Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Мы праехалі міма. Я бачыў, як ён, усе яшчэ неспакойна, сачыў за вагонамі, і я нагнуўся, каб паглядзець, як прымацаваны брызент. Па краях былі колцы, і ён быў прывязаны вяроўкай. Я дастаў нож, перарэзаў вяроўку і засунуў руку ўнутр. Цвёрдыя пукатасці тырчалі пад брызентам, мокрым ад дажджу. Я ўзняў галаву і паглядзеў наперад. На пляцоўцы пярэдняга вагона быў салдат з аховы, але ён глядзеў у іншы бок. Я адпусціў поручні і нырнуў пад брызент. Я стукнуўся лбом так, што іскры пасыпаліся з вачэй, і я адчуў на твары кроў, але залез глыбей і лёг ніц. Затым я павярнуўся назад і зноў замацаваў брызент.

Я ляжаў пад брызентам разам з гарматамі. Ад ix пахла змазкай i газай. Я ляжаў і слухаў шум дажджу па брызенце і перастук колаў. Звонку пранікала слабае святло, і я ляжаў і глядзеў на гарматы. Яны былі ў брызентавых чахлах. Я падумаў, што, верагодна, яны адпраўлены з трэцяй арміі. На лбе ў мяне напухла шышка, і я спыніў кроў, лежачы нерухома, каб даць ёй запячыся, і пасля здзёр прысохлую кроў, не зачапіўшы толькі ля самай раны. Гэта не было балюча. У мяне не было насоўкі, але я вобмацкам змыў рэшткі прысохлай крыві дажджавой вадой, якая сцякала з брызента, і выцер рукавом. Я не павінен быў сваім выглядам выклікаць падазронасць. Я ведаў, што мне трэба будзе вылезці да прыбыцця ў Местры, бо хто-небудзь прыйдзе паглядзець на гарматы. Гармат было занадта мала, каб ix губляць альбо забываць. Мяне мучыў шалёны голад.

РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ПЕРШЫ

Я ляжаў на дошках платформы пад брызентам, побач з гарматамі, мокры, змерзлы і вельмі галодны. Урэшце рэшт я перавярнуўся і лёг на жывот, паклаў галаву на рукі. Калена маё анямела, але, увогуле, я не мог на яго паскардзіцца. Валянціні выдатна зрабіў сваю справу. Я палову адступлення прайшоў пешкі і праплыў кавалак Тальямента з яго каленам. Гэта і на самай справе было яго калена. Другое калена было маё. Дактары вырабляюць з вашым целам розныя штучкі, і пасля гэтага яно ўжо не ваша. Галава была мая, і ўсё, што ў жываце, таксама. Там было вельмі голадна. Я чуў, як усё там проста выварочвалася. Галава была мая, але не магла ні працаваць, ні думаць; толькі ўспамінаць, і не надта шмат успамінаць.

Я мог успомніць Кэтрын, але я ведаў, што звар'яцею, калі буду думаць пра яе, не ведаючы, ці давядзецца мне ўбачыць яе, і я стараўся не думаць пра яе, толькі зусім крышку пра яе, толькі пад няспешны перастук колаў пра яе, і святло цераз брызент ледзьве цэдзіцца, і я ляжу з Кэтрын на дошках платформы. Мулка ляжаць на дошках платформы, у мокрым адзенні, і думак няма, толькі пачуцці, і надта доўгім было расстанне, і дошкі ўздрыгваюць раз ад разу, і самота ўнутры, і толькі мокрае адзенне ліпне да цела, і мулкія дошкі замест жонкі.

Нельга любіць дошкі таварнай платформы, альбо гарматы ў брызентавых чахлах з пахам змазкі і металу, альбо брызент, які прапускае дождж, хоць пад брызентам з гарматамі вельмі прыемна і добра; але ўсё тваё каханне — да некага, каго тут і ўявіць нельга; занадта халодным і ясным позіркам глядзіш зараз перад сабой; хутчэй нават не халодным, а ясным і пустым. Ляжыш на жываце і глядзіш перад сабой пустым позіркам, пасля таго, што бачыў, як адна армія адыходзіла назад, а другая насоўвалася. Ты даў загінуць сваім машынам і людзям, нібыта службовец універсальнага магазіна, які падчас пажару даў загінуць таварам аддзела. Маёмасць, аднак, была не застрахавана. Зараз ты з гэтым паквітаўся. Ты не маеш зараз ніякіх абавязацельстваў. Калі пасля пажару ў магазіне расстрэльваюць службоўцаў за тое, што яны гавораць з акцэнтам, які ў іх быў заўсёды, ніхто, вядома, не можа чакаць, што службоўцы вернуцца, як толькі зноў распачнецца гандаль. Яны пашукаюць іншую працу — калі можна разлічваць на іншую працу і калі іх не зловіць паліцыя.

Гнеў змыла рака разам з пачуццём абавязку. Зрэшты, гэтае пачуццё мінулася яшчэ тады, калі рука карабінера схапіла мяне за каўнер. Мне хацелася зняць з сябе мундзір, хоць я не надаваў асаблівай увагі знешнім атрыбутам справы. Я сарваў зорачкі, але гэта было проста дзеля зручнасці. Гэта не было справай гонару. Я ні да каго не адчуваў злосці. Проста я скончыў з гэтым. Я жадаў ім усялякай удачы. Сярод іх былі і добрыя, і храбрыя, і вытрыманыя, і разумныя, і яны заслугоўвалі ўдачы. Але мяне гэта больш не датычыла, і я хацеў, каб гэты пракляты цягнік прыбыў нарэшце ў Местрэ, і тады я паем і перастану думаць. Я мушу перастаць.

Піані скажа, што мяне расстралялі. Яны абшукваюць кішэні расстраляных і забіраюць іхнія дакументы. Маіх дакументаў яны не атрымаюць. Магчыма, мяне палічаць патанулым. Цікава, што паведамяць у Штаты? Памёр ад ран і іншых прычын. Д'ябал, які я галодны. Цікава, а што з нашым святаром? I з Рынальдзі. Напэўна, ён у Пардэноне. Калі яны не адступілі яшчэ далей. Цяпер ужо я яго ніколі не ўбачу. Toe жыццё скончылася. Наўрад ці ў яго сіфіліс. Ва ўсякім разе, гэта, кажуць, не надта сур'ёзная хвароба, калі своечасова спахапіцца. Але ён хвалюецца. Я таксама хваляваўся б. Кожны хваляваўся б.

Я створаны не для таго, каб думаць. Я створаны для таго, каб есці. Гэта праўда. Есці, і піць, і спаць з Кэтрын. Mo і сёння. Не, гэта немагчыма. Але тады заўтра, смачная вячэра, і прасціна, і ніколі больш не ад'язджаць, хіба толькі разам. Давядзецца, відаць, з'ехаць вельмі хутка. Яна паедзе. Я ведаў, што яна паедзе. Калі мы паедзем? Вось пра гэта варта было падумаць. Цямнела. Я ляжаў і думаў, куды мы паедзем. Шмат было розных мясцін.

Кніга чацвёртая

РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ДРУГІ 

Я саскочыў з цягніка ў Мілане, як толькі ён запаволіў ход, пад'язджаючы да станцыі на досвітку. Я перасёк палатно, і прайшоў паміж нейкімі збудаваннямі, і спусціўся на вуліцу. Адна закусачная была адчынена, і я ўвайшоў папіць кавы. Там пахла раніцай, змеценым пылам, лыжачкамі ў шклянках з кавай і мокрымі слядамі шклянак з віном. Каля прылаўка стаяў гаспадар. За столікам сядзелі два салдаты. Я падышоў да прылаўка і выпіў шклянку кавы і з'еў кавалак хлеба. Кава была шэрая ад малака, і я хлебнай скарынкай зняў пенку. Гаспадар паглядзеў на мяне.

— Хочаце шклянку грапы?

— Не, дзякую.

— За мой кошт, — сказаў ён і наліў невялікую шклянку і пасунуў яе да мяне. — Што новага на фронце?

— Не ведаю.

— Яны п'яныя, — сказаў ён, паказваючы на салдат за столікам. Гэтаму можна было паверыць. Было відаць, што яны п'яныя.

— Расказвайце, — сказаў ён. — Што новага на фронце?

— Нічога я пра фронт не ведаю.

— Я бачыў, як вы спускаліся. Вы саскочылі з цягніка.

— Ідзе адступленне.

— Я чытаю газеты. А новага што? Канец хутка?

— Не думаю.

Ён падліў у шклянку грапы з пузатай бутэлькі.

— Калі ў вас не ўсё ў парадку, — сказаў ён, — я магу схаваць вас.

— У мяне ўсё ў парадку.

— Калі ў вас не ўсё ў парадку, пажывіце тут.

— Дзе тут?

— У маім доме. Многія жывуць тут. У каго не ўсё ў парадку, тыя часта жывуць тут.

— А такіх многа?

— Гледзячы пра што гаворка. Вы з Паўднёвай Амерыкі?

— Не.

— Па-іспанску гаворыце?

— Крыху.

Ён выцер прылавак.

— Перайсці граніцу цяпер цяжка, але ўсё-ткі магчыма.

— Я не збіраюся пераходзіць.

— Вы можаце жыць тут, колькі вам захочацца. Вы ўбачыце, што я за чалавек.

— Зараз мне трэба ісці, але я запомню адрас і вярнуся. Ён паківаў галавой.

— Вы не вернецеся, калі вы так гаворыце. Я думаў, у вас сапраўды не ўсё ў парадку.

— У мяне ўсё ў парадку. Але заўсёды прыемна мець адрас сябра.

Я паклаў на прылавак дзесяць лір за каву.

— Выпіце са мной грапы, — сказаў я.

— Гэта не абавязкова.

— Выпіце.

Ён наліў дзве шклянкі.

— Памятайце, — сказаў ён. — Прыходзьце сюды. Не давярайцеся нікому іншаму. Тут вам будзе добра.

41
{"b":"980839","o":1}