяялася. Я ўпершыню пачуў, як яна смяецца. Я сачыў за яе тварам.

— Вы слаўны, — сказала яна.

— Зусім не.

— Праўда, вы добры. Хочаце, я сама вас пацалую?

Я паглядзеў ёй у вочы і зноў абняў яе за талію і пацалаваў. Я пацалаваў яе моцна, і моцна прыціснуў да сябе, і імкнуўся растуліць яе губы; яны былі моцна сціснуты. Я ўсё яшчэ быў злосны, і калі я прыціснуў яе да сябе, яна раптам здрыганулася. Я моцна прыціскаў яе і адчуваў, як стукае яе сэрца, і яе губы растуліліся і галава адхінулася на маю руку, і я адчуў, што яна плача на маім плячы.

— Мілы! — сказала яна. — Вы заўсёды будзеце ласкавы да мяне, праўда?

«Да д'ябла», — падумаў я. Я пагладзіў яе па валасах, паляпаў па плячы. Яна плакала.

— Праўда, будзеце? — Яна падняла на мяне свае вочы. — Таму што ў нас будзе вельмі дзіўнае жыццё.

Крыху счакаўшы я правёў яе да дзвярэй вілы, і яна ўвайшла, а я накіраваўся дамоў. Калі прыйшоў дамоў, падняўся ў свой пакой. Рынальдзі ляжаў на ложку. Ён паглядзеў на мяне.

— Значыць, у вас з міс Барклі ўсё нармальна?

— Мы з ёй сябры.

— Зараз вы нагадваеце сабаку на паляванні.

Я не зразумеў.

— Каго?

Ён патлумачыў.

— Гэта вы, — сказаў я, — нагадваеце сабаку, які...

— Спыніцеся, — сказаў ён. — Яшчэ крыху, і мы нагаворым адзін аднаму шмат крыўднага. — Ён засмяяўся.

— Дабранач, — сказаў я.

— Дабранач.

Падушкай я збіў яго свечку і лёг у цемры. Рынальдзі падняў свечку, запаліў і працягваў чытаць.

РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ

Два дні я аб'язджаў пасты. Калі я вярнуўся дамоў, было ўжо вельмі позна, і толькі наступным вечарам я ўбачыўся з міс Барклі. У садзе яе не было, і мне давялося чакаць у канцылярыі шпіталя, калі яна спусціцца ўніз. Ля сцен пакоя, занятага пад канцылярыю, стаяла шмат мармуровых бюстаў на пастаментах з расфарбаванага дрэва. Вестыбюль перад канцылярыяй таксама быў застаўлены імі. Згодна з агульнай уласцівасцю мармуровых статуй яны ўсе здаваліся падобнымі адна на адну. На мяне скульптура заўсёды ўздзейнічала адмоўна; бронза яшчэ куды не ішло, але мармуровыя бюсты нязменна нагадваюць могілкі. Ёсць, зрэшты, адны надта прыгожыя могілкі — у Пізе. А дрэнных мармуровых статуй больш за ўсё ў Генуі. Гэтая віла раней належала нейкаму нямецкаму багацею, і бюсты, напэўна, каштавалі яму шмат грошай. Цікава, чыя гэта работа, колькі за іх заплацілі. Я спрабаваў высветліць, ці продкі гэта, ці яшчэ хто-небудзь; але ўсе яны мелі аднастайна-класічны выгляд. Гледзячы на іх, нічога нельга было распазнаць.

Я сядзеў на крэсле, трымаючы ў руках кепі. Нам належала нават у Гарыцыі насіць стальныя каскі, але яны былі нязручнымі і здаваліся брыдка бутафорскімі ў горадзе, дзе цывільнае насельніцтва не было эвакуіравана. Я сваю адзяваў, калі выязджаў на пасты, і, акрамя таго, я меў з сабой англійскі процівагаз —процівагазавую маску, як іх тады называлі. Мы толькі-толькі пачалі атрымліваць іх. Яны і на самай справе нагадвалі маскі. Усе мы таксама абавязаны былі насіць аўтаматычныя пісталеты, нават дактары і афіцэры ў санітарных часцях. Я адчуваў свой пісталет, калі адкідваўся на спінку крэсла. Кожны заўважаны без пісталета мусіў быць арыштаваны. Рынальдзі замест пісталета набіваў кабуру туалетнай паперай. Я насіў свой без падману і адчуваў сябе ўзброеным да таго часу, пакуль мне не даводзілася страляць з яго. Гэта быў пісталет сістэмы «астра», калібра 7,65, з кароткім ствалом, які так падскокваў падчас спуску курка, што папасці ў цэль было цалкам неверагодна. Калі трэніраваўся страляць, я браў прыцэл ніжэй мішэні і стараўся стрымаць трымценне ствала, і нарэшце я навучыўся з дваццаці крокаў пападаць не болей ярда ад вызначанай цэлі, і тады раптам мне стала зразумела, як недарэчна наогул насіць пісталет, і хутка я зусім забыўся пра яго, і ён матляўся ў мяне ззаду на папрузе, не выклікаючы ніякіх эмоцый, акрамя хіба што невялікага сораму падчас сустрэчы з англічанамі альбо амерыканцамі. I вось зараз я сядзеў на крэсле, і дзяжурны канцылярыст неадабральна пазіраў на мяне з-за канторкі, а я разглядваў мармуровую падлогу, пастаменты з мармуровымі бюстамі і фрэскі на сценах у чаканні міс Барклі. Фрэскі былі неблагія. Фрэскі заўсёды добрыя, калі фарба на іх пачынае лушчыцца і абсыпацца.

Я ўбачыў, што Кэтрын Барклі ўвайшла ў вестыбюль, і ўстаў. Яна не здавалася высокай, калі ішла мне насустрач, але яна была вельмі прыгожая.

— Добры вечар, містэр Генры, — сказала яна.

5
{"b":"980839","o":1}